|
Навуковы патэнцыял Беларусі сканцэнтраваны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ВНУ, навукова-даследчых інстытутах і цэнтрах, канструктарскіх бюро. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ажыццяўляюць амаль 30 тысяч чалавек у 300 арганізацыях. З 17 тысяч вучоных са ступенямі больш як 2,5 тысячы - дактары навук. У сталіцы засяроджана 73 % даследчых і навуковых арганізацый, у Гомельскай і Мінскай абласцях - 10,4 % і 5,2 % адпаведна. Далей ідуць Магілёўская, Гродзенская, Віцебская і Брэсцская вобласці.
Больш за 80 % даследаванняў выконваецца арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрствамі прамысловасці, адукацыі і аховы здароўя. На долю Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя прыпадае 94,4% фундаментальных даследаванняў, што праводзяцца ў краіне, і 72,5% - прыкладных. Асноўная нагрузка ў галіне доследна-канструктарскіх распрацовак ляжыць на Міністэрстве прамысловасці.
У галіне прыкладных даследаванняў і распрацовак штогод выконваецца 30-35 дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. У выніку ўкаранення распрацовак забяспечаны дасягненні ў галіне аўтамабіле- і трактарабудавання, мікраэлектронікі, стварэння штучных алмазаў, сучасных тэлевізараў, гарадскога транспарту, медыцынскага абсталявання і лекавых прэпаратаў, сенсорнай технікі. Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідэраў у распрацоўцы фундаментальных праблем у галіне фізікі, матэматыкі, новых матэрыялаў, праграмных прадуктаў для ЭВМ.
За аснову галіновага інавацыйнага сектара эканомікі прыняты навукова-тэхнічныя цэнтры карпаратыўных структур па напрамках аўтамабіле-, трактара-, камбайна-, рухавікабудавання, мікраэлектронікі, сродкаў тэлебачання і камунікацый. Адначасова прамысловыя прадпрыемствы ў арганізацыі інавацыйных працэсаў пераходзяць ад прынцыпаў укаранення распрацовак навуковых арганізацый да заказу на канкрэтныя распрацоўкі па павышэнню канкурэнтаздольнасці прадукцыі. У мэтах фарміравання спрыяльнага асяроддзя для развіцця ІТ-сферы, процідзеяння адтоку спецыялістаў за мяжу, прыцягнення інвестыцый у эканоміку Беларусі ў 2005 годзе створана ДУ "Парк высокіх тэхналогій".
У 2006 годзе Урад Беларусі пастановай № 5 зацвердзіў 25 дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Яны накіраваны на развіццё оптаэлектронікі, аўтамабіле-, трактара-, камбайнабудавання, медыцыны, біятэхналогій, энергетыкі, новых матэрыялаў і хімічных тэхналогій.
На VI Маскоўскім міжнародным салоне інавацый і інвестыцый беларуская навукова-тэхнічная прадукцыя адзначана 7 залатымі, 7 сярэбранымі, 11 бронзавымі медалямі і 25 дыпломамі.
|
|
|