Палацава-паркавы ансамбль  г.Нясвіж
Першы камень у фундамент Нясвіжскага замка быў закладзены ў 1583 годзе. Замак перабудоўваўся шмат разоў і ў выніку набыў выгляд палаца, які спалучае рысы многіх архітэктурных стыляў: рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, неаготыкі, мадэрнізму.
У 1764 і 1768 гадах з-за антырасійскай пазіцыі тагачаснага ўладальніка замка Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку Нясвіж быў заняты рускімі войскамі. Усе каштоўнасці замка былі канфіскаваны, бібліятэка з 10 тыс. кніг і архіў былі вывезены ў Санкт-Пецярбург.
У канцы XIX стагоддзя каля Нясвіжскага замка быў закладзены адзін з самых буйных ландшафтных паркаў у Еўропе.
Пасля Другой сусветнай вайны ў Нясвіжскім замку размяшчаўся санаторый, парк прыйшоў у запушчаны стан.
У 1993 годзе ў Нясвіжы быў створаны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік, куды ўвайшоў і замак.
У 2006 годзе Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс уключаны ў Спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Цяпер у Нясвіжскім замку актыўна вядуцца рэстаўрацыйныя работы, каб аднавіць яго былое хараство. |