| Паважаныя наведвальнікі Партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь!
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2002 г. № 609 «Аб Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь і аб унясенні змяненняў і дапаўнення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1998 г. № 524» створаны Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал вызначаны як асноўны дзяржаўны інфармацыйны рэсурс глабальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнэт у галіне права і прававой інфарматызацыі.
Аснову інфармацыйнага зместу Нацыянальнага прававога Інтэрнэт-партала складае прававая інфармацыя (тэксты прававых актаў Рэспублікі Беларусь). На гэтым партале размяшчаецца таксама навукова-практычная, навучальная, даведачная і іншая інфармацыя ў галіне права і прававой інфарматызацыі.
У сувязі з гэтым пры пошуку інфармацыі, што датычыцца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, рэкамендуем звярнуцца да Эталоннага банка даных, які прадастаўляецца названым рэсурсам. Тэксты прававых актаў, што змяшчаюцца ў Эталонным банку даных прававой інфармацыі, прадстаўлены ў іх дзеючай рэдакцыі, г.з. з улікам усіх унесеных у іх змяненняў і дапаўненняў, якія ўступілі ў сілу.
http://www.pravo.by
Эталонны банк даных прававой інфармацыі ўяўляе сабой аўтаматызаваную паўнатэкставую інфармацыйна-пошукавую сістэму па заканадаўству Рэспублікі Беларусь і змяшчае дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, законы Рэспублікі Беларусь, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, пастановы палат Парламента і Урада, нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага банка, міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, рашэнні Канстытуцыйнага Суда, пастановы пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда.
Звяртаем Вашу ўвагу, што дэкрэты, указы і распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, апублікаваныя ў раздзеле «Афіцыйныя дакументы» і тыя, што захоўваюцца ў архівах Партала Прэзідэнта, публікуюцца без уліку змяненняў і дапаўненняў, што ўносяцца ў іх. |