Сістэма органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якая склалася ў выніку канстытуцыйнай рэформы 1996 года, стварыла неабходныя ўмовы для абароны незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, яе канстытуцыйнага ладу, падтрымання законнасці і правапарадку ў краіне.
Рэспубліка Беларусь паслядоўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва ў рамках ААН, АБСЕ, СНД, прымае актыўны ўдзел у Дагаворы аб калектыўнай бяспецы і Руху недалучэння, а таксама ў дзейнасці іншых міжнародных арганізацый.
Важнейшы фактар знешняй бяспекі - саюз з Расійскай Федэрацыяй.
У выніку незалежнай знешняй і ўнутранай палітыкі Рэспубліка Беларусь з'яўляецца аб'ектам неабгрунтаванага палітычнага і іншага націску з боку ЗША і іншых дзяржаў - членаў НАТА. Пры іх падтрымцы павялічваецца актыўнасць дэструктыўных сіл унутры краіны па дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі і насільнаму змяненню канстытуцыйнага ладу.
Жыццёва важныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь у палітычнай сферы
Умацаванне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, забеспячэнне непарушнасці граніц, захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.
Пабудова дэмакратычнай сацыяльна-прававой дзяржавы. Фарміраванне грамадзянскай супольнасці. Забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання палітычнай сістэмы дзяржавы, грамадскага міру, нацыянальнай згоды і сацыяльнай стабільнасці.
Дасягненне збалансаванасці палітычных інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, падтрымкі грамадствам яе ўнутранай і знешняй палітыкі.
Зніжэнне ўзроўню злачыннасці і крыміналізацыі грамадства.
Развіццё ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі, захаванне і ўмацаванне існуючых сістэм міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.
Процідзеянне незаконнаму распаўсюджванню зброі масавага знішчэння, яе кампанентаў і сродкаў дастаўкі, тэхналогій і абсталявання двайнога прызначэння, наркатычных, псіхатропных і іншых небяспечных рэчываў і матэрыялаў, міжнароднаму тэрарызму, агранізаванай злачыннасці і іншым відам злачынстваў.
Садзейнічанне культурнаму і эканамічнаму развіццю беларускіх абшчын у іншых дзяржавах у рамках, вызначаных заканадаўствам краін пражывання. Стварэнне спрыяльных прававых і арганізацыйных умоў для этнічных беларусаў, членаў іх сем'яў і іншых выхадцаў з Рэспублікі Беларусь, якія прынялі рашэнне вярнуцца ў краіну на пастаяннае месца жыхарства.
Асноўныя фактары, якія ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь у палітычнай сферы
Стварэнне або пашырэнне ваенна-палітычных саюзаў, дзейнасць якіх можа нанесці ўрон інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Выкарыстанне або пагроза выкарыстання сілавых метадаў для вырашэння тэрытарыяльных і іншых канфліктаў, якія закранаюць нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.
Дзейнасць спецыяльных службаў і арганізацый замежных дзяржаў, накіраваная на нанясенне ўрону нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Некантралюемае распаўсюджванне ядзерных, хімічных, біялагічных і іншых сродкаў масавага знішчэння, сістэм зброі і баявой тэхнікі, матэрыялаў, тэхнікі і тэхналогій двайнога прызначэння. Выкарыстанне тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для іх транзіту.
Дзейнасць, накіраваная на ўзмацненне сацыяльна-палітычнай напружанасці і процістаяння ў грамадстве, праяўленне палітычнага экстрэмізму.
Непрымальна высокі ўзровень крыміналізацыі грамадства, рост колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Распаўсюджванне карупцыі.
Прыярытэтныя напрамкі забеспячэння бяспекі Рэспублікі Беларусь у палітычнай сферы
Паслядоўная рэалізацыя прынцыпаў дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, дакладнага размежавання функцый і паўнамоцтваў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, удасканаленне прававога механізму іх эфектыўнага ўзаемадзеяння.
Стварэнне ўмоў і гарантый для рэалізацыі правоў і свабод грамадзян і выканання абавязкаў, устаноўленых заканадаўствам. Удасканаленне арганізацыйна-прававых працэдур рэалізацыі волевыяўлення грамадзян.
Ажыццяўленне знешнепалітычнай дзейнасці, арыентаванай на ўмацаванне аўтарытэту Рэспублікі Беларусь сярод дзяржаў - членаў ААН, актыўны ўдзел у забеспячэнні функцыянавання ўніверсальнай сістэмы міжнароднай бяспекі, прадугледжанай Статутам АНН.
Прыняцце ў адпаведнасці з заканадаўствам своечасовых і дзейсных мер па ліквідацыі ўмоў і перадумоў фарміравання палітычнай і сацыяльна-эканамічнай напружанасці ў грамадстве.
Рашучае спыненне любых праяў палітычнага экстрэмізму. Рэалізацыя комплексу мер па недапушчэнню дзейнасці на тэрыторыі рэспублікі міжнародных тэрарыстычных арганізацый.
Садзейнічанне намаганням ААН па падтрыманню міру і забеспячэнню правоў чалавека ва ўсім свеце праз удзел у рэалізацыі аперацый, што ажыццяўляюцца па рашэнню Савета Бяспекі ААН (за выключэннем ваеннага кампанента) і гуманітарных праграм ААН.
Стварэнне ўмоў для дасягнення Рэспублікай Беларусь доўгатэрміновай стратэгічнай мэты – набыцця нейтральнага статусу. Захаванне прыхільнасці ідэям усеагульнага ядзернага раззбраення.
Пашырэнне інтэграцыйных працэсаў у рамках Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання яе органаў і інстытутаў.
Ваенна-палітычнае супрацоўніцтва ў рамках Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў інтарэсах падтрымання абараназдольнасці краіны.
Удзел у дзейнасці Арганізацый па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе з мэтай забеспячэння рэгіянальнай бяспекі і ўмацавання міжнароднага аўтарытэту Рэспублікі Беларусь.
Супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам, НАТА, удзел у Савеце Еўраатлантычнага партнёрства ў мэтах пабудовы новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі, якая ўлічвае нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.
Садзейнічанне мірнаму ўрэгуляванню міжнародных узброеных канфліктаў і спрэчак. Удзел у выкананні пасрэдніцкіх функцый пры ўрэгуляванні канфліктаў.
Павышэнне эфектыўнасці процідзеяння разведвальным і іншым акцыям спецслужбаў і арганізацый замежных дзяржаў адносна Беларусі.
Распрацоўка праграм супрацоўніцтва з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў і іншымі дзяржавамі па зніжэнню ўзроўню ўзбраенняў і скарачэнню ўзброеных сіл у Еўропе, канверсіі прадпрыемстваў абароннай прамысловасці.
Развіццё нацыянальнай сістэмы экспартнага кантролю і актыўнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы з іншымі дзяржавамі. Інтэграцыя Рэспублікі Беларусь у міжнародныя шматбаковыя рэжымы экспартнага кантролю і ўдасканаленне нарматыўнай прававой базы для яго ажыццяўлення з мэтай недапушчэння распаўсюджвання ядзернай, біялагічнай, хімічнай і іншай зброі масавага знішчэння, тэхналогій двайнога прызначэння і іншых аб’ектаў экспартнага кантролю (спецыфічных тавараў, работ, паслуг).
Арганізацыя эфектыўнай барацьбы са злачыннасцю, асабліва з яе арганізаванымі праявамі і карупцыяй. Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь па пытаннях барацьбы з міжнародным тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю, наркабізнесам і іншымі відамі злачынстваў. |