Рэспубліка Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы і адносіцца да ўсходнееўрапейскіх дзяржаў. Яе тэрыторыя складае 207,6 тыс. кв.км. Сельскагаспадарчыя землі займаюць 93,4 тыс. кв.км, з якіх 62,3 тыс. кв.км - ворная зямля. Рэспубліка мае лясы, якія займаюць амаль 40% плошчы. Па Беларусі працякае 20,8 тыс. рэк, на ёй размешчаны 108 тыс. азёр, 1,5 тыс. сажалак і больш як 140 вадасховішчаў. Краіна на захадзе мяжуе з Польшчай, на паўночным захадзе – з Літвой і Латвіяй, на поўначы і ўсходзе – з Расіяй, на поўдні – з Украінай. Рэспубліка падзелена на 6 абласцей, якія падраздзяляюцца на 118 сельскіх раёнаў. Найбольшая працягласць тэрыторыі Беларусі з поўначы на поўдзень - 560 км, з захаду на ўсход – 650 км. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора – 160 м; вышэйшы пункт – гара Дзяржынская – 345 м (Мінскае ўзвышша); самае нізкае месца (менш як 85 м) знаходзіцца ў межах Нёманскай нізіны.
Клімат Беларусі ўмераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага, больш халодны на поўначы і адносна цёплы на поўдні. Пераважаюць заходнія і паўночна-заходнія вятры. Сярэдняя тэмпература студзеня – ад -4°С на паўднёвым захадзе да -9°С на паўночным усходзе, ліпеня – ад +17°С на поўначы да +19,5°С на поўдні. Значныя ваганні сумы станоўчых тэмператур за перыяд росту сельскагаспадарчых культур – ад 2100 да 2500°С, а працягласць перыяду актыўнай вегетацыі культурных раслін – ад 190 да 205 дзён. Сярэднегадавая сума ападкаў у цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частках краіны – 600-650 мм, на поўдні і паўднёвым захадзе – 500-600 мм. Рэспубліка мае запасы торфу і калійных угнаенняў, якія выкарыстоўваюцца для павышэння ўрадлівасці глебы.
Сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавана на вырошчванні традыцыйных для ўмераных шырот культур. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя (ячмень, жыта, пшаніца), бульба, кармавыя культуры. У сувязі са структурнымі пераўтварэннямі і арыентацыяй на аднаўляльныя крыніцы энергіі ў рэспубліцы пашыраюцца аб’ёмы вырошчвання збожжавых і алейных культур. У Беларусі сканцэнтравана амаль 16% сусветных пасеваў лёну, або больш як 20% яго пасеваў на Еўрапейскім кантыненце.
У жывёлагадоўлі ў асноўным гадуецца буйная рагатая жывёла для вытворчасці малака і мяса, а таксама свінні і птушка.
Агульная зямельная плошча Рэспублікі Беларусь - 207,6 тыс. кв.км. Сельскагаспадарчыя землі займаюць 44,9%, з іх ворная зямля – 30% агульнай плошчы. На душу насельніцтва прыпадае 0,9 га сельскагаспадарчых земляў, у тым ліку 0,6 га ворнай зямлі. Землі, якія не выкарыстоўваюцца і слаба выкарыстоўваюцца ў народнай гаспадарцы (пяскі, кустоўе, балоты і г.д), складаюць 15% агульнай плошчы. За апошнія 20 гадоў з сельскагаспадарчага абароту выключана 600 тыс. га. |