|
Артыкул 117. Мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца грамадзянамі праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах.
Артыкул 118. Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на чатыры гады.
Артыкул 119. Кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў назначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або ва ўстаноўленым ім парадку і зацвярджаюцца на пасадзе адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў.
Артыкул 120. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульна-дзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
Артыкул 121. Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў належаць:
- зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, мясцовых бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні;
- устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясцовых падаткаў і збораў;
- вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;
- назначэнне мясцовых рэферэндумаў.
Артыкул 122. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на адпаведнай тэрыторыі. |