Прэзідэнт: замацаванне бяспекі краіны і актыўнае развіццё знешняга гандлю - прыярытэтныя задачы
Галоўная задача на наступны перыяд у знешнепалітычнай сферы - замацаваць бяспеку Беларусі ў рэгіянальным і глабальным маштабах, больш актыўна развіваць знешні гандаль, садзейнічаць паступальнаму руху да шматпалярнага свету. Аб гэтым заявіў 1 жніўня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі загранустаноў краіны, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Апошнім часам Беларусь дынамічна развіваецца і знаходзіцца на пэўным уздыме. Гэту дынаміку нам ніяк страціць нельга. Таму што гэта будзе страта не проста ў тэмпах росту, гэта будзе страта ў даходах нашых людзей, страта іх даверу да ўлады. І, скажам прама, аслабленне нашага міжнароднага статусу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт бачыць перспектывы Беларусі ў інавацыйным шляху развіцця. Гэта дапаможа паступова скарачаць стратэгічную неабароненасць нашай эканомікі, яе залежнасць ад імпарту энергіі і сыравіны. Эканоміка павінна прырастаць пераважна навукаёмістай, а не матэрыяла- і энергаёмістай прадукцыяй. Паралельна неабходна забяспечыць надзейную энергетычную бяспеку краіны.
Паводле яго слоў, для Беларусі будаўніцтва ўласнай атамнай станцыі - важны фактар забеспячэння энергетычнай бяспекі. "У будучым без гэтага, відаць, не абысціся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Калі вучоныя, Урад, энергетыкі прадставяць стопрацэнтнае абгрунтаванне мэтазгоднасці, то будзем прымаць адпаведнае рашэнне і будаваць. Але толькі выкарыстоўваючы найноўшыя, самыя надзейныя і бяспечныя тэхналогіі".
Яшчэ адной важнай задачай ён лічыць дыверсіфікацыю крыніц энергарэсурсаў. Прэзідэнт паставіў задачу максімальна канкрэтна пралічыць на ўсіх магчымых напрамках - расійскім, еўрапейскім, сярэднеазіяцкім - прыкладныя аб'ёмы, цэны, формы і маршруты паставак энергарэсурсаў на перспектыву.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: Беларусь самастойна робіць гістарычны выбар, праводзіць уласны знешнепалітычны курс. Наша краіна актыўна і паслядоўна разам з саюзнікамі-партнёрамі ўдзельнічае ў фарміраванні аднаго з сусветных цэнтраў сілы, адстойваючы свае нацыянальныя інтарэсы і прынцыпы справядлівага светаўладкавання, адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўклад Беларусі ва ўмацаванне міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі агульнапрызнаны. Тым не менш, паводле яго слоў, на Захадзе апошнім часам прагучалі заявы аб тым, што ад нашай рэспублікі быццам бы зыходзяць рызыкі рэгіянальнай бяспецы і стабільнасці.
"Што гэта: поўная недасведчанасць або спроба свядома перавярнуць усё з ног на галаву? Я лічу, нам на гэта трэба рэагаваць спакойна, з годнасцю. Неабходна ўмацоўваць уласныя Узброеныя Сілы і пазіцыі ў АДКБ", - сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым дадаў, што Беларусь не будзе скочвацца да шантажу ў адказ, а мае намер добрасумленна выконваць абавязацельствы ў рамках міжнародных пагадненняў, актыўна ўдзельнічаць ва ўмацаванні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, спыняць спробы ўвязаць пытанні міжнароднай бяспекі з так званай гуманітарнай тэматыкай, дабівацца раўнапраўнага дыялога.
Паводле слоў прэзідэнта, цяпер усё больш відавочным становіцца такі глабальны працэс, як рух сусветнага супольніцтва ад аднапалярнага ўладкавання ў бок шматпалярнасці. Узнікаюць і ўмацоўваюцца новыя цэнтры сілы. Іх барацьба за "месца пад сонцам" спараджае маштабныя супярэчнасці, якія тояць у сабе новы перадзел сфер уплыву і парушэнне няўстойлівага балансу ў свеце, лічыць беларускі лідэр.
За гады незалежнасці Беларусь стварыла эфектыўную сістэму абароны дыпламатычнымі метадамі, лічыць прэзідэнт. "На глабальным узроўні гэта - значны аўтарытэт Беларусі ў галіне кантролю над узбраеннямі, наша значнае месца ў Руху недалучэння, што гарантуе важкую падтрымку краін, якія сталі на шлях развіцця. Нарэшце, гэта механізмы ААН і яе Савета Бяспекі. Заўважце, два з пяці пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН - Расія і Кітай - стратэгічныя саюзнікі Беларусі. Партнёрства з імі забяспечвае надзейныя гарантыі нашай бяспекі", - падкрэсліў прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў цеснае супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні ў абароннай сферы з Расійскай Федэрацыяй, стварэнне сумеснай групоўкі войскаў, актыўнае ўмацаванне Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Гаворачы аб дзейнасці АДКБ, прэзідэнт падкрэсліў, што гэта арганізацыя павінна стаць адным з галоўных нараўне з НАТА гарантаў забеспячэння бяспекі ў Еўропе і за яе межамі. Паводле яго слоў, АДКБ не збіраецца процістаяць НАТА. Дзве арганізацыі павінны супрацоўнічаць, каб гарантаваць бяспеку ў свеце, дадаў беларускі лідэр.
Аляксандр Лукашэнка заявіў: калі партнёры Беларусі па АДКБ сур'ёзна ўспрымаюць уласны ваенна-палітычны саюз, то трэба больш актыўна заяўляць аб сваёй калектыўнай пазіцыі па міжнародных пытаннях, якія закранаюць агульныя інтарэсы.
У Беларусі няма і не можа быць глабальных геапалітычных амбіцый, падкрэсліў прэзідэнт. "Але сёння, на новым этапе развіцця нашай дзяржавы, трэба сказаць: у нас ёсць геапалітычныя інтарэсы", - заявіў беларускі лідэр.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Быць гібкім не азначае згінацца або, горш таго, прагінацца - ці то перад так званымі настаўнікамі ад дэмакратыі або яшчэ кім-небудзь. Ніколі не рабілі нічога дзеля заахвочвальнага паляпвання па плячы з Захаду або Усходу ні ў знешняй, ні, тым больш, ва ўнутранай палітыцы, і рабіць ніколі не будзем".
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у знешняй палітыцы Беларусь павінна вырашаць дзве галоўныя задачы - гарантаваць бяспеку дзяржавы і сфарміраваць спрыяльныя знешнія ўмовы для развіцця эканомікі. Менавіта сферы знешнеэканамічнай дзейнасці ў выступленні прэзідэнта была ўдзелена галоўная ўвага.
Прэзідэнт, у прыватнасці, паставіў задачу да канца 2007 года стварыць тавараправодныя сеткі ўсіх буйных прадпрыемстваў-экспарцёраў на перспектыўных рынках за мяжой.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць больш актыўныя дзеянні па замацаванню пазіцый Беларусі на расійскім рынку. Пры гэтым ён канстатаваў, што адносіны Беларусі і Расіі апошнім часам сталі больш прагматычнымі. Гэта апраўдана з пункту гледжання і беларускіх, і расійскіх інтарэсаў. "Упэўнены, што і далей з Расіяй мы будзем знаходзіць разумны баланс у адносінах, зыходзіць са стратэгічнага значэння саюзніцтва для абодвух бакоў. Стратэгіяй не гандлююць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў намер Беларусі актыўна ўдзельнічаць у інтэграцыйных аб'яднаннях, у тым ліку і ў СНД. Аднак асаблівая ўвага будзе ўдзелена і рабоце з краінамі Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. У прыватнасці, паводле слоў прэзідэнта, Беларусь павінна стаць важнейшым транзітным участкам на шляху ўсё ўзрастаючага патоку кітайскіх тавараў у Еўропу. Неабходна больш актыўна ствараць зборачныя вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў за мяжой.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў прапрацаваць ідэю стварэння кансорцыума з суб'ектаў гаспадарання Беларусі, Расіі і Казахстана для арганізацыі транзіту энерганосьбітаў з Сярэдняй Азіі ў Еўропу. Прэзідэнт перакананы, што Беларусь сёння гатова ўдзельнічаць у буйных міжнародных праектах, такіх, як асваенне паўночна-заходніх зямель Кітая, будаўніцтва газатранспартных сетак у Азіі.
На думку кіраўніка дзяржавы, беларускім экспарцёрам неабходна больш актыўна выкарыстоўваць Міжнародны транспартны калідор "Поўнач - Поўдзень", удзельнікам якога наша краіна з'яўляецца з 2004 года. З гэтай мэтай трэба развіваць транспартна-лагістычную інфраструктуру, пры неабходнасці прыцягваць замежны капітал, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдзяліў увагу і пытанням развіцця ўзаемаадносін нашай рэспублікі з Еўрапейскім саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Беларусь, не імкнучыся ў Еўрасаюз, прапануе ўзаемавыгаднае партнёрства з моцным суседам. Такое ж узаемадзеянне ў сферах агульнага інтарэсу рэспубліка прапануе і ЗША.
Пры гэтым беларускі лідэр прызнаў, што ЕС і ЗША да такога партнёрства з нашай краінай не гатовыя. "Але мы не напрошваемся, не прагінаемся. Мы выразна разумеем, што на добра "зачышчаным" ландшафце Еўропы геапалітычнае значэнне Беларусі рэзка ўзрасло. Адсюль і знешні націск на нас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пакуль мы бачым двайныя стандарты ў палітыцы краін ЕС адносна Беларусі, мы будзем адэкватна рэагаваць, заявіў прэзідэнт. "Будуць спробы ціснуць на нас эканамічна - скарэкціруем нашу пазіцыю па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёвай і транзітна-транспартнай сферах. Хоць, вядома, рабіць такія захады мы б не хацелі", - дадаў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь не праціўнік ЕС, ні эканамічны, ні ідэалагічны, а адказны партнёр, які забяспечвае агульнаеўрапейскі транзіт і стрымлівае трансгранічныя пагрозы.
"Мы гатовы чаму-небудзь павучыцца ў Еўрасаюза, пераняць вопыт. Але выпрошваць супрацоўніцтва, прывідныя перспектывы членства, прагінацца не будзем. Тым больш - гандляваць сваімі нацыянальнымі інтарэсамі", - дадаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў Беларусі і ЗША ёсць шмат агульных інтарэсаў, у тым ліку ў кантэксце глабальнай бяспекі, у прыватнасці, у такіх сферах, як барацьба з міжнародным тэрарызмам, трансгранічнай злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў, гандлем людзьмі.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што "якія б палітычныя перашкоды ні ставіліся ў Вашынгтоне, мы шукаем і знаходзім пункты агульнай эканамічнай зацікаўленасці". Так, за 5 гадоў тавараабарот паміж дзвюма краінамі вырас больш як у два разы з чыстай выгадай для Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці больш актыўна фарміраваць станоўчы імідж Беларусі за мяжой.
"З часу распаду СССР мы шмат чаму навучыліся, знайшлі сяброў, замацаваліся на традыцыйных рынках і асвоілі новыя, навучыліся працаваць у жорсткіх умовах сённяшняга свету. Словам, нам ёсць чым ганарыцца. Але гордасць за сваю краіну павінна быць не проста для ўласнага, унутранага спажывання. Натуральным выяўленнем яе павінна стаць фарміраванне станоўчага іміджу Беларусі за мяжой", - перакананы прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі піяр-прадукт павінен быць разлічаны не на бюракратаў з еўраструктур і ўрадаў замежных дзяржаў, якія свае ацэнкі самастойна не фарміруюць. "Мы павінны працаваць на прадстаўнікоў бізнесу і, вядома, простых грамадзян. Кожны паляк і немец павінен ведаць, што расійскі газ, які прыйшоў у яго дом, прайшоў праз нашу краіну, і мы зрабілі ўсё магчымае для таго, каб гэта адбылося. Еўрапейцы таксама павінны ведаць, што мы абараняем іх ад нелегальнай міграцыі, міжнароднай злачыннасці, наркагандлю", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў: трэба больш актыўна прапагандаваць, што такое Беларусь, чаму з ёю выгадней сябраваць, чым канфліктаваць.
"І калі нам удасца пераканаць у гэтым прадстаўнікоў розных слаёў заходніх дзяржаў, урадам гэтых краін будзе намнога цяжэй апраўдаць свае спробы націску на Беларусь", - дадаў беларускі лідэр.
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да дыпламатаў, адзначыў, што іх задача - падтрымліваць і прасоўваць імідж краіны, а калі трэба, то і смела абараняць яе гонар. Зробім Беларусь пазнавальнай у свеце - адчуем рэальную аддачу і ў эканоміцы, і ў палітыцы, сказаў на заканчэнне Прэзідэнт. |