Навагодні зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа

  • 1
Дарагія суайчыннікі!

Чалавечае жыццё нярэдка параўноўваюць з дарогай. І гэта дарога з асаблівымі правіламі. Па ёй можна прайсці толькі адзін раз і нельга павярнуць назад.

Старажытныя мудрацы вучылі: цаніце кожнае светлае імгненне жыцця, кожную радасць. Не дазваляйце дробным непрыемнасцям і засмучэнням захапіць вас. Не растрачвайце сябе на зайздрасць, крыўды і зласлоўе. Толькі тады вы пачняце жыць сапраўдным жыццём і знойдзеце непадробнае шчасце.

Мы часам, наракаючы на скарацечныя цяжкасці, не заўважаем самага важнага, не цэнім тыя дары, якія падносіць нам жыццё.

Сапраўдныя каштоўнасці іншы раз не прыкметныя ў звычайнай мітусні. І часта людзі пачынаюць разумець іх значэнне толькі тады, калі страчваюць іх незваротна.

Галоўная каштоўнасць, за якую мы павінны дзякаваць лёсу, - гэта мір. Мір у нашых сем'ях, у нашай краіне, у адносінах паміж людзьмі.

Адыходзячы год раптоўна і трагічна даказаў нам сапраўдную каштоўнасць міру. Ён паказаў усім нам - любыя жыццёвыя праблемы адыходзяць на задні план, пачынаюць здавацца дробнымі і неістотнымі тады, калі рвуцца снарады, свішчуць кулі і ліецца кроў.

Няма ў чалавека нічога даражэйшага за жыццё. І няма права больш важнага, чым права на жыццё.

Нам трэба разумець і памятаць, на чым грунтуецца сапраўдны мір. І што з'яўляецца галоўнай пагрозай для яго.

Аснова сапраўднага міру - гэта дабрыня, цярпімасць і згода паміж людзьмі. Гэта гатоўнасць дараваць чужыя памылкі, гэта здольнасць у нечым паступацца сваімі інтарэсамі.

Мы на свае вочы пераканаліся, да чаго вядуць унутраны разлад, нянавісць і нецярпімасць. Ад яркіх і рэзкіх лозунгаў, якія сеюць варожасць, адзін крок да расколу грамадства. Ад расколу грамадства адзін крок да ўсеагульнай нянавісці. А ад яе адзін крок да вайны. І калі людзі забываюць аб каштоўнасці міру і згоды, то ўсе гэтыя тры крокі яны робяць у адно імгненне.

Сем дзесяцігоддзяў таму мы заплацілі за мір мільёнамі чалавечых жыццяў. Беларусы добра ведаюць цану міру і па сённяшні дзень захоўваюць асабліва ўсхваляванае стаўленне да яго.

Упэўнены, кожны з нас жадае хутчэйшага аднаўлення міру на зямлі нашых братоў. Гэта шчырае, душэўнае пачуццё нашага народа. Мы, беларусы, жадаем міру ўсім нашым сябрам і суседзям. Мы робім і будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб зберагчы яго і абараніць.

Мір - гэта аснова жыцця і працвітання. І таму ў надыходзячым 2015 годзе перш за ўсё я жадаю ўсім нам міру - міру ў душы, міру ў сем'ях, міру ў краіне!

Дарагія сябры!

Адыходзячы год падарыў нам нямала прычын для радасці.

Нас стала больш амаль на 7 тысяч чалавек. Дзяржава прыняла разгорнутую праграму па падтрымцы сем'яў з двума, трыма і больш дзецьмі. Гэта наш свядомы курс, які мы прадоўжым і ў далейшым.

Гэты год увойдзе ў нашу гісторыю як час памяці і патрыятызму. Усенароднае святкаванне 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў зноў нагадала нам: не бывае будучыні без мінулага, без сувязі пакаленняў. Наш агульны святы абавязак - клопат аб ветэранах, аб усіх старых, выхаванне на іх прыкладзе сваіх дзяцей і ўнукаў.

Адыходзячы год мы нездарма назвалі Годам гасціннасці.

Рэспубліка Беларусь раскрыла дзверы для ўсіх краін у час чэмпіянату свету па хакеі. Дзясяткі тысяч гасцей з самых розных куткоў планеты адкрылі для сябе Беларусь і беларусаў - утульную, прыгожую, дагледжаную краіну, у якой жыве спагадлівы, ветлівы і добры народ. Упэўнены, што кожны з нашых гасцей павёз з сабой часцінку радасці і цеплыні, падоранай яму беларускай зямлёй.

Усіх нас парадавалі спартсмены на Зімовай Алімпіядзе. Уся краіна як адзін чалавек перажывала за нашых алімпійцаў - і яны не падвялі нас!

Дарагія сябры!

Праз некалькі імгненняў настане 2015-ы год. Год Вялікай Перамогі і Год Моладзі, у якім сімвалічна перасякаюцца наша мінулае і наша будучыня. Год, калі нам з вамі трэба будзе рабіць выбар і вызначаць: як будзем жыць далей, на што спадзявацца, да чаго імкнуцца.

Напэўна, у кожнага народа ёсць той запаветны вобраз, з якім у яго звязана родная зямля.

Для мяне гэта невялікі, але моцны, цёплы і ўтульны дом, дзе ў пашане жывуць старыя, працуюць гаспадары, сталее моладзь і падрастаюць шчаслівыя дзеці.

Беларусь - наш агульны дом, які толькі мы самі можам напоўніць дастаткам і шчасцем.

У гэтыя хвалюючыя мінуты мне хочацца, каб усе беларусы ўсвядомілі, як мы, па сутнасці, цесна звязаны адзін з адным на гэтым невялікім, падораным нам Богам кавалку Зямлі.

У навагоднюю ноч я хачу павіншаваць нашых бацькоў і ўсіх ветэранаў, падзякаваць ім за ўсё, што яны зрабілі для краіны.

Нашых дзіўных жанчын, якія, пароўну падзяляючы з мужчынамі цяжар турбот і клопатаў, застаюцца пяшчотнымі і прыгожымі.

Нашых дзяцей, якія так шчыра вераць нам, дзяцей, якіх мы абавязкова павінны вывесці на правільную дарогу жыцця.

І ўсіх нас, хто сваімі ўмелымі рукамі і майстэрствам, талентам і сілай навуковага азарэння, стойкасцю і мужнасцю ўносіць уклад ва ўмацаванне і працвітанне Беларусі.

Навагодняя ноч - гэта час, калі мы па-асабліваму ўсведамляем, як мы блізкі, як патрэбны адзін аднаму і не можам жыць без любові і падтрымкі родных людзей.

Дык давайце падзякуем адзін аднаму за дапамогу, клопат і ўвагу.

Няхай у кожнай сям'і будзе нямнога радасці і цяпла. Няхай будзе шмат гэтай радасці і цяпла.

Няхай на нашай зямлі заўсёды пануюць згода, дастатак і мір.

Шчасця вам і здароўя, дарагія землякі.

З Новым годам, Беларусь!