Рэспубліка Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы. Па яе тэрыторыі пралягаюць самыя кароткія транспартныя камунікацыі, якія звязваюць краіны СНД з дзяржавамі Заходняй Еўропы. Беларусь мае агульную граніцу з Польшчай, краінамі Балтыі, Расіяй і Украінай.
Тэрыторыя Рэспублікі складае 207 тыс.кв. кіламетраў, колькасць насельніцтва - каля 10 млн. чалавек, 70% яго сканцэнтравана ў гарадах. У сталіцы Беларусі - Мінску - пражывае амаль адна пятая насельніцтва краіны. У адпаведнасці з адміністрацыйным падзелам Рэспубліка Беларусь мае 6 абласцей. Дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская.
Рэспубліка Беларусь - унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава (артыкул 1 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). У адпаведнасці з артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі (артыкул 11 Канстытуцыі).
Дзяржаўная ўлада ажыццяўляецца на аснове падзелу на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Беларусь - прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Згодна з Канстытуцыяй заканадаўчым органам улады Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Парламент, які складаецца з дзвюх палат. Выканаўчую ўладу ў рэспубліцы ажыццяўляе Урад - Савет Міністраў, які з’яўляецца цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання. Мясцовае кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, органы самакіравання, рэферэндумы і г.д. Судовая ўлада ў рэспубліцы належыць судам. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом.
Беларусь - адна з эканамічна развітых дзяржаў СНД. У яе эканоміцы доля прамысловасці складае амаль 1/3 аб’ёму нацыянальнага прадукту. Найбольшае развіццё атрымалі такія галіны прамысловасці як аўтамабілебудаванне, трактарабудаванне і сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне і вытворчасць падшыпнікаў, электратэхнічная прамысловасць, здабыча і перапрацоўка нафты, вытворчасць сінтэтычных валокнаў, мінеральных угнаенняў, фармацэўтычная прамысловасць, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, лёгкая і харчовая прамысловасці. Характэрная рыса нацыянальнай індустрыі - вытворчасць гатовай прадукцыі, большая частка якой пастаўляецца на экспарт.
Прыродныя ўмовы Рэспублікі Беларусь даюць магчымасць паспяхова атрымліваць такія высокадаходныя таварныя віды прадукцыі як малако, ялавічына, свініна, мяса і яйкі птушкі, вырошчваць збожжа, бульбу, лён-даўгунец, цукровыя буракі і інш. Вялікая ўвага ўдзяляецца тэхнічнаму перааснашчэнню прамысловасці, якая перапрацоўвае сельскагаспадарчую прадукцыю, нарошчванню экспартнага патэнцыялу аграрнага сектара. |