Кірыла Тураўскі (каля 1130 - пасля 1184 гг.)
Нарадзіўся каля 1130 года ў Тураве, там жа атрымаў і адукацыю. Тураў у той час быў магутным цэнтрам культуры, у якім былі скрыпторыі (школы) пры манастырах, дзе вывучалі мовы, чыталі кнігі, знаёмілі вучняў з рыторыкай. Дасягнуўшы паўналецця, стаў святаром. Пачаў пісаць малітвы, творы пра манахаў. Калі ў 1148 годзе сан кіеўскага мітрапаліта атрымаў Клім Смаляціч - ідэйны апанент Кірылы - Тураўскі замыкаецца ў манастырскай вежы - "стаўпе", робячы подзвіг стаўпніцтва. Гэты час даў яму магчымасць для роздуму і пісання.
Пасля таго, як Клім склаў абавязкі мітрапаліта, Кірылу запрашаюць на епіскапскую кафедру. У гэты перыяд К.Тураўскі напісаў шэраг пропаведзей на святы Велікоднага і Пяцідзясятнага цыклаў, казанні на хрысціянска-этычныя тэмы. Магчыма, да гэтага часу належаць яго аповесці "Пра душу і цела", "Слова на Сабор 318 святых айцоў". На схіле гадоў Кірыла Тураўскі пакінуў епіскапскую кафедру і пайшоў у Барысаглебскі манастыр, дзе прадаўжаў пісьменніцкую дзейнасць да апошніх дзён свайго жыцця.
Памёр ён пасля 1184 года. Хоць пра Тураўскага Залатаслова (так звалі яго сучаснікі) вядома няшмат, але да нас дайшла незвычайна вялікая колькасць яго пропаведзей, малітваў-павучанняў, канонаў. Яны перапісваліся на працягу XIIІ-XVII стагоддзяў і такім чынам захаваліся.
Вялікі гуманіст старажытнасці К.Тураўскі - сімвал таленту, узнёсласці, паэтычнасці нашага народа, яскравае сведчанне глыбіны каранёў нашай культуры. |