У 1946 годзе на 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН па ініцыятыве дэлегацыі БССР была прынята рэзалюцыя "Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў". У далейшым палажэнні рэзалюцыі знайшлі адлюстраванне ў Канвенцыі ААН аб непрымянімасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці.
У 1990 годзе на 45-й сесіі Генеральнай Асамблеі АНН была прынята рэзалюцыя 45/190 "Умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыя намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы", ініцыятарам распрацоўкі якой выступіла Беларусь. Гэта рэзалюцыя паклала пачатак чарнобыльскаму напрамку дзейнасці Арганізацыі. У далейшым быў створаны "чарнобыльскі" сакратарыят ААН, арганізавана работа Міжустаноўскай групы ў складзе 11 органаў і ўстаноў сістэмы ААН.
Да канца 1991 года з тэрыторыі Беларусі была выведзена ядзерная зброя. 23 мая 1992 года Беларусь падпісала Лісабонскі пратакол, у адпаведнасці з якім абавязалася далучыцца да Дагавора аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-1), ліквідаваць усе стратэгічныя ўзбраенні на сваёй тэрыторыі, а таксама далучыцца да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) у якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 годзе Рэспубліка Беларусь далучылася да ДНЯЗ.
Беларусь была ініцыятарам прыняцця на 47-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1992 годзе рэзалюцыі "Інтэграцыя краін з пераходнай эканомікай у сусветную гаспадарку".
Важнай ініцыятывай Рэспублікі Беларусь у рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый стала прапанова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі. Гэта ініцыятыва была вынесена на разгляд сусветнай супольнасці на 53-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, і ў снежні 1998 года Генеральная Асамблея прыняла адпаведную рэзалюцыю 53/77 "Рэгіянальнае раззбраенне".
У 2000 годзе на 55-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН па ініцыятве Беларусі была прынята рэзалюцыя 55/82 "Меры, якія павінны быць прыняты супраць расізму, палітычных платформ і дзейнасці, заснаваных на дактрынах перавагі, у аснове якіх ляжыць расавая дыскрымінацыя або этнічная выключнасць і ксенафобія, уключаючы, у асаблівасці, неанацызм".
Вясной 2003 года, адказваючы на выклікі сучаснасці і ацэньваючы ўрокі іракскага і блізкаўсходняга крызісаў, дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на 59-й сесіі Камісіі ААН па правах чалавека сумесна з дэлегацыяй Кубы ініцыіравала праект рэзалюцыі "Умацаванне міру ў якасці важнага патрабавання для поўнага ажыццяўлення правоў чалавека".
На 60-й юбілейнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у верасні 2005 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусіь Аляксандр Лукашэнка выступіў з міжнароднымі ініцыятывамі: заклікаў міжнародную супольнасць прызнаць разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця краін і народаў свету і прыняць дзейсныя меры па барацьбе з гандлем людзьмі. |