Прынцып сацыяльнай справядлівасці адлюстраваны ў адраснай сацыяльнай палітыцы, праводзімай кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, сацыяльных гарантыях (асабліва адносна моладзі, пажылых людзей, жыхароў тэрыторый, пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы).
Прынцып пераемнасці ў правядзенні сацыяльнай палітыкі ў цэлым і адукацыйнай, у прыватнасці, даў магчымасць не толькі захаваць высокаразвітую адукацыйную сістэму, якая засталася ў спадчыну пасля развалу СССР, але і выбудаваць на яе аснове новую, адпаведную высокім сусветным стандартам.
Планамернасць дзяржаўнага курсу заключаецца і ў сусветнай падтрымцы таленавітай навучэнскай моладзі, студэнтаў. Створаны Спецыяльны Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, які не мае аналагаў на тэрыторыі СНД.
Беларусь заўсёды славілася сваімі спартсменамі. Заняткі фізкультурай, спортам, захаванне прынцыпу здаровага ладу жыцця з’яўляюцца прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі.
Важную ролю ў рэалізацыі планамернага курсу на забеспячэнне дабрабыту людзей мае выкананне ў сацыяльнай сферы мінімальных дзяржаўных стандартаў, якія прадугледжваюць забеспячэнне грамадзян прадуктамі харчавання, цяплом, камунікацыямі, транспартам, бытавымі паслугамі, нармальную работу ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры.
У Беларусі склалася эфектыўна дзеючая сістэма справядлівага размеркавання ўзнагарод за працу, сацыяльнай абароны малазабяспечаных грамадзян і павышэння сацыяльнай абароны ў цэлым. Задача цяпер ставіцца так: законы Рэспублікі Беларусь аб чалавеку, яго патрэбах павінны быць эталонамі сацыяльнай справядлівасці.
Вядучым сацыяльным напрамкам беларускай дзяржаўнасці і яе ідэалагічнай платформы, гуманістычнай па сваёй сутнасці, з’яўляецца аптымальнае спалучэнне цэнтралізаваных гарантый і індывідуальнага працоўнага ўкладу ў дабрабыт дзяржавы. Толькі эфектыўная праца можа быць крыніцай эканамічнага і сацыяльнага поспеху асобы і дзяржавы.
Сацыяльныя гарантыі ў рамках беларускай мадэлі развіцця выяўляюцца ў:
- гарантыях роўнасці мужчын і жанчын ў адукацыі і працоўнай дзейнасці;
- гарантыях права моладзі на духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё;
- гарантыях права на працу як найбольш вартага спосабу самасцвярджэння эканамічнага, маральнага і сацыяльнага зместу жыццядзейнасці чалавека;
- гарантыях справядлівай долі ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае грамадзянам і іх сем’ям свабоднае і дастатковае існаванне;
- гарантыях права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя;
- гарантыях права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, па хваробе і іншых прычынах.
Галоўная мэта сацыяльнай палітыкі ў рэспубліцы - прадастаўленне кожнаму працаздольнаму чалавеку магчымасці сваёй працай і прадпрымальнасцю стварыць свой сямейны дабрабыт, а для непрацаздольных і абяздоленых грамадзян – забяспечыць надзейную сацыяльную абарону. Пры гэтым сацыяльная абарона павінна быць выключна адраснай і накіравана на канкрэтныя, самыя сацыяльна неабароненыя групы і слаі насельніцтва. Міжнародны вопыт краін з пераходнай эканомікай паказвае, што эфектыўныя сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі могуць забяспечыць падтрымку толькі 10-15% насельніцтва.
Сэнс эфектыўнай адраснай сацыяльнай абароны ў тым, каб сканцэнтраваць абмежаваныя рэсурсы на задавальненні патрэбнасцей сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. Характэрнай з’явай у эвалюцыі сацыяльнай палітыкі будзе яе далейшая муніцыпалізацыя, г.зн. перанос цэнтра цяжару адраснай сацыяльнай абароны на мясцовы ўзровень: дапамога павінна быць набліжана да спажыўца. Плануецца пераход ад агульных сацыяльных праграм да праграм адрасных, улічваючы патрэбы канкрэтных слаёў насельніцтва, а таксама асобных рэгіёнаў. Пры гэтым неабходны строга дыферэнцыраваныя праграмы, у прыватнасці:
- інвалідам, адзінокім пенсіянерам – разнастайныя сацыяльныя паслугі, абслугоўванне дома;
- шматдзетным, няпоўным сем’ям – прыярытэт ва ўсіх відах адраснай матэрыяльнай дапамогі сем’ям з нізкімі даходамі.
Распрацавана стратэгія "пілотнага" праекта па рэалізацыі Канцэпцыі фарміравання адзінай праграмы адраснай сацыяльнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь. Асноўная яе мэта - у ахове найбольш сацыяльна неабароненых членаў грамадства ад негатыўных вынікаў рыначных пераўтварэнняў.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў рэспубліцы жыхарам сельскай мясцовасці, якія больш востра ў параўнанні з іншымі адчуваюць жыццёвыя цяжкасці: неразвітасць сацыяльнай інфраструктуры, транспартных паслуг, бытавога абслугоўвання. Пастаўлена задача праводзіць работу па ўвядзенню дзяржаўных сацыяльных стандартаў па ўсёй краіне з абавязковым улікам рэгіянальных асаблівасцей. Увядзенне сацыяльных стандартаў накіравана на тое, каб узровень сацыяльнай абароны гарантавана паляпшаўся.
Прыярытэтнай задачай дзяржавы ў галіне сацыяльнай абароны з’яўляецца клопат аб сям’і, дзецях, у прыватнасці, забеспячэнне неабходных умоў для рэалізацыі сям’ёй яе эканамічнай, узнаўляльнай, выхаваўчай і культурна-псіхалагічнай функцый; забеспячэнне правоў дзяцей на іх паўнацэннае фізічнае, інтэлектуальнае, маральнае і сацыяльнае развіццё.
У сістэме матэрыяльнай дапамогі сем’ям з дзецьмі дзяржава выкарыстоўвае льготы па падаткаабкладанню, аплаце за харчаванне ў дзіцячых дашкольных установах, аплаце за падручнікі і навучальныя дапаможнікі.
Значную дапамогу шматдзетным і няпоўным сем’ям аказваюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.
|