Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 верасня падпісаў Указ № 454 "Аб мерах, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў".
Гэты Указ прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць уласніка (уладальніка) транспартнага сродку за парушэнні Правіл дарожнага руху, звязаныя з перавышэннем скорасці руху, зафіксаваныя працуючымі ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія маюць функцыі фота- і кіназдымкі, відэазапісу.
Пры гэтым устанаўліваюцца некаторыя асаблівасці вядзення адміністрацыйнага працэсу ў сувязі з прыцягненнем да адказнасці асобы, вінаватай у названым парушэнні Правіл дарожнага руху. У прыватнасці, упаўнаважаная службовая асоба не абавязана даказваць вінаватасць асобы ў перавышэнні ёю скорасці руху транспартнага сродку, зафіксаваным спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі.
Акрамя таго, Указам прадугледжана прыцягненне вінаватай асобы да адказнасці без складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, якая ўступае ў законную сілу з даты яе вынясення. Прычым гэта пастанова выносіцца без удзелу асобы, адносна якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
У той жа час Указам прадугледжана, што калі асоба не згодна з прыцягненнем яе да адміністрацыйнай адказнасці ў вышэйназваным парадку або мае доказы таго, што ў момант фіксацыі адміністрацыйнага правапарушэння транспартны сродак знаходзіўся ў валоданні або ў карыстанні іншай асобы ці да таго моманту выбыў з яе валодання ў выніку проціпраўных дзеянняў іншых асоб, яна мае права падаць пісьмовую заяву ў Дзяржаўную аўтамабільную інспекцыю Міністэрства ўнутраных спраў па месцы жыхарства на працягу аднаго месяца з дня атрымання копіі пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. Пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання страчвае сілу ў дзень атрымання названай заявы або пратэсту пракурора. У далейшым адміністрацыйны працэс па гэтаму факту вядзецца ў парадку, прадугледжаным Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях з улікам некаторых асаблівасцей гэтага Указа.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |