Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
Знешняя  Сацыяльная  Жыллёвая 
Маладзёжная  Рэгіянальная  Кадравая 
Прэзідэнцкія праграмы і фонды  
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяДзяржаўная палітыкаЗнешняяВыступленні
border=0 border=0 border=0
border=0 Выступленні border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Сумесная дэкларацыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасіу Лулы да Сілва
Вытрымкі з выступлення на XIV Саміце краін - членаў Руху недалучэння
Вытрымкі з выступлення на адкрыцці Першага Беларуска-расійскага эканамічнага форуму
Выступленне на спецыяльным Пленарным пасяджэнні высокага ўзроўню 60-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН
Вытрымкі з выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх загранустаноў
border=0 border=0
Вытрымкі з выступлення на XIV Саміце краін - членаў Руху недалучэння15.09.2006

Рух недалучэння павінен стаць самастойным сусветным цэнтрам палітычнай сілы, з якім на роўных лічацца астатнія ўдзельнікі сусветнай супольнасці. Аб гэтым заявіў у Гаване Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на XIV саміце Руху недалучэння.

Беларуская дэлегацыя на гаванскай сустрэчы выказала сваю пазіцыю адносна ўзмацнення ролі РН у сучасным свеце і агучыла прапановы па павышэнню эфектыўнасці форуму.

Выступаючы на саміце, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Рух недалучэння павінен змагацца за новы свет, дзе ёсць дастойнае месца для ўсіх. "Нам трэба рашуча адстойваць права сваіх народаў на выбар самастойнага шляху развіцця і сумесна процістаяць дыктату знешніх сіл, дыскрымінацыі і ваенным пагрозам", - перакананы беларускі лідар.

"Нам навязваецца адна мадэль развіцця. Заходнія лідары перакананы, што толькі іх краіны маюць права пісаць навейшую гісторыю. Яны выкарыстоўваюць сваю сілу для перакройвання планеты пад свае патрэбы, маючы на мэце толькі адно - падпарадкаваць усе народы сваім інтарэсам, забяспечыць уласны дабрабыт за наш кошт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што аднапалярнае светаўладкаванне дэманструе сёння сваю беспадстаўнасць і нежыццяздольнасць. Рух недалучэння павінен больш актыўна працаваць над фарміраваннем новага, больш справядлівага светапарадку, заявіў ён. Для дасягнення гэтай мэты, лічыць Аляксандр Лукашэнка, неабходна ясная праграма дзеянняў па паступоваму, але неабарачальнаму фарміраванню шматпалярнага свету. У сувязі з гэтым важна дабіцца, каб РН стаў самастойным сусветным цэнтрам палітычнай сілы. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць аб'яднаць палітычныя намаганні для дасягнення гэтай задачы.

"Сёння якраз настаў той момант, які мы не маем права ўпусціць, каб зрабіць наш рух самастойным цэнтрам палітычнай сілы. Заўтра можа быць позна. Для гэтага патрэбна палітычная воля. У чым наша сіла? Адказ відавочны - у адзінстве. Нам неабходна аб'яднаць палітычныя намаганні для дасягнення гэтай стратэгічнай мэты", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Ні ў якім разе нельга дапусціць таго моманту, калі нас паасобку "расцягнуць" па закутках нашай планеты або разарвуць на часткі, як Югаславію і іншыя дзяржавы, зацягнуць у цень, каб нас ніхто і ніколі не ўбачыў", - дадаў ён.

На думку Прэзідэнта, трэба адрадзіць прынцып салідарнасці ў Руху недалучэння - важнейшы інструмент адстойвання інтарэсаў усіх, асабліва малых і неабароненых дзяржаў. Рух павінен рашуча ўставаць на палітычную абарону сваіх членаў, якія зведалі знешні націск або агрэсію.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падзяліў думку іранскага лідара, які ў сваім выступленні закрануў узаемаадносіны Руху недалучэння з ААН: "Вельмі справядліва Прэзідэнт Ірана папракаў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый і Савет Бяспекі за бяздзейнасць у самых "гарачых" выпадках нашага жыцця, аб чым сорамна замоўчваў, выступаючы тут, генеральны сакратар ААН".

У той жа час, заўважыў Прэзідэнт, прад'яўляючы прэтэнзіі да іншых арганізацый, у тым ліку да ААН, патрабуючы ад іх больш эфектыўнай работы, краіны РН павінны задаць і сабе пытанне: а наколькі мы адзіныя і эфектыўныя ў вырашэнні аналагічных праблем?

"Бо апошнім часам адбылася інтэрвенцыя адносна дзяржаў, якія ўваходзілі і ўваходзяць у Рух недалучэння. А як адрэагавалі мы? Няўжо мы, як страусы, закапаўшы галаву ў пясок, не хочам бачыць, што адбываецца вакол нас? Тады ўзнікае пытанне: што ж мы за арганізацыя, ці не паўтараем мы тыя памылкі, якія ўласцівы ААН?" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, Рух недалучэння павінен актыўна садзейнічаць фарміраванню новых цэнтраў сілы, якія з'явяцца асновай для забеспячэння шматпалярнага свету.

Беларускі лідар звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на неабходнасць энергічна нарошчваць эканамічнае супрацоўніцтва краін - удзельніц РН, максімальна выкарыстоўваць прэферэнцыі адна для адной. "У выніку мы ўсе выйграем. Аднаго толькі палітычнага адзінства сёння недастаткова. Патрэбна магутная эканамічная састаўная частка нашага Руху", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў стварыць ва ўласнай сетцы навін Руху Адзіны банк эканамічнай інфармацыі, які павінен стаць інфармацыйнай пляцоўкай для праектаў супрацоўніцтва і інтэрактыўнай базай даных аб інтарэсах і праблемах дзяржаў РН. Гэта дасць магчымасць зрабіць эканамічныя кантакты больш плённымі і мэтанакіраванымі.

Таксама Аляксандр Лукашэнка закрануў праблему павышэння рэзультатыўнасці дзейнасці ААН. "У нашых сілах зрабіць больш эфектыўнай Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Яна павінна служыць інтарэсам усіх дзяржаў, а не толькі Злучаных Штатаў Амерыкі. Разам мы можам не дапусціць таго, каб Арганізацыя выкарыстоўвалася ў якасці інструмента "разборак" з краінамі, якія праводзяць незалежную палітыку", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што менавіта прапанаваныя адзінства і практычныя дзеянні дадуць магчымасць Руху ажыццявіць важныя і неабходныя праекты: наблізіцца да ліквідацыі непісьменнасці, узняць на новы ўзровень ахову здароўя, стварыць эканамічныя стымулы і магчымасці і, у канчатковым выніку, палепшыць жыццё людзей. І для гэтага ёсць усе перадумовы. "У адных краін ёсць прыродныя, у другіх - фінансавыя рэсурсы, у трэціх - неабходны людскі патэнцыял, у чацвёртых - вопыт і тэхналогіі. Аб’яднаўшынашы намаганні, мы можам вырашыць гэтыя праблемы", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, але краіны - члены РН заўсёды могуць разлічваць на наша разуменне, падтрымку і дзеянні ў інтарэсах Руху. Вы можаце быць перакананы, што Беларусь - прыхільніца прынцыпаў нашага Руху. Мы - ваша апора ў Старым Свеце, у Еўропе".

Выступленне беларускага боку было высока ацэнена і выклікала пазітыўныя водгукі многіх дэлегацый краін - удзельніц РН.

Насычаная праграма знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ўключала сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў - членаў Руху. Плённыя перагаворы адбыліся з прэзідэнтамі Венесуэлы, Ірана, Алжыра, ПАР, выконваючым абавязкі кіраўніка Кубы Раулем Кастра, а таксама прэм'ер-міністрам Малайзіі.

У прыватнасці, на сустрэчы з прэзідэнтам Ірана Махмудам Ахмадзінежадам абмеркаваны перспектывы стратэгічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, пытанні, якія датычацца будучага візіту беларускай дэлегацыі на вышэйшым узроўні ў Тэгеран. Лідары дзвюх дзяржаў абмяняліся думкамі наконт дзейнасці Руху недалучэння.

Аб магчымасці рэалізацыі сумесных узаемавыгадных праектаў ішла размова на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Алжыра Абдэльазізам Бутэфлікам. "Я прапанаваў бы спачатку сустрэцца на вышэйшым узроўні, вылучыць 3-4 галоўныя напрамкі нашага супрацоўніцтва, выпрацаваць канкрэтныя падыходы і ажыццявіць іх", - сказаў беларускі лідар.

Перагаворы з Прэзідэнтам Венесуэлы, якія праходзілі намнога больш за прадугледжаны пратаколам час, сталі прадаўжэннем размовы, пачатай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў у час візіту Уга Чавеса ў Мінск. Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з венесуэльскім калегам пытанні рэалізацыі канкрэтных праектаў супрацоўніцтва.

Сур'ёзнасць намеру пашырыць і актывізаваць двухбаковы дыялог прэзідэнты пацвердзілі падпісаннем у Гаване Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Беларуссю і Венесуэлай аб стварэнні сумеснай Камісіі высокага ўзроўню. Як было адзначана, падпісанне дакумента нацэлена на развіццё супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі ва ўсіх сферах. З беларускага боку сустаршынёй камісіі з'яўляецца Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман.

Пытанні пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва сталі адной з галоўных тэм у час размовы Аляксандра Лукашэнкі з прэм'ер-міністрам Малайзіі. Бакі выказалі надзею, што будучы візіт прэзідэнта Беларусі ў Малайзію надасць дадатковы імпульс развіццю ўзаемных гандлёва-эканамічных кантактаў, якія ўжо сёння даволі інтэнсіўныя.

Малайзійскі прэм'ер, дзелячыся ўражаннямі ад выступлення Кіраўніка беларускай дзяржавы на саміце, падкрэсліў, што яно было лаканічнае, вельмі арганічнае і карыснае для РН.

Нараўне з пратакольнымі сустрэчамі Прэзідэнт Беларусі ў нефармальнай абстаноўцы сустрэўся з многімі лідарамі краін, якія займаюць актыўную пазіцыю ў РН і маюць вялікі эканамічны патэнцыял. Гэтыя сустрэчы, нягледзячы на іх нефармальны характар, аказаліся не менш рэзультатыўнымі: ужо ў бліжэйшай перспектыве дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці дадуць адчувальны эфект, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы.

Візіт Прэзідэнта Беларусі на Кубу для ўдзелу ў саміце РН знаходзіўся ў цэнтры ўвагі прадстаўнікоў замежных сродкаў масавай інфармацыі. У час знаходжання на востраве Свабоды Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю кубінскаму тэлебачанню, радыё Бі-Бі-Сі, адказаў на пытанні беларускіх і расійскіх журналістаў.

У інтэрв'ю кубінскаму тэлебачанню Аляксандр Лукашэнка заявіў, што саміт Руху недалучэння ў Гаване меў для нашай краіны вялікае значэнне. Двухдзённы форум даў магчымасць сустрэцца, асабіста пазнаёміцца і дасягнуць дамоўленасцей з лідарамі многіх дзяржаў. "Гэта магчыма толькі на саміце, у адваротным выпадку павінны былі б адбыцца тысячакіламетровыя візіты ў кожную з гэтых дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.

"На гэтым першапачатковым этапе мы дасягнулі розных дамоўленасцей тут. У бягучым і наступным годзе чакаюцца візіты ў Малайзію, В'етнам, ПАР, Венесуэлу, Егіпет, Алжыр, Іран. Але там ужо размова будзе ісці аб канкрэтных тэмах і праграмах. А фундамент для гэтага закладзены ў Гаване", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пазітыўным фактарам Прэзідэнт назваў і тое, што члены Руху недалучэння ў Гаване змаглі лепш даведацца аб пазіцыі Беларусі, асабіста пазнаёміцца з Кіраўніком беларускай дзяржавы.

"Гэты саміт РН у Гаване вельмі важны як для нашай рэспублікі, так і для будучай палітыкі ў рамках ААН, Руху недалучэння ў плане выпрацоўкі кансалідаванай пазіцыі, прытрымлівання адзіных правіл", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што багатыя краіны павінны ўжо ў бліжэйшы час змяніць палітыку адносна дзяржаў Лацінскай Амерыкі і краін, якія сталі на шлях развіцця. "Сёння настаў такі момант, калі багатыя краіны не могуць далей развівацца, не выкарыстоўваючы патэнцыял краін, якія сталі на шлях развіцця і якія, у асноўным, уваходзяць у Рух недалучэння. Пераважная колькасць людскіх і прыродных рэсурсаў сканцэнтравана тут. Надышоў час, калі багатыя краіны маюць вялікую патрэбу ў нас, і нам неабходна разумна выкарыстаць гэты момант. Завяршыўся перыяд, калі можна было "душыць" свет, выцягваючы з краін багацці на карысць Амерыкі і Еўропы. Краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі традыцыйнымі мерамі - шляхам зброі і націску - у полі ўласных інтарэсаў ужо не ўтрымаеш. Трэба дамаўляцца. У адваротным выпадку краіны, якія сталі на шлях развіцця, абыдуцца і без багатых дзяржаў", - перакананы Прэзідэнт. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Венесуэлу, Бразілію і шэраг іншых краін, якія можна назваць у многім самадастатковымі.

"Калі сёння буйнейшыя краіны Руху недалучэння аб'яднаюць свае патэнцыялы, то яны абыдуцца без больш багатых дзяржаў і змогуць развівацца самастойна. Вось галоўная тэндэнцыя ў Лацінскай Амерыцы - самастойнасць і незалежнасць. Гэта будзе прэваліраваць і ў далейшым. Настаў час моцным краінам мяняць сваю палітыку і зыходзіць з рэалій, якія складваюцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як заявіў беларускі лідар, Беларусь вітае старшынства Кубы ў РН.

Пытанні, адрасаваныя Прэзідэнту, датычыліся ўзаемаадносін рэспублікі з Захадам, беларускай мадэлі развіцця, эканамічнага росту ў краіне.

срод прычын, па якіх Захад аказвае націск на Беларусь, Кіраўнік дзяржавы выдзеліў, перш за ўсё, незалежную палітыку рэспублікі, накіраваную на абарону суверэнітэту і сваіх інтарэсаў, важнае геапалітычнае становішча краіны ў цэнтры Еўропы, якое прываблівае і Амерыку, і Еўропу.

Як заявіў Прэзідэнт, беларусы - гаспадары на сваёй зямлі і не пацерпяць сілавога націску. "Калі ў ЗША і іншых дзяржаў існуюць інтарэсы ў Беларусі, зразумела, і ў нас ёсць інтарэсы, мы павінны зрабіць так, каб нашы інтарэсы перасякаліся. І гэта трэба зрабіць шляхам перагавораў, а не насілля", - сказаў ён.

Акрамя таго, націск на Беларусь, паводле слоў Прэзідэнта, у немалой ступені звязаны з яе курсам на супрацоўніцтва з Расіяй, а таксама адмовай выбіраць навязаны звонку курс на правядзенне рэформ, накіраваных зусім не на захаванне інтарэсаў беларускага народа.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў: гісторыя ведае шмат мадэлей развіцця, і кожная краіна мае права на выбар свайго шляху.

Прэзідэнт канстатаваў, што Захад, і ЗША у прыватнасці, ужо некалькі разоў спрабавалі ажыццявіць у нашай рэспубліцы нейкую рэвалюцыю. "Апошні раз - на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах у пачатку гэтага года. Мы ім не адказвалі, а папрасілі наш народ адказаць амерыканцам і Захаду", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што пераважная большасць насельніцтва адзказала ім "не". "І яны з гэтым, як мне вядома, няхай не публічна, але фактычна лічацца, вымушаны лічыцца", - адзначыў Прэзідэнт.

Каменціруючы асобныя выказванні ў заходняй прэсе, у якіх краіны РН называліся фактычна "воссю зла", Прэзідэнт Беларусі выказаў думку аб тым, што дзяржавы, якія ўваходзяць у Рух недалучэння хутчэй можна назваць "воссю дабра". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на саміце Руху недалучэння абмяркоўваліся пытанні стварэння шматпалярнага свету, барацьбы супраць беднасці, хвароб, магчымасці аб'яднання патэнцыялаў краін для актыўнага эканамічнага развіцця.

"Гэтыя паняцці характэрныя хутчэй для "восі дабра". Я не думаю, што амаль 120 дзяржаў, якія ўваходзяць у РН, можна залічыць у "вось зла". Узнікае пытанне: а дзе ж тады дабро? Тыя, хто залічвае гэтыя дзяржавы ў "вось зла", проста не падумалі, зрабіўшы такую заяву. Мы сабраліся ў Гаване не для таго, каб сеяць нейкае зло, а наадварот прапануем мірна жыць і супрацоўнічаць, ствараць свет, які будзе апірацца на многія цэнтры сілы, а не на адну сілу", - сказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб мадэлі развіцця Беларусі, Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў яе як сацыяльна арыентаваную эканоміку, накіраваную не на абагачэнне асобных людзей, а на павышэнне дабрабыту народа. Прыбытак, які атрымліваецца на прадпрыемствах, інвесціруецца ў развіццё вытворчасцей, накіроўваецца на сацыяльныя патрэбы, а не проста асядае недзе ў прыватных банках за мяжой.

Як заявіў Прэзідэнт, у Беларусі ні ў якім выпадку не стрымліваецца развіццё прыватнай уласнасці. "Мы падтрымліваем стварэнне прыватных прадпрыемстваў, але яны павінны працаваць па адзіных, устаноўленых правілах", - сказаў ён. Для сумленнай канкурэнцыі павінен быць кантроль не толькі над дзяржаўнай уласнасцю, але і над краінай у цэлым. Як адзначыў Прэзідэнт, у Беларусі дзяржава не пакідае без увагі якую-небудзь сферу дзейнасці, але толькі з адной мэтай - садзейнічаць, а не перашкаджаць.

Падводзячы вынікі ўдзелу ў саміце ў інтэрв'ю беларускім і расійскім журналістам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: Беларусь ад членства ў Руху недалучэння мае палітычныя, эканамічныя і дыпламатычныя выгады.

Як адзначыў Прэзідэнт, сёння Беларусь стварае так званую "знешнюю дугу" сваёй знешняй палітыкі. Яна выбудоўваецца ад Кубы праз краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, зону Персідскага заліва, Іран, Кітай, В'етнам, Малайзію.

Беларусь наладзіла актыўнае супрацоўніцтва з Расіяй, падтрымлівае гандлёва-эканамічныя адносіны з ЕС. Але разам з тым рэспубліка мае намер вяртаць страчаныя пазіцыі ў тых дзяржавах, "якія ведаюць Беларусь яшчэ па Савецкаму Саюзу", дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"І Рух недалучэння з гэтага пункту гледжання нам вельмі выгадны. Я не гавару ўжо аб палітыцы", - сказаў беларускі лідар. Сёння ў РН уваходзяць каля 120 дзяржаў, і Беларусі вельмі выгадна апірацца на гэту магутнасць для правядзення сваіх інтарэсаў, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гаванскі саміт стаў важным этапам у падрыхтоўцы візітаў беларускай дэлегацыі на вышэйшым узроўні ў краіны - удзельніцы РН.

Увага з боку буйных, багатых дзяржаў да таго, што адбываецца на саміце ў Гаване, з'яўляецца, на думку Прэзідэнта, сведчаннем таго, што Рух недалучэння сёння адыгрывае вельмі важную ролю. "Гэта бясспрэчна. Усё новыя дзяржавы далучаюцца да Руху недалучэння. Думаю, што РН - гэта магутная сіла на міжнароднай арэне, і ў прыватнасці ў ААН", - падкрэсліў ён. - РН ужо сёння вельмі моцны фактар, які ўплывае на міжнародны клімат".

Гаворачы аб далейшай дзейнасці РН, Аляксандр Лукашэнка заявіў: надышоў час выпрацаваць праграму асноўных мерапрыемстваў Руху недалучэння. На яго думку, у Руху недалучэння ёсць вельмі шмат напрамкаў для супрацоўніцтва, асноўным з якіх павінен стаць эканамічны. Аляксандр Лукашэнка таксама перакананы, што сёння краіны - удзельніцы Руху павінны дзейнічаць з адзіных пазіцый для таго, каб "усе адчувалі, што гэта магутны палітычны рух".

"Тут яшчэ вялікі ўчастак работы. Думаю, трэба выбудоўваць арганізацыйную структуру РН, магчыма, па прынцыпах Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, але толькі не так бюракратычна, як у ААН", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён выказаў перакананасць у тым, што ўладным людзям давядзецца лічыцца з адзінствам краін - удзельніц Руху недалучэння. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў: ідэя, што РН з'яўляецца толькі палітычным клубам, проста падкідваецца з боку асобных дзяржаў, якім не падабаецца адзінства Руху.

"Калі ў РН нехта і "дружыць" супраць уладных людзей, то, напэўна, гэтаму ёсць прычына. Калі на якую-небудзь краіну Руху аказваецца націск або, яшчэ горш, супраць гэтай краіны ваююць, то што, мы не павінны "дружыць" супраць краіны-агрэсара?" - падкрэсліў беларускі лідар, адказваючы на пытанні журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на тым, што багатым дзяржавам, зацікаўленым у рэсурсах краін, якія сталі на шлях развіцця, трэба дзейнічаць больш асцярожна, разумна, дыпламатычна замест таго, каб сілай падпарадкоўваць сябе краіну.

Дзелячыся бачаннем будучага РН, Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што з дзяржаў, якія ўваходзяць у Рух недалучэння, можа вылучыцца група, "якая будзе, як лакаматыў, ісці наперад і пацягне за сабой астатніх". Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць у тым, што Рух недалучэння мае перспектыву на ўзмацненне. Але для кансалідацыі намаганняў краіны РН павінны падвесці пад сваё палітыка-дыпламатычнае ўзаемадзеянне магутную эканамічную аснову - гэта адзін з ключавых момантаў пазіцыі Беларусі.

Прэзідэнт перакананы, што ўдзел Беларусі ў АДКБ і Руху недалучэння ўзгадняецца і ніяк не супярэчыць адзін аднаму. "Усё, што мы робім у АДКБ, ніяк не супярэчыць таму, што мы робім у Руху недалучэння. Магчыма, сувязь праз Беларусь яшчэ прынясе карысць і АДКБ, і Руху недалучэння. Прынамсі, ні ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, ні ў РН нас ніхто не папракае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь гатова прадаставіць дзяржавам, якія ўваходзяць у Рух недалучэння, "усё лепшае, што ў нас ёсць і будзе, мы гэта робім ужо цяпер", дадаў Аляксандр Лукашэнка.

© 2001-2012 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь