Прэзідэнты Беларусі і Бразіліі Аляксандр Лукашэнка і Луіс Інасіу Лула да Сілва дамовіліся паглыбляць палітычны дыялог на вышэйшым узроўні і актывізаваць адносіны ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і адукацыйнай сферах. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі кіраўнікоў дзяржаў, прынятай па выніках іх сустрэчы ў Рыа-дэ-Жанейра 22 сакавіка 2010 года.
Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся пачаць перагаворы для больш хуткага падпісання міжнародных дагавораў аб супрацоўніцтве ў сферах гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, сельскай гаспадаркі, інвестыцый, навукі і тэхналогій, культуры, адукацыі, спорту і турызму, а таксама стварыць у бліжэйшы час двухбаковую камісію па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
Прэзідэнты дамовіліся пашыраць і дыверсіфікаваць двухбаковы гандаль і інвестыцыі, развіваць прамысловую кааперацыю, а таксама актывізаваць узаемны абмен візітамі дэлегацый дзелавых колаў. У сувязі з гэтым яны віталі стварэнне зборачнай вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў штаце Гаяс. Луіс Інасіу Лула да Сілва падкрэсліў інтарэс бразільскага боку да нарошчвання і дыверсіфікацыі экспартных паставак прадуктаў харчавання ў Беларусь і павелічэння аб'ёмаў гандлю ўгнаеннямі.
Лідары дзвюх краін пацвердзілі інтарэс сваіх дзяржаў да супрацоўніцтва ў мэтах умацавання энергетычнай бяспекі, выкарыстання альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энергіі. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся развіваць двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы вытворчасці біяпаліва, маючы на ўвазе перадавы бразільскі вопыт у выпуску і выкарыстанні этанолу і біядызельнага паліва.
Прэзідэнты віталі ўсе намаганні, накіраваныя на больш хуткае пераадоленне міжнароднага фінансава-эканамічнага крызісу і адзначылі важнасць кансалідацыі Групы-20 як ключавога форуму міжнароднага фінансава-эканамічнага супрацоўніцтва ў гэтых мэтах. Адначасова яны пацвердзілі сваю падтрымку шматбаковай сістэме гандлю. |