ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 07.02.2006 нумар 80
ПРАВІЛЫ прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Гэтымі Правіламі рэгулюецца парадак прыёму грамадзян на ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі (дзённую, завочную, вячэрнюю) у вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь (далей - ВНУ) незалежна ад іх падпарадкаванасці і формы ўласнасці.
2. У ВНУ на ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі могуць паступаць асобы, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю або прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй або сярэднюю спецыяльную адукацыю, пацверджаную адпаведным дакументам аб адукацыі.
3. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, іншаземныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, асобы беларускай нацыянальнасці, якія з'яўляюцца грамадзянамі замежных дзяржаў і пражываюць на іх тэрыторыі, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных ВНУ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (далей - за кошт сродкаў бюджэту), калі дадзены ўзровень адукацыі яны атрымліваюць за кошт сродкаў бюджэту ўпершыню, або на конкурснай аснове паступаць у дзяржаўныя або прыватныя ВНУ на навучанне на ўмовах аплаты фізічнымі або юрыдычнымі асобамі (далей - на ўмовах аплаты).
У конкурсе на завочную або вячэрнюю форму атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту маюць права ўдзельнічаць асобы, пералічаныя ў частцы першай гэтага пункта, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю і працуюць па профілю абранай спецыяльнасці, а таксама асобы, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з агульнай сярэдняй адукацыяй або сярэднюю спецыяльную адукацыю і паступаюць на адпаведныя або блізкія спецыяльнасці. Асобы, не пералічаныя ў гэтай частцы, удзельнічаюць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі па завочнай або вячэрняй форме на ўмовах аплаты.
4. Прыём іншаземных грамадзян (акрамя названых у пункце 3 гэтых Правіл) на навучанне ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку міжведамаснага характару, ажыццяўляецца ВНУ у аб'ёме, па спецыяльнасцях і іншых паказчыках, што вызначаюцца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, у веданні якога яны знаходзяцца.
Прыём іншаземных грамадзян, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь на законных падставах і маюць неабходны узровень папярэдняй адукацыі, на навучанне на ўмовах аплаты ажыццяўляецца на аснове дагавораў, што заключаюцца ВНУ з замежнымі грамадзянамі або іх прадстаўнікамі, у якіх акрамя ўмоў, устаноўленых заканадаўствам, прадугледжваецца адказнасць бакоў па аплаце расходаў у выпадку неабходнасці адпраўкі іншаземнага грамадзяніна за межы Рэспублікі Беларусь.
Іншаземныя грамадзяне прымаюцца на навучанне пры наяўнасці медыцынскага заключэння аб стане здароўя, якое пацвярджае магчымасць навучанне ў кліматычных умовах рэспублікі і ў адпаведных ВНУ, выдадзенага афіцыйным органам аховы здароўя краіны, з якой прыбыў кандыдат. Іншаземныя грамадзяне, якія прыбываюць на вучобу, залічваюцца ў ВНУ пасля праходжання ў тэрытарыяльных арганізацыях аховы здароўя, што вызначаюцца ВНУ, абавязковага медыцынскага абследавання, якое пацвярджае адсутнасць проціпаказанняў да навучання ў Рэспубліцы Беларусь.
Неабходнай умовай залічэння іншаземных грамадзян на навучанне з'яўляецца наяўнасць у іх пашпарта або дакумента, які замяняе яго, адпаведнай візы і дагавора абавязковага медыцынскага страхавання, аформленых у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Калі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя ўмовы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтымі Правіламі, то прымяняюцца нормы міжнароднага дагавора.
5. Для атрымання другой вышэйшай адукацыі прымаюцца пералічаныя ў частцы першай пункта 3 і часцы першай пункта 4 гэтых Правіл асобы, якія маюць дыплом аб вышэйшай адукацыі, а таксама студэнты ІІІ - VІ курсаў ВНУ Рэспублікі Беларусь, якія атрымалі адзнакі па вывучаных дысцыплінах за ўвесь тэрмін навучання ў ВНУ не ніжэшыя за 7 (сем) балаў па дзесяцібальнай шкале.
Асобы, пералічаныя ў частцы першай пункта 3 гэтых Правіл, якія навучаюцца або атрымалі першую вышэйшую адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь на ўмовах аплаты, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне другой вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту згодна з гэтымі Правіламі. Пры гэтым на другі або старэйшыя курсы яны могуць быць залічаны на навучанне толькі пры наяўнасці вакантных месц.
6. Прыём асоб, што выказалі жаданне прыняць удзел у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі (далей - абітурыенты), у дзяржаўныя ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму, якія зацвярджаюцца заснавальнікамі ВНУ па спецыяльнасцях і па формах атрымання вышэйшай адукацыі (у тым ліку ў скарочаны тэрмін) па ўзгадненню з Міністэрствам адукацыі ў межах сродкаў, што вызначаюцца бюджэтам.
Прыём абітурыентаў на навучанне на ўмовах аплаты ў дзяржаўныя ВНУ (звыш кантрольных лічбаў прыёму), а таксама ў прыватныя ВНУ ажыццяўляецца ў рамках гранічнай колькасці навучэнцаў, прадугледжанай спецыяльным дазволам (ліцэнзіяй) на адукацыйную дзейнасць.
Звесткі аб колькасці месц, што прадастаўляюцца ў дзяржаўных ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты, а таксама ў прыватных ВНУ, даводзяцца адпаведнымі ВНУ да грамадскасці штогод да 1 красавіка.
7. Для забеспячэння патрэбнасцей у кадрах арганізацый, што знаходзяцца ў населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання, або ў сельскіх населеных пунктах, ажыццяўляецца мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў. Прыём абітурыентаў для навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў - у межах 20 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму на спецыяльнасці сельскагаспадарчага, лесагаспадарчага, медыцынскага, педагагічнага профіляў, а таксама на спецыяльнасці журналістыкі, культуры і мастацтва.
Падставай для ўдзелу ў конкурсе на мэтавае месца з'яўляецца аформлены ў трох экзэмплярах дагавор на мэтавую падрыхтоўку паміж абітурыентам і дзяржаўнай арганізацыяй або мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, зацікаўленымі ў мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў (далей - заказчык).
Колькасць заяў, што падаюцца для ўдзелу ў конкурсе на мэтавае месца, не абмяжоўваецца. Пры адсутнасці конкурсу на мэтавыя месцы ВНУ прадастаўляецца права ў тэрміны, устаноўленыя гэтымі Правіламі, прымаць заявы ад абітурыентаў, якія паступаюць на агульных падставах, на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Пры гэтым паміж заказчыкам і абітурыентам заключаецца дагавор на мэтавую падрыхтоўку.
У выпадку, калі конкурс на мэтавыя месцы, выдзеленыя заказчыку, не забяспечаны (адзін чалавек і менш на месца), для стварэння конкурсу частка гэтых месц перадаецца на агульны конкурс. Калі конкурс не забяспечаны на адзінае мэтавае месца, яно таксама перадаецца на агульны конкурс.
Адбор абітурыентаў, якія выказалі жаданне навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, ажыццяўляецца заказчыкам з ліку выпускнікоў устаноў, што забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія пражываюць у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання, або ў сельскіх населеных пунктах. Абітурыент павінен скончыць установу адукацыі ў адным з названых населеных пунктаў, навучаючыся і пражываючы там не менш за два гады. Акрамя таго, абітурыент павінен мець у дакуменце аб адукацыі па прадметах уступных іспытаў у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці, прадугледжаным у пункце 16 гэтых Правіл, адзнакі не ніжэй за 6 (шэсць) балаў.
8. На скарочаны тэрмін навучання ў межах кантрольных лічбаў ажыццяўляецца прыём абітурыентаў, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю па вучэбных праграмах, што адпавядаюць вучэбным праграмам адпаведных спецыяльнасцей ВНУ.
ГЛАВА 2
ДАКУМЕНТЫ, ЯКІЯ ПРАДАСТАЎЛЯЮЦЦА АБІТУРЫЕНТАМІ Ў ПРЫЁМНЫЯ КАМІСІІ
9. Для арганізацыі прыёму абітурыентаў у ВНУ ствараецца прыёмная камісія, што ўзначальваецца рэктарам. Прыёмная камісія ажыццяўляе работу ў адпаведнасці з Палажэннем, якое зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі.
Абітурыенты падаюць у прыёмную камісію ВНУ наступныя дакументы:
заяву на імя рэктара па ўстаноўленай форме;
арыгіналы дакумента аб адукацыі і дадаткі да яго;
арыгіналы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання (далей - ЦТ), праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у год прыёму;
медыцынскую даведку па форме, устаноўленай Міністэрствам аховы здароўя;
дакументы, што пацвярджаюць права абітурыента на льготы пры прыёме на навучанне;
6 фатаграфій памерам 3х4 см.
10. Акрамя пералічаных у пункце 9 гэтых Правіл дакументаў пры неабходнасці дадаткова ў прыёмную камісію прадстаўляюцца:
выпіска з працоўнай кніжкі (для абітурыентаў, якія паступаюць на завочную або вячэрнюю форму навучання);
заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі аб адсутнасці проціпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці (для асоб, якія скончылі ўстановы, што забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідаў І, ІІ і ІІІ групы);
заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі аб рэкамендацыі навучання ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі (для асоб з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарата);
даведка сельскага выканаўчага камітэта аб пастаянным (не менш як два гады) пражыванні на момант атрымання адукацыі ў сельскім населеным пункце або ў населеным пункце, размешчаным на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання (для выпускнікоў устаноў адукацыі, размешчаных у названых населеных пунктах);
дакументы, што пацвярджаюць беларускую нацыянальнасць (для беларусаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі замежных дзяржаў і пражываюць на іх тэрыторыі);
дагавор паміж абітурыентам і заказчыкам на мэтавую падрыхтоўку (для абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе на мэтавыя месцы);
копія дыплома (з дадаткам) аб вышэйшай адукацыі, а для студэнтаў ВНУ - пісьмовая згода рэктара з месца асноўнай вучобы і акадэмічная даведка, а таксама даведка, якая пацвярджае, што першая вышэйшая адукацыя атрымана на ўмовах аплаты (для асоб, якія паступаюць для атрымання другой вышэйшай адукацыі). Згода рэктара і названыя даведкі засведчваюцца подпісам рэктара і пячаткай ВНУ;
пісьмовая згода аднаго з бацькоў або законнага прадстаўніка (для абітурыентаў ва ўзросце да 18 гадоў, якія паступаюць на ваенна-тэхнічныя і ваенна-гуманітарныя спецыяльнасці).
11. Іншаземныя грамадзяне (іх прадстаўнікі) падаюць у прыёмную камісію ВНУ на беларускай, рускай або англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай мове наступныя дакументы:
заяву аб прыёме на навучанне з называннем спецыяльнасці;
пасведчанне (дакумент) аб адукацыі з называннем вывучаных прадметаў і атрыманых па іх на экзаменах адзнак (балаў);
медыцынскае заключэнне, выдадзенае тэрытарыяльнай арганізацыяй аховы здароўя Рэспублікі Беларусь;
медыцынскае заключэнне аб стане здароўя і сертыфікат аб адсутнасці ВІЧ-інфекцыі, выдадзеныя афіцыйным органам аховы здароўя краіны, з якой прыбыў кандыдат на вучобу;
копію пасведчання аб нараджэнні, завераную ва ўстаноўленым парадку;
6 фатаграфій памерам 4х6 см.
Да пералічаных дакументаў, выкананых на замежнай мове, адначасова прыкладаецца іх пераклад на беларускую або рускую мову, засведчаны ў натарыяльным парадку.
12. Пашпарт або дакумент, што замяняе яго, прад'яўляецца абітурыентам асабіста.
13. Тэрміны прыёму дакументаў:
13.1. ва ўстановы адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь", "Камандна-інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, "Гомельскі інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь на ўсе формы атрымання адукацыі - з 5 па 16 ліпеня; ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі", "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў" на ўсе формы атрымання адукацыі - з 5 па 11 ліпеня;
ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на дзённую форму атрымання адукацыі ў ВНУ за кошт сродкаў бюджэту, для ўдзелу ў конкурсе ў гэтай жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту - па 24 ліпеня;
ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на атрыманне адукацыі ў ВНУ за кошт сродкаў бюджэту, для ўдзелу ў конкурсе на ўсе формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты - па 26 ліпеня;
13.2. у іншыя дзяржаўныя і прыватныя ВНУ (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю) на ўсе формы атрымання адукацыі - з 12 па 29 ліпеня (на ваенныя факультэты - з 12 па 26 ліпеня);
ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на дзённую форму атрымання адукацыі ў ВНУ за кошт сродкаў бюджэту, для ўдзелу ў конкурсе ў гэтай жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту (акрамя ВНУ сельскагаспадарчага профілю) - па 7 жніўня;
ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на атрыманне адукацыі ў ВНУ за кошт сродкаў бюджэту, для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты - па 9 жніўня;
13.3. на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю - з 1 па 30 лістапада.
ГЛАВА 3
ПРАВЯДЗЕННЕ ЎСТУПНЫХ ІСПЫТАЎ
14. Абітурыенты здаюць тры ўступныя іспыты, два з іх - у форме ЦТ, трэці - у форме, устаноўленай прыёмнай камісіяй ВНУ.
Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ праводзіцца з 1 мая па 1 чэрвеня на падставе заявы і дакумента, што засведчвае асобу, у адной з ВНУ, вызначаных пунктамі правядзення ЦТ згодна з дадаткам 1.
Іншаземныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, могуць накіроўваць заяву і копію дакумента, што засведчвае асобу, па пошце.
ЦТ праводзіцца за кошт сродкаў бюджэту з 12 чэрвеня па 15 ліпеня па агульнаадукацыйных прадметах - фізіка, матэматыка, біялогія, хімія, беларуская мова, руская мова, замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская), Чалавек. Грамадства. Дзяржава, сусветная гісторыя навейшага часу, гісторыя Беларусі, геаграфія. Канкрэтныя тэрміны і ўмовы правядзення ЦТ вызначаюцца Міністэрствам адукацыі.
Абітурыенты маюць права здаваць уступныя іспыты ў форме ЦТ толькі па трох прадметах: па беларускай або рускай мове (па выбару) і па двух прадметах, названых у частцы чацвёртай гэтага пункта.
15. Тэрміны правядзення ўступных іспытаў:
15.1. ва ўстановы адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь", "Камандна-інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, "Гомельскі інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь - з 18 па 21 ліпеня; ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі", "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў" - з 12 па 22 ліпеня;
15.2. у іншыя дзяржаўныя і прыватныя ВНУ (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю) - з 31 ліпеня па 4 жніўня;
15.3. на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю - з 1 па 20 снежня.
16. Абітурыенты здаюць уступныя іспыты па дзяржаўнай мове ў форме ЦТ (беларускай або рускай - на выбар, за выключэннем філалагічных спецыяльнасцей, пры паступленні на якія неабходна здаваць уступныя іспыты па беларускай або рускай мове ў адпаведнасці з выбранай спецыяльнасцю) і два ўступныя іспыты ў адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці (далей - профільныя іспыты), першы - у форме ЦТ, другі - у форме, устаноўленай прыёмнай камісіяй ВНУ (акрамя спецыяльнасцей медыка-фармацэўтычнага профілю):
біялагічны - хімія (ЦТ), біялогія
ваенна-тэхнічны - фізіка (ЦТ), матэматыка
ваенна-гуманітарны - матэматыка (ЦТ), гісторыя Беларусі
геаграфія, турызм - матэматыка (ЦТ), геаграфія
журналістыка - гісторыя Беларусі (ЦТ), творчасць
замежная мова - гісторыя Беларусі (ЦТ), замежная мова
гістарычны - гісторыя Беларусі (ЦТ), сусветная гісторыя
навейшага часу
культура і мастацтва - гісторыя Беларусі (ЦТ), творчасць
матэматычны - фізіка (ЦТ), матэматыка
медыка-фармацэўтычны - біялогія (ЦТ), хімія (ЦТ)
міжнародныя адносіны - замежная мова (ЦТ), Чалавек. Грамадства.
Дзяржава
пачатковая адукацыя - гісторыя Беларусі (ЦТ), матэматыка
педагогіка, псіхалогія, - гісторыя Беларусі (ЦТ), біялогія
дэфекталогія
правазнаўства - матэматыка (ЦТ), Чалавек. Грамадства.
Дзяржава
фізічны - матэматыка (ЦТ), фізіка
фізічная культура і спорт - біялогія (ЦТ), фізкультура
філасофскі, - гісторыя Беларусі (ЦТ), Чалавек. Грамадства.
сацыялагічны, Дзяржава
культуралагічны
тэхніка-тэхналагічны - матэматыка (ЦТ), фізіка
хімічны, - матэматыка (ЦТ), хімія
хіміка-тэхналагічны
экалагічны, ветэрынарны, - біялогія (ЦТ), хімія
аграрны, грамадскае
харчаванне
эканамічны - замежная мова (ЦТ), матэматыка
мовазнаўства, - гісторыя Беларусі (ЦТ), літаратура
літаратуразнаўства (беларуская, руская)
У выпадку, калі прыёмная камісія ВНУ прымае рашэнне аб правядзенні другога профільнага іспыту ў форме тэсціравання, у якасці вынікаў такога іспыту залічваюцца толькі вынікі ЦТ.
На завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю абітурыенты маюць права здаваць усе ўступныя іспыты ў ВНУ або прадставіць сертыфікаты ЦТ.
Па профілю (напрамку) спецыяльнасці "медыка-фармацэўтычны" залічваюцца толькі вынікі ЦТ.
Абітурыенты, якія не вывучалі гісторыю Беларусі, могуць здаваць іспыты па сусветнай гісторыі навейшага часу, акрамя профілю (напрамку) спецыяльнасці "гістарычны".
Пры паступленні на спецыяльнасці, што прадугледжваюць атрыманне вышэйшай адукацыі па дадатковай спецыяльнасці (спецыялізацыі), першым профільным іспытам здаецца іспыт па прадмету, які адпавядае дадатковай спецыяльнасці (спецыялізацыі).
Абітурыенты, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання, здаюць уступныя іспыты па адной з дзяржаўных моў, а таксама два ўступныя іспыты па прадметах вучэбнага плана спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пералік якіх вызначаецца прыёмнай камісіяй ВНУ.
Абітурыенты маюць права здаваць профільныя ўступныя іспыты на беларускай або рускай мове (па выбару).
17. Абітурыенты з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату, якім у адпаведнасці з заключэннем дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі было рэкамендавана навучанне ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці здаюць уступныя іспыты ў ВНУ. Форма правядзення ўступных іспытаў вызначаецца прыёмнай камісіяй ВНУ з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця абітурыента.
18. Уступныя іспыты праводзяцца па праграмах, складзеных на аснове адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаных Міністэрствам адукацыі.
Праграмы ўступных іспытаў па прадмету "творчасць" для спецыяльнасцей журналістыкі, культуры і мастацтва, а таксама па прадмету "фізічная культура" распрацоўваюцца ВНУ і зацвярджаюцца іх заснавальнікамі па ўзгадненню з Міністэрствам адукацыі.
19. Ацэнка ведаў абітурыентаў пры правядзенні ўступных іспытаў у ВНУ ажыццяўляецца па дзесяцібальнай шкале, пры правядзенні ЦТ - па стобальнай шкале.
Вынікі ЦТ залічваюцца ў якасці ўступнага іспыту ў адпаведнасці з прадстаўленым сертыфікатам ЦТ з выстаўленнем адпаведнага бала па дзесяцібальнай шкале, які вызначаецца па пераводнай шкале, зацверджанай Міністэрствам адукацыі.
Калі ўсе ўступныя іспыты праводзяцца ў форме ЦТ, то па кожнаму прадмету залічваецца колькасць балаў, названых у сертыфікаце ЦТ.
У выпадку, калі ўступныя іспыты па прадмету "творчасць" праводзяцца ў некалькі этапаў (не больш як тры), кожны этап ацэньваецца па дзесяцібальнай шкале. Па выніках правядзення іспытаў абітурыенту выстаўляецца сума балаў, атрыманых ім на кожным этапе.
20. Абітурыенты, якія не з'явіліся без уважлівай прычыны (хвароба або іншыя непрадбачаныя абставіны, што перашкаджаюць удзелу ва ўступным іспыце, пацверджаны дакументальна) на адзін з уступных іспытаў у назначаны ў раскладзе час або атрымалі адзнакі 0 (нуль), 1 (адзін), 2 (два) балы па дзесяцібальнай шкале на ўступных іспытах (або на адным з яго этапаў), да наступных уступных іспытаў (этапу ўступных іспытаў), паўторнай здачы ўступных іспытаў, удзелу ў конкурсе на ўсе формы атрымання адукацыі ў гэтай ВНУ не дапускаюцца.
Абітурыенты, якія не змаглі з'явіцца на ЦТ па ўважлівых прычынах (хвароба або іншыя непрадбачаныя абставіны, што перашкаджаюць удзелу ў ЦТ, пацверджаныя дакументальна), праходзяць яго ў рэзервовы дзень, дата якога вызначаецца Міністэрствам адукацыі.
Абітурыенты, якія не змаглі з'явіцца на ўступныя іспыты ў ВНУ па ўважлівых прычынах (хвароба або іншыя непрадбачаныя абставіны, што перашкаджаюць удзелу ў ЦТ, пацверджаныя дакументальна), па рашэнню прыёмнай камісіі ВНУ дапускаюцца да іх здачы ў межах тэрмінаў, вызначаных раскладам уступных іспытаў.
ГЛАВА 4
АСОБЫ, ЯКІЯ МАЮЦЬ ПРАВА НА ЛЬГОТЫ ПРЫ ПАСТУПЛЕННІ Ў ВНУ
21. Без уступных іспытаў залічваюцца:
пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму (далей - навучальны год), пры паступленні на спецыяльнасці, для якіх у пункце 16 гэтых Правіл дадзены прадмет вызначаны прадметам другога профільнага іспыту (на спецыяльнасці медыка-фармацэўтычнага профілю - па хіміі або біялогіі);
пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы і астраноміі, праведзеных у навучальным годзе, пры паступленні на спецыяльнасці фізічнага, матэматычнага і тэхніка-тэхналагічнага профіляў;
пераможцы (Гран-пры, дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) міжнародных (у адпаведнасці з пералікам, зацверджаным Міністэрствам культуры і ўзгодненым з Міністэрствам адукацыі) і рэспубліканскіх творчых конкурсаў і фестываляў, алімпіяд па прадметах культуры і мастацтва, праведзеных Міністэрствам культуры ў навучальным годзе ў адпаведнасці з палажэннямі, зацверджанымі Міністэрствам культуры і ўзгодненымі з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на спецыяльнасці культуры і мастацтва;
пераможцы, прызёры і ўдзельнікі (спартсмены) Алімпійскіх гульняў пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту;
пераможцы і прызёры чэмпіянатаў, фіналаў розыгрышаў кубкаў, пяршынстваў свету і Еўропы, Алімпійскіх фестываляў моладзі Еўропы, праведзеных у адпаведнасці з пералікам, зацверджаным Міністэрствам спорту і турызму і ўзгодненым з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту;
асобы, узнагароджаныя ў навучальным годзе нагрудным знакам "Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў" або "Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі" за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва, высокія дасягненні ў асобных прадметных галінах, якія адпавядаюць профілю выбранай спецыяльнасці;
выпускнікі ўстановы адукацыі "Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча", якія скончылі ў год паступлення гэту ўстанову з адзнакамі 6 (шэсць) і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана і накіраваныя ў межах плана размеркавання сувораўцаў для далейшага навучання па спецыяльнасцях кіравання падраздзяленнямі і забеспячэння дзейнасці родаў войскаў з прысваеннем кваліфікацыі "спецыяліст па кіраванню - інжынер" або якія скончылі спецыялізаваныя па спорту класы і накіраваныя ў межах плана размеркавання сувораўцаў для далейшага навучання па спецыяльнасцях фізічнай культуры і спорту.
22. Пераможцам (дыплом І ступені) трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапа рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, залічваецца вышэйшы бал, устаноўлены для ацэнкі вынікаў па адпаведнаму прадмету ўступных іспытаў.
Пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах - беларуская або руская мова, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, пры паступленні на спецыяльнасці, дзе іспыты па гэтых мовах не адпавядаюць профілю (напрамку) выбранай спецыяльнасці, выстаўляецца вышэйшы бал, устаноўлены для ацэнкі вынікаў уступных іспытаў па беларускай або рускай мове.
23. Па-за конкурсам (акрамя профіляў (напрамкаў) спецыяльнасцей "міжнародныя адносіны", "правазнаўства", "медыка-фармацэўтычны", а таксама спецыяльнасцей, на якія конкурс у год, што папярэднічаў прыёму, склаў 5 і больш чалавек на месца) пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэй за 6 (шэсць) балаў па прадметах уступных іспытаў залічваюцца:
дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;
інваліды I і II групы, дзеці-інваліды, якія прадставілі пры прыёме дакументаў адпаведнае пасведчанне і заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, што ім не проціпаказана навучанне па выбранай спецыяльнасці;
дзеці ваеннаслужачых або рабочых і служачых, якія займалі штатныя пасады ў воінскіх часцях, загінуўшых (памерлых ад раненняў) або тых, якія сталі інвалідамі пры выкананні абавязкаў воінскай службы або работы ў складзе войскаў на тэрыторыі дзяржаў, дзе вяліся баявыя дзеянні, а таксама дзеці ваеннаслужачых, загінуўшых (памерлых ад раненняў) у мірны час пры выкананні абавязкаў воінскай службы;
дзеці асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, загінуўшых (памерлых ад раненняў) або тых, якія сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў на тэрыторыі дзяржаў, дзе вяліся баявыя дзеянні, а таксама загінуўшых (памерлых ад раненняў) у мірны час пры выкананні службовых абавязкаў;
дзеці асоб начальніцкага і радавога складу органаў фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, загінуўшых (памерлых ад раненняў) пры выкананні службовых абавязкаў;
выпускнікі ўстановы адукацыі "Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча", якія скончылі ў год паступлення гэту ўстанову і накіраваныя ў межах плана размеркавання сувораўцаў для далейшага навучання ў ВНУ Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на ваенныя факультэты ВНУ;
пераможцы і прызёры афіцыйных чэмпіянатаў, розыгрышаў кубкаў Рэспублікі Беларусь па відах спорту, уключаных у праграму летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, а таксама пераможцы афіцыйных чэмпіянатаў, розыгрышаў кубкаў Рэспублікі Беларусь па астатніх відах спорту, уключаных у Адзіную спартыўную класіфікацыю Рэспублікі Беларусь, праведзеных у адпаведнасці з пералікам і палажэннямі, зацверджанымі Міністэрствам спорту і турызму і ўзгодненымі з Міністэрствам адукацыі, пры паступленні на спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту;
асобы, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей (прапаршчыкі, салдаты і сяржанты, якія праходзяць службу па кантракту; ваеннаслужачыя тэрміновай ваеннай службы, што праслужылі не менш за адзін год, звольненыя з тэрміновай ваеннай службы ў запас у год прыёму), пры залічэнні ў ВНУ Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на ваенныя факультэты ВНУ у межах 10 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму.
24. Пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай колькасці балаў у парадку пералічэння маюць:
асобы, названыя ў пункце 23 гэтых Правіл, якія ўдзельнічаюць у агульным конкурсе;
асобы, названыя ў артыкуле 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 1991 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., нумар 10 (12), ст. 111);
інваліды III групы;
асобы, названыя ў артыкулах 19, 20, 23 – 25 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС";
звольненыя ў запас ваеннаслужачыя, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей;
абітурыенты са шматдзетных сем'яў;
пераможцы трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапа рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, праведзенай у навучальным годзе;
пераможцы рэспубліканскіх і абласных турніраў і конкурсаў, праведзеных заснавальнікамі ўстаноў адукацыі па прадметах уступных іспытаў;
абітурыенты, узнагароджаныя залатым, сярэбраным медалём або якія скончылі ўстановы, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, на аснове агульнай базавай адукацыі з дыпломам з адзнакай;
абітурыенты, якія маюць больш высокі бал уступных іспытаў па другому профільнаму прадмету, названаму ў пункце 16 гэтых Правіл.
ГЛАВА 5
ПАРАДАК ЗАЛІЧЭННЯ АБІТУРЫЕНТАЎ
25. Тэрміны залічэння абітурыентаў:
25.1. ва ўстановы адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", "Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь", "Камандна-інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, "Гомельскі інжынерны інстытут" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі", "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў":
на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму, на дзённую форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту - па 23 ліпеня;
на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму, на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту - па 25 ліпеня;
на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты - па 27 ліпеня;
25.2. у іншыя дзяржаўныя і прыватныя ВНУ (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю):
на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму, на дзённую форму атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту - па 6 жніўня;
на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму, на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту - па 8 жніўня;
на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты - па 11 жніўня;
25.3. на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму, і на ўмовах аплаты - па 25 снежня.
26. Залічэнне абітурыентаў у ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты на месцы па ўсіх формах атрымання адукацыі праводзіцца па конкурсу на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных іспытаў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, які вызначаецца па дзесяцібальнай шкале (з дакладнасцю да дзесятых долей адзінкі).
Сярэдні бал дакументаў аб адукацыі па пяцібальнай шкале пераводзіцца ў дзесяцібальную шкалу па пераводнай табліцы сярэдняга бала дакументаў аб адукацыі згодна з дадаткам 2.
У выпадку, калі ўсе ўступныя іспыты праводзяцца ў форме ЦТ, сярэдні бал дакумента аб адукацыі, вызначаны па дзесяцібальнай шкале з дакладнасцю да дзесятых долей адзінкі, пераводзіцца ў стобальную шкалу шляхам множання на 10.
Па рашэнню прыёмнай камісіі ВНУ конкурс можа праводзіцца па групе факультэтаў, факультэту, групе спецыяльнасцей, спецыяльнасці, спецыялізацыі.
27. На месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, праводзіцца асобны конкурс. Абітурыенты, якія не праходзяць па гэтаму конкурсу, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на агульных падставах.
28. На месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму (без уліку лічбаў прыёму на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі), залічэнне праводзіцца па асобнаму конкурсу ў адпаведнасці з квотай, што вызначаецца прапарцыянальна пададзеным заявам, сярод дзвюх катэгорый абітурыентаў:
выпускнікоў устаноў адукацыі, што забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і размешчаных у сельскіх населеных пунктах, якія на момант атрымання агульнай сярэдняй адукацыі пражывалі ў сельскіх населеных пунктах не менш за два гады;
выпускнікоў устаноў адукацыі, што забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і размешчаных у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу.
У выпадку, калі прахадны бал для абітурыентаў - выпускнікоў сельскіх устаноў адукацыі, названых у абзацы другім часткі першай гэтага пункта, роўны або перасягае прахадны бал для абітурыентаў - выпускнікоў гарадскіх устаноў адукацыі, вызначаных у абзацы трэцім часткі першай гэтага пункта, залічэнне ажыццяўляецца па агульнаму конкурсу.
29. Звыш плана прыёму ў межах максімальнай колькасці навучэнцаў, прадугледжанай спецыяльным дазволам (ліцэнзіяй) на адукацыйную дзейнасць, па рашэнню прыёмнай камісіі і хадайніцтву адпаведных спартыўных федэрацый ВНУ маюць права залічаць на навучанне на платнай аснове па ўсіх формах атрымання адукацыі абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты і маюць высокія спартыўныя званні або разрады (не ніжэй за першы дарослы разрад).
30. Асобы, якія паступаюць для атрымання другой вышэйшай адукацыі, па рашэнню прыёмнай камісіі могуць быць залічаны на другі або наступныя курсы пры наяўнасці вакантных месц для навучання, пры гэтым у выпадку атрымання другой вышэйшай адукацыі на ўмовах аплаты залічэнне ажыццяўляецца без уступных іспытаў.
Пры значнай неадпаведнасці зместу навучальных дысцыплін атрыманай раней спецыяльнасці патрабаванням падрыхтоўкі спецыяліста па другой спецыяльнасці абітурыенты паступаюць на поўны курс навучання і здаюць уступныя іспыты ў адпаведнасці з гэтымі Правіламі. Пры гэтым асобы, якія паступаюць на навучанне на ўмовах аплаты, карыстаюцца правам пазаконкурснага залічэння. У выпадку, калі колькасць заяў, пададзеных названай катэгорыяй асоб, перасягае колькасць месц, што прадастаўляюцца ВНУ для навучання на ўмовах аплаты, іх залічэнне ажыццяўляецца па конкурсу ў парадку, прадугледжаным у пункце 24 гэтых Правіл.
Ад аплаты за атрыманне другой вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных ВНУ вызваляюцца:
асобы, якім проціпаказана работа па атрыманй раней спецыяльнасці ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя пры наяўнасці заключэння медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі;
супрацоўнікі праваахоўных органаў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, якія паступаюць у ведамасныя ВНУ, калі атрыманне другой спецыяльнасці выклікана службовай неабходнасцю, пацверджанай дакументальна;
асобы, якія навучаюцца па спецыяльнасці "кампазіцыя"; напрамках спецыяльнасцей "дырыжыраванне" (оперна-сімфанічнае), "спевы" (акадэмічныя), "рэжысура" (драма, тэатр лялек, мастацкі фільм, дакументальны фільм, тэлебачанне, гукавое афармленне, анімацыйныя дзеянні, музычны тэатр);
супрацоўнікі спецыяльных навучальных устаноў усіх тыпаў для дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пры паступленні на спецыяльнасць "дэфекталогія".
31. Абітурыенты, якія паспяхова здалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсу на навучанне за кошт сродкаў бюджэту, залічаюцца ў ВНУ на ўмовах аплаты на падставе асабістай заявы і заключанага ва ўстаноўленым парадку дагавора на навучанне.
У выпадку з'яўлення вакантных мэтавых месц па ўзгодненаму рашэнню прыёмнай камісіі ВНУ і заказчыка дагаворы аб атрыманні адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў могуць заключацца з абітурыентамі, якія паспяхова здалі ўступныя іспыты па такіх жа прадметах у гэтай або іншай ВНУ, або гэтыя месцы перадаюцца на агульны конкурс.
Для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў дагавор, заключаны паміж абітурыентам, які прайшоў па конкурсу на мэтавыя месцы, і заказчыкам, падпісваецца таксама кіраўніком ВНУ.
Пры заключэнні ва ўстаноўленым парадку дагавораў для абітурыентаў ва ўзросце да 18 гадоў неабходна наяўнасць пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (законнага прадстаўніка).
ГЛАВА 6
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
32. У выпадку, калі на працягу 10 дзён пасля пачатку навучальнага года абітурыенты, залічаныя на навучанне, не пачалі заняткі і не прадставілі (асабіста або праз законнага прадстаўніка дакументы, якія пацвярджаюць уважлівую прычыну адсутнасці на занятках (хвароба і іншыя непрадбачаныя абставіны), яны падлягаюць адлічэнню з ВНУ, а на вакантныя бюджэтныя месцы залічваюцца абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсу на гэту спецыяльнасць у гэтай ВНУ.
33. Іншыя пытанні прыёму ў ВНУ, не вызначаныя ў гэтых Правілах, вырашаюцца названымі ўстановамі адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. |