Пётр Мсціславец (XVI ст.) - выхадзец з мяшчан, карэнны жыхар горада Мсціслаўе. Пётр Мсціславец трапіў у Маскву, калі там ішла падрыхтоўка да стварэння друкарні і ўсюды шукаліся ўмельцы, здольныя да "ізображенія кніг іхудожественным тісненіем". Так ён стаў дапамагаць Івану Фёдараву і па сутнасці меў справу з першадрукаваннем. Таленавітая праца Пятра Мсціслаўца, яго шрыфты і арнаменты былі заўважаны і ацэнены нават царом. У кнігах І.Фёдарава і П.Мсціслаўца дзейнасць цара ўхвалялася, але з цягам часу, калі Іван Грозны ўзяў курс на жорсткасць і падаўленне ўсялякага іншавер'я, Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і паехалі ў Вялікае Княства Літоўскае. Гэта быў своеасаблівы пратэст. У Вільні наш суайчыннік абсталяваў друкарню ў доме купцоў Мамонічаў. З гэтага часу разыходзяцца шляхі І.Фёдарава і П.Мсціслаўца. Пачаўшы працаваць асобна, друкары паказалі, што як майстры яны вартыя адзін аднаго. У 1575 годзе Пётр Мсціславец выдаў Евангелле - працу, дзе яго прозвішча стаяла першым. Ён быў прыхільнікам асветы беларускага народа з дапамогай Слова.
|