Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы  Фотаальбом 
Прэс-служба  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў выступленняўІнтэрв'ю2009
border=0 border=0 border=0
border=0 2009 border=0
Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх цэнтральных і рэгіянальных СМІ30.12.2009

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 30 снежня правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі амаль 250 журналістаў, з якіх больш як 200 прадстаўлялі рэгіянальную прэсу. Журналісты размаўлялі з Прэзідэнтам у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі, з прадстаўнікамі СМІ Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей былі арганізаваны тэлемасты.

У ходзе сустрэчы, што прадаўжалася амаль чатыры з палавінай гадзіны, Аляксандр Лукашэнка адказаў на некалькі дзесяткаў пытанняў па самай шырокай тэматыцы: ад актуальных сацыяльна-эканамічных праблем і перспектыў рэформ да пытанняў асабістага характару.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не адмаўляецца ад раней заяўленых планаў у эканоміцы, сацыяльнай сферы і мае намер як мага хутчэй пераадолець негатыўныя наступствы фінансава-эканамічнага крызісу, каб аднавіць дакрызісныя тэмпы эканамічнага росту і забяспечыць павелічэнне дабрабыту людзей.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: 2009 год, што завяршаецца, "быў няпростым як для ўсяго свету, так і для нашай краіны, насычаным важнымі падзеямі і прынцыповымі для беларускай гісторыі палітычнымі рашэннямі". Аляксандр Лукашэнка лічыць, што новы год мае асаблівае значэнне, таму што завяршае чарговы пяцігадовы этап развіцця незалежнай беларускай дзяржавы. "Мы ставім на 2010 год задачы, бясспрэчна, амбіцыйныя, але выканальныя. Усё ў нашых руках", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва Беларусі змагло засцерагчы народ ад крызісу. "Я бываў у многіх краінах у перыяд крызісу. І мне там гаварылі так: "Мы зайздросцім вашаму народу, паколькі вы змаглі, наколькі гэта магчыма, засцерагчы яго ад гэтага крызісу, каб ён не адчуў яго". Мы стараліся гэта зрабіць. Дрэнна мы зрабілі ці добра - гісторыя рассудзіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Расходы на сацыяльную сферу ў 2010 годзе ў Беларусі скарочаны не будуць. "Ні пра якое скарачэнне размовы быць не можа, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Людзям у сувязі з гэтым няма чаго хвалявацца".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў 2010 годзе бюджэт не будзе значна скарочаны, а захаваны на ўзроўні мінулых гадоў. Прырост ВУП чакаецца на 11-13 %. "Мы гэта можам зрабіць, - перакананы Прэзідэнт. - Калі мы гэта выканаем, то будзем мець прыстойны бюджэт, нават большы, чым планавалі".

Палітыка прадастаўлення льготных крэдытаў у 2010 годзе будзе істотна пашырана. У 2009 годзе ўжо быў прыняты шэраг рашэнняў у гэтай галіне. Так, з 3 % да 1 % зніжана стаўка пры крэдытаванні будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў, малазабяспечаным грамадзянам прадастаўляюцца льготныя крэдыты на тэрмін да 3 гадоў у беларускіх рублях на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці па зацверджанаму Урадам пераліку з выплатай 10 % гадавых.

Як паведаміў Прэзідэнт, цяпер рыхтуецца праект Указа, які значна палепшыць умовы крэдытавання пры будаўніцтве або набыцці жылля. У прыватнасці, плануецца знізіць працэнтныя стаўкі па льготных крэдытах грамадзянам, якія пражываюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, з 3 % да 1 %. Акрамя таго, павялічацца аб'ёмы выдачы льготных крэдытаў пры набыцці жылля з 70 % да 90 % для ўсіх катэгорый грамадзян і з 90 % да 100 % для шматдзетных сем'яў. Плануецца 100-працэнтнае крэдытаванне кошту жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцей з улікам нарматываў плошчы жылля на кожнага члена сям'і для маючых права на атрыманне льготнага крэдыту пры будаўніцтве або рэканструкцыі жылля.

Кіраўнік дзяржавы таксама паведаміў, што 2010 год аб'яўлены ў Беларусі Годам якасці. "Мы часта гаварылі аб тым, што з крызісу мы павінны выйсці першымі і больш моцнымі. Дык вось - больш моцнымі нам трэба выходзіць з вельмі якаснай прадукцыяй, і іншага шляху няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль яшчэ можна замацавацца на знешніх рынках пасля падзення, звязанага з сусветным крызісам, і гэта трэба зрабіць. "А замацавацца можна толькі з якаснай прадукцыяй. На гэтым я заўсёды настойваў. Толькі тады мы заваюем новыя рынкі і захаваем старыя", - дадаў Прэзідэнт.

Замарожваць цэны ў Беларусі няма неабходнасці, працэсы цэнаўтварэння рэгулююцца самой эканомікай, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Рост цэн нельга лічыць толькі негатыўнай з'явай. Напрыклад, калі павышаецца кошт на трактар МТЗ, павялічваюцца і даходы калектыву прадпрыемства, зарплаты рабочых, растуць паступленні ў бюджэт, расходы на сацыяльную сферу.

"Сёння вельмі дарагія газ і нафта. Нягледзячы на крызіс, ідзе барацьба, нават бітва, магчыма, пакуль мясцовага значэння, за цану на газ і нафту. Яны нідзе не падаражэлі за гэты год, акрамя як для Беларусі. І нам прапануюць на будучы год яшчэ вышэйшыя цэны на газ, адпаведна, зыходзячы з пэўных формул, цэны павінны вырасці і на нафту", - растлумачыў Прэзідэнт. "Не маючы дастатковай колькасці ўласных энергарэсурсаў, Беларусь вымушана купляць гэты тавар, прычым у аднаго прадаўца. Калі гэты складальнік расце, куды дзенешся ад росту цэн?" - адзначыў ён.

"Мы заўтра можам узяць і замарозіць цэны. Да чаго гэта прывядзе? Мы ўжо гэта праходзілі - да дэфіцыту на прылаўках. Таму выбар невялікі: або па тых цэнах, якія прапануе прадавец, мець на прылаўку ўсё, або стварыць штучны дэфіцыт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З нашага з вамі вопыту: калі ў эканоміцы крызісныя з'явы, лепш не ўмешвацца і даць магчымасць эканоміцы самастойна выплыць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь "акуратна праводзіць палітыку знешніх пазык". "Калі мы мадэрнізуем якое-небудзь прадпрыемства (а цяпер гэты працэс шырока разгорнуты, гэта адзін з важнейшых напрамкаў дзейнасці Урада), мы запазычваем у іншаземцаў, купляючы іх абсталяванне, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі прадпрыемства нармальна працуе, яно можа вярнуць гэтыя крэдыты". "Мы кантралюем гэты працэс і не хочам залезці ў даўгі настолькі, каб потым не выкарабкацца з іх, - сказаў Прэзідэнт. - Што датычыцца продажу БПБ-Банка Ашчаднаму банку Расіі, нам добра заплацілі за гэты банк, гэта вельмі ўдачная здзелка. Больш таго, калі Расія сваімі рашэннямі заблакіравала прасоўванне ў нейкай ступені нашай прадукцыі на расійскі рынак, мы пачалі крэдытаваць і льгатаваць крэдыты для куплі нашай тэхнікі ў Расіі, і Ашчадны банк падставіў сваё плячо, а ён дзейнічае па ўсёй Расіі. Мы вельмі добра правялі перагаворы з расійскім Ашчадным банкам, і я лічу гэта ўдачнай рэалізацыяй актываў і для нас вельмі выгаднай у гэтай сітуацыі".

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана будзе садзейнічаць прытоку інвестыцый у Беларусь. "У нас адкрытая эканоміка. І яна штурхае нас да інтэграцыі", - сказаў ён. У якасці прыкладу ён прывёў Казахстан, які вельмі зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў розных сферах. "Дрэнна толькі адно: каб прадаць наш трактар у Казахстане, трэба правезці яго праз Расію, і ён становіцца ў паўтара раза даражэйшы: тарыфы вельмі высокія. Мы здымаем гэта пытанне ў адзінай мытнай прасторы", - адзначыў Прэзідэнт.

"Хіба дрэнна, што замежныя інвестары, лічачы Беларусь самай некарумпіраванай краінай постсавецкай прасторы, ідуць да нас і гатовы тут развіваць вытворчасць? Але ў Мытным саюзе, Адзінай эканамічнай прасторы, якую, я спадзяюся, пабудуем на працягу двух гадоў, мы будзем гандляваць не толькі ў Беларусі, дзе рынак 10 млн. чалавек, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - А калі будзе задзейнічаны рынак амаль у 200 млн. чалавек - гэта ўжо для інвестараў добра".

"Вядома, давядзецца пайсці на кампраміс па нейкіх пытаннях. Дык і яны ж пайшлі на кампраміс па 632 адчувальных пазіцыях. Ім таксама не падабаецца, але яны з гэтым пагадзіліся. Паверце, мы не на злом галавы кінуліся ў гэты Мытны саюз", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і запэўніў, што на гэтым этапе ў сувязі з дасягнутымі дамоўленасцямі, "мы зусім нічога не страчваем і можам толькі набыць".

Пытанне ж адносна павышэння кошту растаможкі легкавых аўтамабіляў для фізічных асоб з'яўляецца, паводле слоў Прэзідэнта, прадметам маючых адбыцца перагавораў. Канчатковае рашэнне па ім будзе прынята да 1 ліпеня 2010 года.

Прэзідэнт упэўнены, што ў Беларусі неабходна ствараць умовы для большай самастойнасці грамадзян. "У сацыяльнай сферы галоўны ўрок адыходзячага года - гэта тое, што я ўжо занадта акуратны быў з нашымі людзьмі, засцерагаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І людзі зразумелі, што мы ў Беларусі павінны жыць, як жылі ў СССР: нам дадуць, нам прынясуць, зробяць, дапамогуць і г.д. А трэба было больш рашуча ісці на тое, каб людзі разлічвалі перш за ўсё на сябе. Такіх прыкладаў у нас у краіне нямала, але гэта не пераважная большасць. І вось я атрымаў адпаведны ўрок: трэба было сканцэнтраваць асноўную ўвагу, ствараючы ўмовы і прымушаючы людзей да самастойнасці. А ўсё, што дасць дзяржава, - гэта ўжо звыш таго, што чалавек сам заробіць, а можа, яму гэта і не спатрэбіцца".

"Галоўны эканамічны ўрок - трэба было хутчэй праводзіць мадэрнізацыю. Тады лягчэй было б перанесці крызіс. Хоць і папракнуць тых, хто за гэта адказвае, наўрад ці можна, таму што нямала зроблена. Але недастаткова", - адзначыў Прэзідэнт.

Што датычыцца знешняй палітыкі, то тут, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, урок у тым, што, "відаць, мы ў свой час занадта леглі на ўсходняе крыло".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца з Захадам сябраваць супраць Расіі, а з Расіяй - супраць Захаду. "Наша становішча такое, што з усімі мы павінны мець добрыя, пажадана дружалюбныя адносіны. Так і будзем дзейнічаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт абвяргае існаванне нейкіх кулуарных дамоўленасцей з Еўрасаюзам, за якія Беларусі выдзяляюць крэдыты і аказваюць фінансавую падтрымку. "Я прыхільнік адкрытай палітыкі. Паверце, у мяне няма абсалютна нічога таго, аб чым я не гаварыў бы публічна. Нават не магу адзначыць якое-небудзь пытанне, якое не прагучала з маіх вуснаў у плане ўзаемаадносін Беларусі і Еўрапейскага саюза. Няма такіх пытанняў! Я аб гэтым гавару абсалютна шчыра", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы назваў бессэнсоўнымі ўсе размовы аб тым, што "Лукашэнка мае намер падмануць Еўропу". "А чаму Лукашэнка падмане Еўропу? Я заўсёды прама гаварыў, што вось гэта я буду рабіць, вось гэта Беларусь можа зрабіць і зробіць, а вось на гэта ніколі не пойдзе, таму што гэта супярэчыць нашым інтарэсам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я разумею, што яны чакаюць прэзідэнцкіх выбараў. Ім хочацца мяне падвесіць на кручку і патрымаць. Будзем неяк па іншых каналах весці дыялог. Але не трэба з намі так размаўляць, як з дзецьмі. У нас адукаваны народ, які ўсё разумее", - дадаў Прэзідэнт.

Да маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў павінна быць завершана фарміраванне кадравай сістэмы Беларусі. Павінна быць абнаўленне. "Настаў час, каб эстафета перадавалася маладому пакаленню, павінен быць прыток маладых кадраў. Гэта прынцыповае пытанне ў такой перастаноўцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Напэўна, няправільна будзе, калі, дапусцім, я выйграю, а потым пачну ствараць Урад: тых у адстаўку, гэтых у адстаўку, - растлумачыў ён. - Бо гэта не я адзін іду на выбары. Не, ідуць людзі, мяне падтрымліваюць. Таму трэба сфарміраваць да выбараў усю кадравую сістэму, каб людзі разумелі, хто будзе працаваць, калі дзеючы Прэзідэнт пераможа на выбарах. Гэта, вядома, рызыкоўна з майго боку, але сумленна".

У апошні дзень адыходзячага года Аляксандр Лукашэнка мае намер са сваімі сынамі наведаць дзіцячы дом. "У новым годзе я хачу, каб дзеці былі здаровыя - гэта перш за ўсё, - сказаў Кіраўнік дзяржавы і адзначыў, што мае на ўвазе не толькі сваіх, але і ўсіх дзяцей у Беларусі. - Па-другое, каб мы вярнуліся да дакрызіснага перыяду. Я гэта папрасіў бы ў Бога".

На заканчэнне прэс-канферэнцыі Прэзідэнт павіншаваў журналістаў з наступаючым святам, пажадаўшы міру, дабрабыту і творчых поспехаў.

© 2001-2012 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь