Гісторыка-культурны патэнцыял Беларусі | ||
| www.president.gov.by | ||
|
Беларусь - цудоўная краіна ў сярэдзіне Еўропы, дзе захаваліся некранутыя ландшафты і архаічная традыцыйная культура. Яе насяляе адзін з усходне-славянскіх народаў - беларусы. Першыя людзі з'явіліся ў гэтых мясцінах Усходне-Еўрапейскай раўніны каля 100 тысяч гадоў таму назад. На рубяжы VIII і IX стагоддзяў змешванне славян з насяляўшымі гэту зямлю балцкімі і кельцкімі плямёнамі прывяло да фарміравання племянных саюзаў - крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія і ўтварылі аснову беларускай народнасці. У IX стагоддзі ў Беларусі склаліся першыя дзяржаўныя ўтварэнні: Полацкае, Тураўскае, Пінскае і Смаленскае княствы. У 862 годзе старажытныя летапісы ўзгадваюць аб горадзе Полацку, буйным цэнтры нароўні з Кіевам і Ноўгарадам. У X стагоддзі славяне на тэрыторыі Беларусі паэтапна прынялі хрысціянства, распаўсюджанне якога закончылася значна пазней - на рубяжы XV і XVI стагоддзяў. Адначасова да XIII стагоддзя склаліся асноўныя асаблівасці беларускай мовы, што знайшло сваё адлюстраванне ў ранніх узорах пісьменнасці.
У сярэднія стагоддзі беларусы з літоўцамі стварылі магутную дзяржаву ў Еўропе, самую вялікую з часоў Рымскай імперыі. Гэтая дзяржава, Вялікае княства Літоўскае, распасцёрлася ад берагоў Балтыкі да Чорнага мора. Вакол старажытнай сталіцы -Навагрудка - аб'ядналіся шматлікія славянскія і балцкія народы. Старажытная беларуская мова была ў той час дзяржаўнай. Пасля слаўнай перамогі 1410 года пад Грунвальдам, якой беларусы па праву ганарацца, нага захопнікаў многія стагоддзі не ступала на беларускую зямлю.
У 1569 годзе ў выніку Люблінскай уніі была створана федэратыўная дзяржава, якая аб'яднала Вялікае княства Літоўскае і Карону Польскую, - Рэч Паспалітая, арыстакратычная рэспубліка беларускага, польскага, літоўскага і ўкраінскага народаў. Жыццё краіны ў наступныя эпохі складвалася трагічна. Беларусь, знаходзячыся на скрыжаванні еўрапейскіх дарог паміж Усходам і Захадам, заўсёды была жаданым краем для заваёўнікаў, стаўшы на доўгія гады арэнай многіх бітваў і бясконцых перадзелаў. Войны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у XVII стагоддзі адбываліся пераважна на беларускіх тэрыторыях. У выніку была знішчана альбо вывезена ў палон палова насельніцтва і разбурана большасць гарадоў. Але асабліва вялікую шкоду прынесла XX стагоддзе - Першая сусветная, савецка-польская і Другая сусветная войны. Адна з апошніх трагедый, якой няма роўных у чалавечай гісторыі, - аварыя на Чарнобыльскай АЭС - пакінула глыбокія раны на гэтай зямлі. У ліпені 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. 19 верасня 1991 года БССР была пераўтворана ў Рэспубліку Беларусь. У снежні 1991 Беларусь, Расія і Украіна падпісалі ў Белавежская пушчы саглашэнне аб ставрэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, у якое ўваходзяць зараз 12 былых савецкіх рэспублік. У Мінску знаходзіцца штаб-кватэра СНД - Выканаўчы Камітэт і Эканамічны Суд Садружнасці, каля дзясятка галіновых саветаў. Беларусь - гасціная, талерантная краіна, дзе ў міры і ўзаемаразуменні жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей і веравызнанняў. Хрысціяне розных абрадаў, мусульмане і іудзеі жывуць адной беларускай сям'ёй. Пераплятанне тут шматлікіх традыцый і культур стварыла багаты творчы патэнцыял. Гэты край даў свету такія слаўныя імёны, як Янка Купала і Максім Багдановіч, Адам Міцкевіч і Міхаіл Агінскі, Дзмітрый Шастаковіч і Марк Шагал, Іван Хруцкі і Казімір Малевіч, Павел Сухі і Хаім Вейцман. Беларусы спакон веку славяцца як працалюбівыя земляробы, якія жывуць у згодзе з прыродай, што і сфарміравала іх настойлівы і сціплы характар. Многія стагоддзі яны шануюць сваю зямлю, абрабляючы прасторы палёў і апяваючы яе велічавыя лясы, чыстую ваду азёр і рэк. На ёй яны стварылі шэдэўры сусветнай спадчыны - унікальны фальклор, архітэктуру, шматлікія творы літаратуры і мастацтва. Гісторыка-культурны патэнцыял Беларусі Рэспубліка Беларусь мае значны гісторыка-культурны патэнцыял, прадстаўлены аб’ектамі архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі, археалогіі, мастацтва, паркавымі комплексамі, музейнымі калекцыямі і кніжнымі зборамі. На сённяшні дзень у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь знаходзіца 4811 гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку 4694 матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаюць 1655 аб’ектаў архітэктуры, 1125 — гісторыі, 1857 — археалогіі, 57 — мастацтва. У адпаведнасці са сваімі ўласцівасцямі матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс, падзяляюцца на чатыры катэгорыі: “0” — гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны; “1” — найбольш унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці мастацкія, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародны інтарэс; “2” — выдатныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія характарызуюць найбольш адметныя рысы гісторыка-культурнай спадчыны ўсёй рэспублікі; “3” — гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія характарызуюць адметныя рысы гісторыка-культурнай спадчыны асобных рэгіёнаў рэспублікі. Пад “0” катэгорыяй у Дзяржаўным спісе адзначана 9 аб’ектаў. Гэта такія аб’екты, як палацава-паркавы ансамбль і комплекс манастыра езуітаў у г. Нясвіжы Мінскай вобласці, Барысаглебская (Каложская) царква XII ст. у г. Гродна, Аўгустоўскі канал у Гродзенскай вобласці, царква абарончага тыпу ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці, Замкавы комплекс “Мір” у г. п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці, Дуга мерыдыяна Струвэ (21 пункт) на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, Камянецкая вежа ў г. Камянец Брэсцкай вобласці, Спаса-Праабражэнская царква ў г. Полацку Віцебскай вобласці, палацава-паркавы ансамбль у г. Гомелі. Да катэгорыі “1” аднесены 42 аб’екты. Сярод іх — гістарычныя цэнтры г. Мінска і г. Гродна, Брэсцкая крэпасць, комплекс езуіцкага калегіума ў г. Полацку Віцебскай вобласці ратуша і Праабражэнская царква ў г. Чачэрску Гомельскай вобласці, Лідскі замак, фрагменты Навагрудскага замка і інш. Да катэгорыі “2” аднесены 562 аб’екты. Сярод іх гістарычныя цэнтры гарадоў Беларусі: Брэста, Пінска, Кобрына, Полацка, Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, царква-крэпасць у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, Сафійскі сабор у Полацку, касцёл Іаана Хрысціцеля ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і інш. Самыя значныя аб’екты аховы ад Рэспублікі Беларусь уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO . Гэта — замкавы комплекс “Мір” у г. п. Мір Гродзенскай вобласці, архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у г. Нясвіжы Мінскай вобласці, два трансгранічныя аб’екты — Белавежская пушча і “Дуга Струвэ”. Рыхтуецца сумесна з Рэспублікай Польшча дасье “Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды”, а таксама збіраецца матэрыял па іншых знакавых аб’ектах спадчыны вышэйшай катэгорыі каштоўнасці. | ||
|