Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 лютага падпісаў Указ № 65 "Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі".
Павышэнне патрабаванняў да аператыўнасці прадастаўлення інфармацыі, павелічэнне аб’ёмаў інфармацыйных патокаў, узмацненне ўплыву журналістыкі на жыццё грамадства, рост колькасці СМІ і ўдасканаленне форм распаўсюджвання інфармацыі - усе гэтыя фактары аб’ектыўна патрабуюць паляпшэння якасці работы дзяржорганаў з прэсай.
Аднак аналіз работы дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі паказвае, што ў гэтай сферы існуе шэраг праблем.
Так, па-ранейшаму нізкая аператыўнасць узаемадзеяння дзяржорганаў са СМІ. Гэта, як правіла, выяўляецца ў тым, што актуальная, запатрабаваная грамадствам інфармацыя нярэдка даводзіцца да прэсы несвоечасова. Існуе і пэўны дэфіцыт інфармацыі аб дзейнасці шэрага дзяржорганаў, які сведчыць аб уласцівым іх кіраўніцтву неразуменні важнасці інфармавання грамадскасці, у тым ліку і замежнай. Нярэдкія факты адсутнасці належнага ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення паміж дзяржаўнымі органамі і прадстаўнікамі мас-медыя. У шэрагу выпадкаў слабая тэхнічная база дзяржорганаў у частцы распаўсюджвання інфармацыі аб сваёй дзейнасці. Гэта пры тым, што канкакты са СМІ - важны ўчастак іх работы. І гэта актуальнасць з цягам часу будзе толькі расці.
Імідж дзяржаўных органаў і арганізацый з’яўляецца важнейшым складальнікам іміджу дзяржавы ў цэлым. Ён фарміруецца, перш за ўсё, пры дапамозе СМІ. І тут выключнае значэнне набывае, па-першае, прафесіяналізм людзей, якія адказваюць за гэты ўчастак работы. Па-другое, іх статус і паўнамоцтвы. Пакуль жа за рэдкім выключэннем гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі.
Важна, каб самі кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый больш увагі ўдзялялі рабоце з прэсай.
Зняць вастрыню праблем, палепшыць сітуацыю ў сферы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў са СМІ павінен падпісаны Кіраўніком дзяржавы Указ "Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі".
Ён устанаўлівае, што персанальную адказнасць за стан работы са СМІ нясе непасрэдна кіраўнік дзяржаўнага органа або арганізацыі. А ўласна арганізацыя гэтай работы ўскладаецца або на прэс-сакратара дзяржаўнага органа або арганізацыі, або на кіраўніка адпаведнага структурнага падраздзялення (напрыклад, прэс-службы, упраўлення інфармацыі) - гэта значыць на асобу, адказную за работу са СМІ.
Пры гэтым прэс-сакратар або кіраўнік адпаведнага падраздзялення ў мэтах павышэння аператыўнасці работы падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку дзяржоргана або арганізацыі.
Прэс-сакратару дзяржоргана або дзяржарганізацыі ў падпарадкаванне можа быць перададзена прэс-служба або іншае падраздзяленне, што займаецца работай з прэсай.
Асоба, адказная за работу са СМІ, можа па пасадзе і ўмовах аплаты працы прыраўноўвацца да памочніка кіраўніка дзяржоргана (пры адсутнасці ў яго ў падпарадкаванні падраздзяленняў па рабоце са СМІ) або да начальніка ўпраўлення (калі ў падпарадкаванні знаходзіцца, напрыклад, прэс-служба, упраўленне інфармацыі або аддзел па рабоце са СМІ). Такім чынам, рашэннем кіраўніка дзяржоргана можа быць устаноўлены даволі высокі статус гэтага спецыяліста, што будзе мець несумненны станоўчы ўплыў на вынікі яго работы.
Указ вызначае агульны пералік задач гэтай службовай асобы. Ён можа быць дапоўнены ў залежнасці ад кожнай канкрэтнай сітуацыі.
Вызначаецца, што прадастаўленне афіцыйнай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўнага органа ажыццяўляецца яго кіраўніком, намеснікамі кіраўніка, асобай, адказнай за работу са СМІ. Кіраўнік дзяржоргана можа ўстанавіць сваім рашэннем і іншы парадак прадастаўлення афіцыйных звестак, пашырыўшы, напрыклад, кола асоб, якія маюць права самастойна кантактаваць па гэтаму пытанню з прэсай.
Важны момант заключаецца ў тым, што дакумент прадпісвае забяспечыць у трохмесячны тэрмін неабходныя матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы для належнага выканання сваіх абавязкаў прэс-сакратарамі і кіраўнікамі адпаведных структурных падраздзяленняў.
Бясспрэчна, што ўзрастуць і патрабаванні да прафесіянальнага ўзроўню асоб, якія адказваюць за работу са СМІ. Таму будзе весціся пастаянны маніторынг іх работы, аказвацца садзейнічанне ў павышэнні прафесіянальнага ўзроўню.
Прыняцце гэтага Указа павінна актывізаваць і ўпарадкаваць работу дзяржаўных органаў і арганізацый з прэсай, наладзіць лепшае ўзаемаразуменне і больш эфектыўнае ўзаемадзеянне са СМІ, палепшыць напаўняльнасць беларускай і замежнай інфармацыйных прастор аператыўнай і поўнай інфармацыяй аб дзейнасці дзяржавы.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |