У 1996 годзе ўказамі кіраўніка дзяржавы ў РБ створаны спецыяльныя фонды Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтазў і спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэтымі фондамі ажыццяўляецца выплата стыпендый і ўстаноўленых відаў прэмій, аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі. Сродкі фондаў выкарыстоўваюцца пры правядзенні нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд, а таксама для фінансавання ўдзелу творчай моладзі ў міжнародных конкурсах, выстаўках, сімпозіумах і іншых акцыях у галіне культуры і мастацтва. І гэта толькі малая частка дзейнасці фондаў.
За апошнія дзесяць гадоў прэміі, стыпендыі, матэрыяльную дапамогу з фонду Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў атрымалі больш за 10 тысяч чалавек, з фонду па падтрымцы таленавітай моладзі — больш за паўтары тысячы.
Званне стыпендыята і лаўрэата Прэзідэнцкага фонду — гэта не проста ўзнагарода, а знак таго, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне школьніка або студэнта. Талент з’яўляецца нацыянальным здабыткам, таму навуковы, творчы лёс кожнага з юных удзельнікаў сустрэчы бярэцца пад апеку і кантроль міністэрствамі адукацыі і культуры. Таленавітыя людзі — аснова любой дзяржавы. Менавіта на роднай зямлі моладзь павінна рэалізаваць свае здольнасці.
Сама ідэя стварэння фондаў Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі нарадзілася ў няпросты час. Тады, у сярэдзіне 90–х гадоў, сур’ёзныя заняткі навуковымі даследаваннямі або творчасцю станавіліся ўсё менш прэстыжнымі. Лепшыя выпускнікі нашых ВНУ, маладыя дзеячы культуры імкнуліся паехаць на працу за мяжу. Каб змяніць сітуацыю, у рэспубліцы пачала праводзіцца мэтанакіраваная палітыка падтрымкі беларускай навукі і нацыянальнай культуры, адным з прыярытэтаў якой стала дапамога таленавітай моладзі. Была створана сетка сярэдніх вучэбных устаноў новага тыпу: гімназіі, ліцэі, вучэбныя комплексы "гімназія–каледж", школы з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў. Маладыя таленты, якія сталі студэнтамі, маюць шырокія магчымасці для даследчай дзейнасці, удзелу ў студэнцкіх навуковых конкурсах. А тыя, хто вырашыў прысвяціць навуцы ўсе сваё жыццё, пасля заканчэння ВНУ могуць працягнуць вучобу ў аспірантуры. Адораная моладзь мае магчымасць з ранняга ўзросту развіваць свае здольнасці і ўдасканальваць майстэрства больш як у 500 дзіцячых школах мастацтва, каледжах і вучылішчах, творчых ВНУ. У сталіцы адкрыты спецыяльныя вучэбныя ўстановы інтэрнатнага тыпу, дзе выхоўваюцца самыя здольныя юныя музыканты, мастакі, танцоры з усёй рэспублікі. Пры падтрымцы дзяржавы ў Беларусі кожны год праводзяцца алімпіяды, рэгіянальныя, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, выстаўкі дзіцячай і маладзёжнай творчасці.
Лёс кожнага лаўрэата ўважліва адсочваецца і пасля таго, як ён уступае ў дарослае жыццё. Гэта робіцца для таго, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі творчай асобы з найбольшай карысцю для краіны. Маладым людзям аказваецца падтрымка ў выбары рабочага месца, вырашэнні іх жыллёвых і іншых матэрыяльных праблем, а таксама ў іншых пытаннях, якія звязаны з іх станаўленнем у жыцці.
Прэзідэнцкая праграма “Дзеці Беларусі”на 2001–2005 гады зацверджана Указам Прэзідэнта РБ ад 24 мая 2001 г. № 281.
Дзякуючы распачатым захадам у рэспубліцы арганізавана рознаўзроўневая сістэма аказання дапамогі цяжарным жанчынам. У выніку ўкаранення сучасных тэхналогій узровень смерці немаўлят у краіне знізіўся ў 2005 годзе да 6,4 на 1000 дзяцей, якія нарадзіліся жывымі. Гэта з’яўляецца самым нізкім паказчыкам сярод краін СНД.
Праведзена значная работа па ўкамплектаванні радзільных дамоў і іншых лячэбна-прафілактычных устаноў сучасным медыцынскім абсталяваннем і спецыяльным аўтатранспартам. Ахоп дзяцей прафілактычнымі прышчэпкамі ад інфекцый, якія ўключаны ў праграмы імунізацыі, склаў 99 %, што перасягае крытэрыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якія ўстаноўлены на ўзроўні 95 %.
Усе дзеці, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС, кожны год праходзяць дыспансэрызацыю. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць праекты праграм “Дзеці Беларусі” і “Маладыя таленты Беларусі “ на 2006 –2010 гады і ўжо ў сакавіку 2006 года прадставіць іх на зацвярджэнне.
На нарадзе па праектах гэтых праграм, якая адбылася 8 лютага 2006 г. , Прэзідэнт паставіў перад Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання задачу да 1 верасня 2007 года поўнасцю вырашыць праблему забеспячэння дзяцей высакаякаснымі і таннымі айчыннымі прадуктамі харчавання на ўзроўні сусветных стандартаў. На адпаведнае тэхнічнае перааснашчэнне беларускіх прадпрыемстваў выдзяляецца амаль 20 млрд. руб.
Прэзідэнцкая праграма “Дзеці Беларусі” – самая паспяховая сацыяльная праграма, якая прадметна вырашае пытанні паляпшэння становішча дзяцей, забяспечвае іх сацыяльную абарону. Праект праграмы на 2006–2010 гады з’яўляецца лагічным працягам праграм 1998–2000, 2001–2005 гадоў.
Заданні папярэдніх дзвюх праграм выкананы ў поўным аб’ёме. Сфарміравана сацыяльна–эканамічная база па абароне правоў сям’і і дзяцей, якая адпавядае рэаліям рэспублікі. Прыняты канкрэтныя меры па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва. Створана сістэма ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання сем’яў і дзяцей, якая складаецца з 156 цэнтраў. Пашыраны магчымасці атрымання дзецьмі–інвалідамі базавай прафесійнай адукацыі. Створаны 5 тыс. 113 класаў інтэграванага навучання .
|