(У Беларусі рэалізаваны шэраг дзяржаўных і мэтавых праграм, накіраваных на пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы)
З моманту буйнейшай тэхнагеннай катастрофы мінулага стагоддзя - аварыі на Чарнобыльскай АЭС - мінула 20 гадоў, але да гэтай пары тысячы грамадзян былых савецкіх рэспублік - Украіны, Расіі і Беларусі - адчуваюць яе наступствы. Дзень 26 красавіка 1986 года стаў паваротным у найноўшай беларускай гісторыі ўсяго чалавецтва. Менавіта з гэтага дня пачаўся новы адлік часу — постчарнобыльскі.
З усіх былых савецкіх рэспублік Беларусь найбольш панесла страты ад вынікаў аварыі на ЧАЭС. Ад радыяцыі пацярпела 23 % тэрыторыі краіны. Ва Украіне гэты паказчык склаў 5 %, у Расійскай Федэрацыі — 0,6 %. За мінулыя гады матэрыяльныя страты Беларусі ад наступстваў чарнобыльскай трагедыі склалі 235 млрд. долараў.
Напярэдадні 20–й гадавіны трагічных падзей, якія прынесла народу Беларусі аварыя на ЧАЭС, да месца падвесці вынікі «чарнобыльскага шляху», па якому рэспубліка ішла на працягу гэтага перыяду. Зроблена нямала.
У рэспубліцы за апошнія гады рэалізаваны шэраг дзяржаўных і мэтавых праграм, накіраваных на пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Іх выпрацоўка і рэалізацыя ажыццяўляецца пры непасрэдным удзеле Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Ужо традыцыйныя штогоднія рабочыя паездкі Кіраўніка дзяржавы ў пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС рэгіёны рэспублікі садзейнічаюць вырашэнню найбольш складаных пытанняў, перш за ўсё сацыяльнвх. У ходе рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта работа па пераадоленні наступстваў катастрофы атрымлівае дадатковы імпульс, набывае больш дынамічны і мэтанакіраваны характар.
Трэба адзначыць: за ўсе гады, што мінулі з моманту аварыі на ЧАЭС, у чыстыя рэгіёны Беларусі пераселена 137,7 тысячы беларускіх грамадзян з 470 населеных пунктаў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Для перасяленцаў пабудавана звыш 66 тысяч кватэр і дамоў прысядзібнага тыпу, а таксама 239 пасёлкаў з неабходнай інфраструктурай і прадпрыемствамі сэрвісу. У гэтых пасёлках і ў пацярпелых раёнах узведзены школы на 45 тысяч навучальных месц, дзіцячыя сады і яслі на 18,5 тысячы месц, паліклінікі і амбулаторыі на 21 тысячу наведванняў за змену, бальніцы на 4,6 тысячы ложкаў. Па чарнобыльскіх землях пракладзена звыш 2 тысяч км газаправодаў. Газіфікацыя надзвычай важная для жыхароў пацярпелых ад катастрофы рэгіёнаў. І справа не толькі ў тым, што блакітнае паліва лічыцца найбольш бяспечным і эканамічна выгадным. Улічваецца бяспека з боку экалогіі, паколькі спальванне мясцовых відаў паліва мае фактар рызыкі з улікам радыяцыі.
Адной з асноўных задач дзяржаўнай палітыкі ў галіне пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы і сёння, праз 20 гадоў пасля яе, з’яўляецца забеспячэнне бяспекі людзей, захаванне здароўя 1,3 мільёна беларускіх грамадзян, якія працягваюць жыць на забруджаных тэрыторыях, а таксама звыш 115 тысяч удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Для дасягнення гэтай мэты рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па радыяцыйнай абароне насельніцтва, накіраваны на абмежаванне доз апрамянення. Эканамічнае адраджэнне і ўстойлівае развіццё пацярпелых рэгіёнаў з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі.
У Беларусі створана і дзейнічае сістэма сацыяльнай абароны ўсіх катэгорый пацярпелых, заснаваная на Законе Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».
Створаны і функцыянуе Беларускі дзяржаўны рэгістр асоб, якія трапілі пад радыяцыйнае ўздзеянне з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У яго ўнесены даныя пра больш як 1,7 мільёна чалавек, у тым ліку больш за 360 тысяч дзяцей і падлеткаў.
У пасляаварыйны перыяд дзяржавай былі выдаткаваны значныя фінансавыя сродкі на будаўніцтва новых медыцынскіх устаноў у межах Чарнобыльскай праграмы. У рэгіёнах, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, былі пабудаваны бальніцы больш як на 4,6 тыс. ложкаў, амбулаторна–паліклінічныя ўстановы больш як на 21,3 тыс. наведванняў за змену, умацаваны эндакрыналагічныя службы абласцей. Для пацярпелых рэгіёнаў за пасляаварыйныя гады набыта больш за 300 ультрагукавых апаратаў, 140 эндаскопаў, 30 клініка–біяхімічных лабараторый, больш 70 рэнтгенаўскіх апаратаў з узмацненнем выявы, камп’ютэрныя тамографы.
З мэтай аптымізацыі лячэбна–дыягнастычнай дапамогі насельніцтву, упарадкавання дзеючай сістэмы навукова–даследчых устаноў, якія займаюцца праблемамі мінімізацыі медыцынскіх наступстваў аварыі, у канцы 2002 года была створана новая ўстанова «Рэспубліканскі навукова–практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека». Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Цэнтра з’яўляецца каардынацыя і арганізацыйна–метадычнае суправаджэнне правядзення ў краіне дыспансэрызацыі пацярпелага насельніцтва.
Штогод медагляд праходзяць 97–99 % беларускіх грамадзян. Практычна ўсе атрымліваюць амбулаторнае і стацыянарнае лячэнне. У выніку праведзенай дыспансэрызацыі дасягнута стабілізацыя захворванняў пацярпелага насельніцтва, а з 1999 г. намецілася тэндэнцыя да зніжэння першасных захворванняў як дарослага, так і дзіцячага насельніцтва. У 2005 г. у параўнанні з 1999 г., паказчыкі першасных захворванняў сярод мужчын, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, знізіліся на 27,5 %, сярод жанчын — на 23,9 %.
З мэтай захавання і ўмацавання здароўя 203,3 тысячы школьнікаў і навучэнцаў прафесійна–тэхнічных вучылішчаў і тэхнікумаў, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, для іх арганізавана бясплатнае харчаванне.
Цяпер у рэспубліцы ў адпаведнасці з заканадаўствам права на бясплатнае санаторна–курортнае лячэнне ці аздараўленне маюць 311,2 тысячы чалавек, у тым ліку 258,5 тысячы дзяцей і падлеткаў (84%). Больш за 90 арганізацый займаюцца іх аздараўленнем. Прыкладам дзіцячых санаторна–курортных арганізацый, створаных для прыёму дзяцей, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы, з’яўляюцца створаныя Камчарнобылем дзіцячыя рэабілітацыйна–аздараўленчыя цэнтры. Яны маюць усе ўмовы для арганізацыі санаторна–курортнага лячэння і аздараўлення, навучальна–выхаваўчага працэсу, сацыяльна–псіхалагічнай рэабілітацыі, арганізацыі вольнага часу дзяцей. Толькі да гэтага года ў межах рэалізацыі Прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» ўведзены ў эксплуатацыю спальныя і лячэбныя карпусы дзіцячых рэабілітацыйна–аздараўленчых цэнтраў «Полаз», «Ветразь», «Лясная паляна», «Жамчужына», «Пціч», школьна–аздараўленчых цэнтраў «Світанак» і «Пралеска».
У мінулым годзе ў 9–ці дзіцячых рэабілітацыйна–аздараўленчых цэнтрах палепшылі сваё здароўе больш за 35 тысяч дзяцей, ці 19 % ад агульнай колькасці тых, хто аздаравіўся. У 2007 годзе ў іх адпачнуць больш за 42 тысячы дзяцей, акрамя таго, прыкладна 50 тысяч школьнікаў будуць вывезены на адпачынак за мяжу.
Адным з важнейшых напрамкаў пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы з’яўляецца выкананне комплексу мерапрыемстваў па радыяцыйнай абароне насельніцтва.
У гэты комплекс уваходзіць забеспячэнне сістэмы радыяцыйнага кантролю і маніторынгу, дэзактывацыя сацыяльна значных аб’ектаў, пахаванне адселеных населеных пунктаў, утрыманне сістэмы пахаванняў радыеактыўных адходаў, утрыманне зон адчужэння і адсялення. Прыярытэтным застаецца забеспячэнне вытворчасці нарматыўна чыстых харчовых прадуктаў, прадуктовай сыравіны і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі, правядзенне ахоўных мерапрыемстваў у лясной гаспадарцы.
На працягу 2001–2005 гадоў у найбольш пацярпелых гаспадарках Гомельскай і Магілёўскай абласцей былі ажыццёўлены праграмы пераспецыялізацыі. Для жыхароў гэтых раёнаў была таксама закуплена вялікая партыя прыбораў прыжыццёвай дазіметрыі жывёлы. У забруджаныя гаспадаркі ў поўнай адпаведнасці з планавым заданнем пастаўляліся фосфарныя і калійныя ўгнаенні, гербіцыды для апрацоўкі сельгаспасеваў. Выконваліся работы па вапнаванню кіслых глеб. Створаны культурныя кармавыя ўгоддзі для гадоўлі дамашняй жывёлы на плошчы 37,8 тыс. га. Усяго за гэтыя гады на правядзенне ахоўных мерапрыемстваў і сельскагаспадарчай вытворчасці было накіравана 288,1 млрд. руб.
Цяпер намаганні дзяржавы накіроўваюцца, у першую чаргу, на зніжэнне радыяцыйнай рызыкі здароўю людзей, стварэнне нармальных умоў жыццядзейнасці як для перасяленцаў, так і для тых, хто застаўся жыць і працаваць ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання. У аснову Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы на 2006–2010 гады закладзена задача рэальнага эканамічнага адраджэння і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў.
Праграма вызначае комплекс першачарговых мер, якія накіраваны на ўдасканаленне заканадаўчай і нарматыўнай прававой базы па мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, стварэнне льготных эканамічных умоў развіцця пацярпелых тэрыторый і замацаванне спецыялістаў жыццёва важных галін.
У адпаведнасці з праграмай у бліжэйшыя гады павінна быць газіфікавана больш за восем з паловай тысячы дамоў і кватэр ва ўсіх населеных пунктах, пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі. Для гэтага плануецца ўвесці ў карыстанне 463 кіламетры газаразмеркавальных сетак. Акрамя гэтага, прадугледжана забяспечыць пацярпелае насельніцтва якаснай пітной вадой. У сувязі з гэтым плануецца пабудаваць 150 кіламетраў вадаправодных сетак. Таксама ў гэтых населеных пунктах будзе прадоўжана будаўніцтва дашкольных устаноў, школ, бальніц, а таксама іншых сацыяльна–культурных аб’ектаў.
Дзяржава бярэ на сябе абавязкі гарантаваць атрыманне нарматыўна чыстай прадукцыі на забруджаных радыенуклідамі землях як у грамадскім, так і ў асабістым сектарах вытворчасці. Дасягнуць гэтага плануецца шляхам рэалізацыі падпраграм Дзяржпраграмы, разлічанай на 2006—2010 гг. На гэтыя мэты дзяржава плануе выдаткаваць у прагназуемых цэнах 2006 года 3 трыльёны 174 мільярды рублёў з рэспубліканскага і 160,8 мільярда рублёў з мясцовага бюджэтаў.
Чарнобыльская трагедыя — праблема сусветнага характару. З мэтай мінімізацыі яе наступстваў Беларусь актыўна супрацоўнічае з замежнымі партнёрамі: асобнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Такім чынам, чарнобыльская праблематыка з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці Саюзнай дзяржавы.
Беларусь і Расія, прыгранічныя рэгіёны якой таксама пацярпелі ад наступстваў катастрофы, разам супрацьстаяць чарнобыльскай бядзе. За мінулыя гады паспяхова завершаны першыя дзве саюзныя чарнобыльскія праграмы. У межах іх рэалізацыі ў 1998–2005 гадах у Беларусі і Рассіі выкананы работы па будаўніцтву, рэканструкцыі шэрага аб’ектаў аховы здароўя, фармацэўтычнай прамысловасці. Такім чынам, завершана будаўніцтва і аснашчэнне абсталяваннем Гродзенскага завода медыцынскіх прэпаратаў у г. Скідалі, Рэспубліканскага навукова–практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў г. Гомелі, Усерасійскага цэнтра экстраннай і радыяцыйнай медыцыны ў г. Санкт–Пецярбургу, Медыцынскага радыялагічнага навуковага цэнтра ў г. Обнінску. Акрамя таго, сумеснымі намаганнямі створаны адзіны беларуска–расійскі банк даных па асноўных праблемах наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Асноўнай яго мэтай з’ўляецца прадастаўленне насельніцтву Беларусі і Расіі аб’ектыўнай інфармацыі па чарнобыльскай праблематыцы.
Толькі на рэалізацыю завершанай Праграмы 2002–2005 гг. з Саюзнага бюджэту была выдаткавана 980 млн. расійскіх рублёў. Пры гэтым з бюджэту Рэспублікі Беларусь выдзелена 343 млн. расійскіх рублёў, з бюджэту Расійскай Федэрацыі — 637 млн. расійскіх рублёў.
Мінімізуючы наступствы катастрофы на ЧАЭС, Беларусь актыўна супрацоўнічае з шэрагам міжнародных арганізацый: ААН, Сусветным банкам, ЮНІСЕФ, МАГАТЭ, а таксама асобнымі краінамі і шматлікімі дабрачыннымі структурамі. Так, у межах рэалізацыі праекту МАГАТЭ «Рэабілітацыя тэрыторый, забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» на Хойніцкім сыраробным камбінаце створаны цэх па вытворчасці высакаякаснай мукі. У бліжэйшы час пры падтрымцы Камчарнобыля, ПРААН, Швейцарскага агенцтва развіцця і Сусветнага банка будзе праведзены кірмаш праектаў, якія затым рэалізуюцца ў пацярпелых рэгіёнах Беларусі.
Мэтанакіраваная сістэмная работа кіраўніцтва беларускай дзяржавы, якая праводзіцца ў апошнія гады і накіраваная на пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы, атрымала высокую ацэнку сусветнага грамадства. Яе заканамерным вынікам стала правядзенне з 19 па 21 красавіка ў сталіцы Беларусі і г. Гомелі Міжнароднай канферэнцыі «Чарнобыль праз 20 гадоў. Стратэгія аднаўлення і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў». Асноўнымі мэтамі гэтага прадстаўнічага форуму сталі абагульненне дваццацігадовага вопыту пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы, выпрацоўка рэкамендацый па рэабілітацыі і сацыяльна–эканамічным развіццю пацярпелых тэрыторый, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва.
На гэты прадстаўнічы форум прыехала больш за паўтары тысячы гасцей: дзяржаўных дзеячаў, вучоных, урачоў, эколагаў, спецыялістаў з 33 замежных краін з усіх кантынентаў, а таксама прадстаўнікоў шэрага буйных міжнародных арганізацый. Дастаткова сказаць, што ў рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік Генеральнага сакратара ААН, першы намеснік адміністратара ПРААН Э.Мелкерт, Генеральны сакратар АБСЕ М. Перэн дэ Брышамба, Генеральны сакратар Міжнароднай Федэрацыі аб’яднання Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца М. Ніскала, намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ А. М. Чэта, намеснік генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па навуцы В. Эрдэлен.
Звяртаючыся ў сваім прывітанні да ўдзельнікаў форуму, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка адзначыў: «Наступствы чарнобыльскай катастрофы закранулі многія краіны, але ў найбольшай ступені пацярпелі Беларусь, Украіна і Расія. Зонай радыеактыўнага забруджання стала амаль чацвёртая частка нашай тэрыторыі, на якой пражывае пятая частка насельніцтва краіны. Нанесеная сумарная страта склала 32 бюджэты краіны 1985 года. Пераадоленне наступстваў чарнобыльскай аварыі стала першаснай дзяржаўнай задачай для Рэспублікі Беларусь. Думаю, што назапашаны намі вопыт будзе каштоўным для ўсяго сусветнага грамадства».
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў надзею, што «вынікам работы форуму стануць канкрэтныя рэкамендацыі, якія вызначаць узгодненыя дзеянні, у тым ліку і сусветнага грамадства, на бліжэйшае дзесяцігоддзе. Прадметам гэтай стратэгіі бачыцца ўстойлівае развіццё пацярпелых рэгіёнаў, комплексная рэабілітацыя ўмоў жыцця людзей на забруджаных тэрыторыях».
У межах канферэнцыі былі праведзены пасяджэнні пяці навуковых секцый: «Рэабілітацыя забруджаных тэрыторый (сацыяльныя і эканамічныя праблемы)», «Медыцынскія і сацыяльна–псіхалагічныя вынікі», «Дазіметрыя», «Радыеэкалагічныя і радыебіялагічныя вынікі», «Сумесныя дзеянні Беларусі і Расіі па перадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах Саюзнай дзяржавы», а таксама «круглы стол» на тэму «Гуманітарнае супрацоўніцтва: вопыт, праблемы, перспектывы».
Удзельнікі канферэнцыі наведалі пацярпелыя ад катастрофы Брагінскі, Веткаўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Хойніцкі і Чачэрскі раёны, а таксама Палескі радыяцыйна–экалагічны запаведнік. У межах форуму прайшлі Міжнародны фестываль экалагічнага кіно « EKAFILM », выстава фотаработ «Чарнобыль праз 20 гадоў», фестываль мастацкай творчасці дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС «З памяццю ў сэрцы і надзеяй на будучае», выстаўка народнага мастака СССР, Героя Беларусі М. Савіцкага «Чорная быль», прэм’ерны паказ новага фільма беларускіх кінематаграфістаў «Чарнобыльскі крыж».
Міжнародны форум такога маштабу з’явіўся, бясспрэчна, знакавай падзеяй. Ён стаў сведкам таго, што сусветнае грамадства, нягледзячы на палітычную кан’юнктуру, усведамляе: дваццаць гадоў таму адбылася не проста аварыя, якая закранула лёсы людзей толькі трох постсавецкіх дзяржаў, а буйнейшая тэхнагенная катастрофа, якая прымусіла і прымушае задумацца ўсё чалавецтва. Слова «Чарнобыль» не патрабуе перакладу. Яно стала сінонімам агульнага болю, які можна перамагчы толькі разам. |