|
МАШЫНАБУДАВАННЕ І МЕТАЛААПРАЦОЎКА
У машынабудаўнічы комплекс уваходзіць 139 прадпрыемстваў станкабудавання, аўтамабілебудавання, сельскагаспадарчага машынабудавання, дарожна-будаўнічага і камунальнага машынабудавання, машынабудавання для харчовай і лёгкай прамысловасці, інструментальнай вытворчасці і металургіі.
СТАНКАБУДАВАННЕ
Уласнае станкабудаванне ў Беларусі многія гады забяспечвала колькаснае і якаснае развіццё іншых галін, адыгрываючы ключавую ролю ў абнаўленні парку тэхналагічнага абсталявання. Цяпер яно прадстаўлена гаспадарчай групай "Белстанкаінструмент", што аб’ядноўвае 25 прадпрыемстваў і арганізацый, сярод якіх станкабудаўнічыя і інструментальныя заводы, прадпрыемствы па вытворчасці ўніверсальнай тэхналагічнай аснасткі, кавальска-прэсавага і ліцейнага абсталявання, спецыяльнае канструктарскае бюро (СКБ), навукова-даследчы і канструктарска-тэхналагічны інстытут.
Прадпрыемствы застаюцца працаздольныя, захавалі кваліфікаваныя кадры. Наменклатура выпускаемых станкоў ахоплівае ўсе 9 груп па прынятай у станкабудаванні класіфікацыі, а таксама дрэваапрацоўчыя станкі, што дае магчымасць задаволіць тэхнічныя патрэбнасці прадпрыемстваў розных галін. Акрамя прадукцыі тэхнічнага прызначэння станкабудаўнічыя заводы праводзяць капітальны рамонт і мадэрнізацыю металаапрацоўчага абсталявання, выпускаюць і спажывецкія тавары, сярод якіх бытавыя дрэваапрацоўчыя станкі, дзіцячыя каляскі, замкі з павышанай сакрэтнасцю, рэжучы інструмент, кухонныя наборы і вырабы з пластмас, агародна-гаспадарчы інвентар, запасныя часткі да легкавых аўтамабіляў.
АЎТАМАБІЛЕБУДАВАННЕ
Беларусь спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў. Апошнія гады тут зроблены прарыў у якасці грузавікоў, аўтобусаў і спецыяльных машын. На прадпрыемствах галіны выпускаюцца машыны грузападымальнасцю да 300 тон. Нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці і паляпшаецца якасць прадукцыі.
Толькі Мінскі аўтамабільны завод выпускае больш як 300 мадэлей і мадыфікацый грузавых аўтамабіляў. Гэта адзінае прадпрыемства ў СНД, якое выпускае магістральныя аўтапаязды, што адпавядаюць патрабаванням ЕЎРА-2 і ЕЎРА-3.
Аўтамабілебудаванне ўключае 35 прадпрыемстваў і арганізацый, якія выпускаюць аўтамабілі і аўтапаязды для міжнародных перавозак, самазвалы і лесавозы, поўнапрывадныя аўтамабілі павышанай праходнасці, звышцяжкія кар’ерныя самазвалы і самазвальныя аўтапрычэпы, пагрузчыкі, самаходныя скрэперы, грузавыя прычэпы і паўпрычэпы, прычэпы-дачы да легкавых аўтамабіляў, дызельныя рухавікі, аўтобусы рознага прызначэння, камплектуючыя і запчасткі да аўтамабільнай тэхнікі.
У склад падгаліны ўваходзяць спецыялізаваныя навукова-даследчыя і канструктарска-тэхналагічныя інстытуты, якія забяспечваюць распрацоўку новых вырабаў, тэхналогій і абсталявання.
ТРАКТАРНАЕ І СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЕ МАШЫНАБУДАВАННЕ
Падгаліна, арыентаваная на аграрны сектар эканомікі, знайшла магчымасці асвойваць новыя мадэлі тэхнікі для аграпрамысловых комплексаў па прымальных для спажыўца цэнах. Сельскагаспадарчае машынабудаванне ўключае 80 прадпрыемстваў з колькасцю работнікаў больш як 55 тыс. чалавек, якія выпускаюць трактары, камбайны, машыны і абсталяванне для вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама запасных частак да іх.
Флагман падгаліны - вытворчае аб’яднанне "Мінскі трактарны завод" асвоіў вытворчасць трактароў магутнасцю да 280 к.с. з сінхранізаванай каробкай перадач, гідрааб’ёмным рулявым кіраваннем, сучаснай гідрасістэмай. Пачата вытворчасць трактароў "Беларус-2522", "Беларус-2822" магутнасцю ад 250 да 280 к.с. Прадпрыемства ўваходзіць у сямёрку самых буйных экспарцёраў трактароў у свеце.
БУДАЎНІЧАЕ, ДАРОЖНАЕ І КАМУНАЛЬНАЕ МАШЫНАБУДАВАННЕ
Падгаліна ўключае больш як 10 прадпрыемстваў, якія выпускаюць цяпер большую частку машын, абсталявання і інструменту, неабходнага дарожнікам, будаўнікам і камунальшчыкам. За апошнія гады асвоены новыя вырабы, што паспяхова канкурыруюць з замежнымі аналагамі. У іх ліку аўтамабільныя гідраўлічныя краны, кантэйнеравозы, тратуарапрыбіральныя машыны, мантажныя пад’ёмнікі, маніпулятары для работы з лесаматэрыяламі.
Прадпрыемствы выпускаюць таксама бетонамяшалкі, фарбавальныя агрэгаты, малярныя станцыі, фарбапульты, машыны для нанясення бітумных масцік, дыяфрагменные кампрэсары, помпы і іншае абсталяванне для будаўніча-аддзелачных работ.
МАШЫНАБУДАВАННЕ ДЛЯ ХАРЧОВАЙ І ЛЕГКАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ, БЫТАВЫЯ ПРЫБОРЫ
Нягледзячы на шмат прапаноў імпартнай тэхнікі для харчовай і лёгкай прамысловасці, а таксама для бытавога прызначэння, беларускае машынабудаванне ў гэтым сектары не здало сваіх пазіцый. У рэспубліцы нарошчваецца выпуск гандлёвага абсталявання, тэхнікі для выпуску прадуктаў харчавання, розных міні-заводаў.
ЗАТ "Атлант" асвоіла гаму бытавых халадзільнікаў і маразільнікаў новага пакалення з сучасным дызайнам, значная часка якіх экспартуецца. Падгаліна ўключае звыш 20 прадпрыемстваў, якія маюць вялікі вопыт распрацоўкі і выпуску тэхнікі. Гэта прамысловыя і бытавыя швейныя машыны, цэнтрабежныя помпы, гандлёва-тэхналагічнае абсталяванне для прадпрыемстваў грамадскага харчавання, абсталяванне для перапрацоўкі мяса буйной рагатай жывёлы і птушкі.
МЕТАЛУРГІЯ
Прадпрыемствы металургіі выпускаюць металавырабы высокай ступені гатоўнасці і якасці, гэтаму садзейнічае паэтапная рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасці. Металургічны комплекс уключае 8 прадпрыемстваў, асноўныя віды прадукцыі якіх сертыфікаваны ў многіх краінах свету і выпускаюцца па міжнародных стандартах.
На прадпрыемствах падгаліны выпускаюцца стальныя электразварачныя круглыя і профільныя трубы, стальная літая загатоўка, сартавы пракат, розныя віды дроту, металакорд, балты, вінты, гайкі, цвікі, фармовачныя матэрыялы, ацяпляльнае абсталяванне.
РАДЫËТЭХНІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Многія прадпрыемствы радыётэхнічнай прамысловасці прайшлі працэс канверсіі, гэта значыць вымушаны былі пераарыентаваць вытворчасць з прадукцыі, прызначанай для патрэб абароны, на выпуск вырабаў для мірных галін гаспадаркі і тавараў народнага спажывання. Апошнія гады прадпрыемствам галіны ўдалося значна палепшыць якасць і надзейнасць прадукцыі дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій, прымяненню сучасных матэрыялаў і камплектуючых вырабаў ад лепшых сусветных вытворцаў.
Буйнейшыя прадпрыемствы галіны ААТ "Гарызонт" і РУВП "Віцязь" цяпер выпускаюць каляровыя тэлевізары з якасцю, дызайнам і спажывецкімі функцыямі сусветнага ўзроўню.
Радыётэхнічная прамысловасць уключае больш як 60 прадпрыемстваў, навукова-вытворчых аб’яднанняў, навукова-даследчых і праектна-канструктарскіх інстытутаў. Галіной выпускаецца больш за трэць аб’ёму такой прадукцыі краін СНД.
Сярод асноўных відаў вырабаў - універсальныя праграмна-тэхнічныя комплексы, прафесійныя і бытавыя ПЭВМ і аўтаматызаваныя рабочыя месцы рознага прафілю, электронныя АТС, вырабы тэлекамунікацыі і сувязі, вырабы аўтамабільнай і сілавой электронікі, электронныя касавыя апараты, вымяральныя прыборы, бытавая электратэхніка, медыцынская тэхніка, мэбля, фурнітура і інш.
ЭЛЕКТРОННАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Вырабы прадпрыемстваў электронай прамысловасці знайшлі прымяненне ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі: сістэмах інфарматыкі, тэлевізійнай і радыётэхніцы, кіна- і фотатэхніцы, прыборабудаванні, прамысловай электроніцы, складанай бытавой тэхніцы і інш. Пастаянна пашыраецца наменклатура і тэхнічны ўзровень элементнай базы.
Буйнейшае прадпрыемства галіны - НВА "Інтэграл", супрацоўнічаючы з вядомымі замежнымі вытворцамі, забяспечвае 60% сусветных патрэбнасцей у інтэгральных схемах для гадзіннікаў.
Праведзена канверсія прадпрыемстваў, на якіх укаранёны розныя новыя, тэхнічна складаныя вырабы. Па праграме "Імпартазамяшчэнне" наладжаны выпуск прадукцыі, якая раней увозілася ў Беларусь. Асвоены новыя ўзоры медыцынскай тэхнікі: прыборы кантролю і дыягностыкі, інкубатары для нованароджаных, штучны клапан сэрца.
ЭЛЕКТРАТЭХНІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
У электратэхнічнай прамысловасці дастаткова магчымасцей, каб асвойваць новыя рынкі. Напрыклад, ААТ "Брэсцкі электралямпавы завод", сутыкнуўшыся з невысокай прыбытковасцю вытворчасці лямп напальвання звычайнага прызначэння, асвоіў выпуск галагенных аўтамабільных лямп. Ліфты завода "Магілёўліфтмаш" працуюць у 12 краінах свету, у тым ліку на ракетна-касмічным комплексе Байканур.
Электратэхнічная прамысловасць уключае 16 прадпрыемстваў, што выпускаюць самую розную прадукцыю: кабельна-правадніковыя вырабы, асінхронныя электрарухавікі, трансфарматары сілавыя і малой магутнасці, нізкавольтавую апаратуру, святлотэхнічныя вырабы, ліфты і ліфтавое абсталяванне, электронную пускарэгулюючую апаратуру, устройствы для газаразрадных лямп, бескантактныя выключальнікі, сілавыя паўправадніковыя прыборы і выпрамляльныя блокі на іх аснове, сістэмы кіравання электрарухавікамі.
ОПТЫКА-МЕХАНІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Оптыка-механічная прамысловасць раней была часткай абароннага комплексу. Цяпер гэта галіна ўсё больш арыентуецца на мірнае прымяненне сваіх вырабаў.
Оптыка-механічная прамысловасць уключае 10 прадпрыемстваў, якія выпускаюць навукаёмістую прадукцыю: аптычныя наглядальныя прыборы, дыяпраектары, прыцэлы дзённыя і начныя, станкі для апрацоўкі дэталей у аптычных вытворчасцях, вакуумныя ўстаноўкі для нанясення пакрыццяў на оптыку, кераміку, метал, кампрэсары для халадзільных машын, медыцынскае абсталяванне з выкарыстаннем лазераў, газавыя лічыльнікі, камплектуючыя аўта- і трактарабудавання, тавары народнага спажывання.
ПРЫБОРАБУДАВАННЕ
Дакладнасць вымярэнняў мае першараднае значэнне пры стварэнні новай тэхнікі і абсталявання, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. У дасягненні высокай якасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў прыборабудаванне займае вызначальнае месца.
Прыборабудаванне ўключае 5 прадпрыемстваў, якія пасля чарнобыльскай катастрофы адыгралі важную ролю ў аснашчэнні рэспублікі сродкамі радыёметрычнага кантролю. Цяпер прадпрыемствы галіны выпускаюць электравымяральныя і аналітычныя прыборы, вагавымяральную тэхніку, электрадрылі, электрафены, электравентылятары, аўтамабільныя пыласосы і іншыя спажывецкія тавары. |
|