Палацава-паркавы ансамбль:
- палац Румянцавых і Паскевічаў - помнік архітэктуры рускага класіцызму канца XVIII - сярэдзіны XIX стст.;
- капліца-спачывальня князёў Паскевічаў - помнік архітэктуры неарускага стылю ХІХ стагоддзя;
- адміністрацыйны будынак, "Зімні сад" і назіральная вежа - помнікі архітэктуры ХІХ стагоддзя;
- парк - помнік прыроды і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
Палацава-паркавы ансамбль у горадзе Гомеле – помнiк архiтэктуры 2-й палавіны ХVIII–XIX стст. Знаходзiцца на высокiм беразе ракі Сож. Уключае палац, парк, Петрапаўлаўскi сабор i каплiцу.
Палац пабудаваны ў стылi класiцызму i з'яўляецца кампазiцыйным цэнтрам ансамбля. Галоўны корпус узведзены ў 1777–1796 гг. (архітэктар Аляксееў з удзелам архітэктара Бланка). У 1800–1805 гг. пабудаваны 2 службовыя флiгелi (аформлены 4-калоннымi порцiкамi iанiчнага ордэра), якiя фланкiруюць галоўны корпус. У 1837–1851 гг. праведзена рэканструкцыя i дабудова. Палац рэканструяваны ў 1856 i 1919–1920 гг., зруйнаваны i спалены ў 1941–1943 гг., адноўлены i рэканструяваны ў 1969 годзе.
Цяпер галоўны фасад палаца мае 3-часткавую кампазiцыю, аформлены 4-калонным карынфскiм порцiкам. Сярэдняя частка павернутага да ракi фасада аформлена 6-калонным порцiкам. Сцены аздоблены пiлястрамi карынфскага ордэра. Планiроўка палаца анфiладная. Цэнтрам аб’ёмна-планiровачнай кампазiцыi з'яўляецца высокая накрытая купалам квадратная ў плане зала, аформленая радамi апрацаваных штучным мармурам калон карынфскага ордэра. У канструкцыi купала i скляпенняў залы (для надання лёгкасцi канструкцыi) выкарыстаны лёгкiя керамiчныя гафрыраваныя трубкi.
Цяпер палац займае Гомельскi абласны краязнаўчы музей.
Тэрыторыя парка - гэта маляўнiчы пейзаж у цэнтральнай частцы Гомеля, якi ўтвараецца высокай тэрасай правага берага р.Сож, якая рассякаецца некалькiмi ярамі – слядамi вадатокаў леднiковага перыяду.
Парк уключаў дзве часткi – пейзажную i рэгулярную, мае рысы рамантызму, характэрнага для першай палавіны ХIX ст. У 1889 годзе ў парку, недалёка ад Петрапаўлаўскага сабора, у псеўдарускiм стылi была ўзведзена каплiца-пахавальня Паскевiчаў (архітэктар Чарвiнскi).
Петрапаўлаўскi сабор – помнiк архiтэктуры класiцызму. Пабудаваны э 1809–1824 гг. (архітэктар Кларк). Цяпер гэта дзеючы храм. У плане – выцягнуты крыж з развiтым трансептам, кароткiм сярэднiм нефам i невялiкiмi рызнiцамi вакол алтарнай часткi. Сяродкрыжжа завершана купалам на светлавым барабане, якi абапiраецца ў iнтэр’еры на 4 слупы. На тарцах 4-дарычныя 6-калонныя порцiкi; па баках нефа – рады паўкалон. У афармленнi фасадаў выкарыстаны класiчны дэкор.
Па канцэнтрацыi i спалучэнню элементаў, якія ўваходзяць у палацава-паркавы ансамбль, а таксама па iх гiсторыка-культурнай значнасцi палацава-паркавы ансамбль у Гомелі не мае аналагаў на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.
Цяпер дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" - адна са старадаўніх і найбольш аўтарытэтных музейных устаноў Рэспублікі Беларусь. |