Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы  Фотаальбом 
Прэс-служба  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў выступленняўВыступленні2009
border=0 border=0 border=0
border=0 2009 border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Вытрымкі з інтэрв’ю тэлеканалу "Еўраньюс"
Выступленне на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці і 65-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 65-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Выступленне на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі 9 мая
Вытрымкі з Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь
border=0 border=0
Вытрымкі з інтэрв’ю тэлеканалу "Еўраньюс"02.02.2009

У пытанні прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі Беларусь не прымае націску ні з боку Еўропы, ні з боку Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Еўраньюс".

"Мы прымем гэта рашэнне абсалютна дэмакратычна. У нас выбраны парламент, ён абмяркуе гэта пытанне, у рамках нашага заканадаўства ўнясуць прапанову, і мы вырашым гэту праблему, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я думаю, што Беларусь зробіць прагматычна, разумна і вельмі прыстойна ў адносінах да народаў Абхазіі і Асеціі".

Пры гэтым ён дадаў: "Гэта наша суверэнная справа - прызнаваць або не прызнаваць. І мы гэта пытанне будзем вырашаць спакойна, як Расія і іншыя краіны падыходзілі да яго вырашэння". Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ніколі не даваў абяцанняў Еўропе, што ў абмен на выбудоўванне дыялога з ЕС Беларусь не будзе прызнаваць незалежнасць гэтых рэспублік.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі заўсёды былі вельмі цесныя адносіны з Паўднёвай Асеціяй і Абхазіяй.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праведзеныя восенню ў Беларусі парламенцкія выбары адпавядалі ўсім патрабаванням Еўрапейскага саюза і АБСЕ.

"Мы не пабаяліся апошнія выбары правесці так, як хацеў Еўрапейскі саюз і АБСЕ. І ўсё роўна не дагадзілі. Вось, гавораць аб дэмакратычных стандартах, якім нашы выбары не адпавядалі. Ведаеце, я ўжо тады не ведаю, як праводзіць выбары?! Мы іх праводзілі так, як нам паказвала Еўропа. Яны прыязджалі да нас ад Еўрасаюза, ад АБСЕ і гаварылі: "Вось у вас гэта - не так, трэба - так". Добра, будзе так. Мы рабілі ўсё па патрабаваннях Еўрапейскага саюза. І ўсё роўна "непразрыста", і ўсё роўна "недэмакратычна". І наогул, паўстае пытанне: а ў АБСЕ, якія дэмакратычныя стандарты? Пакажыце мне гэтыя дэмакратычныя стандарты, якім павінны адпавядаць выбары ў краінах - членах АБСЕ. Няма такіх дэмакратычных стандартаў. Ідзе звычайная балбатня. Усё гэта палітызавана да немагчымасці", - сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, "тое, што адбываецца пасля выбараў рэальна - і ёсць прызнанне таго, што ўсё ж такі выбары былі прымальныя". "Я не спрачаюся, не без недахопаў, і заканадаўства наша мае пэўныя выдаткі, як і ў іншых дзяржавах. Усё гэта прыходзіць з часам. Наша заканадаўства такое, якое наша жыццё, наша эканоміка, наша грамадства, грамадскі лад. Калі мы будзем ствараць законы не пад тое жыццё і рэаліі, якія існуюць, яны проста не будуць дзейнічаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што ў Беларусі будуць стварацца тыя законы, якія патрэбны беларускаму народу і якія пры гэтым не закранаюць інтарэсы еўрапейцаў. Беларусь - інтэрнацыянальная краіна з талерантным, працавітым народам, які нікому не стварае праблем. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў нашу краіну на пастаяннае месца жыхарства ўжо больш за дзесятак гадоў прыязджае ў 10 разоў больш насельніцтва, чым выязджае. "Гэта ж паказчык. Калі б так было дрэнна, ніхто б не ехаў. У нас не хапае насельніцтва. І мы з задавальненнем вітаем людзей, якія да нас едуць", - сказаў ён.

У Беларусі і Еўрасаюза ёсць узаемная цікавасць да развіцця дыялога, і гэта стымул для выбудоўвання нармальных адносін.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам у адносінах Беларусі з ЕС намецілася пацяпленне. "Калі гаварыць аб пацяпленні ў нашых адносінах, то, шчыра кажучы, у іх ёсць пазітыўныя моманты. Мы гэта высока цэнім. Лічым, што гэта той пункт адліку, пункт апоры, ад якога можна развіваць нашы адносіны. У тым, што мы зацікаўлены ў адносінах з Еўрапейскім саюзам, аб гэтым няма чаго і спрачацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Гаворачы аб еўрапейскай ініцыятыве Усходняга партнёрства, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь вітае гэты пазітыўны крок з боку Еўропы ў адносінах да сваіх суседзяў. "Гэта вельмі прагматычны, разумны і своечасовы крок ЕС. Таму мы вельмі станоўча на гэта глядзім", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Што ж датычыцца ўдзелу беларускага прадстаўніка ў пражскім саміце ў рамках Усходняга партнёрства, то Аляксандр Лукашэнка лічыць непрынцыповым, на якім узроўні будзе прадстаўлена наша краіна. "Што датычыцца Прагі, я лічу, што гэта непрынцыпова, хто туды паедзе. Пытанне не ў гэтым. Мы будзем абмяркоўваць тыя праблемы, якія заключаны ва Усходнім партнёрстве", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь і ЕС звязваюць цесныя гандлёва-эканамічныя адносіны. Па аб'ёму тавараабароту Еўрасаюз займае другое месца ў знешнім гандлі Беларусі. У мінулым годзе яго аб'ём склаў прыкладна $22 млрд. "Гэтым усё сказана. Гэта наш прагматычны інтарэс", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час у існуючай сёння ў свеце сістэме выклікаў Беларусь дапамагае вырашаць Еўрасаюзу многія пытанні, пачынаючы ад спынення транзіту наркотыкаў і нелегальных мігрантаў і заканчваючы транзітам энерганосьбітаў. На думку Прэзідэнта, Еўропа вельмі зацікаўлена ў гэтым.

"Гэта значыць, ёсць узаемная цікавасць, і гэта падштурховае нас да нармальных адносін. Ну і потым, у XXI стагоддзі хіба можна сядзець за плотам і глядзець праз яго адзін на аднаго?! І тое, што цяпер адбываецца, мы ацэньваем пазітыўна", - сказаў беларускі лідэр.

У Беларусі не парушаюцца міжнародныя стандарты адносна сродкаў масавай інфармацыі.

Прэзідэнт лічыць, што заходнім журналістам неабходна больш аб'ектыўна глядзець на працэсы, якія адбываюцца ў краіне. "Не трэба перабольшваць, не трэба нас прыхарошваць, у нас праблем не менш, чым у еўрапейцаў. Але трэба гаварыць праўду. Калі аб'ектыўна і праўдзіва ўсё паказваць, гэта будзе выгадна і Еўропе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускае заканадаўства, у тым ліку і па пытаннях СМІ, распрацоўвалася на аснове еўрапейскага. Таму, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, ён не бачыць ніякіх праблем са свабодай прэсы ў Беларусі, дэмакратычнасцю выбараў і дзейнасцю апазіцыі. Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што Беларусь вядзе з Еўрасаюзам дыялог у тым ліку і па гэтых пытаннях. Прэзідэнт адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам забаронных мер.

"Мы нідзе нічога не забаранялі. У нас ёсць празрыстае і дакладнае заканадаўства, распрацаванае на стандартах Еўропы: Францыі, Германіі, Англіі. Мы нічога не выдумлялі, бралі ў іх лепшае, у тым ліку і ў Канстытуцыю. І калі нас пачыналі крытыкаваць, мы паказвалі, адкуль гэтыя нормы Канстытуцыі. Чаго нас за гэта крытыкаваць?! Калі нас пачыналі крытыкаваць, што мы недзе хуліганаў на вуліцы на месца ставілі, - мы паказвалі нашаму народу кадры, якія ў тым ліку і "Еўраньюс" трансліруе, па Беларусі, па Францыі, па Германіі, па іншых краінах. Чым яны адрозніваюцца? Вось таму ніякія стандарты адносна сродкаў масавай інфармацыі, еўрапейскія стандарты, тут не парушаны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб цяжкасцях з распаўсюджваннем друкаванай прадукцыі, якія ўзнікаюць у апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Апазіцыя хацела б, каб мы іх газеты і друкавалі, і выдавалі, а цяпер ужо - каб мы і артыкулы пісалі ў гэтыя газеты супраць сябе. Ну гэта ні ў адной дзяржаве немагчыма! Ну, такая ў нас апазіцыя..."

"Я лічу, што нічога не трэба забараняць. Гэта наша вялікая перавага перад апазіцыяй. Няхай людзі чытаюць, яны ведаюць Прэзідэнта. У іх за 13 гадоў склалася пэўная думка пра яго. Людзі параўноўваюць, і адпаведны тады рэйтынг той газеты, якая не проста крытыкуе Прэзідэнта, а паводзіць сябе проста непрыстойна ў адносінах да яго", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што Еўропа не цікавіцца сутнасцю беларускай апазіцыі. "Вось трэба было б прыехаць і пацікавіцца, адкуль гэтыя паны і што ж гэта за апазіцыя такая, якая змагаецца ўжо ў цэнтры Еўропы дзесятак з нечым гадоў і ніяк не можа хоць бы аднаго чалавека правесці ў парламент, нават, шчыра кажучы, пры падтрымцы ўлады?! Таму ніхто тут апазіцыю не прыціскае. І я жартам вельмі часта гаварыў: дай Бог любому еўрапейскаму лідэру такую апазіцыю, як у нас у Беларусі, і ён будзе вечна Прэзідэнтам, Прэм'ер-міністрам, або партыя вечна будзе перамагаць з такой апазіцыяй", - сказаў беларускі лідэр.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка называе стратным праект газаправода "Паўночны паток" і лічыць больш выгадным завяршэнне будаўніцтва газаправода "Ямал-Еўропа".

Самы зручны і кароткі шлях транзіту энерганосьбітаў з Расіі ў Еўропу праходзіць праз Беларусь, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Таму, я думаю, што трэба было ўсё ж такі дабудаваць газаправод "Ямал-Еўропа". Адну нітку праклалі, трэба было пракласці побач другую. Тым больш, уся інфраструктура для гэтага была створана. І яшчэ прыкладна 25-30 мільярдаў кубічных метраў газу Еўропа атрымала б", - сказаў ён.

"Нават калі пастаўляць праз Украіну, то гэта значна даражэй, не гаворачы ўжо аб "Паўночным патоку". Гэта, ведаеце, стратны праект. Але гэта справа Расіі. Яна мае права распараджацца сваімі рэсурсамі, пастаўляць іх так, як сёння дазваляе ім магчымасць. Дарэчы, па гэтаму "Паўночнаму патоку" вельмі шмат праблем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт лічыць, што будаўніцтва "Паўночнага патоку" і "Паўднёвага патоку" не знізіць ролю Беларусі як краіны - транзіцёра энерганосьбітаў, паколькі ў Еўропе з кожным годам спажыванне прыроднага газу расце, а яго вытворчасць скарачаецца. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння ў Еўропу праз Беларусь ідзе амаль 30 працэнтаў прыроднага газу і прыкладна 75-80 працэнтаў вуглевадароднай сыравіны - нафты.

Нягледзячы на тое, што роля Беларусі ў пастаўцы энергетычных рэсурсаў у Еўропу вялікая, Прэзідэнт падкрэсліў, што не гэта робіць нашу краіну прывабнай для еўрапейцаў. Апошнім часам у Беларусь прыязджае вялікая колькасць прадстаўнікоў буйнейшых транснацыянальных еўрапейскіх кампаній, якія нават ва ўмовах крызісу гатовы інвесціраваць сродкі ў эканоміку краіны.

"Праглядаючы тэлеперадачы, я пачуў ад аднаго буйнога бізнесмена, што ў Беларусі сёння можна зарабіць добрыя грошы. І гэта праўда. Парадак, стабільнасць, працавіты, вельмі адукаваны народ, і, уклаўшы грошы, можна гарантавана атрымаць тое, на што разлічваеш", - сказаў Прэзідэнт.

Беларусь мае намер выканаць ролю сувязнага звяна паміж Усходам і Захадам.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь праводзіць з Расіяй адзіную палітыку, гэта брацкая краіна, якая з'яўляецца стратэгічным партнёрам, саюзнікам. У той жа час выбудоўваюцца адносіны з Еўропай. "Жывём жа мы ў адным доме. І мы ганарымся тым, што ў нас добрыя адносіны з расіянамі, выбудоўваюцца адносіны з Еўропай. І мы выканаем сваю ролю сувязнага звяна, моста паміж Усходам і Захадам", - заявіў Прэзідэнт.

Закрануўшы тэму сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь у мінулым годзе не вельмі ад яго пацярпела і змагла прыбавіць 10 працэнтаў ВУП.

На нашай краіне, эканоміка якой з'яўляецца экспартаарыентаванай, адбілася сусветнае падзенні попыту на прадукцыю. Аднак удалося выйграць за кошт больш нізкай цаны. "Мы ўмелі эканоміць. Мы адчувалі, што бяда недзе не за гарамі. І даўно рыхтаваліся да таго, што можа быць горш. Таму ў нас сабекошт прадукцыі быў ніжэйшы, і мы маглі даволі якасную прадукцыю прадаваць па больш нізкіх цэнах. І калі адбылося падзенне попыту насельніцтва, людзі, вядома, купляюць, але ўжо значна больш танную прадукцыю. Хто яе можа прапанаваць? Мы, беларусы. Таму ў нас ёсць падзенне попыту, зразумела. Але пакуль што ў большасці выпадкаў прадукцыю куплялі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў думку, што фінансавы крызіс мог бы ўвогуле не закрануць Беларусь, калі б не паніка на сусветных фінансавых рынках: "Мы не гулялі ў піраміды, не ўдзельнічалі ў гэтых фондавых спекулятыўных аперацыях. Мы ў гэта не гулялі. Нас за гэта моцна крытыкавалі, але мы не кінулі сваю эканоміку на Уолт-стрыт або на якую-небудзь іншую біржу. Мы спакойна ўзнімалі свае прадпрыемствы, калі трэба - прадавалі (але вельмі мала). У асноўным валаўтваральныя прадпрыемствы мы трымалі ў руках і развівалі рэальны сектар эканомікі. І гэта, вядома, нас выратоўвала. І фінансавы крызіс, калі б не вось гэта паніка на фінансавых рынках, ён, напэўна, нас увогуле не закрануў бы".

© 2001-2012 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь