Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў Указ № 64 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях будаўніцтва, адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў".
Дакумент накіраваны на ўдасканаленне рэгулявання парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, далейшую лібералізацыю беларускай эканомікі і павышэнне дзелавой актыўнасці суб’ектаў гаспадарання.
У гэтых мэтах Указам адменена правядзенне аўкцыёнаў пры прадастаўленні зямельных участкаў юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для будаўніцтва і абслугоўвання аб’ектаў нерухомай маёмасці, прызначаных для вытворчасці тавараў, выканання работ, аказання паслуг. Гэта норма накіравана на прыцягненне інвестыцый у эканоміку, перш за ўсё, у сельскія населеныя пункты, малыя і сярэднія гарады, актывізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці і стымуляванне будаўніцтва.
Неабходнасць правядзення аўкцыёнаў захавана толькі для атрымання зямельных участкаў у мэтах будаўніцтва аўтазаправачных станцый, а таксама ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва звыш 50 тыс. чалавек згодна з пералікам, што зацвярджаецца Саветам Міністраў Беларусі па ўзгадненню з Прэзідэнтам у адпаведнасці з Дэкрэтам № 1 ад 28 студзеня 2008 года "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)". Цяпер у гэты пералік уключана 22 гарады рэспублікі.
Аднак, улічваючы асаблівую каштоўнасць асобных зямельных участкаў і патэнцыяльную цікавасць да іх з боку некалькіх інвестараў, аблвыканкамам прадастаўлена права вызначаць з улікам інтарэсаў дзяржавы, мясцовых умоў і эканамічнай эфектыўнасці населеныя пункты (часткі іх тэрыторый), іншыя тэрыторыі, у межах якіх зямельныя ўчасткі будуць прадастаўляцца юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам толькі па выніках аўкцыёнаў.
Акрамя таго, для зніжэння фінансавых затрат інвестараў, забеспячэння прывабнасці ўкладання сродкаў у будаўніцтва райвыканкамам дадзена права прадастаўляць растэрміноўку ўнясення платы пры прадастаўленні зямельных участкаў у прыватную ўласнасць, а таксама платы за права заключэння дагавора арэнды зямельных участкаў. Такая растэрміноўка можа быць прадастаўлена на тэрмін да 5 гадоў з дня прыёмкі ў эксплуатацыю пабудаванага аб’екта.
Дадаткова, улічваючы неаднаразовыя нараканні суб’ектаў гаспадарання на высокі памер платы за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў, які выключае іх эканамічную зацікаўленасць у атрыманні зямлі для будаўніцтва аб’ектаў, Прэзідэнтам дадзена даручэнне Ураду ўнесці прапановы па адпаведнаму змяненню разліку памеру гэтай платы, а таксама кадастравага кошту зямельных участкаў.
Змяненні ўнесены і ў парадак прадастаўлення зямельных участкаў грамадзянам для жыллёвага будаўніцтва. Зямельныя ўчасткі будуць прадастаўляцца без аўкцыёну для будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў: у Мінску - шматдзетным сем’ям, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; у абласных цэнтрах - грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў; у іншых населеных пунктах - любым грамадзянам, незалежна ад патрэбнасці.
Але, як і ў адносінах да суб’ектаў гаспадарання, аблвыканкамам прадастаўлена права вызначаць з улікам інтарэсаў дзяржавы, мясцовых умоў і эканамічнай эфектыўнасці іншыя населеныя пункты, на тэрыторыі якіх зямельныя ўчасткі будуць прадастаўляцца грамадзянам для будаўніцтва жылых дамоў толькі па выніках аўкцыёнаў.
Дадаткова прыпынена дзеянне Указа ад 7 лютага 2006 года № 87 "Аб некаторых мерах па скарачэнню не завершаных будаўніцтвам незакансерваваных жылых дамоў, дач", якім устаноўлены гранічны тэрмін будаўніцтва грамадзянамі жылых дамоў, дач (тры гады з дня атрымання дазволу на будаўніцтва). Гэта дасць магчымасць грамадзянам, разлічыўшы свае фінансавыя магчымасці, спакойна завяршыць пачатае будаўніцтва.
Акрамя таго, у існуючы парадак адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў унесены змяненні і дапаўненні рэдакцыйнага і ўдакладняючага характару, у тым ліку на аснове аналізу практыкі яго прымянення, дэталізуюцца абавязкі асоб, якія атрымалі зямельныя ўчасткі, дзеянні ўпаўнаважаных органаў па іх адабранню і прадастаўленню, што дасць магчымасць узмацніць кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель.
Новыя ўмовы прадастаўлення зямельных участкаў уступяць у сілу з 1 мая 2009 года.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |