Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі рэалізуецца ў рэспубліцы на працягу двух гадоў. На яё рэалізацыю з бюджэту рэспублікі выдзелена амаль 70 трлн. рублёў. Асноўная задача праграмы – адраджэнне і развіццё сацыяльнай і вытворчай сферы вёскі, забеспячэнне ўстойлівага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнне ўзроўню даходаў сельскага насельніцтва, стварэнне ўмоў для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў вёсцы.
У рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вядзецца будаўніцтва аграгарадкоў, якія ствараюцца на базе сельскіх Саветаў і цэнтральных сядзіб сельскагаспадарчых арганізацый. Да 2010 года намячаецца стварыць 1481 аграгарадок. Праграмай прадугледжана стопрацэнтная газіфікацыя жылых дамоў і кватэр, у тым ліку перавод не менш за 20% дамоў на спажыванне прыроднага газу, будаўніцтва не менш за 15 тыс. км электрычных сетак, забеспячэнне ўсіх сельскіх населеных пунктаў стацыянарнай або мабільнай сувяззю, давядзенне колькасці тэлефонаў на 100 сельскіх жыхароў да 26, ахоп не менш за 80% сельскіх дзяцей дашкольнай адукацыяй, стварэнне амбулаторый агульнай урачэбнай практыкі з абслугоўваннем насельніцтва ў радыусе 10-15 км, камплектаванне медыцынскіх устаноў у вёсцы спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі сярэдняя заработная плата ў вёсцы дасягне да 2010 года 320-360 долараў ЗША у эквіваленце. У 2005 годзе яна складала 135 долараў, за 11 месяцаў 2006 года - 165 долараў.
У раслінаводстве намечана павялічыць аб’ёмы прымянення мінеральных угнаенняў да 1 млн. 760 тыс. тон дзеючага рэчыва (для параўнання: у 2004 годзе была выкарыстана 719 тыс. тон). Плануецца давядзенне не менш за 240 кг дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў на 1 га сельскагаспадарчых угоддзяў і 270 кг дзеючага рэчыва - на 1 га ворнай зямлі (у мінулым годзе было выкарыстана 242 кг на 1 га ворнай зямлі). Чакаецца, што за кошт унясення мінеральных угнаенняў і іншых мерапрыемстваў вырошчванне збожжа ў рэспубліцы будзе даведзена да 8 млн. 400 тыс. тон, алейнага семя рапсу - да 175 тыс. тон, цукровых буракоў - да 3 млн. 810 тыс. тон, бульбы - да 9 млн. тон, ільновалакна - да 60 тыс. тон, пладоў і ягад - да 800 тыс. тон.
У жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі ў мэтах павышэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці галіны намячаецца канцэнтрацыя ўсёй вытворчасці на буйных птушкафабрыках і жывёлагадоўчых комплексах. Рэканструкцыя і аснашчэнне сучасным тэхналагічным абсталяваннем запланаваны на 1372 малочна-таварных фермах, 101 жывёлагадоўчым комплексе па гадоўлі буйной рагатай жывёлы, на 170 комплексах па гадоўлі і адкорму свіней, а таксама на 51 птушкафабрыцы. Аб тым, што гэта задача цалкам рэальная для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, сведчаць такія лічбы. Толькі ў мінулым годзе рэканструявана 700 малочна-таварных ферм, 39 жывёлагадоўчых і свінаводчых комплексаў, 33 птушкафабрыкі. У выніку канцэнтрацыя вытворчасці на малочна-таварных фермах і жывёлагадоўчых комплексах будзе даведзена да 90%, на птушкафабрыках - да 100%.
Стабільна развіваецца і жывёлагадоўчая галіна рэспублікі. У 2006 годзе прырост вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі склаў 11% у параўнанні з 2005 годам. Калі ж гаварыць аб прадукцыйнасці дойнага статка, то ў 2006 годзе ўпершыню ў гісторыі сельскай гаспадаркі на постсавецкай прасторы ў Беларусі атрыманы надой ад каровы 4 тысячы кг малака.
Па стану на 1 снежня 2006 года на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі накіравана 13,1 трлн. рублёў, што складае 110,8% ад прадугледжаных сродкаў на бягучы год. Пры гэтым на развіццё сацыяльнай сферы накіравана больш за 3 трлн. рублёў (перавышэнне запланаванай сумы прыкладна на 15%), вытворчай сферы – амаль 10 трлн. руб. (перавышэнне амаль на 9,7%).
У 2006 годзе ў сацыяльнай сферы забяспечаны перавод 7600 кватэр і жылых дамоў на прыродны газ. Адноўлена і адрамантавана 130 км водаправодных сетак. Стацыянарнай тэлефонай і мабільнай сувяззю ахоплена 94% сельскіх населеных пунктаў. Праведзена поўная рэканструкцыя 2,4 тыс. км мясцовых аўтамабільных дарог. Створана 16 устаноў адукацыі новага тыпу і 42 установы культуры. Адкрыта 95 бальніц сястрынскага догляду.
Практычна ўсімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі рэспублікі забяспечаны рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак ён склаў 106,1% да ўзроўню мінулага года пры заданні на год 106-108%.
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я ў 2006 годзе рэспубліка недабрала амаль 500 тон збожжа і 35 тысяч тон алейнага семя рапсу. Тым не менш, біялагічная ўраджайнасць склала амаль 40 цэнтнераў з гектара. Сабрана амаль 4 млн. тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 376 цэнтнераў з гектара. На 8% больш сабрана агародніны, на 88% - пладоў і ягад. Гэта дало магчымасць часткова кампенсаваць недабор збожжа, ільнопрадукцыі і алейнага семя рапсу.
Рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі будзе садзейнічаць і выкананне сельскагаспадарчымі арганізацыямі рэспублікі намечаных прагнозных паказчыкаў на 2007 год. Так, у бягучым годзе плануецца павялічыць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі на 6-7,5%, у тым ліку ў сельскагаспадарчых арганіацыях - на 7-8,5%. Ураджайнасць збожжавых складзе не менш за 7,2 млн. тон, што на 22% больш, чым у 2006 годзе. Прычым прадугледжана пашырыць плошчы пад новыя, высокаўраджайныя сарты збожжавых. У вытворчасць будзе перададзена не менш за дзесяць сартоў збожжавых і зернебабовых культур, якія змогуць павысіць ураджайнасць да 50 ц/га. Плануецца пашырыць плошчы пад высокаўраджайнай культурай трыцікале. Спецыялізацыя і аптымізацыя пасеваў будуць галоўнымі вызначальнымі фактарамі для атрымання стабільна высокіх ураджаяў збожжа.
У рэспубліцы з гэтай мэтай вызначана 59 валаўтваральных раёнаў, у якіх плануецца атрымліваць не менш за 60% аб’ёмаў збожжа ад усяго вырашчанага ў рэспубліцы. Для сельскагаспадарчых арганізацый, якія маюць менш урадлівыя глебы, прадугледжана пашырыць плошчы пасеваў пад дыплоідныя сарты жыта на 30%. Будуць таксама павялічаны плошчы пад кармавыя культуры. Павелічэнне аб’ёмаў вырошчвання бульбы прадугледжана дасягнуць за кошт павышэння ўраджайнасці і канцэнтрацыі плошчаў у спецыялізаваных гаспадарках.
За кошт такой канцэнтрацыі ў цэлым па рэспубліцы ў 2007 годзе плануецца вырасціць 8,7 млн. тон бульбы, або на 4,5% больш, чым у 2006 годзе. Будзе вырашчана 3,6 млн. тон цукровых буракоў, а вытворчасць агародніны павялічыцца да 2 млн. 55 тыс. тон. Прадугледжана таксама вырасціць 534 тысячы тон пладоў і ягад, 200 тысяч тон алейнага семя рапсу і 60 тысяч тон ільновалакна.
Што датычыцца жывёлагадоўчай прадукцыі, то ў 2007 годзе вытворчасць малака павінна павялічыцца на 4,7% і скласці 6,2 млн. тон, а рэалізацыя жывёлы і птушкі – павялічыцца на 1,2% і скласці 1,1 млн. тон.
Згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі 249 населеных пунктаў пераўтвораны ў 2006 годзе ў аграгарадкі. У Беларусі цяпер дзейнічае 44 дзяржаўныя сацыяльныя стандарты. Пры гэтым усе яны разлічаны для гарадоў і населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва не менш за 1 тысячу чалавек. У той жа час у аграгарадках часта жыве не больш за 300-500 человек. У сувязі з гэтым створана рабочая група, у задачы якой уваходзіць вызначэнне дзяржаўных сацыяльных стандартаў у прымяненні да аграгарадкоў. |