ЗАЦВЕРДЖАНА Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 1996 г. N 19
ПАЛАЖЭННЕ аб спецыяльным фондзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў
1. Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (далей - фонд) ствараецца з мэтай фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне інтэлектуальна-творчай дзейнасці моладзі ў галіне адукацыі і навукі.
2. Сродкі фонду ўтвараюцца за кошт:
асігнаванняў з рэзервовага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
добраахвотных узносаў фізічных і юрыдычных асоб у выглядзе грашовых сродкаў (у тым ліку ў замежнай валюце) і матэрыяльных каштоўнасцей.
Улік сродкаў, якія паступаюць і расходуюцца, праводзіцца раздзельна ў рублях Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і замежнай валюце.
3. Сродкамі фонду распараджаецца савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацікаўленых міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Акадэміі навук Беларусі, навучальных устаноў, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў.
Савет фонду ўзначальвае старшыня.
Склад савета фонду зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
4. Савет фонду на падставе прапаноў устаноў, арганізацый і грамадзян прымае рашэнні аб выкарыстанні сродкаў фонду на:
правядзенне нацыянальных і міжнародных студэнцкіх навуковых канферэнцый, конкурсаў, семінараў, алімпіяд і іншых мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць выяўленню таленавітай моладзі, развіццю яе інтэлектуальных здольнасцей і талентаў;
аплату навучання і стажыровак навучэнцаў і студэнтаў, якія праявілі сябе;
выплату заахвочвальных стыпендый;
фінансаванне студэнцкіх навукова-даследчых аб’яднанняў і школ, што заваявалі грамадскае прызнанне перспектыўнымі распрацоўкамі;
аказанне матэрыяльнай дапамогі студэнтам і навучэнцам, якія дабіліся высокіх паказчыкаў у вывучэнні гуманітарных і прыродазнаўча-навуковых дысцыплін;
заахвочванне настаўнікаў, навукова-педагагічных работнікаў і іншых асоб, якія ўнеслі асабісты ўклад у фарміраванне новай, больш эфектыўнай сістэмы адукацыі, распрацоўку сучасных методык развіцця здольнасцей адоранай моладзі ў галіне навукі, тэхнікі і перадавых тэхналогій;
садзейнічанне выдавецкай, выставачнай і іншай дзейнасці, якая павышае прэстыж адукацыі і навукі, вучэбна-пазнавальных каштоўнасцей і інтэлектуальнай працы;
распрацоўку і рэалізацыю комплексна-мэтавых праграм (праектаў), накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для творчай дзейнасці адоранай асобы.
5. Пасяджэнні савета фонду праводзяцца па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у квартал. Пасяджэнне лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш як дзве трэці членаў савета фонду. Рашэнні прымаюцца простай большасцю галасоў прысутных членаў савета, афармляюцца пратаколамі і зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
6. Арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці савета фонду ажыццяўляе Міністэрства адукацыі.
7. Савет фонду штогод прадстаўляе ў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь справаздачу аб выкарыстанні сродкаў фонду.
8. Аперацыі па накапленню і расходаванню сродкаў фонду ажыццяўляюцца Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. |