Дзяржаўныя сімвалы

www.president.gov.by

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з двух гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй - зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні - 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўцы (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (вохра) колер (Гл. таксама РСТ Беларусі 911-91).

Пры цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах  Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца з наканечнікам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Наканечнікі вырабляюцца з металу жоўтага колеру.
 

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага  суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой зялёны контур Рэспублікі Беларусь у залатых прамянях сонца над зямным шарам. Зверху контура знаходзіцца пяціконцавая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі  канюшыны, злева - ільну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу зроблены надпіс золатам: "Рэспублiка Беларусь".

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасцi з артыкулам 19 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн з`яўляюцца сiмваламi яе дзяржаўнага суверэнiтэту.

Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь была пастаўлена задача стварэння гiмна новай, незалежнай Беларусi. У якасцi Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь Прэзiдэнт краiны зацвердзiў твор на музыку Н.Сакалоўскага i словы М.Клiмковiча, У.Карызны.


У новым Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь захавана музыка Н.Сакалоўскага, якая сiмвалiзуе пераемнасць гiстарычных традыцый беларускага народа, карыстаецца папулярнасцю i павагай у прадстаўнiкоў розных пакаленняў грамадзян краiны i па сваiх мастацкiх якасцях адпавядае ўсiм патрабаванням, прад`яўляемым да гiмнiчных твораў.

З прапанаваных варыянтаў тэкстаў гiмна на музыку Н.Сакалоўскага камiсiя i грамадскасць аддалi перавагу вершу М.Клiмковiча i У.Карызны. Захоўваючы адпаведнасць меладычным i рытмiчным асаблiвасцям музыкi Н.Сакалоўскага, гэты паэтычны твор у той жа час адлюстроўвае новыя палiтычныя, эканамiчныя i сацыяльныя ўмовы развiцця Рэспублiкi Беларусь як суверэннай, мiралюбiвай дзяржавы, падкрэслiвае патрыятызм i працавiтасць яе грамадзян, сяброўскiя адносiны памiж прадстаўнiкамi ўсiх нацыянальнасцей, якiя жывуць у нашай краiне.

Гэтым жа Указам Кiраўнiк дзяржавы зацвердзiў Палажэнне аб Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь, якое вызначае статус гiмна, умовы i правiлы яго выканання i выкарыстання.

Зацвярджэннем Дзяржаўнага гiмна завяршыўся працэс фармiравання дзяржаўнай сiмволiкi Рэспублiкi Беларусь.

Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
www.president.gov.by

© Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Дакумент апублікаваны 17.05.2006