Вытрымкі з Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

  • 12
Сённяшняе Пасланне - гэта актуалізацыя праблем, якія неабходна вырашыць у бягучым годзе. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

"Я разумею, што сённяшняя размова ў Авальнай зале будзе ўсяляк аналізавацца, шмат будзе меркаванняў, размоў - на кухнях, у працоўных калектывах, у сродках масавай інфармацыі... Апярэджваючы ўсё гэта, хацеў бы папрасіць усіх вас, каб, ацэньваючы Пасланне, вы мелі на ўвазе, што ў нас вельмі насычаны год, і Пасланне будзе крыху своеасаблівым, актуальным і, зразумела ж, будзе ўлічваць усе мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу гэтага года", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў бліжэйшы час будуць сур'ёзна прааналізаваны падзеі, звязаныя з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. "Вельмі шмат інсінуацый, спробы перапісаць гісторыю, абвінаваціць нас у гэтай вайне, што мы сталі ледзь не прычынай. Па гэтым пытанні будзе сказана ў далейшым нямала", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб унутранай і знешняй палітыцы

"Трэба прызнаць, што сітуацыя ў свеце апошнім часам змяняецца значна больш імкліва, чым мы маглі сабе ўявіць. Ну хто мог уявіць, што ў суседняй з намі Украіне будуць падаць бомбы і рвацца снарады? Што ў Еўропе зноў запахне вялікай вайной і градус напружання паміж вялікімі дзяржавамі вырасце да ўзроўню халоднай вайны? І гэта ўжо ніхто не ўтойвае, у тым ліку і ў гэтых вялікіх дзяржавах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што "нехта забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны", сямідзесяцігоддзе заканчэння якой будзе адзначацца праз некалькі дзён. "Гэтыя ўрокі мог забыць хто хочаце, але толькі не беларусы. Тая вайна каштавала нам мільёны жыццяў, і таму, нягледзячы на час, мы цвёрда ведаем і помнім - няма на зямлі нічога даражэйшага, чым мір", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння перад народам стаіць задача зберагчы найвялікшыя каштоўнасці - мір, парадак і незалежнасць Беларусі.

"Дзякуй богу, што сёння лёс нашай краіны вырашаецца не на франтах, не на плошчах. Наша будучыня вызначаецца ў іншай, мірнай сферы - у эканоміцы. Але менавіта тут нам даводзіцца весці бой з вельмі неспрыяльнымі знешнімі ўмовамі, а таксама з уласнымі лянотай, памылковымі думкамі, безадказнасцю і непрафесіяналізмам", - лічыць беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта, ад добрасумленнай працы кожнага, ад дакладнасці і правільнасці рашэнняў улады сёння залежыць вельмі многае. "Не першы раз кажу: менавіта ў эканоміцы гарантыя нашай незалежнасці, залог міру і фундамент будучыні. І менавіта эканоміка сёння перажывае не лепшыя часы", - адзначыў ён.

У Беларусі не будуць адступаць ад правіла прамой, шчырай размовы ўлады і народа.

"Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам - шляхам прамой, шчырай размовы ўлады і народа. І ў далейшым не будзем адступаць ад гэтага правіла", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне не так даўно "супакоілі" сітуацыю на валютным рынку. Аднак тэмпы росту эканомікі скараціліся, многія прадпрыемствы загружаны прадукцыяй, якая не мае збыту.

Паводле слоў Прэзідэнта, у СМІ, у грамадстве ўсё часцей абмяркоўваюцца вострыя пытанні. У прыватнасці, чаму засталіся нявыкананымі тыя абяцанні па сярэдняй зарплаце ў краіне, якія ўлада публічна давала людзям, чаму буксуе прамысловасць, нягледзячы на значную дапамогу дзяржавы і пастаянную ўвагу на ўсіх узроўнях улады. "Але, галоўнае, людзі чакаюць адказу на ключавое пытанне: што будзе далей? Што будзе з курсам рубля і цэнамі? Што будзе з рабочымі месцамі як на дзяржпрадпрыемствах, так і ў прыватным сектары? Што новага прапануе ўлада ў адказ на відавочныя крызісныя з'явы ў нашай эканоміцы і ў эканоміцы нашых суседзяў?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Гэта складаныя і часта непрыемныя пытанні, прызнаў Аляксандр Лукашэнка. "Лягчэй за ўсё было б адысці ад іх і зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Але па-сапраўднаму моцная палітыка заўсёды заснавана на шчырасці. Сумленнае прызнанне праблемы - гэта палавіна яе вырашэння", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць колькасць дзяржапарату ў Беларусі залішняй.

Прэзідэнт даручыў Нацыянальнаму сходу ў бліжэйшы час унесці канчатковыя праекты рашэнняў па аптымізацыі дзяржапарату, а таксама па статусе дзяржслужачага, заўважыўшы пры гэтым, што цяпер у Беларусі ў параўнанні з постсавецкімі і іншымі краінамі дзяржаўны апарат і так нешматлікі. "Але ён для нас залішні. Пры нашай дысцыпліне, адказнасці (можна за штосьці крытыкаваць), тым не менш - залішні. Вызначыцеся, колькі ў нас аптымальна павінна быць дзяржслужачых, яшчэ на 10 працэнтаў скараціцеся, і мы тым, хто застаўся, дадзім дастойную зарплату і статус дзяржаўнага служачага", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што раней яму ўжо даваліся рэвалюцыйныя абяцанні па аптымізацыі дзяржапарату. "Рэвалюцыі не бачу нават у асобна ўзятым рэгіёне. Не апраўдвайцеся, а ўносьце прапановы", - сказаў ён.

"Каб стварыць базу для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў наступным пяцігоддзі, працэс абнаўлення дзяржапарату і ўмацавання кіруючага складу прадпрыемстваў павінен мець сістэмны характар", - лічыць беларускі лідар.

"Ключавы выраз "кадры вырашаюць усё" і сёння не страчвае сваёй актуальнасці і не страціць ніколі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Адной з самых важных задач з'яўляецца ўмацаванне кадравага складу дзяржаўнага апарату. На дзяржслужбу неабходна запрашаць лепшых прафесіяналаў. Там павінны працаваць тыя, хто атрымаў сучасную адукацыю, ведае і разумее глабальны свет, мае вопыт работы на замежных рынках".

У сучасным свеце, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за прафесіяналаў ідзе барацьба, іх пераманьваюць і перакупляюць. "І калі мы не створым дастойныя ўмовы для работы кіраўнікоў, то лепшыя да нас проста не прыйдуць. Страчваць прафесіяналаў мы больш не можам, інакш прайграем у канкурэнтнай барацьбе замежным краінам".

"Трэба помніць, што чалавечы капітал - гэта найважнейшая каштоўнасць у дваццаць першым стагоддзі", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не дапускаць фармалізму пры правядзенні прамых тэлефонных ліній.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, цяпер набывае першараднае значэнне якасць работы з насельніцтвам, прымяненне новых форм і метадаў размоў з людзьмі. Павышэнню адкрытасці дзяржорганаў для ініцыятыў і зваротаў грамадзян служаць штотыднёвыя прамыя тэлефонныя лініі, якія ўвайшлі ў практыку. "Вельмі прасіў бы вас, каб мы з гэтымі тэлефоннымі лініямі не праштрафіліся перад народам і не скаціліся на фармалізм", - адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы пры гэтым, што толькі за апошнія два месяцы гэтага года ў рэгіёнах прынята больш як 10 тыс. тэлефонных зваротаў. "І калі мы на гэта пайшлі і атрымалі такія звароты, мы на іх павінны адрэагаваць", - падкрэсліў ён.

"Працэс дэбюракратызацыі работы з насельніцтвам заўсёды быў і будзе важным напрамкам работы любога дзяржаўнага органа, асабліва мясцовага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Шырокія магчымасці і энергія моладзі павінны быць накіраваны на карысць грамадства.
"2015 год аб'яўлены Годам моладзі. Гэта выклікана тым, што ў сучасных умовах павышаецца роля моладзі ў развіцці краіны. Шырокія магчымасці і энергія моладзі павінны быць накіраваны на карысць грамадства", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам удалося дасягнуць прыкметнага паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча маладога пакалення. Значна вырас яго адукацыйны ўзровень. Вельмі важна, каб маладыя людзі ўдзельнічалі ў развіцці грамадства, вучыліся жыць па яго законах - прававых і маральных, станавіліся сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, стрыжнем маладзёжнай палітыкі павінна быць выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, фарміраванне высокіх маральных якасцей і культуры ў маладога пакалення. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пабочных наглядальнікаў у гэтым важным працэсе не павінна быць. "Маладзёжныя арганізацыі, сістэма адукацыі, навука, культура і мастацтва, працоўныя калектывы і органы ўлады - усё павінна быць пранізана выхаваўчымі функцыямі, - сказаў ён. - Усяму нашаму грамадству трэба больш шырока прыцягваць моладзь у розныя сферы дзейнасці, развіваць яе творчы патэнцыял".

"Мы павінны дабіцца таго, каб кожны малады чалавек, які жыве ў Беларусі, быў упэўнены, што ён патрэбны сваёй краіне, што менавіта тут зможа рэалізаваць свае планы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Беларускі парламент з'яўляецца галоўнай пляцоўкай для дыялогу, на якой прадстаўнікі розных слаёў грамадства могуць абмеркаваць актуальныя для краіны пытанні", - сказаў Прэзідэнт. Звяртаючыся да старшынь абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка заклікаў запрашаць у парламент людзей з рознымі пунктамі гледжання. "Абмяркоўвайце праблемы, выпрацоўвайце тыя або іншыя рашэнні, уносьце прапановы. Я заўсёды гатовы выслухаць вас", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што ў цэлым парламентарыям неабходна больш актыўна ўзаемадзейнічаць з дзяржорганамі, грамадскімі аб'яднаннямі і бізнес-супольнасцю.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі назапашаны даволі вялікі вопыт парламенцкай дыпламатыі, які таксама трэба выкарыстоўваць. "У апошнія гады дэпутатамі ўнесены значны ўклад у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і міжнароднага заканадаўства, умацаванне інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Прадстаўнікі ад нашай краіны прымаюць удзел у пасяджэннях міждзяржаўных структур. Парламентарыі часта накіроўваюцца ў камандзіроўкі. Хацелася б, каб ад гэтых паездак была рэальная аддача", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Наш парламент сфарміраваўся як сталы і прадстаўнічы орган, які займае сваё дастойнае месца ў сістэме ўлады", - таксама адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў наступным годзе Нацыянальнаму сходу споўніцца 20 гадоў. За гэты час, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, удалося стварыць устойлівы прававы фундамент беларускага грамадства і сфарміраваць нацыянальную сістэму заканадаўства. "У той жа час агульнасусветныя сацыяльна-эканамічныя працэсы і роля ў гэтых працэсах Беларусі ставяць перад дэпутацкім корпусам на сучасным этапе шэраг новых задач", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што неабходна пастаянна працаваць над павышэннем якасці падрыхтоўкі законапраектаў і дакладнасцю прагнозаў наступстваў іх прыняцця. "Не раз гаварылася ў гэтай зале аб прастаце і зразумеласці законапраектаў. У прыватнасці, мною неаднаразова даваліся даручэнні аб спрашчэнні ўмоў і парадку падаткаабкладання. Дзякуючы праведзеным падатковым рэформам за апошнія 10 гадоў у адпаведным рэйтынгу Сусветнага банка нам давялося ўзняцца з апошняга, амаль 200-га месца, на 60-е. Аднак мы так і не змаглі ўвайсці ў трыццатку лепшых", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што адказнасць за вырашэнне адпаведных пытанняў ляжыць у першую чаргу на ўрадзе, але і парламент не павінен быць пабочным наглядальнікам. "Гэта ваша агульная задача", - акцэнтаваў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Перш чым прымаць закон, неабходна падлічыць: а да якіх наступстваў гэта прывядзе. А ў нас, на жаль, вельмі часта бывае наадварот. Спачатку вырашаем нешта змяніць, але потым разумеем, што гэта было лішнім і прынесла больш шкоды, чым карысці".

"Вельмі вас прашу - усе органы ўлады, парламент, дэпутатаў: ніколі не адмаўляйцеся ад дыскусій з самымі крайнімі нашымі апазіцыянерамі, нават членамі пятай калоны, як мы іх называем. Куды ад іх падзецца? Яны ёсць у нашым грамадстве, яны грамадзяне нашай краіны, - сказаў Прэзідэнт. - Не ўхіляйцеся ад гэтых дыскусій, кантактуйце з гэтымі людзьмі... Трэба з імі размаўляць". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далёка не ўсе апазіцыянеры хочуць шкоды для краіны. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пэўная частка апазіцыі зразумела, што такое стабільнасць і мір.

"Нам канфрантацыя ўнутры краіны абсалютна не патрэбна, таму трэба размаўляць з усімі", - яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт. Таксама, на яго думку, апошнім часам намецілася станоўчая тэндэнцыя ўзмацнення ролі канструктыўных грамадскіх арганізацый у фарміраванні грамадзянскай супольнасці Беларусі, станаўленні дэмакратыі, абароне правоў і свабод грамадзян.

"Беларуская палітычная сістэма даказала сваю эфектыўнасць. Яркай характэрнай яе рысай з'яўляецца прамое народаўладдзе. Мы выступаем за тое, каб у Беларусі былі прадстаўлены розныя палітычныя погляды. Заканадаўства прадугледжвае ўсе магчымасці для стварэння і работы палітычных партый. Было б толькі жаданне ўсім гэтым наборам опцый карыстацца з карысцю для грамадства і краіны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асабліва адзначыў, што забеспячэнне ўстойлівага развіцця Беларусі - гэта агульная задача.

"У вельмі многіх у Беларусі руская кроў перамяшана з беларускай, польскай, яўрэйскай і гэтак далей. Мы ніколі не звярталі і не будзем звяртаць на гэта ўвагу. Нам людзей не хапае ў краіне, нам неабходна мець мінімум 20 млн насельніцтва. Навошта ж мы будзем праводзіць дзікую нацыяналістычную палітыку? Каб выгнаць з беларускай зямлі людзей, якія тут нарадзіліся або нарадзіліся іх бацькі? Гэта глупства несусветнае!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што апошнім часам шмат гавораць пра ідэю нейкага "рускага свету". "Я так разумею, што гэта не пра нас. Ведаеце, часта гавораць: слухай, ты чаго, мы ж рускія людзі... Гэта не значыць, што мы расіяне. Мы, беларусы і расіяне, - рускія людзі, так у нас склалася. Але аб гэтым "рускім свеце" хачу сказаць адкрыта наступнае. Беларусь першай на постсавецкай прасторы надала рускай мове статус дзяржаўнай нараўне з беларускай. Мы высока цэнім вялікую рускую культуру і не аддзяляем яе ад нашай, мы частка гэтай культуры. Рускія людзі шмат уклалі ў беларускую культуру і ў тое, каб у нас нават была гэта нацыянальная культура. Але і ў рускай культуры беларусы вызначыліся моцна. Цяжка разарваць усё гэта. У адрозненне ад многіх былых савецкіх рэспублік рускія людзі ў Беларусі - паўнапраўныя грамадзяне, якіх ніхто не крыўдзіць і не прыціскае па нацыянальнай або рэлігійнай прыкмеце", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта тэма ўзнікла ў тым ліку ў сувязі з "пытаннем, якое хвалюе не толькі простых лібералаў ў Расіі, але і нават частку расійскага кіраўніцтва: маўляў, Беларусь узяла нейкі крэн на Захад". "Хіліцца мне няма куды. І мне сёння гаварыць аб тым, што я, прабыўшы 20 з лішнім гадоў Прэзідэнтам у гэтай краіне, кудысьці нахіліўся, - гэта глупства. Выкіньце гэта з галавы, паважаныя расіяне. Мы вашы браты, мы заўсёды былі разам. Але дазвольце нам мець свой пункт гледжання і свае ўражанні аб свеце. Мы не заўсёды іх публічна выказваем - мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі аб непублічнасці нашых адносін і строга прытрымліваемся гэтага курсу. Калі ва Уладзіміра Уладзіміравіча ёсць заўвагі, то ён як мужык мне гэта гаворыць. Мы проста дружалюбна абмяркоўваем праблемы, калі яны ўзнікаюць. У беларусаў можа быць свая пазіцыя і свой пункт гледжання, у тым ліку па Украіне. Чым дрэнная наша роля і пазіцыя? Калі б я рабіў так, як мне рэкамендавалі пасля далучэння да Расіі Крыма, то была б тут пляцоўка па перагаворах? Ніколі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь мела і будзе мець сваю пазіцыю і пункт гледжання, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Трэба разумець: Беларусь - суверэнная незалежная дзяржава. Зразумела, мы вельмі цесна звязаны з рускім народам, мы браты, але мы хочам жыць у сваёй кватэры ў адным шматпавярховым доме. Калі нехта мяркуе (не толькі ў Расіі, але і ў іншых месцах), што нас гэтага можна пазбавіць, то скажу - ніколі. Мы незалежная дзяржава, якая пры гэтым нікому не стварае праблем і ствараць не будзе", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь вельмі цесна каардынуе сваю знешнюю палітыку з Расіяй. "Беларусь з Расіяй звязваюць шматвяковая гісторыя, агульныя духоўныя каштоўнасці і народная ментальнасць. Мы разам абаранялі родную зямлю ад фашысцкага прыгнёту і заваявалі Вялікую Перамогу. І сваю будучыню будуем сумеснымі намаганнямі, супрацоўнічаючы і ўмацоўваючы нашы суверэнныя дзяржавы", - сказаў ён.

Беларусь займае паслядоўную міратворчую пазіцыю. Менавіта таму Беларусь стала найбольш прыдатнай пляцоўкай для нядаўніх перагавораў па Украіне. "Актыўнасць у адносінах да мірнага ўрэгулявання ва Украіне садзейнічае далейшаму ўмацаванню міжнародных пазіцый Беларусі. Але, самае галоўнае, што і амерыканцы, і еўрапейцы прызналі (з імі шмат сустракаўся я, наш міністр замежных спраў), што Беларусь сёння адыгрывае адну з важнейшых функцый у рэгіёне па забеспячэнні бяспекі. Гэта праўда, справядліва", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам прынцыпова важна ўмацоўваць у нашых партнёраў усведамленне, што прадказальная і стабільная Беларусь - гэта каштоўнасць для ўсяго свету", - заявіў Прэзідэнт.

"У сучасным свеце, дзе роля і ўплыў СМІ ўвесь час нарастае, недазвольнай раскошай для любой дзяржавы з'яўляецца недаацэнка іх уплыву на грамадства. Беларусі не ўдасца застацца ўбаку ад гэтых глабальных працэсаў. Мы вымушаны па-новаму паглядзець на існуючую сістэму абароны сваёй інфармацыйнай прасторы. Яна павінна быць гібкай, адпавядаць усім патрабаванням часу", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, першачарговая задача - засцерагчы грамадзян ад выкарыстання ў адносінах да іх маніпуляцыйных тэхналогій, не парушыўшы пры гэтым канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі. "Адначасова неабходна павышаць ролю СМІ ў фарміраванні пазітыўнага іміджу нашай дзяржавы на сусветнай арэне. У гэтым пытанні ў нас доўгі час былі істотныя недапрацоўкі і іх неабходна ўстараняць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Унутраная і знешняя абстаноўка вакол Беларусі настойліва патрабуе актывізацыі ідэалагічнай работы. У цяперашніх умовах асаблівую каштоўнасць набывае аператыўная і дакладная інфармацыя, адкрытая размова ідэалагічнага актыву з людзьмі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы павінны быць спакойныя: мы сёння маем планы ў выпадку абвастрэння сітуацыі падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў. І гэта дастатковая сіла, каб процістаяць любым задумам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разам з адкрытай, шматвектарнай, міралюбівай палітыкай у краіне не забываюць і пра бяспеку. "Трэба заўсёды быць пільнымі. І ў гэтых умовах адказнасць сілавога блока, праваахоўных структур за забеспячэнне стабільнасці і правапарадку ў грамадстве шматразова ўзрастае. Міжнародная абстаноўка абавязвае нас умацоўваць абараназдольнасць Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што важнейшай знакавай падзеяй 2015 года з'яўляецца 70-годдзе Вялікай Перамогі, лёсавызначальнае значэнне якой неаспрэчна для беларускага народа. "Менавіта тады былі заваяваны мір, незалежнасць і закладзены фундамент для развіцця нашай дзяржавы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Неўміручая слава герояў-пераможцаў, гордасць за іх з'яўляюцца непахіснымі апорамі нашай нацыянальнай самасвядомасці. Сёння памяць аб Перамозе стала той духоўнай сілай, якая аб'ядноўвае нас у адданай любові да Радзімы".

"Давайце будзем усе разам берагчы яе, каб перадаць дзецям і ўнукам мірную, свабодную, квітнеючую краіну. Захаваем адзінства, спакой і згоду ў нашым агульным доме, іншага дому ў нас няма і не будзе", - заявіў беларускі лідар.

"Упэўнены, мы зробім усё, каб забяспечыць для Беларусі мір, незалежнасць і дынамічнае развіццё!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь выступае за адмену ўсялякіх санкцый і абмежаванняў у міжнародным супрацоўніцтве.

"Са свайго боку мы заўсёды гатовы падставіць плячо суседу ў цяжкую для яго хвіліну. І ад нашых партнёраў чакаем паважлівага стаўлення, пазбаўленага прававога нігілізму і санкцыйнага націску", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь - гэта надзейнае звяно, якое звязвае Усход і Захад. "Аб гэтым сведчыць шматвектарнасць знешнепалітычнага курсу Беларусі, накіраванага на развіццё ўзаемавыгадных адносін з рознымі краінамі свету. Стратэгічная мэта беларускай знешняй палітыкі зразумелая: стварэнне аптымальнага балансу нашых інтарэсаў паміж рознымі цэнтрамі сілы, выбудоўванне раўнапраўнага ўзаемадзеяння з вядучымі ігракамі на міжнароднай арэне", - сказаў Прэзідэнт.

Асабліва важна, што развіццё кожнага з вектараў знешняй палітыкі Беларусі праходзіць не на шкоду, а ў дапаўненне да адносін з іншымі ключавымі партнёрамі, дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь не страціць сваю незалежнасць у Еўразійскім эканамічным саюзе.

"Нашы апаненты палохаюць нас тым, што, увайшоўшы ў гэта інтэграцыйнае аб'яднанне, Беларусь страціць сваю незалежнасць. Такія сцверджанні цалкам беспадстаўныя. Вы гэта бачыце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы зыходзім з таго, што рэгіянальная эканамічная інтэграцыя з'яўляецца адным з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальнай эканомікі ва ўмовах нестабільнасці сусветнай эканамічнай сістэмы. Менавіта ў такім ключы і выбудоўваем сваю дзейнасць у Еўразійскім эканамічным саюзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ўдзел Беларусі ў еўразійскіх інтэграцыйных працэсах у якасці краіны-заснавальніка дае вялікія перавагі. "Мы атрымалі эканамічныя дывідэнды - я не буду іх пералічваць. Вядома, атрыманне пераваг у ЕАЭС звязана і з непазбежным узмацненнем канкурэнцыі для нашых прадпрыемстваў, неабходнасцю іх адаптацыі да ўмоў больш адкрытай эканомікі. Калі падпісваўся дагавор, мы адзначалі, што беларускі бок будзе ўважліва сачыць за ходам рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, за дынамікай устаранення выключэнняў у рамках пераходных перыядаў. Час паказаў правільнасць такога падыходу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, зняцце бар'ераў ва ўзаемным гандлі, адмова ад абмежаванняў у руху тавараў і паслуг, зразумела, з'яўляецца найбольш хвалюючым працэсам для любой дзяржавы. "Пытанні па энерганосьбітах, транспартных, фінансавых паслугах і шэрагу іншых пазіцый ва ўсіх вядомых сёння інтэграцыйных аб'яднаннях, уключаючы Еўрапейскі саюз, заўсёды вырашаліся з асаблівым напружаннем. Але калі мы заявілі аб безальтэрнатыўнасці інтэграцыйнага развіцця, то такі рух павінен ажыццяўляцца на раўнапраўнай аснове", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Нягледзячы на цяперашняе абвастрэнне геапалітычнай абстаноўкі, лічу, што наша ідэя інтэграцыі інтэграцый па-ранейшаму актуальная і перспектыўная. У рэшце рэшт мы прыйдзем да рэальнага збліжэння Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, да пабудовы Вялікай Еўропы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Ажыццяўленню гэтай ідэі садзейнічае старшынства Беларусі ў ЕАЭС", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заснаванне паўнацэннай арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб'ектнасцю, адкрывае перспектывы прынцыпова новага ўзроўню ўзаемадзеяння з сусветнымі эканамічнымі аб'яднаннямі. "Наша агульная задача - пазбегнуць новых раздзяляльных ліній у Еўропе, выкарыстоўваць патэнцыял канструктыўнага ўзаемадзеяння на карысць нашых народаў", - дадаў ён.

"І Еўрасаюз, і ЗША мяне разумеюць, калі я ім гавару: вы павінны ведаць, калі, не дай бог, што здарыцца, Беларусь будзе плячо ў плячо з Расіяй. Гэта наш саюзнік. Прыводжу прыклад: помніце, як у Іраку бамбілі? Нібыта знайшлі ядзерную зброю і павесілі Садама Хусэйна. Увесь свет ведаў, што гэта несправядліва, няправільна робяць Злучаныя Штаты Амерыкі. Але ўся Еўропа і натаўскія краіны выстраіліся адзін за адным і падтрымлівалі Амерыку, таму што яны саюзнікі. Усе павінны ведаць: мы былі з Расіяй разам і заўсёды будзем. І ніякіх пустых размоў у сувязі з Крымам, аб нібыта нейкім крэне Беларусі і паваротах кудысьці, не павінна быць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, у Расіі ёсць сілы, якія "вельмі хочуць абмежаваць уплыў беларускай мадэлі развіцця і таго ж Лукашэнкі на працэсы, што адбываюцца ў РФ". "Такіх людзей нямала, і яны пачынаюць нас ціснуць па ўсіх напрамках. Не звяртайце на гэта ўвагі, гэта пройдзе. Некаторыя пачынаюць пад'юджваць: маўляў, Лукашэнкі не будзе 9 мая ў Маскве на парадзе, ён нібыта, каб дагадзіць Захаду, так зробіць з прыцэлам пад прэзідэнцкія выбары. Якое глупства! Мы з кіраўніцтвам Расіі выразна дамовіліся: у свеце засталося дзве краіны, якія свята шануюць Вялікую Перамогу. Мы дамовіліся: у Беларусі свой парад і ўрачыстыя мерапрыемствы, таму Прэзідэнт павінен быць 9 мая ў краіне са сваім народам. І замяніць яго ў гэтым ніхто не можа, галоўнакамандуючы павінен прымаць парад. У Маскву мы прыедзем 8 мая і як мае быць адзначым свята Перамогі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Расія як была, так і застаецца нашым галоўным стратэгічным партнёрам. Супрацоўніцтва з ёю развіваецца паступальна, дынамічна. Беларуска-расійскія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы знаходзяцца сёння на высокім якасным узроўні - на тым узроўні, якога мы не дасягнулі ні ў якім іншым інтэграцыйным аб'яднанні. Стварэнне сумеснай канкурэнтаздольнай прадукцыі за кошт аб'яднання прамысловага, фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў умацуе нашы пазіцыі на міжнародных рынках і дасць магчымасць дастойна канкурыраваць з трэцімі краінамі. Расія да гэтага гатова", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што неад'емнай часткай нашай стратэгіі з'яўляецца далейшае нарошчванне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі, умацаванне і прымнажэнне напрацаваных сувязей з імі. Рэальна зрабіць гэта супрацоўніцтва яшчэ больш паспяховым праз рэалізацыю сумесных праектаў па стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцей, пашырэнне кааперацыі ў прамысловасці, транспарце, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на палітычную волю ЗША ў зняцці існуючых праблем у адносінах з Беларуссю.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мэтанакіраваная работа па пошуку агульных інтарэсаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі праз рэалізацыю праектаў у сферы эканомікі пачала ўжо даваць першыя адчувальныя вынікі.

"Мы намецілі далейшыя канкрэтныя крокі, прызначаныя павысіць узровень даверу ў двухбаковых адносінах", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

На думку беларускага лідара, шлях да нармалізацыі адносін з ЗША ляжыць праз раўнапраўнае канструктыўнае супрацоўніцтва. "І я рады, што нарэшце ў Амерыцы гэта зразумелі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Мы спадзяёмся, што амерыканскі бок таксама зыходзіць з гэтага і праявіць большую рашучасць і палітычную волю, каб зняць існуючыя праблемы", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацэньвае магчымасць падключэння ЗША да перагаворнага працэсу па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

"Калі ў ЗША ёсць намер нармалізаваць абстаноўку на паўднёвым усходзе Украіны - гэта абстаноўка будзе нармалізавана, сто працэнтаў. Калі ЗША зойме іншую пазіцыю - там не будзе міру. Хто гэтага не разумее? Разумеюць усе, нават звычайныя людзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што калі ў гэтым спатрэбіцца роля Беларусі, краіна гатова яе адыграць. "Убок мы адыходзіць не будзем, таму што гэта ўжо наша вайна, дзякуй богу, не на нашай тэрыторыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што аб сустрэчах у мінскім фармаце было шмат напісана. "Шмат хіхікання было, але тое, што ўжо ва Украіне не малоцяць буйнакалібернай зброяй, мінамётамі і артылерыяй, не гінуць тысячы людзей у бойні, - гэта ўжо вялікае дасягненне міжнароднай супольнасці, якая тут у Мінску дамовілася", - дадаў ён. Беларускі лідар звярнуў увагу: у Беларусі цэняць, што мінскую пляцоўку для перагавораў выбралі "нават тыя, хто нас ва ўпор ніколі не разглядаў".

"Мы адыгралі сваю ролю, тую, аб якой нас прасілі, і будзем далей прытрымлівацца такіх пазіцый не столькі таму, што гэта іміджава... Я раблю ўсё для таго, каб прадухіліць эскалацыю, каб яна не перацякала за межы Данбаса. Гэта асноўная прычына таго, чаму Беларусь умяшалася. Я не хачу, каб грамадзяне Беларусі ехалі ва Украіну і там гінулі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы ганарымся тым, што ў нас выдатныя адносіны з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, Індыя, наладжваюцца адносіны з Еўрасаюзам", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што Беларусь выйшла на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства з КНР. "Нас звязваюць шматгадовыя даверныя адносіны. У двухбаковым супрацоўніцтве мы перайшлі ад гандлю да рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў", - канстатаваў беларускі лідар. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк стане плацдармам для высокатэхналагічных вытворчасцей. У маі гэтага года паміж дзвюма краінамі будуць адкрыты прамыя авіязносіны.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што маючы адбыцца візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь надасць новы імпульс усебаковаму ўзаемадзеянню дзвюх краін.

Сённяшняе Пасланне - гэта актуалізацыя праблем, якія неабходна вырашыць у бягучым годзе.

"Я разумею, што сённяшняя размова ў Авальнай зале будзе ўсяляк аналізавацца, шмат будзе меркаванняў, размоў - на кухнях, у працоўных калектывах, у сродках масавай інфармацыі... Апярэджваючы ўсё гэта, хацеў бы папрасіць усіх вас, каб, ацэньваючы Пасланне, вы мелі на ўвазе, што ў нас вельмі насычаны год, і Пасланне будзе крыху своеасаблівым, актуальным і, зразумела ж, будзе ўлічваць усе мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу гэтага года", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў бліжэйшы час будуць сур'ёзна прааналізаваны падзеі, звязаныя з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. "Вельмі шмат інсінуацый, спробы перапісаць гісторыю, абвінаваціць нас у гэтай вайне, што мы сталі ледзь не прычынай. Па гэтым пытанні будзе сказана ў далейшым нямала", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, у Беларусі адбудзецца значнае ваенна-палітычнае мерапрыемства - парад Перамогі. "Зразумела, і на гэту тэму ўлада павінна даць сваё вызначэнне і сваё стаўленне да гэтага", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб дамоўленасці на працягу года правесці як мінімум тры нарады па важных актуальных пытаннях развіцця краіны. У прыватнасці, нарады будуць прысвечаны абмеркаванню праблем развіцця сельскай гаспадаркі, сферы ЖКГ і адукацыі. Па ўсіх гэтых напрамках былі створаны адпаведныя рабочыя групы, якія сур'ёзна прааналізавалі сітуацыю і ўнеслі прапановы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нарадах будзе падведзены вынік: было рэфармаванне памылковым ці ўсё ж правільным.

"Я не стану ўтойваць: перадвыбарная праграма Прэзідэнта. Чытай - улады. Гэта будзе кароткае акумуляванне ўсіх пытанняў, якія мы вырашылі, будзе паказаны той узровень, на які мы выйшлі, і, самае галоўнае, пастаўлены задачы, якія ўлада абяцае вырашыць у будучае як мінімум 5-годдзе, а можа, і больш", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама дадаў, што пасля заканчэння Паслання гатовы адказаць на пытанні парламентарыяў.

Аб эканоміцы

У Беларусі да канца года будуць прыняты важныя рашэнні ў эканамічнай палітыцы, якія дадуць магчымасць забяспечыць новыя фактары росту.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прычыны ўзнікшай складанай сітуацыі ў эканоміцы відавочныя - гэта санкцыі супраць галоўнага партнёра Беларусі, спад цэн на нафту, дэвальвацыя расійскага рубля, звужэнне расійскага рынку. Усё гэта прывяло да натуральнага і рэзкага зніжэння збыту прадукцыі на рынках ключавых партнёраў Беларусі - Расіі, Украіны і Казахстана, усёй постсавецкай прасторы.

"Няма продажаў - няма выручкі ў прадпрыемстваў. У выніку менш валюты, падаткаў, грошай у бюджэце. Адсюль немагчымасць павышаць зарплату, скарачаецца занятасць людзей. Гэтыя знешнія фактары нам непадуладныя. Мы жывём у глабальным свеце, і ў нас адкрытая эканоміка, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Праблемы суседзяў неадкладна становяцца нашымі ўласнымі. І гэта аб'ектыўны бок крызісных з'яў".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за апошнія дваццаць гадоў сусветная эканоміка радыкальна змянілася і на змену індустрыяльнай эканоміцы ідзе эканоміка ведаў і паслуг. Ён нагадаў, што яна ўжо стала асновай у найбольш развітых дзяржавах свету, такіх як ЗША, краіны Еўрасаюза, Японія, Ізраіль, "азіяцкія тыгры", курс на яе будаўніцтва ўзяў і Кітай, які па праву мае статус "фабрыкі свету". "Перад намі стаіць такая ж задача. І, відаць, трэба прызнаць, што мы спазняемся з яе вырашэннем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць, што ёсць і яшчэ адна прычына праблем: якасць і прадукцыйнасць працы, якія не заўсёды канкурэнтныя.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што гэта толькі схематычнае абазначэнне прычын цяперашняй сітуацыі, аднак, на яго думку, яно вельмі неабходна, таму што яснае разуменне вытокаў праблем дае магчымасць хутчэй знайсці шляхі іх вырашэння.

"Даючы дакладныя адказы на самыя вострыя пытанні людзей, сёння мала сказаць: мы ўтрымаем курс, стрымаем цэны і захаваем рабочыя месцы. Значна важней паказаць, як мы гэта зробім", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Яшчэ раз хачу падкрэсліць: калі нехта ва ўрадзе хоча кіраваць з кабінета, гледзячы ў акно на плошчу, на чысціню вакол Дома ўрада, то гэта не той падыход. Так, урад у цэлым адказвае за эканоміку, але эканоміка, урад павінен аб гэтым помніць, робіцца перш за ўсё на прадпрыемствах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, урад павінен з'яўляцца сур'ёзным рэгулятарам, які вызначае стратэгію і дабіваецца выканання гэтай стратэгіі, але пры гэтым кожны дзень унікаць у работу таго ці іншага прадпрыемства. "Кожны міністр - член урада, віцэ-прэм'еры і прэм'ер павінны бачыць прадпрыемствы, павінны разумець, якія працэсы адбываюцца ў працоўных калектывах, вырашаць канкрэтныя пытанні і, можа, патрабаваць з таго ж дырэктара за вырашэнне пытанняў, калі ён іх не вырашае", - канстатаваў Прэзідэнт. Але гэта не значыць, што ўрад будзе ўмешвацца ў аператыўную дзейнасць дырэктараў і кіраўніцтва прадпрыемстваў, адзначыў ён. "Ні ў якім разе - гэта будзе проста перашкаджаць рабоце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўдасканаліць сістэму кіравання дзяржаўнымі актывамі і прадпрыемствамі.

"Канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў вызначаецца эфектыўнасцю кіравання імі. Калі мы аператыўна не ўдасканалім сваю сістэму кіравання дзяржаўнымі актывамі і прадпрыемствамі, то і далей будзем прайграваць у барацьбе за рынкі. І гэты пройгрыш будзе толькі павялічвацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ураду неабходна ўнесці пакет нарматыўных дакументаў аб падзеле функцый дзяржавы як уласніка і як рэгулятара, а таксама аб сістэме кіравання прадпрыемствамі з улікам сучаснага сусветнага вопыту.

Прэзідэнт канстатаваў, што кожны павінен займацца сваёй справай і даваць вынік: урад кіраваць эканомікай у цэлым, міністры - галінамі, губернатары - рэгіёнамі, дырэктары - прадпрыемствамі. Міністэрствы павінны заняцца галіновым рэгуляваннем: удасканальваць заканадаўства, распрацоўваць тэхналагічныя стандарты, забяспечваць спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу, роўныя правы для ўсіх форм уласнасці. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная асоба, якая адказвае за прадпрыемства, - гэта дырэктар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду рэструктурызаваць неплацежаздольныя вытворчасці з прыцягненнем інвестараў.

"Падтрымка прадпрыемства, якое аб'ектыўна не патрэбна рынку і эканоміцы, якое фактычна зжыло сябе і не можа існаваць, - гэта прамое амярцвенне рэсурсаў, калі мы, спрабуючы яго выратаваць, укладваем туды грошы. Ліквідацыя адсталага прадпрыемства не трагедыя, а элементарная разважлівасць. Я нават не сказаў бы, што ліквідацыя. Перапрафіляванне такім чынам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, прадпрыемства становіцца непатрэбным не толькі таму, што там слабае кіраўніцтва або нядбайны калектыў - можа ўстарэць канкрэтны від прадукцыі, звузіцца рынак або выявіцца новы напрамак бізнесу, больш выгадны ў параўнанні з ранейшым. "У гэтым выпадку выйграе той, хто першым згортвае бесперспектыўны напрамак, змагаецца за стварэнне і стварае новы напрамак, чытай, прадукцыю на гэтым жа прадпрыемстве з гэтым працоўным калектывам", - канстатаваў Прэзідэнт.

Неабходна стварыць такія ўмовы, каб побач з прадпрыемствам, якое закрываецца, узнікла іншае, больш перспектыўнае, з новымі рабочымі месцамі і больш высокай зарплатай. "Гэта вырашыць і праблемы занятасці, і будзе толькі стабілізаваць абстаноўку ў працоўным калектыве і нашай краіне", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што хуткая рэакцыя на ўмовы, што змяніліся, - залог перамогі ў канкурэнтнай барацьбе. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду арганізаваць работу па рэструктурызацыі неплацежаздольных вытворчасцей з прыцягненнем інвестараў.

"Калі мы паралізуем чалавека страхам памылкі, мы гарантавана знішчаем любы прагрэс. Менавіта на свабодзе пошуку рашэнняў, на праве рызыкі заснаваны ўсе паспяховыя эканамічныя мадэлі як на Захадзе, так і на Усходзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі той, хто рызыкуе і дбае аб дзяржаве, прадпрыемстве і працоўным калектыве, ніколі не будзе пакараны. "Мы заўсёды падтрымаем яго, а памылку дапаможам выправіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"У наступным годзе мы ўводзім мараторый на рост колькасці і ставак падаткаў. Адначасова ўбяром залішні кантроль за эканомікай, рэзка скароцім дубліраванне праверак. Трэба ліквідаваць сітуацыю, калі праваахоўныя і кантралюючыя органы, "якія назіраюць" за кожным крокам дырэктара, фактычна бяруць на сябе кіраванне прадпрыемствам, не несучы адказнасці за вынікі яго работы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, неабходна зрушыць акцэнты кантролю з бягучай дзейнасці прадпрыемства на канчатковыя вынікі - прыбытак і рэнтабельнасць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, калі і прыходзіць на прадпрыемства з наручнікамі, то толькі з цвёрдым перакананнем, што там кіраўнік або група - злачынцы. "Дарэчы, гэта сёння і робіцца. У нас у асноўным буйныя прадпрыемствы маюць, можна так сказаць, індульгенцыю Кіраўніка дзяржавы і ўваходзяць у яго кадравы рэестр. Таму ніхто туды без дазволу Прэзідэнта з наручнікамі і пісталетам не прыйдзе і прэтэнзій не прад'явіць", - растлумачыў прэзідэнт. Такія прадпрыемствы Камітэт дзяржбяспекі, МУС або пракуратура не маюць права кантраляваць сваімі метадамі без дазволу Кіраўніка дзяржавы. "Але каб атрымаць такі дазвол, трэба пакласці на стол канкрэтныя факты. Або хаця б адзін факт. Мы не будзем шукаць дзясятак фактаў, каб выказаць прэтэнзіі нядбайнаму кіраўніку. Дастаткова аднаго факта", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржсакратарыяту Савета бяспекі і адпаведным спецыялістам унесці праекты канкрэтных нарматыўных актаў, якія раз і назаўсёды вырашаюць гэту праблему. "Каб больш ніколі ў грамадстве не было пустых размоў аб звышкантролі за прадпрыемствамі і кіраўнікамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Зніжэнне інфляцыі ў Беларусі з'яўляецца прыярытэтнай задачай.
"Макраэканамічная стабільнасць - гэта залог нармальнага бізнесу. Зніжэнне інфляцыі для нас - прыярытэтная задача. Насельніцтва непакоіць менавіта рост цэн", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, асноўны шлях стабілізацыі цэн - скарачэнне сабекошту прадукцыі і паслуг, скарачэнне затрат з абавязковым захаваннем дасягнутага ўзроўню дабрабыту насельніцтва. "Значыць, прадпрыемствам давядзецца зніжаць затраты не за кошт заработнай платы людзей, якую мы сёння на асобных прадпрыемствах несвоечасова плацім", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высокая інфляцыя сведчыць аб неэфектыўнасці выкарыстання грошай. "Яны павінны даваць аддачу. Тады і працэнтныя стаўкі будуць нізкімі, і крэдыты даступнымі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў ураду і Нацыянальнаму банку ўжо ў гэтым годзе выпрацаваць канкрэтную антыінфляцыйную праграму.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не дапускаць неабгрунтаванага росту цэн.

"Мы ж самі пастаянна ўзнімаем цэны, маючы на ўвазе, што і па ЖКГ народ не даплачвае, і аб'еўся народ - вельмі нізкія цэны на прадукты харчавання, і энергетыка бедная, церпіць, трэба ўзняць цэны, даходы прадпрыемствам нафтаперапрацоўкі і іншым, яны, бачыце, мадэрнізуюцца, зарплата нізкая. Гэтага больш быць не павінна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што практычна ўсе цэны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Гэта стала відавочным у канцы 2014-га - пачатку бягучага года. "Калі нам трэба было стрымаць тых, хто зарваўся, то мы не стваралі ніякіх структур, не пылілі ў сродках масавай інфармацыі, мы ціха і спакойна ўзялі пад кантроль цэны. Калі мы ўбачылі, што нельга залішне іх пераціскаць, то па нейкіх пазіцыях адпусцілі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён прывёў у прыклад кошт свініны, які не толькі не вырас, але нават знізіўся.

"Цэны залежаць ад нас. І нам трэба раз і назаўсёды прыняць рашэнне - калі мы не можам сёння павысіць зарплату, то і не трэба яе павышаць. У нас яе ніхто не просіць павысіць. Але вы не забірайце другой рукой з кішэні народа грошы. Гэта значыць не павышайце цэны там, дзе можам кантраляваць, - на ЖКП, цяпло, святло", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, такі падыход неабходна захаваць як мінімум да канца года і паглядзець, якой будзе сітуацыя да 1 студзеня 2016 года.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прыняць неабходныя рашэнні па новым механізме аказання дзяржаўнай падтрымкі.

"У бюджэтным працэсе трэба перайсці на выдзяленне сродкаў па праграмна-мэтавым метадзе. Як гавораць эканамісты, бюджэтаванне, арыентаванае на вынік", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, дзяржаўная падтрымка павінна аказвацца толькі на конкурснай аснове, выключна ў ходзе рэалізацыі дзяржпраграм, з роўным доступам да рэсурсаў для арганізацый усіх форм уласнасці.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. "Сутнасць простая - не прасіце больш грошай, па-гаспадарску выкарыстоўвайце тое, што ёсць. Усе скаргі на няхватку абаротных сродкаў, інвестыцый трэба спыніць. Грошы ў эканоміцы ёсць. Але многія прадпрыемствы амярцвілі іх у складскіх запасах, даўгабудах, дэбіторскай запазычанасці. Вось тут трэба шукаць фінансавыя рэсурсы!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў сітуацыю, калі ўрад звярнуўся да яго з прапановай выдзеліць МАЗу Br100 млрд. "У мяне пытанне - чаму ў гэта прадпрыемства? У нас што, няма праблем на іншых прадпрыемствах? Чаму мы ў МАЗ павінны ўкласці гэтыя Br100 млрд, мы ж гаворым аб тым, што роўны падыход павінен быць да ўсіх", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прадпрыемствы ў першую чаргу павінны арыентавацца на збыт прадукцыі і заключэнне дагавораў, больш актыўна разгружаць склады. "Дапамагаць будзем. Але не пад абяцанні, а пад канкрэтны кантракт", - заявіў ён. Вяртаючыся да тэмы МАЗа, Прэзідэнт падкрэсліў: "Страціць яго - падобна смерці. Гэта іміджавае прадпрыемства, гэта твар краіны".

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць спрыяльнымі канкурэнтныя ўмовы ў беларускай эканоміцы.

"Чаму мы ныем, стогнем і плачамся? У нас што, вайна сёння ідзе? Мы рэсурсы атрымліваем па самай высокай цане? Я не хачу прыводзіць разлікі, колькі мы эканомім толькі на прыродным газе ў сувязі са спадам цаны на нафту. У нас нармальная сітуацыя і нармальныя ўмовы. Але трэба напружыцца і вырашаць праблемы. Не можаш вырашаць - ідзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сітуацыю, калі былыя кіраўнікі спрабуюць вярнуцца на работу ў дзяржаўныя органы ў тыя сферы, дзе яны некампетэнтныя. "У такіх выпадках ёсць свабодныя прадпрыемствы. Вось табе прадпрыемства - ідзі і працуй, давай вынік", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ключавой задачай антыманапольнай і канкурэнтнай палітыкі павінна быць вызначэнне справядлівых тарыфаў і цэн. "Ніякай змовы гандлёвых сетак і ўзнімання цэн! Унутраны спажывецкі рынак павінен быць таксама надзейна абаронены ад падробак, фальсіфікату і кантрафактнай прадукцыі", - заявіў Прэзідэнт.

Толькі ў 2014 годзе ў краіну было ўвезена 6,2 тыс. аналагічных МАЗам аўтамабіляў. "Паўстае пытанне - чаму вы іх завезлі? Чаму пры наяўнасці такой вытворчасці халадзільнікаў мы ўвозім з-за мяжы? Чым горшы наш халадзільнік?", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіны ЕАЭС сёння ўсяляк спрабуюць абараніць свае ўнутраныя рынкі ад увозу замежнай прадукцыі. Пры гэтым ён выступіў супраць штучных забарон на імпарт тавараў і да таго падобных мер. "Трэба дамаўляцца", - лічыць ён.

"Трэба прызнаць, рост цэн - гэта вынік недахопу канкурэнцыі. Дзяржава павінна развіваць добрасумленную канкурэнцыю. На жаль, наша антыманапольная служба слабая, аморфная. Трэба падумаць, як нам узмацніць антыманапольную работу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Ёсць прапанова ўзмацніць антыманапольную службу. Добра, давайце гэта зробім. Але калі вы думаеце, што замест 100 чалавек будзе 500 і яны вырашаць праблему, то гэта пусты гук. Сёння трэба выпрацаваць сістэму", - заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, антыманапольная служба павінна каардынаваць і рэгуляваць працэсы, падказваць, але не ўмешвацца ў дзейнасць старшынь аблвыканкамаў і іншых.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў дасканала выверыць і выбудаваць новую тарыфную палітыку ў сферы натуральных манаполій - у энергетыцы, чыгуначнай, авіяцыйнай, жыллёва-камунальнай галінах.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць размяшчэння акцый вядучых прадпрыемстваў Беларусі на сусветных біржах.

"Неабходна задзейнічаць усе сегменты фінансавага рынку - страхавы сектар, рынак каштоўных папер, інвестыцыйныя фонды, мікрафінансавыя і лізінгавыя арганізацыі, пазабіржавы рынак Форэкс і гэтак далей. Пры гэтым трэба забяспечыць кантроль з боку дзяржавы. І мегарэгулятарам тут стане Нацбанк. Наш фінансавы рынак павінен быць інтэграваны ў сусветны. Прадпрыемствам і банкам неабходна выходзіць на міжнародныя фінансавыя рынкі і прыцягваць рэсурсы для развіцця. У бліжэйшы час трэба прапрацаваць магчымасці размяшчэння акцый вядучых прадпрыемстваў краіны на сусветных біржах, каб хаця б прыцаніцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў сувязі з гэтым выключна важнае пытанне амністыі капіталу. "Сёння ўсе краіны свету змагаюцца за фінансавыя патокі. Пры гэтым традыцыйныя фінансавыя цэнтры робяць усё, каб захаваць свой ранейшы ўплыў і любымі спосабамі не дапусціць з'яўлення новых цэнтраў, прывабных для капіталу. Часта гэта робіцца пад выглядам нібыта барацьбы з ценявым фінансавым сектарам. На самай справе ўсім навязваюцца ўніверсальныя правілы, якія ў канчатковым выніку выгадны перш за ўсё абмежаванай колькасці краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Паслядоўна ўстараняецца магчымасць канкурэнцыі паміж дзяржавамі, ствараюцца ўмовы для ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін пад маркай забеспячэння празрыстасці фінансавых патокаў".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сувязі з гэтым неабходна ўважліва прааналізаваць, наколькі адпавядаюць нацыянальным інтарэсам міжнародныя пагадненні па фінансавым маніторынгу. "Вы самі бачыце, якія няпростыя працэсы намеціліся ў адносінах Расіі і заходняга свету. Цяпер там вядзецца работа па шырокай амністыі капіталу - фактычна яны спрабуюць вярнуць хаця б частку фінансавых патокаў, якія ў свой час пайшлі з краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Перспектыўным прамысловым прадпрыемствам Беларусі будзе аказвацца кропкавая падтрымка.

"Мы разглядаем індывідуальна кожнае прадпрыемства. І калі бачым, што яно "варушыцца", але з-за аб'ектыўных умоў ёсць складанасці, мы, вядома, такому прадпрыемству дапаможам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прамысловыя прадпрыемствы не павінны думаць, што дзяржава будзе плаціць за іх крэдыты. "Гэтага не было і быць не можа", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на гэта сказаў, што рэструктурызацыя запазычанасці прампрадпрыемстваў па раней атрыманых крэдытах накіравана на тое, каб прадпрыемства магло лягчэй абслугоўваць свае крэдытныя абавязацельствы. "Але пры гэтым яно павінна іх абслугоўваць", - падкрэсліў ён.

"Мы таксама павінны сур'ёзна падумаць аб тым, як зрабіць Беларусь прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Даручаю ўраду, парламенту, Нацыянальнаму банку грунтоўна прааналізаваць сусветныя працэсы, што адбываюцца ў гэтай сферы, у тым ліку прааналізаваць заканадаўства, якое мы маем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама даручыў унесці пакет сістэмных прапаноў па паўнацэнным фарміраванні і эфектыўным функцыянаванні фінансавага рынку і яго рэгулятара. "Прадумайце, што канкрэтна можна было б зрабіць, каб у нашу эканоміку вярнуліся капіталы з ценю, а Беларусь стала сур'ёзным рэгіянальным фінансавым цэнтрам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Трэба будзе актывізаваць работу па прыцягненні прыватных інвестыцый у вёску. Ураду неабходна стымуляваць інвестараў на аснове індывідуальнага падыходу да кожнага з іх пры продажы сельскагаспадарчых арганізацый", - сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што не менш актуальнай задачай з'яўляецца ўкараненне ў сельскую гаспадарку найноўшых дасягненняў навукі і перадавой практыкі.

Прэзідэнт прызнаў, што ў рэспубліцы за апошнія гады многага дабіліся ва ўздыме сельскай гаспадаркі. "Поўнасцю забяспечваем харчовую бяспеку. Значна нарасцілі экспартны патэнцыял галіны, ператварыўшы яе ў адну з важных крыніц паступлення валюты", - заўважыў ён. Беларусь - трэці ў свеце экспарцёр сметанковага масла, уваходзіць у дзясятку буйнейшых экспарцёраў малака, знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях у свеце па пастаўках сыроў за мяжу. Акрамя таго, у краіне сканцэнтравана каля 16 працэнтаў сусветных пасеваў ільну.

"Беларусь практычна поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, імпарт складае менш як 10 працэнтаў усяго аб'ёму спажывання, а экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў 50 краін свету. Тым не менш галіна мае патрэбу ў новых, больш эфектыўных метадах яе далейшага развіцця", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, цяпер галоўнае - працаваць на прынцыпах самаакупнасці.

Як адзначыў Прэзідэнт, ва ўмовах скарачэння дзяржпадтрымкі важную ролю павінны адыграць такія механізмы, як канкурэнтны адбор і акупнасць праектаў, аднолькавы доступ да крэдытаў і іншых рэсурсаў, а таксама адказнасць за рэалізацыю і дасягненне намечаных паказчыкаў.

"У жыллёвым будаўніцтве неабходна дапоўніць дзеючы механізм дзяржпадтрымкі іпатэчным крэдытаваннем, сістэмай будаўнічых зберажэнняў, арэндай жылля", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Нацыянальнаму банку і беларускаму ўраду трэба выпрацаваць эфектыўныя крэдытна-фінансавыя інструменты, якія даюць магчымасць забяспечыць доступ да гэтых праграм шырокага сярэдняга класа, што фарміруецца ў беларускім грамадстве.

"Усе сучасныя механізмы кіравання, якія выкарыстоўваюць нашы канкурэнты, павінны быць укаранёны ў нас. Сёння неабходна паскораная інфарматызацыя эканомікі, тым больш што мы можам гэта рабіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі - гэта не проста галіна, гэта адзін з ключавых рычагоў кіравання эканомікай і грамадствам у цэлым.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі апошнім часам хутка развіваецца сектар ІТ-індустрыі, краіна сур'ёзна рушыла наперад у сусветных рэйтынгах развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. "Па гэтым паказчыку мы ўжо апярэджваем усе краіны постсавецкай прасторы. Толькі сістэмны характар інфарматызацыі забяспечыць яе далейшы поспех", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Акцэнт неабходна зрабіць на пашырэнні экспартнай карзіны за кошт высокатэхналагічных тавараў і паслуг, якія карыстаюцца попытам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што трэба мяняць не толькі геаграфію экспарту, але і яго структуру. "Цяпер значную частку беларускіх паставак складаюць сыравінныя тавары: калійныя ўгнаенні, сырая нафта і нафтапрадукты, чорныя металы, драўніна. Абвал хаця б на адным з гэтых рынкаў негатыўна ўплывае на ўсю нашу эканоміку", - растлумачыў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне трэба змяніць падыходы да продажу айчынных тавараў. "Спачатку неабходна шукаць рынкі, а потым вырабляць тавар. У нас жа робіцца ўсё наадварот. Кожнаму кіраўніку прадпрыемства неабходна зразумець: маркетынг, рэклама, прасоўванне тавару такія ж важныя, як вытворчасць, якасць, цана і сабекошт", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён прызнаў, што асваенне новых рынкаў, пошук партнёраў, наладжванне доўгатэрміновых гандлёвых адносін з'яўляецца няпростай задачай. На яго думку, зніжэнне продажаў у Расіі і Украіне неабходна кампенсаваць пашырэннем паставак у іншыя краіны. Пры гэтым нельга зніжаць актыўнасць прасоўвання нашай прадукцыі на традыцыйныя рынкі. "У той жа Расіі трэба даходзіць да кожнага рэгіёна, выкарыстоўваць любую магчымасць. Гэта датычыцца і постсавецкай прасторы", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што прыток валюты ў краіну павінен стаць галоўным клопатам і крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці работы кіраўніцтва прадпрыемстваў. "Нельга забываць, што экспарт - гэта асноўная крыніца валюты і гарант стабільнасці беларускага рубля", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, выбудоўванне "далёкай дугі" беларускай знешняй палітыкі з'яўляецца прынцыпова важным для Беларусі напрамкам. "Узаемадзеянне з краінамі гэтых рэгіёнаў дасць магчымасць знаходзіць дадатковыя пункты апоры, якія павышаюць устойлівасць нашых знешнепалітычных і знешнеэканамічных пазіцый", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, рэгіёны Паўднёвай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі ўяўляюць асаблівую значнасць для Беларусі, у першую чаргу як ёмістыя і хутка растучыя рынкі для айчынных тавараў і паслуг, як перспектыўныя інвестары ў беларускую эканоміку. "У сувязі з гэтым ключавым беларускім прадпрыемствам неабходна выразная стратэгія замацавання на азіяцкім рынку, што прадугледжвае ў якасці адной з прыярытэтных задач стварэнне сумесных вытворчасцей у такіх дзяржавах рэгіёна, як В'етнам, Інданезія, Індыя", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прадаўжэнне супрацоўніцтва Беларусі з Венесуэлай і Кубай, добры патэнцыял для развіцця адносін з Балівіяй, Эквадорам, Нікарагуа. Паводле яго слоў, у гэтых краінах беларуская прадукцыя запатрабавана і карыстаецца попытам. Нягледзячы на ўсю складанасць і працаёмкасць наладжвання кааперацыйных сувязей з рэгіёнам Лацінскай Амерыкі, Прэзідэнт лічыць, што пашырэнне беларускіх эканамічных інтарэсаў у заходнім паўшар'і мае вельмі вялікае значэнне для краіны.

"Надышоў час рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў з дзяржавамі Аравійскага паўвострава. Для гэтага створана максімальна спрыяльная атмасфера. Адпаведныя дамоўленасці дасягнуты з кіраўніцтвам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Гатовы да актывізацыі інвестыцыйнага супрацоўніцтва і інвесціруе ў Беларусь Катар. Перспектыўнымі партнёрамі з'яўляюцца Аман і Саудаўская Аравія", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Не менш важным напрамкам з'яўляецца і ўмацаванне сувязей і раўнапраўнага супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, рэгіянальнымі аб'яднаннямі, саюзамі і асобнымі дзяржавамі. "Акцэнт неабходна зрабіць на прыцягненні крэдытаў, пазык, тэхнічнай і іншых відаў дапамогі для вырашэння актуальных праблем нашага эканамічнага развіцця", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўмовы адкрыцця, вядзення і закрыцця бізнесу павінны быць простыя і зразумелыя, прычым не на паперы, а на справе. "Ураду разам з прадпрымальнікамі неабходна прасачыць увесь ланцужок ад адкрыцця да ліквідацыі бізнесу. Паглядзіце з пункту гледжання разумнага сэнсу і ў разы скараціце колькасць дакументаў, справаздач, узгадненняў, статыстыкі на ўсіх узроўнях і этапах. Асаблівую ўвагу ўдзяліце развіццю малога і сярэдняга бізнесу. Гэта аснова працвітання любой эканомікі і стабільнасці дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

"Скарачаць ільготы і падтрымку прадпрыемствам мы абавязкова будзем. У якім аб'ёме - гэта жыццё павінна будзе паказаць. Дэпутатам і ўраду неабходна вызначыць, якія пакінуць падатковыя льготы. Калі вы дамовіцеся, то нават умешвацца ў гэту праблему не будуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што скарачаць цяпер існуючыя сацыяльныя льготы не плануецца - дзяржава падтрымлівала і будзе падтрымліваць людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. "Што датычыцца прадпрыемстваў, то вось гэтых трат быць не можа", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што льготы могуць быць прадастаўлены пад акупныя інвестыцыйныя праекты. "Нам Кітайская Народная Рэспубліка выдзеліла ўвогуле крэдытаў на $15 млрд. Але сёння жорсткі падыход да адбору тых, хто прэтэндуе на гэтыя крэдыты. І мы не можам выбраць гэтыя крэдыты, таму што нас ніхто не можа пераканаць у акупнасці і выгаднасці таго або іншага праекта. Будзе добры праект - і льготы прадаставім, але гэта будзе індывідуальна", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Прэзідэнт адзначыў, што неабходна ўважліва разглядаць кожны праект, што прапануецца замежным інвестарам. "У нас перагіб намеціўся - прыходзіць замежны інвестар, хоча пабудаваць прадпрыемства. Дык мы як на ікону молімся. Калі пачынаем прапанову вывучаць, высвятляецца, што ён хоча шмат ільгот, прычым на дзесяць і больш гадоў. Калі ў нас было дзікае беспрацоўе, нам былі патрэбны рабочыя месцы, тады на гэта можна было ісці, не думаючы. Але цяпер трэба думаць аб тым, што мы ад гэтага праекта атрымаем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі павінны быць роўныя ўмовы як для айчынных, так і замежных інвестараў, каб была здаровая канкурэнцыя.

Аб сацыяльнай сферы

Прэзідэнт адзначыў, што трэба замацаваць станоўчыя дэмаграфічныя працэсы. З 2013 года ў краіне адзначаецца прырост насельніцтва. "Нам удалося практычна сціснуць "дэмаграфічныя нажніцы", скараціўшы амаль у 4 разы натуральную страту насельніцтва за кошт павелічэння нараджальнасці, працягласці жыцця людзей і зніжэння смяротнасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А ўспомніце, літаральна 10 гадоў таму аналітыкі розных масцей, розных краін, у тым ліку дамарослыя, прагназавалі, што колькасць насельніцтва да 2015 года зменшыцца да 8,3-8,5 млн чалавек. Мы сёння перавалілі за 9,5 млн чалавек". Пры захаванні гэтай тэндэнцыі колькасць насельніцтва краіны можа ўзрасці да 10 млн чалавек.

Такія вынікі дасягнуты ў многім дзякуючы развіццю аховы здароўя. У краіне створана шматузроўневая сістэма: ад ФАПаў да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, выконваюцца вельмі складаныя аперацыі, у тым ліку па перасадцы органаў. "Умеем рабіць усё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы і канкрэтызаваў: ад аховы здароўя да будаўніцтва атамнай станцыі. "Трэба толькі быць смялейшымі, трэба ісці насустрач праблемам", - лічыць Прэзідэнт.

У Беларусі істотна павышаны памеры сямейных дапамог. Створаны роўныя ўмовы для ўсіх катэгорый сем'яў, іх падтрымка ўзмацняецца з нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці. Гэта і ў далейшым будзе заставацца нацыянальным прыярытэтам, запэўніў Кіраўнік дзяржавы. На рэалізацыю гэтага прыярытэту і накіраваны ўказ аб увядзенні сямейнага капіталу.

"Моцная сям'я, у якой выхоўваюцца як мінімум трое дзяцей, павінна стаць грамадскім ідэалам, сацыяльнай нормай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Асноўная мэта сацыяльнай палітыкі дзяржавы - дабрабыт народа, павышэнне ўзроўню і якасці яго жыцця. Клопат аб людзях розных пакаленняў, рэалізацыя прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, увага да чалавека - гэта галоўнае для органаў улады", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Часам і я грашу гэтым, але ўрад вельмі тонка гэта адчуў. І ўсе гавораць: у нас народ разбалаваны. Так, крыху недзе разбалавалі народ. Але ж гэта трэба паставіць сабе ў заслугу, што падтрымліваем народ, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мэта нашай дзяржавы і любой улады ў любой дзяржаве - гэта народ. Усё дзеля чалавека".

"Заўтра ўсе будзем на пенсіі, не будзе чорных партфеляў, чорных аўтамабіляў і г.д і да т.п. Рана ці позна мы станем звычайнымі простымі людзьмі, - дадаў беларускі лідар. - Трэба памятаць аб гэтым і ствараць нармальную дзяржаву для народа".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на цяперашнія няпростыя ўмовы, бюджэт 2015 года, як і ў папярэднія гады, захоўвае сацыяльную накіраванасць. Гэта важны фактар забеспячэння згоды ў грамадстве і стабільнасці дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. І за апошні час узнялася ў адпаведным сусветным рэйтынгу з 58-га на 53-е месца сярод амаль 200 дзяржаў. Аднак нельга спыняцца на дасягнутым, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Вядучую ролю ў павышэнні якасці чалавечага патэнцыялу адыгрывае сістэма адукацыі. У арбіту яе дзейнасці непасрэдна або ўскосна ўключана практычна ўсё насельніцтва краіны. Паўсюдна створаны ўмовы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. Разам з тым не вырашана пытанне забеспячэння крокавай даступнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, асабліва ў мікрараёнах-новабудоўлях абласных цэнтраў і Мінска. Даручаю аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму вырашыць гэту праблему, забяспечыць будаўніцтва дзіцячых садоў", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, таксама неабходна перагледзець функцыянальнасць існуючых аб'ектаў дашкольнай адукацыі. Некаторыя дзіцячыя сады трэба перапрафіляваць, а сродкі накіраваць на іншыя мэты. У некаторых мікрараёнах трэба ўзвесці новыя будынкі. Дзіцячы сад павінен знаходзіцца побач, каб бацькі маглі пакінуць дзіця і спакойна ісці на работу, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Да канца года неабходна давесці іх долю як мінімум да 50 працэнтаў у вартасным выражэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што, як паказваюць сусветныя рэйтынгі, па ўзроўні развіцця аховы здароўя Беларусь займае перадавыя пазіцыі. Забяспечана максімальная даступнасць сучаснай медыцыны для ўсіх слаёў насельніцтва. "У сталіцы і рэгіёнах створаны медыцынскія цэнтры розных профіляў. Па апошнім слове тэхнікі аснашчаны бальніцы, мадэрнізуюцца паліклінікі", - адзначыў ён.

Разам з тым беларускі лідар звярнуў увагу, што ў многіх грамадзян захоўваецца нядбайнае стаўленне да ўласнага здароўя. "Гэта адбываецца таму, што за лячэнне вялікія грошы, як на Захадзе, ніхто не плаціць. Там людзі разумеюць: калі захварэеш, то давядзецца раскашэліцца так, што мала не пакажацца. Вядома, мы платную медыцыну заўтра не ўвядзём. Трэба неяк ідэалагічна далучаць людзей да здаровага ладу жыцця", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на расходы ў сферы адукацыі штогод выдзяляюцца вялізныя бюджэтныя сродкі. "Неабходна, каб яны расходаваліся з максімальнай карысцю. Як паказвае практыка, цяпер у нас лішак кадраў пэўных спецыяльнасцей і ў той жа час у розных ВНУ функцыянуе мноства дубліруючых факультэтаў. Нам патрэбна не колькасць, а сусветны ўзровень навучальных устаноў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Міністэрству адукацыі неабходна дэталёва прапрацаваць гэтыя пытанні і ўнесці канкрэтныя прапановы па далейшай аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі.

Што датычыцца сацыяльнага ўтрыманства, то тут трэба падыходзіць прадумана, з улікам усіх узнікаючых пытанняў, падкрэсліў Прэзідэнт. Большасць грамадзян выконвае свой канстытуцыйны абавязак, працуе і плаціць падаткі. "У нас як улады няма ніякіх прэтэнзій да такіх людзей. Аднак некаторая частка працаздольных людзей не прымае ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Пры гэтым сацыяльнымі дабротамі карыстаюцца ўсе на аднолькавых правах. З пункту гледжання большасці людзей такі падыход несправядлівы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"У мэтах забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў па маім даручэнні распрацаваны і прыняты дэкрэт "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ў адрас дэкрэта гучыць шмат крытыкі. "Баюся, мы штосьці недапрацавалі. Я ўжо даручыў Адміністрацыі і прашу распрацоўшчыкаў: унікніце ў кожную заўвагу, нават калі іх выказваюць нейкія шарлатаны ад палітыкі. Вывучайце, паглядзіце, каб мы не пакрыўдзілі нармальнага чалавека, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Мы не павінны дапусціць ніводнай памылкі. Інакш добрую справу пахаваем".

Дзяржава не пакідае без увагі пажылых людзей, якія ўнеслі свой уклад у развіццё краіны і выйшлі на заслужаны адпачынак. Доля грамадзян, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, у рэспубліцы сёння складае 22 працэнты (2,1 млн чалавек), а да 2020 года гэты паказчык наблізіцца на 27 працэнтаў пры захаванні цяперашніх тэндэнцый. "Шчыра скажу, што забяспечваць фінансавую ўстойлівасць пенсійнай сістэмы з кожным годам становіцца складаней", - прызнаў Прэзідэнт.

Як і раней, рост пенсійных выплат будзе залежаць ад росту зарплаты ў эканоміцы і магчымасцей дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. "Абавязак дзяржавы - захаваць суадносіны пенсій па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні не менш як 40 працэнтаў, як гэта прынята ва ўсім свеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама важная задача - актыўны пошук новых рашэнняў па жыццеўладкаванні непрацаздольных грамадзян. Мясцовыя органы ўлады павінны развіваць геаграфію такіх форм работы, як дамы самастойнага, сезоннага пражывання, прыёмныя, гасцявыя, патранатныя сем'і для пажылых грамадзян. Прэзідэнт даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Аляксандру Косінцу праверыць, як выконваецца яго даручэнне па ўкараненні новых форм жыццеўладкавання пажылых людзей. "Ні адзін стары ў краіне не павінен быць пакінутым, нават калі ў яго недзе на Калыме жывуць дзеці і яны пра яго забылі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзеці і старыя - твар любой дзяржавы. Калі мы нармальна ставімся да дзяцей і старых, значыць, мы нармальная дзяржава, паколькі клапоцімся пра будучыню і пра тых, хто стварыў нашу краіну".

У ліку прыярытэтных напрамкаў ён назваў рэалізацыю з 2014 года механізма дзяржаўнага сацыяльнага заказу. "Неабходна актывізаваць гэту работу, што дасць магчымасць прыцягнуць у сістэму сацыяльнага абслугоўвання дадатковыя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы", - лічыць Прэзідэнт.

Задачай усіх галін дзяржаўнай улады застаецца фарміраванне камфортнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнне ўмоў для іх паўнацэннага і цікавага жыцця, уключэнне ў грамадскія справы. Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду распрацаваць Дзяржаўную праграму "Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў, грамадзян пажылога ўзросту і фізічна аслабленых асоб на 2016-2020 гады".

У Беларусі наспела неабходнасць распрацаваць і прыняць заканадаўчыя акты па псіхасацыяльнай рэабілітацыі грамадзян, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію і таксікаманію, прымяненні да іх прымусовых мер лячэння і толькі працатэрапіі.

"Сёння нельга не бачыць і сур'ёзнай небяспекі для здаровага ладу жыцця, з якой сутыкаецца сучаснае грамадства. Такія беды, як наркаманія - не наша вынаходства, алкагалізм і курэнне не толькі наносяць шкоду здароўю людзей, але і ўяўляюць пагрозу генафонду нацыі. Іх неабходна рашуча выкараняць у імя дабрабыту нашага народа. Небяспека ў тым, што кантынгент, які спажывае наркотыкі, маладзее, у яго ўваходзяць школьнікі, навучэнцы прафтэхвучылішчаў і студэнты ВНУ. Трэба ўсім - ад выкладчыкаў да міліцыянераў - гарачым жалезам выпальваць гэту заразу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў першую чаргу грамадства павінна быць нецярпіма да распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. Да тых, хто на слабасці людзей і страце здароўя робіць грошы. "Яшчэ больш масавая праблема - алкагалізм. Беларусь адносіцца да групы краін з высокім узроўнем спажывання алкаголю. Асобамі ў нецвярозым стане ўчыняецца амаль 40 працэнтаў усіх злачынстваў, яны - частыя віноўнікі дарожна-транспартных здарэнняў", - заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што патрабуюць урэгулявання пытанні размяшчэння сацыяльнай рэкламы ў месцах рэалізацыі алкагольных напіткаў і піва. Разам з тым, на думку Кіраўніка дзяржавы, павышэнне ўзроставага цэнзу для пакупнікоў алкагольных напіткаў не вырашыць праблему.

Аб спорце

"Мы па праву ганарымся перамогамі нашых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і іншых прэстыжных чэмпіянатах. Хаця вы бачыце, што адбываецца ў гульнявых відах спорту. Спорт - гэта дух нацыі, і яго трэба ўсяляк падтрымліваць на самым высокім узроўні", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

У рэгіёнах краіны ўводзяцца сучасныя спартыўныя аб'екты, разгорнута шырокамаштабная работа па ўмацаванні іх матэрыяльнай базы, развіваецца айчынная фізкультурна-спартыўная індустрыя.

Аднак беларускі лідар лічыць, што фізічную масавую культуру ў краіне яшчэ трэба развіваць. Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу папулярнасць веларуху. "Часта заўважаю, што і моладзь, і дарослыя катаюцца на веласіпедах. Усе пабудаваныя ў Мінску веладарожкі загружаны. Нават кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі з вялікім задавальненнем не толькі ў міні-футбол гуляе, але і на веласіпедзе ездзіць. Хочаце быць здаровымі - круціце педалі. Фізкультурай і спортам трэба займацца", - рэзюмаваў ён.

Аб карупцыі

Абноўлены закон аб барацьбе з карупцыяй павінен запрацаваць у бліжэйшы час.

"Хацелася б, каб і ў другім чытанні мы маглі аператыўна прыняць гэты закон", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт папрасіў парламентарыяў, каб гэты закон не быў выпусташаны. Я вас пераканаўча аб гэтым прашу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэты законапраект атрымаў шырокі рэзананс. "Ён падрыхтаваны з улікам вынікаў яго грамадскага абмеркавання. Ведаю, што было больш за 300 прапаноў і заўваг", - сказаў Прэзідэнт.

Аб навуцы

"Акадэмічную, галіновую і вузаўскую навуку мы арыентуем на вырашэнне актуальных задач, якія стаяць перад краінай. Для нас асабліва важны навукова-тэхнічныя, аграрныя і медыцынскія напрамкі, распрацоўкі па якіх запатрабаваны эканомікай", - сказаў беларускі лідар.

"Больш актыўнай ролі ў фарміраванні патрыятычнага светапогляду людзей, развіцці інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нацыі мы чакаем ад гуманітарных навук. Ідэйная аснова грамадства і дзяржавы павінна быць грунтоўнай і трывалай", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, інтэграцыя адукацыі і навукі - уплыў часу. "Задача ў тым, каб рыхтаваць спецыялістаў не толькі для народнай гаспадаркі, але і для навуковых устаноў. Нельга забываць, што ў сучасным свеце вырашальнае значэнне маюць інавацыі. Першую скрыпку тут іграюць навуковыя распрацоўкі і іх укараненне ў практыку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб культуры

"У культуру ўкладзены немалыя сродкі на адраджэнне і аднаўленне шэрага аб'ектаў. Аднак мы яшчэ недастаткова выкарыстоўваем патэнцыял нашай культуры ў фарміраванні станоўчага іміджу краіны на міжнароднай арэне. Нам вельмі патрэбны высокага ўзроўню літаратура, жывапіс, спектаклі, кінафільмы, дзе было б таленавіта паказана жыццё нашай маладой суверэннай дзяржавы. Сёння так не хапае твораў, якія фарміруюць і падтрымліваюць духоўныя каштоўнасці нашага народа, якія аб'ядноўваюць людзей, засцерагаюць іх ад хлусні, амаральнасці і бескультур'я. Мы ўкладваем вялікія грошы ў маладыя таленты і ў творчых людзей, якія маюць дастатковы вопыт. Але жаданай аддачы пакуль няма", - сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар адзначыў, што глядач стаміўся ад сумніўнай кінапрадукцыі і будзе з задавальненнем глядзець добрыя карціны, слухаць дастойныя песні. Сёння ёсць шмат кінапрадукцыі расійскай вытворчасці, прычым часта створанай у Беларусі, але Беларусі пара ўнесці свой уклад.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба актывізаваць творчыя саюзы, каб яны нацэльвалі дзеячаў мастацтва на плённую працу, арыентавалі на высокі эстэтычны ўзровень і процістаялі пошласці і бездухоўнасці.

Ён таксама адзначыў, што сродкам масавай інфармацыі трэба больш удзяляць увагі мастацкім творам, якія ўваходзяць у скарбніцу нацыянальнай, агульнаеўрапейскай і сусветнай культуры і мастацтва. Паводле слоў Прэзідэнта, прыклад актыўнасці дэманструюць расійскія тэлеканалы, якія пастаянна прадстаўляюць гледачу новыя праекты. "У нас, на жаль, некаторыя кадры ў СМІ засядзеліся, працаваць не хочуць", - адзначыў ён. Такі стан спраў не павінен прадаўжацца.

Комплекснае вырашэнне задач у сацыяльна-культурнай сферы павінна быць нацэлена на фарміраванне працавітай, адукаванай, культурнай і здаровай нацыі. Гэта залог дабрабыту краіны як сёння, так і ў будучым, сказаў Прэзідэнт.

Аб амністыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым прымяненне амністыі да асуджаных за эканамічныя злачынствы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая мера не павінна прымяняцца да ўсіх эканамічных злачынцаў. "Вы ведаеце маё стаўленне да эканамічных злачынстваў, асабліва калі там папахвае карупцыяй. Тут мы на гэта ісці не павінны. Але ёсць эканамічныя злачынствы, дзе чалавек кампенсаваў урон, можа, нават не ў аднакратным памеры. Таму я думаю, што гэта можна рабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна вызначыць канкрэтны пералік асоб, якія асуджаны па такіх артыкулах і сапраўды заслугоўваюць амністыі. "Але гэта не павінна быць агулам. І я вас падтрымаю", - падкрэсліў беларускі лідар.