Паважаны Старшыня!
Дамы і паны!
Сумленны погляд на сённяшні свет - гэта тое, для чаго тут, у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, сабраліся лідары дзяржаў нашай планеты. Мы павінны разам разабрацца ў галоўным: ці правільнай дарогай мы вядзём свае краіны і чалавецтва ў цэлым? На гэта пытанне мы павінны адказаць сабе і сваім народам. Без гэтага нам не выйсці з тупіка.
Мінула 15 гадоў з часу распаду маёй краіны - СССР. Гэта падзея поўнасцю змяніла будову свету. Савецкі Саюз пры ўсіх памылках і промахах яго кіраўнікоў быў тады апорай і надзеяй многіх дзяржаў і народаў. Савецкі Саюз забяспечваў раўнавагу глабальнай сістэмы.
Сёння свет аднапалярны. З усімі вынікаючымі адсюль наступствамі:
разгромлена і знікла з карты Еўропы квітнеючая Югаславія;
шматпакутны Афганістан ператварыўся ў ачаг канфліктаў і наркатрафіку;
крывавая бойня ў Іраку прадаўжаецца да гэтага часу. Краіна стала крыніцай нестабільнасці вялікага рэгіёну;
узяты пад зброевы прыцэл Іран, Паўночная Карэя, Калумбія, Куба і іншыя дзяржавы.
Беларусь - краіна, якіх большасць у гэтай зале. Узнікнуўшы на абломках "халоднай вайны", ёй удалося стаць навукаёмістай, высокатэхналагічнай дзяржавай з дзесяцімільённым высокаадукаваным, талерантным народам. ААН аднесла нас да развітых краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця.
Мы, як і вы, хочам ад планеты няшмат: міру і стабільнасці. Астатняе мы створым самі, сваёй працай.
У маёй краіне няма канфліктаў: разам і мірна жывуць розныя нацыі і народнасці, вызнаючы кожная сваю рэлігію і ўклад жыцця.
Мы не ствараем праблем суседзям, не прэтэндуем на іх тэрыторыю, на іх выбар шляху.
Мы аддалі сваю ядзерную зброю, добраахвотна адмовіўшыся ад правоў ядзернага спадкаемніка СССР.
Сёння мы падпісваем Міжнародную канвенцыю аб барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму і заяўляем, што прынялі рашэнне аб далучэнні да Дадатковага пратакола да гарантый у сувязі з Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.
Мы стварылі моцны і паспяховы саюз з блізкай нам Расіяй.
Мы будуем нашу краіну сваім розумам, грунтуючыся на сваіх традыцыях.
Але мы бачым: менавіта гэты выбар майго народа падабаецца не ўсім. Не падабаецца тым, хто імкнецца кіраваць аднапалярным светам.
І як кіраваць?
Калі няма канфліктаў - стварыць іх.
Калі няма прычын для ўмяшання - стварыць віртуальныя прычыны.
Для гэтага знойдзены вельмі зручны "сцяг" - дэмакратыя і правы чалавека. Прычым не ў сапраўдным значэнні ўлады народа і годнасці людзей, а ў трактоўцы амерыканскага кіраўніцтва.
Няўжо свет стаў такім чорна-белым, абдзеленым разнастайнасцю цывілізацый, шматколернасцю традыцый і ўкладаў жыцця, якія адпавядаюць спадзяванням людзей?
Вядома, не! Проста ў гэтым - не толькі зручная прычына, але і рычаг для кіравання іншымі краінамі.
На жаль, ААН - наша з вамі арганізацыя - дазваляе выкарыстоўваць сябе як інструмент такой палітыкі. Гавару аб гэтым з асаблівай горыччу і болем як Прэзідэнт дзяржавы - заснавальніцы ААН, дзяржавы, якая ў Другой сусветнай вайне за свабоду сваю, Еўропы і свету аддала жыцці трэцяй часткі свайго народа.
Камісія па правах чалавека штампуе рэзалюцыі па Беларусі, Кубе, іншых краінах. Спрабуюць навязваць іх і Генеральнай Асамблеі ААН.
Але няўжо ААН за надуманымі "праблемамі" не бачыць сапраўдных бед і катастроф?.. Якія ніхто, акрамя ААН - супольнасць цывілізаваных нацый, - вырашыць не зможа?
Паглядзім на свет як ён ёсць.
Зусім нядаўна нам з вамі ў суседняй зале паказвалі карты і схемы са зброяй масавага знішчэння ў Іраку. Дзе яна, гэта зброя?
Яе няма. А Ірак заліты крывёй, разарваны, людзі даведзены да мяжы адчаю. Тэрарысты пагражаюць прымяненнем зброі масавага знішчэння супраць гарадоў Еўропы і Амерыкі.
Дзе адкрыты, незалежны, пад назіраннем ААН судовы працэс над вязнямі Гуантанама? Колькі іх там і хто яны?
Хто абароніць правы ахвяр катаванняў у Абу-Граіб і пакарае ўсіх без выключэння іх мучыцеляў?
Пад маркай барацьбы з бен Ладэнам ракетамі і бомбамі разбурылі Афганістан. Злавілі "галоўнага тэрарыста" планеты? Дзе ён?
Па-ранейшаму на свабодзе, а тэрыторыі Афганістана і Ірака сталі спараджаць міжнародных тэрарыстаў сотнямі і тысячамі.
Увялі ў незалежны Афганістан іншаземныя войскі, а ў выніку вытворчасць наркотыкаў там узрасла ў дзясяткі і сотні разоў. Хіба для гэтага ўводзілі войскі?!
Сёння Беларусь, Таджыкістан, Расію, іншыя постсавецкія дзяржавы літаральна захліствае хваля "традыцыйных" наркотыкаў з Афганістана і сустрэчная хваля невядомых раней сінтэтычных наркотыкаў з Еўропы.
Кіраўнікі суверэнных дзяржаў - Югаславіі і Ірака - па непацверджаных абсурдных, надуманых абвінавачаннях кінуты ў турмы. Так зручней утаіць праўду аб знішчэнні іх дзяржаў.
Суд над Мілошавічам даўно стаў карыкатурай. Садам Хусейн наогул, як у свеце дзікуноў, адданы на літасць пераможца. Іх правы няма каму абараніць, акрамя ААН, таму што іх дзяржаў ужо няма, яны знішчаны.
Яны павінны быць на свабодзе і свабодна абараняць свае правы, гонар і чалавечую годнасць.
СНІД, іншыя хваробы душаць Афрыку і Азію.
Беднасць і галеча сталі сапраўднай, а не віртуальнай зброяй масавага знішчэння, прычым расава выбіральнай.
Хто зможа пакласці гэтаму канец?
Хто запатрабуе ад уладных людзей спыніць нападкі на Кубу, Венесуэлу і іншыя дзяржавы? Гэтыя краіны самі вызначаць, як ім жыць.
Гандаль людзьмі стаў працвітаючым бізнесам. Продаж у сексуальнае рабства жанчын і дзяцей - звычайная з'ява, ледзь ці не норма жыцця. Хто абароніць іх і прыцягне да адказнасці "спажыўцоў жывога тавару"?
Як пакончыць з гэтай ганьбай нашай цывілізацыі?
Такі кароткі і несуцяшальны баланс пераходу да аднапалярнага ўладкавання свету.
Няўжо для гэтага стваралася Арганізацыя Аб'яднаных Нацый?
Можа быць, ААН пара пакончыць з унутранымі карупцыйнымі скандаламі, заняцца на справе болем і бедамі свету? Адказ на гэта пытанне, на наш погляд, вельмі зразумелы.
Нельга хаваць, як страус, галаву ў пясок.
ААН - гэта мы.
Менавіта мы з вамі павінны ўзяць лёс планеты ў свае рукі.
Мы з вамі павінны зразумець, што аднапалярны свет - гэта свет адналінейны. Больш таго - аднамерны.
Мы з вамі павінны ўсвядоміць: разнастайнасць шляхоў да прагрэсу - вечная каштоўнасць нашай цывілізацыі. Толькі яна забяспечвае стабільнасць у свеце.
Свабода выбару шляху развіцця - галоўная ўмова дэмакратычнага ўпарадкавання свету. Дзеля гэтага і стваралася наша Арганізацыя.
Спадзяюся, гэта зразумеюць і ўладныя людзі. Бо ў канчатковым выніку аднапалярны свет павернецца супраць іх. Гэта ўсведамлялі вялікія прэзідэнты ЗША Вудра Вільсан і Франклін Рузвельт, якія стаялі ля крыніц Лігі Нацый і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Калі мы згодзімся адзін з адным у гэтым, галоўным, то мы ажыццявім прынцыпы многапалярнасці, разнастайнасці, свабоды выбару і ў рэальным жыцці, і ў дакументах нашай арганізацыі, якімі мы павінны кіравацца. Мы абаронім свет ад тэрарызму, а слабых, жанчын і дзяцей - ад рабства. Мы возьмем пад абарону ўсіх безабаронных.
Тады і ААН стане арганізацыяй па-сапраўднаму аб'яднаных нацый. У гэтым - сутнасць рэформы ААН, а не ў арыфметычным павелічэнні членаў Савета Бяспекі.
Дзякуй за ўвагу. |