|
Выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляе Урад - Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь - цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання.
Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад Парламентам Рэспублікі Беларусь. Урад складае свае паўнамоцтвы перад зноў выбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Урад Рэспублікі Беларусь складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У склад Урада могуць уваходзіць і кіраўнікі іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне па гэтаму пытанню прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазней як у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясення прапановы па кандыдатуры Прэм’ер-міністра. У выпадку двухразовай адмовы ў дачы згоды назначэнне Прэм’ер-міністра Палатай прадстаўнікоў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мае права назначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і назначыць новыя выбары.
Работай Урада кіруе Прэм’ер-міністр. Прэм’ер-міністр: • ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю Урада і нясе персанальную адказнасць за яго работу; • падпісвае пастановы Урада; • у двухмесячны тэрмін пасля свайго назначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада, а ў выпадку яе адхілення прадстаўляе паўторную праграму дзейнасці Урада на працягу двух месяцаў; • інфармуе Прэзідэнта аб асноўных напрамках дзейнасці Урада і аб ўсіх яго важнейшых рашэннях; • выконвае іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй і дзейнасцю Урада. Урад Рэспублікі Беларусь: • кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады; • распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; • распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэспубліканскага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; • забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы; • прымае меры па забеспячэнню правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў адносінах да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уладай; • забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; • адмяняе акты міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання; • ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта. |
|

Аддзел пісьмаў і прыёму грамадзян
220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 9
Тэл.: (017) 222-60-46 |