У Беларусі традыцыйна існуюць хрысціянскія (праваслаўе, стараверства, каталіцтва, пратэстантызм) і нехрысціянскія (іслам, іудаізм) канфесіі.
Дзевяностыя гады ХХ стагоддзя ў Беларусі былі адзначаны бурнымі, складанымі і супярэчлівымі працэсамі. Сярод іх трэба вылучыць працэс рэлігійнага адраджэння. Многія людзі пачалі шукаць для сябе новыя маральныя каштоўнасці.
Рэалізацыя прынятай у 2002 годзе новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях" дала магчымасць умацаваць дзяржаўныя прыярытэты ў канфесіянальнай палітыцы, не дапусціць распаўсюджвання псеўдарэлігійных, дэструктыўных арганізацый у рэспубліцы.
Падпісанае ў чэрвені 2003 года Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой паслужыла перадумовай да далейшага развіцця і ўдасканалення адносін дзяржаўных органаў і рэлігійных арганізацый, умацавання ўплыву рэлігійных інстытутаў у грамадстве, аўтарытэту дзяржавы як гаранта канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду веравызнання і ролі ў захаванні гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа. ---------------------------------------------- Па стану на 1 верасня 2009 года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3094 рэлігійныя абшчыны, якія прадстаўляюць 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў. Акрамя таго, у адпаведнасці са сваімі статутамі дзейнічаюць 158 рэлігійных арганізацый, якія маюць агульнаканфесіянальнае значэнне (рэлігійныя аб'яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы). Апошнія гады адзначаюцца працэсы стабілізацыі рэлігійнасці насельніцтва краіны і рост аўтарытэту гістарычна традыцыйных канфесій.
У Рэспубліцы Беларусь створаны спрыяльныя прававыя ўмовы для дзейнасці рэлігійных арганізацый, забеспячэння правоў грамадзян на свабоду веравызнання, захавання міжканфесіянальнага міру і згоды ў грамадстве, развіцця міжрэлігійнага дыялогу. Рэлігійныя арганізацыі вызвалены ад выплаты зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць.
Вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны займае Беларуская праваслаўная царква (далей - БПЦ). Яна складае аснову канфесіянальнай стабільнасці ў рэспубліцы. БПЦ аб'ядноўвае 11 епархій, 1498 праваслаўных прыходаў, 5 духоўных навучальных устаноў, 31 манастыр, 14 брацтваў, 9 сястрыцтваў. Дзейнічаюць 1274 праваслаўныя храмы, яшчэ 152 будуюцца. За перыяд з 1990 года БПЦ перададзена больш як 820 былых культавых і іншых будынкаў. У прыходах служаць 1499 свяшчэннаслужыцеляў. Свяшчэннаслужыцелі атрымліваюць рэлігійную адукацыю ў пяці духоўных навучальных установах.
Актыўна развіваецца супрацоўніцтва дзяржавы і БПЦ у адпаведнасці з Пагадненнем, падпісаным 12 чэрвеня 2003 года. Рэалізуюцца 14 праграм узаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, аказваецца значная дапамога ў будаўніцтве Духоўна-адукацыйнага цэнтра, рэстаўрацыі Жыровіцкага Свята-Успенскага манастырскага комплексу.
У Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 32 рэлігійныя абшчыны старавераў, у распараджэнні вернікаў - 27 культавых будынкаў.
Умацоўваюцца пазіцыі Рымска-каталіцкай царквы (далей - РКЦ), з якой дзяржаўныя органы развіваюць канструктыўныя адносіны.
РКЦ аб'ядноўвае чатыры епархіі, якія налічваюць 470 абшчын. За апошнія 20 гадоў колькасць рымска-каталіцкіх прыходаў павялічылася ў 4 разы. У рэспубліцы дзейнічае 9 місій і 9 манастыроў РКЦ. Абшчыны маюць 451 касцёл, 35 будуюцца.
Нявырашанай застаецца праблема папаўнення каталіцкага кліра з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь: сярод 407 свяшчэннаслужыцеляў налічваецца 168 замежных грамадзян. Беларускія каталіцкія свяшчэннаслужыцелі рыхтуюцца ў дзвюх духоўных семінарыях РКЦ, адкрыты катэхетычны каледж для вернікаў.
Пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі прадстаўлены 996 рэлігійнымі абшчынамі, 22 аб'яднаннямі, 22 місіямі і 5 духоўнымі навучальнымі ўстановамі 14-ці напрамкаў. Гістарычна традыцыйным на тэрыторыі рэспублікі з'яўляецца лютаранства, якое налічвае 27 абшчын. Найбольш шматлікія сярод пратэстанцкіх напрамкаў - аб'яднанні хрысціян веры евангельскай (501 абшчына), евангельскіх хрысціян баптыстаў (271 абшчына), адвентыстаў сёмага дня (72 абшчыны). Пратэстанцкія абшчыны, як правіла, не шматлікія (20-25 чалавек), выключэнні складаюць абшчыны ў буйных населеных пунктах.
Адносіны мясцовых органаў улады і пратэстанцкіх арганізацый адрозніваюцца карэктнасцю і ўзаемапавагай. Аднак ёсць асобныя выпадкі парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь з боку пратэстанцкіх арганізацый.
У 3 іудзейскіх рэлігійных аб'яднаннях налічваецца 46 абшчын, якія маюць 7 культавых будынкаў.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць 24 мусульманскія рэлігійныя абшчыны суніцкага напрамку і 1 шыіцкага. Дзейнічаюць 6 мячэцей, у 2008 годзе аднавіліся будаўнічыя работы на мячэці ў г.Мінску.
Рэлігійная сітуацыя ў краіне застаецца ўстойлівай, прагназуемай і кіруемай, не адзначана нейкіх відавочных канфесіянальных супярэчнасцей. Канфесіянальная палітыка дзяржавы накіравана на падтрыманне і ўмацаванне міжканфесіянальнага міру і згоды ў беларускім грамадстве, развіццё ўзаемадзеяння з гістарычна традыцыйнымі канфесіямі, у першую чаргу з БПЦ.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка асабіста ўдзяляе пільную ўвагу пытанням дзейнасці рэлігійных арганізацый. Традыцыйнымі сталі сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з членамі Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы і кіраўніцтвам Рымска-Каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы дзяржаўнага кiравання ажыццяўляюць узаемадзеянне з рэлігійнымі арганізацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў, прымаюць меры па прадухіленню парушэнняў дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Са снежня 2008 года дзейнічае Кансультатыўны міжканфесіянальны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей. |