Мікола Гусоўскі (каля 1470-1533 гг.) - паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння. Паходзіў з сям'і паляўнічага. Атрымаў адукацыю на Беларусі, у далейшым паглыбляў веды ў Вільні, Польшчі і Італіі. У 1518 годзе ў складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі трапіў у Рым, дзе ў 1522 годзе напісаў свой лепшы твор - "Песню пра зубра", прасякнуты любоўю да роднай зямлі, трывогай за яе лёс і гордасцю за слаўнае мінулае Вялікага Княства Літоўскага. "Песня пра зубра", як і іншыя творы Гусоўскага, напісаны на латыні - мове пісьменства тагачаснай Еўропы. Аднак творчасць яго значна паўплывала не толькі на лацінамоўную літаратуру, але і на развіццё ў цэлым такіх жанраў ва Усходняй Еўропе, як ліра-эпічная, гістарычная і сатырычная паэма, эпіграма, элегія, палемічна-публіцыстычны трактат. Мікола Гусоўскі не толькі выступаў як папулярызатар сваёй Радзімы ў Заходнім свеце, але і выказваў перадавыя грамадска-палітычныя і эстэтычныя погляды свайго часу.
|