Рэспубліка Беларусь мае значны гісторыка-культурны патэнцыял, прадстаўлены аб’ектамі архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавымі комплексамі, музейнымі калекцыямі і кніжнымі зборамі.
Цяпер у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь знаходзіца 4811 гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку 4694 матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаюць 1655 аб’ектаў архітэктуры, 1125 — гісторыі, 1857 — археалогіі, 57 — мастацтва.
У адпаведнасці са сваімі ўласцівасцямі матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс, падзяляюцца на чатыры катэгорыі:
"0" — гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны;
"1" — найбольш унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, мастацкія, эстэтычныя і дакументальныя якасці якіх маюць міжнародны інтарэс;
"2" — выдатныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія характарызуюць найбольш адметныя рысы гісторыка-культурнай спадчыны ўсёй рэспублікі;
"3" — гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія характарызуюць адметныя рысы гісторыка-культурнай спадчыны асобных рэгіёнаў рэспублікі.
Пад катэгорыяй "0" у Дзяржаўным спісе адзначана 9 аб’ектаў. Гэта такія аб’екты, як палацава-паркавы ансамбль і комплекс манастыра езуітаў у г.Нясвіжы Мінскай вобласці, Барысаглебская (Каложская) царква XII ст. у г.Гродна, Аўгустоўскі канал у Гродзенскай вобласці, царква абарончага тыпу ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці, Замкавы комплекс "Мір" у г.п.Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, Дуга мерыдыяна Струвэ (21 пункт) на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, Камянецкая вежа ў г.Камянец Брэсцкай вобласці, Спаса-Праабражэнская царква ў г.Полацку Віцебскай вобласці, палацава-паркавы ансамбль у г.Гомелі.
Да катэгорыі "1" аднесены 42 аб’екты. Сярод іх — гістарычныя цэнтры г.Мінска і г.Гродна, Брэсцкая крэпасць, комплекс езуіцкага калегіума ў г.Полацку Віцебскай вобласці, ратуша і Праабражэнская царква ў г.Чачэрску Гомельскай вобласці, Лідскі замак, фрагменты Навагрудскага замка і інш.
Да катэгорыі "2" аднесены 562 аб’екты. Сярод іх - Троіцкі касцёл у в.Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, царква-крэпасць у в.Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, Сафійскі сабор у Полацку, касцёл Іаана Хрысціцеля ў в.Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і інш.
Самыя значныя аб’екты аховы Рэспублікі Беларусь уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO. Гэта — замкавы комплекс "Мір" у г.п. Мір Гродзенскай вобласці, архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у г.Нясвіжы Мінскай вобласці, два трансгранічныя аб’екты — Белавежская пушча і Дуга Струвэ. Рыхтуецца сумесна з Рэспублікай Польшча дасье "Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды", а таксама збіраецца матэрыял па іншых знакавых аб’ектах спадчыны вышэйшай катэгорыі каштоўнасці. |