У 1996 годзе ўказамі Кіраўніка дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь створаны спецыяльныя фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Гэтымі фондамі ажыццяўляецца выплата стыпендый і ўстаноўленых відаў прэмій, аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі. Сродкі фондаў выкарыстоўваюцца пры правядзенні нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд, а таксама для фінансавання ўдзелу творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выстаўках, сімпозіумах і іншых акцыях у галіне культуры і мастацтва. І гэта толькі малая частка дзейнасці фондаў.
Званне стыпендыята і лаўрэата Прэзідэнцкага фонду — гэта не проста ўзнагарода, а знак таго, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне школьніка або студэнта. Талент з’яўляецца нацыянальным здабыткам, таму навуковы, творчы лёс кожнага з юных удзельнікаў сустрэчы бярэцца пад апеку і кантроль міністэрствамі адукацыі і культуры. Таленавітыя людзі — аснова любой дзяржавы. Менавіта на роднай зямлі моладзь павінна рэалізаваць свае здольнасці.
Сама ідэя стварэння фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі з’явілася ў няпросты час. Тады, у сярэдзіне 90–х гадоў, сур’ёзныя заняткі навуковымі даследаваннямі або творчасцю станавіліся ўсё менш прэстыжнымі. Лепшыя выпускнікі нашых ВНУ, маладыя дзеячы культуры імкнуліся паехаць на работу за мяжу. Каб змяніць сітуацыю, у рэспубліцы пачала праводзіцца мэтанакіраваная палітыка падтрымкі беларускай навукі і нацыянальнай культуры, адным з прыярытэтаў якой стала дапамога таленавітай моладзі. Была створана сетка сярэдніх навучальных устаноў новага тыпу: гімназіі, ліцэі, навучальныя комплексы "гімназія–каледж", школы з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў.
Маладыя таленты, якія сталі студэнтамі, маюць шырокія магчымасці для даследчай дзейнасці, удзелу ў студэнцкіх навуковых конкурсах. А тыя, хто вырашыў прысвяціць навуцы ўсе сваё жыццё, пасля заканчэння ВНУ могуць прадоўжыць навучанне ў аспірантуры. Адораная моладзь мае магчымасць з ранняга ўзросту развіваць свае здольнасці і ўдасканальваць майстэрства больш як у 500 дзіцячых школах мастацтва, каледжах і вучылішчах, творчых ВНУ. У сталіцы адкрыты спецыяльныя навучальныя ўстановы інтэрнатнага тыпу, дзе выхоўваюцца самыя таленавітыя юныя музыканты, мастакі, танцоры з усёй рэспублікі. Пры падтрымцы дзяржавы ў Беларусі кожны год праводзяцца алімпіяды, рэгіянальныя, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, выстаўкі дзіцячай і маладзёжнай творчасці.
Лёс кожнага лаўрэата ўважліва адсочваецца і пасля таго, як ён ідзе ў дарослае жыццё. Гэта робіцца для таго, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі творчай асобы з найбольшай карысцю для краіны. Маладым людзям аказваецца падтрымка ў выбары рабочага месца, вырашэнні іх жыллёвых і іншых матэрыяльных праблем, а таксама ў іншых пытаннях, якія звязаны з іх станаўленнем у жыцці. |