Штогадовае Пасланне да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

  • 12
Моцная эканоміка і сумленная ўлада - фундамент незалежнасці краіны і працвітання нацыі

Дарагія суайчыннікі!

Паважаныя дэпутаты, члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя, кіраўнікі дыпламатычнага корпуса!

Я звяртаюся да вас у няпросты час. Дзяржавы, якія акружаюць нас, прыйшлі ў рух. Бурліць Украіна, на поўны гістарычны рост спрабуе ўстаць Расія. На нашых вачах разбураюцца старыя граніцы. І ўпершыню за шмат гадоў у Еўропе зноў пацягнула дымком ад выбухаў...

Постсавецкі перыяд завяршыўся. Пачынаецца новая эпоха. І якой яна стане, не ведае, на жаль, ніхто.

На шчасце, унутры нашай краіны спакойна. І на міжнароднай арэне мы па-ранейшаму выступаем у ролі адказнага і надзейнага партнёра, які жадае ўсім народам міру і дабра. Мы не ўключаны ў знешнія канфлікты.

І ўсё ж нам ёсць аб чым хвалявацца. Мы жывём не на востраве ў акіяне. Любыя геапалітычныя катаклізмы, асабліва ва Усходняй Еўропе, абавязкова закрануць і нас.

У гэтай сітуацыі мы павінны любымі сродкамі адстаяць галоўную нашу каштоўнасць - незалежнасць краіны, святое права жыць на сваёй зямлі і самім распараджацца сваім лёсам.

Для гэтага неабходны як мінімум тры рэчы:

па-першае, адзінства народа Беларусі;

па-другое, атрыманне ўрокаў са сваіх памылак і памылак суседзяў;

па-трэцяе, дакладны праект будучыні Беларусі, здольны натхніць і аб'яднаць як старэйшае, так і маладое пакаленне нашай краіны.

Аб адзінстве народаў мы гаворым часта, і гэта не рытуальныя словы, яшчэ старажытная Біблія вучыла: "Дом, які раздзяліўся ў сабе, не ўстаіць". Сёння гісторыя дэманструе нам трагічнае пацвярджэнне гэтай тысячагадовай мудрасці.

Мы, беларусы, не хочам і не павінны дапусціць расколу нашага грамадства. Нашы незалежнасць і маладая дзяржаўнасць раздражняюць, вядома ж, многіх. І калі ў нашым адзінстве з'явіцца трэшчына, абавязкова знойдуцца жадаючыя гэта выкарыстаць.

Дзякуючы адзінству за апошнія дваццаць гадоў мы стварылі тое, аб чым стагоддзямі марылі нашы продкі, - пабудавалі першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву.

Наш курс выпрацаваны ўсім грамадствам - маладымі і старэйшымі пакаленнямі, рабочымі і сялянамі, прадпрымальнікамі і інтэлігенцыяй, прыхільнікамі ўлады і яе крытыкамі. Усімі, хто не абыякавы да Айчыны і хто любіць Беларусь. І калі мы і далей захаваем галоўную каштоўнасць - наша адзінства, то Беларусь зберажэ незалежнасць і прадоўжыць свой упэўнены шлях у будучыню.

Менавіта дзякуючы адзінству мы выбралі свой шлях у эканоміцы - шлях разумнага сэнсу і справядлівасці. Мы не далі расцягнуць уласнасць, не далі падзяліць грамадства на бедных і багатых, абаранілі і падтрымалі чалавека працы. У нас не палаюць барыкады, не грамяць будынкі, не рабуюць і не забіваюць людзей сярод белага дня.

Адзінства народа не азначае аднадумнасці. Нам не патрэбна шэрае грамадства - пакорлівае і абыякавае да ўсяго. Такое грамадства - без каштоўнасцей, без каранёў, без веры ў сябе - лёгка стане здабычай варожых сіл як унутраных, так і знешніх.

Нам патрэбна жывая краіна з разнастайнасцю ідэй і меркаванняў, з актыўнай пазіцыяй усіх яе грамадзян. Толькі тады мы выстаім у любую буру.

Сёння не толькі Беларусь, уся Еўропа знаходзіцца на пераломе гістарычных эпох. Кожная дзяржава павінна даць адказ на выклік часу. Якім будзе наш адказ, залежыць не толькі ад улады, ад Прэзідэнта, але і ад кожнага з нас.

Таму мне хацелася б, каб усё, аб чым я буду гаварыць сёння, стала не толькі падставай для грамадскага абмеркавання, але і прадметам жывой шырокай дыскусіі.

Адкрыты, сумленны грамадскі дыялог - гэта самая надзейная гарантыя ад расколу і смуты.

Беларусь - па-свойму ўнікальная краіна. У ёй сыходзяцца ўсходняя і заходняя галіны хрысціянства (праваслаўе і каталіцызм), на адной зямлі жывуць беларусы, рускія, украінцы, яўрэі, палякі, татары...

І наша ўнікальнасць у тым, што доўгія гады яны жывуць мірна і дружна, дапамагаючы адзін аднаму, захоўваючы сваю мову, культуру, але пры гэтым адчуваючы сябе часткай аднаго цэлага, імя якому - народ Беларусі.

Вядома, гэта далёка не ўсім і не заўсёды падабалася. Спроб узарваць знутры мір у Беларусі было нямала. Але ўсе яны праваліліся.

Калісьці нас спрабавалі папракнуць у тым, што мы нібыта ўшчамляем палякаў або католікаў. Але потым нават самыя заўзятыя нашы ворагі ў той жа Польшчы сарамліва спісалі ў архіў свае выдумкі.

Сёння з'явіліся яшчэ больш дзіўныя разважанні аб тым, што ў нас, маўляў, дзесьці нібыта пачынаюць заціскаць не тое рускіх, не тое рускую мову. Вядома, бoльшае глупства прыдумаць складана.

Шчыра кажучы, няма ніводнай краіны ў свеце, дзе так беражліва адносіліся б да вялікай рускай мовы і да вялікай рускай культуры. Я маю на ўвазе ў тым ліку і Расію.

Мы зрабілі рускую дзяржаўнай мовай яшчэ ў тыя гады, калі прыніжэнне той жа Расіі і рускіх было нормай.

Больш таго. Мы лічым (і я шмат разоў аб гэтым гаварыў), што руская мова - гэта агульны здабытак перш за ўсё трох брацкіх народаў: украінцаў, беларусаў, расіян, ды і іншых народаў, якія жылі сярод нас, з якімі мы жылі ў адной краіне. Гэтым самым хачу яшчэ раз падкрэсліць для тых, хто спрабуе "прыватызаваць" рускую мову: яна наша, яна ні расійская, ні ўкраінская - яна наша. Гэта жывы здабытак, у тым ліку беларусаў.

Як падзяліць, напрыклад, паміж намі і Расіяй геніяльнага Дастаеўскага, чый род паходзіць з Беларусі? Як вызначыць, каму - Украіне або Расіі - належыць Мікалай Васільевіч Гогаль? Лічу, сама пастаноўка пытання абсурдная.

Тры нашы народы аб'яднаны агульнай гістарычнай памяццю, агульнымі вялікімі перамогамі, агульнай праваслаўнай духоўнай традыцыяй. Нашай калыскай была Кіеўская Русь - магутная і гордая еўрапейская дзяржава са сталіцай на Дняпры.

Не мы ў тым вінаватыя, так распарадзілася гісторыя, што з агульнай духоўнай праваслаўнай калыскі, са Святой Русі, выраслі тры брацкія самабытныя народы. Кожны з якіх сёння будуе сваю дзяржаву, стварае сваю дзяржаўнасць.

Мы не прарасійскія, не праўкраінскія і не прапольскія, мы - не рускія, мы - беларускія! Наша краіна - Белая Русь. Краіна, дзе жывуць і рускія, паўтараю, і ўкраінцы, і літоўцы, і палякі, і яўрэі, і татары, і многія-многія іншыя. Гэта дзеці Белай Русі, грамадзяне адной краіны - Беларусі.

Ну а прыцісканні рускіх... Як у нас тут некаторыя падкідваюць ідэю... Я проста нават разважаць на гэту тэму не хачу. Таму што калі гаварыць аб прыцісканні рускіх, то, напэўна, рускія ў Беларусі самі сабе прыціскаюць. Таму што немагчыма сёння ў Беларусі самога беларускага чалавека раскласці і вычленіць тую беларускую кроў асаблівую, аб якой многія гавораць і так мараць. У нас усё перамяшана і змяшана. Таму размовы аб рускасці, беларускасці, прарасійскасці і праўкраінскасці - гэта крок да той жа смуты.

Відаць, хтосьці гэтага хоча. Таму мы заўсёды змагаліся з нейкімі лжэідэямі Захаду, ад НАТА, ад іншых.

Я даручаю праваахоўным органам, Камітэту дзяржбяспекі неадкладна спыняць такія размовы, ад каго б яны ні ішлі.

У тым, што з аднаго духоўна-культурнага кораня выраслі розныя дзяржавы, няма нічога дзіўнага. Наадварот, гэта абсалютна натуральна. Вядома, усе гістарычныя паралелі кульгаюць, але ўспомніце: калісьці Вялікабрытанія пабудавала самую грандыёзную імперыю ў сусветнай гісторыі. І тым самым стварыла фундамент для нараджэння новых нацый і дзяржаў, якія маюць англасаксонскія карані.

Сёння мы, беларусы, ні на секунду не забываем аб агульных гістарычных каранях з нашай Расіяй і нашай Украінай.

Расійская Федэрацыя заўсёды была і застаецца нашым стратэгічным саюзнікам, нашымі братамі, там жывуць не толькі рускія, расіяне, а гэта нашы браты, якія да нас цудоўна адносяцца. І страціць гэту данасць беларусам было б недаравальна.

Так будзе і ў далейшым. Вялікая руская мова будзе свабодна развівацца ў Беларусі, гэтак жа, як і наша "матчына родная беларуская мова". Калі мы страцім рускую мову - мы пазбавімся розуму!

Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове - мы перастанем быць нацыяй.

Рускі чалавек гэтак жа, як украінец, паляк, яўрэй, татарын, прадстаўнікі іншых веры і нацыянальнасцей будзе адчуваць сябе ў Беларусі як дома, таму што Беларусь - гэта і ёсць іх дом, дом усіх грамадзян нашай дзяржавы незалежна ад іх веры і крыві.

Больш таго, у нас вельмі вялікі дом. І ў нас вельмі мала людзей, якія насяляюць гэты дом.

Я заўсёды кажу: найвялікшы здабытак - калі мы яшчэ большымі тэмпамі будзем прырастаць грамадзянамі Беларусі.

Але жыць мы, грамадзяне Беларусі, будзем на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Жыць у міры і дружбе з суседзямі, уступаючы ў любы саюз толькі на роўных, толькі добраахвотна і толькі на карысць нашага народа.

Вельмі доўгім быў наш гістарычны шлях да незалежнасці. Шмат крыві і слёз пралілі нашы дзяды і прадзеды, змагаючыся са шматлікімі прыгнятальнікамі за права свабодна жыць на сваёй зямлі і самім вызначаць свой лёс.

Таму гэта права для нас з'яўляецца вялікай, вечнай каштоўнасцю, і, каб адстаяць яе, уся нацыя павінна быць адзінай.

Сёння я звяртаюся не толькі да тых, хто падтрымлівае дзеючую ўладу (а такіх, як паказалі мясцовыя выбары, абсалютная, пераважная большасць насельніцтва). Я хачу звярнуцца і да тых, хто па розных прычынах крытычна адносіцца да ўлады.

Перакананы: у грамадстве павінна быць цярпімасць да разнастайнасці поглядаў, дыскусіі і крытыкі. І адначасова - абсалютнае непрыманне насілля, нянавісці і рэвалюцый.

Мы прымаем любую апазіцыю, якая дзейнічае ў рамках закону.

Мы ўважлівыя да любой крытыкі, якая прадыктавана шчырым болем за краіну, а не знешнім заказам.

Мы адкрыты для любога дыялогу, калі яго мэтай з'яўляецца карысць для Беларусі, а не прыватныя, тым больш замежныя інтарэсы.

Скажу больш. Улада гатова да кіруемай, паступовай і прадыктаванай жыццём эвалюцыі. Але мы катэгарычна не прымаем рэвалюцыю, я супраць разбурэння дашчэнту.

Кожны, хто заклікае да бунту, - гэта вораг не толькі ўлады, Прэзідэнта. Гэта ў першую чаргу вораг нашай краіны, нашага народа. Гэта вораг нашага адзінства, а значыць, і незалежнасці Беларусі.

Такі радыкалізм будзе падаўлены з самага пачатку. Мы не будзем даводзіць справу да правакацый і сутыкненняў.

Любы заклік да перавароту, да смуты, любая прапаганда насілля будуць жорстка знішчаны ў зародку!

Я абсалютна ўпэўнены, што ў гэтай справе ва ўлады будзе падтрымка ўсяго народа. І не толькі нашага.

Ні наш народ, ні Гісторыя не даруюць тым, хто дзеля ўласнага славалюбства паспрабуе пасеяць смуту і раскалоць грамадства, каб дагадзіць знешнім нядобразычліўцам.

Паважаныя таварышы!

Каб упэўнена глядзець у будучыню, трэба глядзець не толькі назад, у мінулае, але і, вобразна кажучы, уважліва глядзець па баках. Інакш кажучы - вучыцца не толькі на ўласных памылках, але і на памылках суседзяў.

Я ўжо гаварыў: ва ўкраінскага крызісу дзве прычыны. Слабасць эканомікі - фактычна яе развал - і татальная карупцыя. Яны абсалютна ўзаемазвязаны. Украінскі крызіс - гэта папярэджанне ўсім. І мы абавязаны зрабіць свае вывады.

На шчасце, нас ніхто не можа абвінаваціць у разгуле карупцыі, у абыякавасці ўлады да гэтай праблемы або ў беспакаранасці карупцыянераў. Мы пастаянна і жорстка змагаемся з гэтым злом.

Гэта было, ёсць і застаецца маёй прынцыповай пазіцыяй не толькі як Прэзідэнта, але і як чалавека і грамадзяніна. Гэта ведаюць і прызнаюць усе - нават крытыкі ўлады.

Але ці можам мы сказаць, што нам удалося перамагчы гэта зло ў нашай краіне? На жаль, не.

Вось некаторыя прыклады, аб якіх мне далажылі зусім нядаўна.

У мінулым годзе праваахоўнымі органамі выкрыта злачынная схема, арганізаваная кіраўніцтвам Белкаапсаюза: за адкаты выдавалі дазволы на будаўніча-мантажныя работы, за хабары ажыццяўлялі незаконную рэалізацыю нерухомай маёмасці і зямельных участкаў. За продаж будынка ў цэнтры Мінска патрабавалі хабар аж паўмільёна долараў, пераплюнуўшы нават асуджанага раней намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Ладуцькі - Васільева.

Дайшло да таго, што старшыня Белкаапсаюза Сідзько купіў і аформіў на дачку дом на Канарскіх астравах. Напэўна, спадзеючыся, што праваахоўныя органы там яго не дастануць.

Атрыманне хабару для некаторых чыноўнікаў, здаецца, ужо ўвайшло ў сістэму.

У канцы лютага пры атрыманні хабару затрыманы старшыня канцэрна "Беллегпрам" Сучкоў і дырэктар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Венскоўская. Па крымінальнай справе канфіскавана больш як мільён долараў, залатыя зліткі, накладзены арышт на элітныя аўтамабілі, некалькі кватэр у Мінску, дарагую бытавую і аргтэхніку.

Недалёка ад іх адышоў і Волкаў, намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім", затрыманы пасля атрымання чарговай часткі хабару. Арыштаваны дзве кватэры ў Мінску, гараж, дарагія аўтамабілі, 100 тысяч долараў ЗША. Суд разбярэцца, вядома ж, адкуль гэта маёмасць у звычайнага простага чыноўніка.

За перавышэнне ўлады і незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці ўзбуджана крымінальная справа адносна намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Хурбатава.

Фірма яго сына, якая не мае ў Оршы ні адраса, ні тэхнікі, неаднаразова выйгравала разнастайныя будаўнічыя тэндары. Карыслівая зацікаўленасць і апека раённага чыноўніка дапамаглі яго сынку нябедна жыць, не прыкладаючы асаблівых намаганняў.

Не першы год мы змагаемся з карупцыяй у краіне, прыцягваючы да адказнасці парушальнікаў. Праваахоўныя органы робяць справаздачу не толькі аб карных, але і аб папераджальных мерах. Аднак мне здаецца, што ў прафілактыцы, ва ўстараненні прычын і ўмоў, якія прыводзяць да ўзнікнення карупцыі, мы недапрацоўваем.

Каб мінімізаваць карупцыйныя рызыкі, стварылі складаную сістэму дзяржзакупак.

Але гэта сістэма чамусьці не перашкодзіла намесніку міністра спорту і турызму Нераду неаднаразова атрымліваць хабар ад камерцыйных арганізацый за перамогу ў конкурсах на пастаўку спартыўнага інвентару.

Для таго каб адбіраць дастойных адвакатаў і рыэлтараў, увялі ліцэнзаванне іх дзейнасці. Але тыя, хто павінен сачыць за законнасцю, узроўнем падрыхтоўкі кандыдатаў, у выніку праводзяць адбор па зусім іншых крытэрыях - памеры паднашэнняў, што ім прапануюцца. 28 крымінальных спраў аб атрыманні хабараў на суму больш як дзясяткі тысяч долараў ЗША ўзбуджана адносна чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі Грышкавец і Беразоўскай!

На жаль, і ў судзейскім корпусе не ўсе кіруюцца толькі законам, ставячы ў аснову свае прагматычныя грашовыя інтарэсы.

У мінулым годзе суддзя суда Бабруйскага раёна і г.Бабруйска Луканскі і суддзя Светлагорскага раённага суда Вашчылін асуджаны за хабар на 14 і 13 гадоў пазбаўлення волі.

У пачатку красавіка на 14 гадоў пазбаўлення волі таксама за хабар асуджаны намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Магілёва Умараў, які абяцаў станоўча вырашыць пытанне па крымінальнай справе, што знаходзілася ў яго веданні. А ён жа чалавек ужо немалады, 1 красавіка яму споўнілася 59 гадоў, праз 14 гадоў, уявіце, будзе 73. Ці выйдзе ён з месц пазбаўлення волі, ці ўбачыць яшчэ сваіх дзяцей і ўнукаў - вялікае пытанне. Дык ці патрэбна такая выгада? Навошта ж самому, як я гаварыў, засоўваць у пятлю галаву?

У гэтым годзе з доказамі злачынства затрыманы старшыня Кіраўскага раённага суда Магілёўскай вобласці Клімаў і намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Гомеля Жораў.

Папярэджваю, ніякіх паслабленняў такім людзям, замяшаным у карупцыі, няма, не было і не будзе!

Нават калі карупцыя пранікае ў тыя дзяржаўныя органы, якія павінны ўзначальваць барацьбу з ёй, то і там гарачым жалезам мы будзем выпальваць гэту нечысць.

Нядаўна, як вы ведаеце, узбуджана крымінальная справа адносна аж чатырох кіраўнікоў упраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Гомельскай вобласці - па-мойму, на чале з начальнікам, - якія арганізавалі "заказную" праверку камерцыйнай структуры ў інтарэсах канкурэнтаў.

У суд перададзена крымінальная справа адносна намесніка Генеральнага пракурора Архіпава, які атрымаў хабар у выглядзе залатога злітка і бутэлькі каньяку за спыненне крымінальнай справы адносна п'янага "бяспраўніка", што ўчыніў на матацыкле дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога загінула дзяўчына, якая ехала разам з ім, 1988 года нараджэння. Усё вырашылі замазаць. Нават не пагаварылі з бацькамі загінуўшай...

За атрыманне хабару па гэтай жа справе ўжо асуджаны начальнік следчага аддзялення Мінскага раённага аддзела Следчага камітэта Янушка.

Цяпер расследуецца справа аб 7 эпізодах атрымання хабараў яго калегамі з Цэнтральнага раённага аддзела ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Супінскім, Контусем і Мацкевічам.

Старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Саковіч за хабар у памеры 30 тысяч долараў аказваў камерсантам садзейнічанне ў атрыманні дазволаў на будаўніцтва шэрага аб'ектаў у Мінску. Трэба далей паглядзець: ён жа хабар атрымаў і садзейнічаў, а хто вырашаў пытанні? Усіх туды трэба - у камеру, усіх! І ў адну, каб дыхаць было цяжка.

Не застаецца без увагі проціпраўная дзейнасць супрацоўнікаў мытных органаў, пагранічнай службы.

Спынены канал, па якім камерсантамі пры садзейнічанні карумпіраваных супрацоўнікаў Брэсцкай мытні пад выглядам запчастак з краін Еўрасаюза было ўвезена каля двухсот грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў з ухіленнем ад выплаты плацяжоў на суму звыш 3 мільёнаў еўра. Запчасткамі дзве сотні аўтамабіляў завезлі.

У Мінскай рэгіянальнай мытні таксама працавала паўнацэнная схема атрымання хабараў ад грамадзян Расіі і Казахстана, увозу транспартных сродкаў на льготных умовах.

Асобныя мытныя кіраўнікі не толькі аказвалі садзейнічанне ў перамяшчэнні тавараў, але і самі кіравалі буйнымі кантрабанднымі каналамі. Так, начальнік мытнага паста "Казловічы" Гур'еў арганізаваў канал незаконнага перамяшчэння буйных таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, кошт якіх склаў больш як чатырыста дваццаць тры мільёны рублёў.

Карупцыя закранае і рэальны сектар эканомікі. Адкаты, хабары за паспяховае вырашэнне пытанняў, злоўжыванне службовым становішчам выкрываюцца ва ўсіх сферах і галінах.

З нядаўняга часу пад асаблівым кантролем у нас будаўнічая галіна. Каля 18 кілаграмаў золата, амаль паўмільёна долараў на рахунках і прыкладна 10 тысяч долараў наяўнымі канфіскавана ў рамках крымінальнай справы адносна службовых асоб ТАА "Антасам". Заказчыкі шматпавярховага жылога дома зрывалі тэрміны ўводу яго ў эксплуатацыю і незаконна завалодвалі грашовымі сродкамі дольшчыкаў, пераводзячы іх у золата.

У жніўні мінулага года за хабар у памеры амаль 20 тысяч долараў ЗША затрыманы намеснік дырэктара прадпрыемства "Гардарматэрыялы" Крэпскі, які аказаў садзейнічанне ў крадзяжы васьмісот дзевятнаццаці тон асфальтабетоннай сумесі, прызначанай для будаўніцтва дарожнай сеткі Мінска.

Гэта не адзін эпізод, не адзін аўтамабіль асфальту. Колькі вадзіцеляў і іншых асоб ведалі і былі ўключаны ў працэс крадзяжу? Як кажуць у такіх выпадках, пытанне рытарычнае. Я зрабіў гэту заўвагу для таго, каб яшчэ раз падкрэсліць, што аб парушэннях закону, аб карупцыйных праявах мы ўсё ведаем. Але хтосьці аб гэтым знаходзіць мужнасць сказаць, а хтосьці сарамліва замоўчвае гэтыя пытанні.

Зло карупцыі амаль заўсёды стаіць побач з разгільдзяйствам, наплявацельскімі адносінамі да сваёй справы. І тут у нас, шчыра кажучы, дрэнна з адказнасцю кіраўнікоў.

Вельмі часта мы бачым такую сітуацыю. Праваліў справу, разваліў усё, што змог, уцёк з кіруючай пасады і амаль тут жа ўсплыў у іншай якасці - і зноў на хлебным, сытным і цёплым месцы.

Мяркуйце самі, за махінацыі з продажам кватэр у Гомелі ад пасады першага намесніка старшыні аблвыканкама быў вызвалены Баранаў. Пасля чаго ён стаў першым намеснікам дырэктара "Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт". Былы першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Ранько, які праходзіў па той жа "кватэрнай" крымінальнай справе, перасеў у крэсла дырэктара філіяла Гомельскага мантажнага ўпраўлення "Трэст Белсантэхмантаж № 1".

Былы дырэктар унітарнага прадпрыемства "Кіраўніцтва справамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" Сяржан, які ўтаіў судзімасць, аказаўся на пасадзе намесніка кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.

Сёння, вядома ж, усе яны зняты з гэтых пасад. І гэта, я вам проста нагадаю, было маё апошняе папярэджанне губернатарам і ўсёй вертыкалі ўлады, якія перасаджваюць такіх людзей з аднаго крэсла ў іншае, з аднаго цёплага месца ў іншае. Яшчэ хоць адно такое паўтарэнне - і вы разам з імі пойдзеце ведаеце куды!

Я яшчэ раз падкрэсліваю: гэта датычыцца губернатараў і ўсёй вертыкалі ўлады.

І я тут, вы заўважылі, шмат кажу "намеснік", "намеснік", а радзей - "начальнік". І калі я кажу, што першы намеснік Ладуцькі, то ў мяне як мінімум пад падазрэннем сам Ладуцька. Калі я кажу, што намеснік міністра, то, значыць, і гэты міністр такі ж. Калі я кажу пра Гомель і аблвыканкам, то я помню, што там быў Якабсон, а сёння - Дворнік.

Можна прывесці яшчэ адзін паказальны прыклад з вылучэннем Меркушава на пасаду кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска ў снежні 2011 года.

Дарэчы, для даведкі, калі хтосьці забыў: Віцебскую вобласць у нас ўзначальвае рэвалюцыйны губернатар, які вядзе страшную барацьбу з карупцыяй.

Працуючы дырэктарам у Адкрытым акцыянерным таварыстве "БелВітуніфарм", ён (Меркушаў. - Заўвага рэд.) не справіўся з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па выпуску імпартазамяшчальных лякарстваў. Тым не менш яго назначаюць першым намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама. Гэта значыць адтуль выгналі - перавялі на пасаду нядрэнную.

Аднак і там ён усё праваліў. Але нават пасля гэтага яго кандыдатура прапаноўвалася на пасаду кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, хоць і не была прынята. Пасля ў красавіку 2013 года ён зноў назначаецца, кім бы вы думалі, дырэктарам ААТ "БелВітуніфарм". Разумееце, адкуль пайшоў - туды і прыйшоў. Пры гэтым устанавіў сабе гэты дзеяч аклад 20 мільёнаў рублёў, увёў пасады трох намеснікаў, каб нармальна было жыць, выязджаў з сям'ёй у так званую "службовую камандзіроўку" аж у Іарданію. Чаму там вучыўся, не ведаю! Давёў прадпрыемства да банкруцтва і ўцёк у Прыбалтыку.

Дык вось, я хачу папярэдзіць Генеральнага пракурора: туды адпраўце губернатара і ўсіх, хто яго назначаў, няхай яго адтуль прывязуць дадому, для таго каб мы маглі з ім разабрацца.

У сувязі з гэтым я скажу наступнае. Па карупцыянерах мы даўным-даўно вызначыліся - іх месца ў турме. Але развал работы - гэта таксама злачынства. І часам, а магчыма, і часцей яшчэ больш значнае і сур'ёзнае для дзяржавы з пункту гледжання страт. І тут мы пяройдзем ад размоў і ўгавораў да справы.

Праваліў работу - ні на якое хлебнае месца працаўладкавацца такі нягоднік не зможа. Ні ў дзяржаўным сектары, ні ў прыватным - нідзе!

Будзе падмятаць вуліцы! Вось гэта - калі ласка!

У бліжэйшы час мной будзе падпісаны дэкрэт, ён на выхадзе, які раз назаўсёды пакончыць з "перасаджваннямі" з крэсла ў крэсла і разгільдзяйствам кіраўнікоў усіх рангаў.

Гэта будзе суровы, жорсткі, але справядлівы дэкрэт.

Па-першае, будзе ўстаноўлена персанальная, падкрэсліваю, персанальная адказнасць кіраўнікоў і спецыялістаў за агульны стан спраў на даручаным ім прадпрыемстве.

Выкананне паказчыкаў, прыбытак - гэта добра. Але гэтага мала. Кіраўнік адказвае за ўсё прадпрыемства. За стан спраў на ім без усялякіх выключэнняў - ад бяспекі работнікаў да парадку ў цэхах, на складах, дварах. І нават за добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол.

Мне ўжо надакучыла бачыць гэтыя звалкі, бруд, смецце, гэтыя свінушнікі. Па "адзежы" таксама можна аб многім зрабіць вывад. Калі завод добра працуе - там няма гэтага, там няма развалу. А калі ўсюды бруд па калена, то і прыбытку там не дачакаешся.

Мы не настолькі багатыя, каб бяздумна гнаіць пад адкрытым небам сыравіну, каб дарагое абсталяванне гадамі прастойвала, пакрывалася пылам і ржавела. Такіх кіраўнікоў інакш як злачынцамі не назавеш.

Такім чынам, калі дзе-небудзь такое будзе выкрыта, то кіраўнік ідзе ў адстаўку неадкладна. А калі яшчэ ўрон прадпрыемству выявім, таксама ведаеце куды.

Па-другое, гэтым дэкрэтам будзе ўведзена абавязковае ўзгадненне мясцовай уладай любога службовага перамяшчэння кіраўнікоў, намеснікаў і галоўных спецыялістаў усіх прадпрыемстваў - і дзяржаўных, і прыватных. Падкрэсліваю - усіх, без выключэння! Няхай прыватнікі мяне пачуюць - іх гэта будзе закранаць непасрэдна.

Нельга дапусціць, каб тыя, хто заваліў справу, зноў усплылі ў гэтых жа цёплых месцах. І, вядома, гаварыць аб нейкай асаблівай ролі прыватнай уласнасці. Яны працуюць у Беларусі - значыць, будуць жыць па законах нашай дзяржавы. Парушаць закон - панясуць пакаранне!

Прычым узгадненне будзе датычыцца як назначэння на пасаду кіраўнікоў прадпрыемстваў і галоўных спецыялістаў, так і звальнення з яе.

Усе кіраўнікі, якія правалілі справу, павінны запомніць: у іх цяпер дзве дарогі - або ў дворнікі, або выбар за імі.

Праблему карупцыі мы ўзнімаем не першы раз.

Калі паглядзець на сітуацыю з карупцыйнымі праявамі ў нашых суседзяў, то мы, магчыма, выглядаем прыстойна, не самым горшым чынам. Але тое ў суседзяў, гэта іх справа, а я кажу пра сябе, я кажу пра нас, пра ўладу і пра нашу краіну, Беларусь. У адрозненне ад іншых мы ўвесь час і сістэмна змагаемся з гэтым злом. У нашых чыноўнікаў, трэба аддаць належнае, няма яхт, палацаў і лімузінаў. Сумленных і прыстойных людзей ва ўладзе, вядома ж, большасць. Але рашучай, пераломнай перамогі над карупцыяй і падстаў для самазаспакаення ўсё ж пакуль няма.

І гэта прыводзіць нас да ключавога пытання: ці ўсё мы робім для выкаранення гэтага зла? Ці не абмяжоўваемся толькі павярхоўнымі мерамі?

Сусветны вопыт выразна паказвае: карані карупцыі ляжаць глыбока ў эканамічнай сістэме, прычым не толькі ў нашай, але і ў агульнасусветнай, глабальнай, адгарадзіцца ад якой мы ніколі не зможам.

Так, ніхто не папракне нас у мяккацеласці адносна карупцыянераў. У нас іх рэальна, не на словах, выкрываюць, надзяваюць наручнікі і дзясяткамі, нават сотнямі адпраўляюць у турму. Але пакаранне, нават неабарачальнае, можа толькі падрэзаць пустазелле карупцыі, зрэзаць верхні слой.

А каб вырваць карані, трэба капаць значна глыбей. Неабходны сістэмныя меры па змяненні многіх эканамічных і кіраўніцкіх інстытутаў.

Калі мы ўзбуджаем крымінальную справу, то б'ём па хвастах ужо, рэагуем на факт, які адбыўся. Мы павінны прадухіляць, прафілактаваць карупцыю. Мы павінны зрабіць так, каб у адных выпадках карупцыя стала нявыгаднай, у другіх - лёгка раскрывальнай, а ў трэціх - і наогул немагчымай.

І гэта зусім не фантастыка. У некаторых сферах мы ўжо зрабілі гэта. Самы яскравы прыклад - паступленне ў ВНУ. Не буду аб гэтым расказваць, вы помніце, як за хабар "залатая моладзь" прарывалася ў ВНУ, і ведаеце, што такое тэсціраванне, пры ўсіх недахопах мы, вядома, удасканальваем гэты працэс, але сёння паступіць у ВНУ можна ў пераважнай большасці толькі па ведах. Не буду гаварыць, што абсалютна на 100 працэнтаў, але ў пераважнай большасці. Так давайце зробім ва ўсіх сферах нашага грамадскага і эканамічнага жыцця тое ж самае.

Менавіта да такіх сістэмных рашэнняў мы павінны імкнуцца ва ўсіх сферах. Беларусь павінна паказаць прыклад, як можна і трэба змагацца з карупцыяй.

У бліжэйшыя некалькі гадоў нам неабходна рэалізаваць шэраг сістэмных мер па барацьбе з гэтым злом.

Першае. Дзяржаўны апарат павінен пайсці на радыкальнае пазбаўленне ад залішніх і неўласцівых для яго функцый.

Ён павінен браць на сябе толькі тыя паўнамоцтвы, якія ніхто, акрамя дзяржавы, выконваць не можа і не павінен. Усё астатняе трэба аддаць грамадству - радавым грамадзянам, прадпрыемствам і рынку.

Прычым маюцца на ўвазе не толькі і не столькі фармальныя паўнамоцтвы. У адміністрацыйных працэдурах мы ўжо навялі адносны парадак.

Але ёсць праславуты "адміністрацыйны рэсурс". Трэба якому-небудзь начальніку захацець, дапусцім, абкласці данінай бізнесмена, і ён знойдзе тысячу спосабаў выкруціць прадпрымальніку рукі. І фармальна ўсё зробіць у рамках закону, фармальна.

І размова ідзе не толькі аб паўнамоцтвах грамадзянскіх чыноўнікаў, але і сілавых структур, кантралёрах, а магчыма, нават перш за ўсё іх. Нельга забываць: тыя, хто павінен змагацца з карупцыяй, часам самі з'яўляюцца яе крыніцамі. "Апека" бізнесу з боку сілавікоў, знішчэнне канкурэнтаў пад маркай той жа барацьбы з карупцыяй, вымаганне праз пагрозы штрафаў і крымінальных спраў, звядзенне асабістых рахункаў - усё гэта, на жаль, радзімыя плямы сілавых структур.

Вось, дапусцім, так званая заказная праверка. Аднаму бізнесмену трэба задушыць канкурэнта. Ён падкупляе праваахоўніка, і той пачынае прыціскаць фірму-канкурэнта. Прычым пад флагам барацьбы з той жа карупцыяй. Маўляў, ёсць сігналы, падазрэнні, нам трэба ўсё праверыць. У гэты час работа фірмы поўнасцю блакіравана. Потым, магчыма, нічога і не знойдуць. Але бізнес жа падарваны ўжо. Фармальна ўсё правільна, а па сутнасці - злачынства! І такіх сітуацый нямала.

Нядаўна мы рэзка скарацілі колькасць нашага дзяржапарату. Прычым ён і да гэтага быў невялікім у параўнанні з іншымі краінамі. У Беларусі колькасць чыноўнікаў на тысячу занятых адна з самых нізкіх у Еўропе і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У нас - 35 чалавек, у Расіі - 75, Казахстане - каля 50, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы (так званыя рыначнікі!) - да 70 чалавек, гэта значыць у два разы больш чым у нас.

Сёння настаў час для больш маштабнай задачы. Скараціць не колькасць, а залішнія паўнамоцтвы чыноўнікаў.

Даручаю Адміністрацыі Прэзідэнта неадкладна заняцца гэтым фундаментальным пытаннем. Прыцягвайце да абмеркавання не толькі чыноўнікаў, але і прадпрымальнікаў, звычайных грамадзян, СМІ, экспертаў. І да канца года гэта сістэма павінна пачаць працаваць.

Гэта датычыцца і дэбюракратызацыі нашага ўсяго жыцця, аб якім мы шмат гаварылі і прынялі адпаведную Дырэктыву, за якую адказвае Кіраўнік Адміністрацыі.

Пры гэтым тут задача больш складаная, чым аптымізацыя колькасці. Але і эфект ад яе вырашэння будзе больш маштабным.

Другое. Мы павінны пачаць жыць па сродках.

Не раз мы з вамі пераконваліся: там, дзе мадэрнізацыя праводзіцца за дармавыя дзяржаўныя сродкі, яна аказваецца ў разы даражэйшая, чым у прыватніка, калі ён робіць за свае ўласныя грошы.

Прычыны відавочныя, іх усяго дзве - абыякавасць і карупцыя. Калі кіраўнік зацікаўлены ў развіцці прадпрыемства, то ён імкнецца сэканоміць, шукае і знаходзіць лепшыя варыянты.

А калі ён адчувае сябе на прадпрыемстве дачаснікам, то і адносіны да справы такія ж - наплявацельскія. Такія кіраўнікі не варушацца, не таргуюцца - ідуць па шляху найменшага супраціўлення. Гэта ў лепшым выпадку. У горшым жа - такі дырэктар проста пачынае красці.

Таму трэба перастаць бяздумна раздаваць грошы направа і налева. Гэта, дарэчы, не толькі эканамічная катэгорыя - гэта якраз адзін з даволі эфектыўных метадаў барацьбы з карупцыяй. Чым менш даеш грошай, тым менш можна ўкрасці.

Мы не адмаўляемся ад дзяржаўных інвестыцый у рэальны сектар. Ёсць сферы, куды наогул ніхто, акрамя дзяржавы, у бліжэйшай перспектыве ўкладаць не будзе. Гэта перш за ўсё інфраструктура, дарогі, камунікацыі. Наогул усе тыя галіны, дзе нельга чакаць скорай і хуткай аддачы.

Аднак раздачы дармавых грошай быць не павінна. 

Неабходна выбудаваць новую сістэму дзяржаўнай фінансавай дапамогі.

Там, дзе праект рызыкоўны, і там, дзе гэту рызыку гатовы ўзяць на сябе прыватны бізнес, чаго мы туды лезем?! Не трэба траціць сродкі з дзяржаўнай кішэні.

Адначасова рэальны сектар павінен імкнуцца ўсё ў большай ступені працаваць за кошт заробленых сродкаў і за кошт прыцягнутых інвестыцый. 

Неабходны конкурсны падыход да размеркавання дзяржаўных сродкаў. На іх, дарэчы, можа прэтэндаваць і прыватнік. Але ўмовы, якія выстаўляюцца і прыватніку, і дзяржпрадпрыемству, павінны быць дакладнымі, празрыстымі і абавязкова аднолькавымі.

Будзем пераходзіць ад патэрналізму, ад поўнай апекі дзяржаўных прадпрыемстваў да прадастаўлення дзяржпадтрымкі на аднолькавых для ўсіх умовах. Гэта прынцып і агульны падыход.

Але для яго рэалізацыі спатрэбіцца перагледзець адпаведныя інструменты эканамічнай палітыкі. Пры правільным падыходзе атрымаем вынік, нанясём па карупцыі і крадзяжы вельмі значны ўдар.

Даручаю Ураду неадкладна гэтым заняцца.

Трэцяе. Неабходна павышаць прэстыж дзяржаўнай службы.

Дзяржслужачых у нас засталося няшмат. Лішнюю ўладу мы ў іх забяром. Але тыя, хто працуе ў дзяржапараце, павінны быць лепшымі!

Кіраўніцкая сістэма павінна рабіць стаўку на ініцыятыўных, разважлівых, адказных людзей.

Для прыцягнення самых класных спецыялістаў трэба вырашаць задачу па павышэнні прэстыжу дзяржаўнай службы.

Мы ніколі не балавалі дзяржслужачых. Дастаткова паглядзець на краіны-суседкі і параўнаць, як жывуць чыноўнікі там і як у нас. Нядаўна расійскі прэм'ер-міністр Мядзведзеў заявіў: яго хвалюе, што моладзь усё часцей імкнецца ў дзяржапарат. У нас наадварот. Жадаючых есці чыноўніцкі хлеб усё менш і менш.

З аднаго боку, гэта значыць, што мы моцна трымаем чыноўнікаў у цуглях і прымушаем іх служыць народу. І гэта добра. З іншага - гэта трывожны знак для нас - здольная моладзь, ды і не толькі моладзь, ідзе ў камерцыйныя структуры.

Відаць, настаў час вярнуцца да пытання аплаты працы дзяржслужачых. Гэта таксама датычыцца настаўнікаў і ўрачоў. Калі гаварыць аб бюджэтнай сферы ў цэлым, то сёння суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне далёкія ад аптымальных - крыху больш як 70 працэнтаў.

Я прывёў у прыклад Расію, але я далёкі ад тых канцэптуальных разважанняў, палажэнняў, якія пануюць у Расіі: вось давайце, маўляў, чыноўніку заплацім яшчэ ў дзесяць разоў больш, потым яшчэ ў сто разоў больш, а потым наогул яго перавядзём на забеспячэнне дзяржавы - і ён стане сумленным. Глупства поўнае, усё ляжыць у сутнасці чалавечай: чым больш чалавеку ў асноўным дастаецца, тым да большага ён імкнецца. Дасі мільён - заўтра два захоча.

Таму павышаць зарплату трэба. Трэба, каб ён цаніў, у тым ліку і з пункту гледжання матэрыяльнага, сваю работу, каб яна была прэстыжнай, але і рабіць больш строгімі, з іншага боку, патрабаванні да дзяржаўных служачых таксама трэба.

Калі нам удасца рашуча прыняць усе абазначаныя меры, то мы зможам, магчыма, першыя на ўсёй постсавецкай прасторы вывесці барацьбу з карупцыяй на новы, сістэмны ўзровень і хутка дабіцца вынікаў, параўнальных з лепшымі сусветнымі ўзорамі.

Паважаныя таварышы!

Усе тыя факты, аб якіх я толькі што сказаў, указваюць непасрэдна на вельмі трывожную тэндэнцыю. У нашым дзяржаўным апараце, сярод дырэктарата ўсё больш распаўсюджваецца небяспечная атмасфера апатыі і абыякавасці.

Факты, якія нядаўна выкрыты намі на шэрагу прадпрыемстваў, сведчаць аб гэтым. Ініцыятывы практычна няма, ды і агню ў вачах кіраўнікоў таксама не відаць, многім на ўсё напляваць, аб жывой справе думаюць значна менш, чым аб справаздачах!

Адпаведна і вынікі ў эканоміцы пакуль нас не задавальняюць.

Пры гэтым, паважаныя сябры, вы, напэўна, заўважылі, што я ўсё больш і больш пачынаю на месцы прымаць вельмі строгае рашэнне па кіраўніках прадпрыемстваў. І я сёння абсалютна перакананы, што тут яшчэ вялікую ролю адыгрывае ашуканства знізу даверху. Усе разлічваюць на што? Прэм'ер-міністру напляваць на гэтыя пытанні, кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта і ўсёй Адміністрацыі - таксама не вельмі (не крайнія ж), міністрам - тым больш, абы прыгожа зрабіць справаздачу і дзесьці праскочыць міма Прэзідэнта. Вы бачыце, што я ўсё часцей і часцей іх запрашаю да сябе са справаздачамі па правальных пытаннях. Яны пасылаюць на прадпрыемствы сваіх работнікаў апарату, намеснікаў. З дырэктарам адно абмеркаванне: дапусцім, на БелАЗ. Слухай, як паказаць скарачэнне складоў? Куды схаваць машыну? Як яе аформіць так, гэтак, а потым вярнуць у вытворчасць або куды-небудзь схаваць за межамі, паказаць, што яе на тэрыторыі няма, або куды-небудзь наогул прэч з вачэй вывезці? Гэтым займаюцца міністр і намеснікі... Гэта што, нармальна?

Нядаўна я прыводзіў прыклад, трэці раз аб гэтым кажу, мне Прэм'ер і асобныя члены Урада гавораць аб тым, што ў нас баяцца праявіць ініцыятыву, таму што раптам не так. Ну добра, я прайшоўся як дырэктар былы па рабочым дні дырэктара, задаючы пытанне: ну дзе мы каго скавалі, якую ініцыятыву? Вось едзе на работу, працуе, праводзіць планёркі, вытворчасцю займаецца, вырабляе трактар, прадае яго, грошы паступаюць і гэтак далей - дзе хто ўмяшаўся і перашкодзіў працаваць? Аказваецца, мы выявілі разам з заяўнікамі, тым жа Прэм'ерам і падначаленымі, што перашкаджаем толькі ў адным - красці і лодарнічаць. Вось і ўся праблема. Трэба і тут рукі развязаць, каб маглі яшчэ больш красці, каб наогул нічога не рабілі, а яшчэ лепш - давялі да банкруцтва прадпрыемства, як гэта часта здаралася ў былыя часы. Прыходзіць дзяржапарат, чытай - да Прэзідэнта: "Слухайце, трэба тэрмінова акцыяніраваць і прыватызаваць прадпрыемства". І для чаго, каму прыватызаваць? Перш за ўсё - лодарам, якія развалілі гэта прадпрыемства. Чытай: наўмысна або не наўмысна... розніца невялікая. Дык хто прыціскае кіраўнікоў нармальна працаваць?

Добра гэта, я толькі што гаварыў аб мадэрнізацыі, я пасля скажу, па-мойму, каля 20 мільярдаў долараў за гэту пяцігодку мы затрацілі на мадэрнізацыю. Ужо ў паўтара раза больш, чым у мінулую! Так? Так. Закупілі абсталяванне. Дзесьці я браў на сябе адказнасць, падпісваючы гэтыя закупкі, каб не баяліся ініцыятыву праяўляць. Прывезлі. Ну дык мадэрнізуй прадпрыемства, устанаўлівай гэта абсталяванне! Якая табе яшчэ патрэбна ініцыятыва?! Тое ж самае было на апошнім прадпрыемстве, якое наведвалі, - ільнозаводзе, дзе Русы (намеснік Прэм'ер-міністра. - Заўвага рэд.) павінен быў з Мясніковічам у 2012 годзе да верасня новае прадпрыемства запусціць. А яны да гэтага часу там калупаюцца! Хто перашкаджаў? Чаго вы чакалі?

Таму няма чаго сёння прыкрывацца нейкім страхам, што ініцыятывы не хапае! Усе баяцца, прыватнікі таксама баяцца, і баяцца яшчэ больш, чым дзяржаўныя дырэктары. Баяцца таму, што яны ўклалі свае грошы або ў каго-небудзь узялі, а не дай бог прагарыш. Добра, калі свае згараць грошы, як яны часта кажуць: як прыйшло - так і пайшло. А калі чужыя грошы заняў і прагарэў? Гэта што, гэта куля ў лоб?

У мяне на стале даклад аб сацыяльна-эканамічным развіцці за першы квартал бягучага года. Вы ведаеце чаму. Я прымусіў Урад пакласці мне на стол вынікі па нарастаючай, як будзем працаваць: першы квартал - вырашэнне асноўных пытанняў, другі, трэці, чацвёрты. Таму што ў нас так атрымлівалася: намецілі на наступны год паказчыкі, год прапрацавалі, падлічылі - праслязіліся, і позна з каго-небудзь патрабаваць.

Прапрацавалі першы квартал - пакуль не плача Урад, я бачу, - 100,5 працэнта, ужо ў сродках масавай інфармацыі з'явілася, рост па ВУП. Але не забывайце, што ВУП - гэта толькі адзін паказчык, па якім ідзе кантроль. І не забывайце, што мы ведаем, адкуль гэты паказчык. Калі там "Беларуськалій" крыху заварушыўся, нейкую турбіну Сямашка (першы намеснік Прэм'ер-міністра. - Заўвага рэд.) падкінуў вам на трыльён (як мне Зіноўскі (старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта. - Заўвага рэд.) дакладвае: якую ў мінулым годзе пабудавалі, а вы сёння ў залік увялі і гэтак далей). Але я не сцвярджаю, мы ў гэтым разбяромся, таму што гэта яшчэ адна інфармацыя з адной крыніцы, а вы ж заўсёды гаворыце, што Зіноўскі - вораг, таму што ён ужо не падпарадкаваны Ураду, а непасрэдна Прэзідэнту. Таму мы пераправерым.

Але, калі вы такім чынам вырашылі выконваць ВУП, ну тады нам не па дарозе.

Перш за ўсё, я ўжо сказаў, за кошт чаго мы дасягнулі гэтых вынікаў, але старыя праблемы эканомікі нікуды не дзеліся. І мы іх бачым.

Мяркуйце самі. Павінны былі знізіць узровень запасаў гатовай прадукцыі на складах прампрадпрыемстваў да 76 працэнтаў сярэднямесячнай вытворчасці. А на самай справе - ужо 80. Пайшлі на рэкорд.

Размова ідзе ж не проста аб лічбах. На складах ляжыць прадукцыі амаль на 34 трыльёны рублёў! Хто яе будзе прадаваць, хто верне грошы ў абарот? Гэта ж амаль 4 мільярды долараў! Дык а чаму мы ходзім і просім з працягнутай рукой крэдыты? Чаму мы просім? У нас на складах амаль 4 мільярды!

Ёсць рэальныя заказы, канкрэтныя плацежаздольныя пакупнікі - вырабляй прадукты. Не - кінь усе сілы і рэсурсы, але знайдзі рынак збыту.

Павінны былі павялічыць прадукцыйнасць працы - знізілі. Абавязваліся нарошчваць экспарт, а фактычна ўпалі на 7 працэнтаў.

Ключавое пытанне - энергаёмістасць ВУП. Планавалі зніжэнне, а на справе толькі нарошчваем.

А што ў рэгіянальным разрэзе?

Калі Гомельская, Гродзенская і Брэсцкая вобласці, а таксама горад Мінск дасягнулі квартальных значэнняў росту валавога рэгіянальнага прадукту, то ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях гэтыя заданні правалены.

Так, нам трэба думаць аб стратэгіі будучага развіцця, вырашаць сістэмныя пытанні, аб гэтым я яшчэ буду гаварыць, але стратэгія не здымае з Урада задачы вырашэння вострых праблем сённяшняга дня. Кожны дзень краіна жыве - мы павінны плаціць людзям зарплату, пенсію, прадаўжаць мадэрнізацыю. Склады трэба разгружаць тут і цяпер, сёння (а дакладней, яшчэ ўчора!).

Так, дрэнна, што працуем мы па-ранейшаму ў ручным рэжыме. Яшчэ горш, што гэтыя пытанні даводзіцца ўзвальваць на сябе ўсё больш і больш Прэзідэнту. Але ніякага іншага выйсця проста няма. І нікому - падкрэсліваю, нікому - не ўдасца ўхіліцца ад работы і пазбегнуць адказнасці за яе выкананне.

Сёння я свядома не буду паглыбляцца ў гэту тэму. Усе гэтыя пытанні стануць прадметам дэталёвага разгляду на нарадзе ў Прэзідэнта па выніках першага квартала, дзе будзе дадзена прынцыповая ацэнка рабоце Урада, Нацыянальнага банка і губернатараў.

Не раз я гаварыў: эканоміка - у аснове ўсяго.

І вы ведаеце, вакол нас шмат страшылак, і ўсё гэта сыходзіцца і канцэнтруецца, як у фокусе, на каго вы думалі - на Прэзідэнта. Што мне толькі не гавораць... Што ў Парламенце заселі ворагі на чале з Папковым (А.Папкоў - дэпутат Палаты прадстаўнікоў. - Заўвага рэд.), кажу пра Папкова, таму што свой чалавек, не пакрыўдзіцца, каб разумелі, што да абсурду даходзіць, што сілавікі задумалі нейкую страшную аферу, што Расія сканцэнтравала танкі каля нашых граніц, пераблытаўшы з украінскімі, што пасол Сурыкаў (пасол РФ у Беларусі. - Заўвага рэд.) рыхтуецца ў прэзідэнты Беларусі. І ўсё гэта пад фанфары НАТА, Захаду і гэтак далей... Чаго толькі не гавораць!..

Я разумею толькі адно: ніхто не пераверне нашу краіну, калі мы самі гэтага не зробім. І ў аснове ўсяго гэтага перавароту ляжыць толькі адно пытанне - эканоміка. Будуць працаваць прадпрыемствы - нам не страшны ніякі вораг, ніякія танкі, ніякія самалёты! Усё ж пачынаецца знутры. Што б мы не гаварылі пра Украіну, НАТА, Захад... Яны там, вядома ж, заварылі заварушку, не падумаўшы аб перспектывах. Але давайце будзем шчырымі: што, амерыканцы і Захад такія ідыёты і дурні? Як і ўсе, яны змагаюцца за ўплыў, за свае інтарэсы і гэтак далей, разумеючы гэта па-свойму. Яны ж прыйшлі і параілі там, дзе для гэтага наспелі ўмовы, глеба.

Я ўжо гаварыў, што аснова ўсіх украінскіх і іншых падзей, у тым ліку "арабскай вясны", заключаецца ў тым, што ў выніку значнай карупцыі і пабораў давялі людзей да беднасці і "палажылі" эканоміку. Вось у чым прычына ўсіх апошніх мерапрыемстваў. І справа тут не ў амерыканцах. Амерыканцы ж і ў нас раілі да 2010 года, у 2010 годзе. Але, напэўна, не так, як ва Украіне, таму што мы трымаем пад кантролем гэту "пятую калону". Але самае галоўнае, што той жа Захад бачыў і разумеў: так, Лукашэнка кепскі. Ён для іх непрымальны і наўрад ці калі-небудзь будзе прымальны. Я гэта дакладна ўяўляю. Але яны разумеюць, што сёння не час, сёння Беларусь не перавернеш. Я ўсе гэтыя опусы іх чытаю. Няхай дыпламаты гэта чуюць.

Яны разумеюць, што сёння Беларусь - гэта не Украіна. І няма чаго тут пераварочваць. Дык справа ў кім, у амерыканцах, у НАТА, у расіянах? Або ў кім? У нас саміх!

Таму давайце працаваць. Давайце будзем аднаўляць нашу эканоміку, па самых высокіх стандартах плаціць людзям зарплату, пенсіі і дапамогі. І тады мы будзем стабільнымі заўсёды!

Таму галоўнае пытанне - гэта пытанне эканомікі, пытанне нашага жыцця, а не нейкія ворагі, якія сканцэнтраваліся ўнутры дзяржавы і за яе межамі.

Здаровая і моцная эканоміка - гэта гарантыя незалежнасці краіны і фундамент яе працвітання.

Таму цяпер нам ёсць сэнс разам паразважаць аб нашай далейшай эканамічнай стратэгіі.

Дазволю сабе невялікі экскурс у гісторыю.

У свой час мы пачыналі разам з вамі будаваць нацыянальную эканоміку на абломках савецкай.

Не будзем абмяркоўваць сёння, дрэннай або добрай была савецкая мадэль. Больш важна тое, што яна прынцыпова адрознівалася ад так званых рыначных мадэлей. СССР паў раптоўна - ніхто не чакаў такога імклівага падзення каласальнай звышдзяржавы.

Да свабоднага рынку ніхто не быў гатовы - ні кіраўнікі, якія прывыклі да Дзяржплана, ні грамадзяне, якія прывыклі да апекі дзяржавы.

Што нам было рабіць? Кідацца ў вір галавой? Некаторыя краіны так і зрабілі. Вынік вядомы - спад эканомікі, страшэнная карупцыя, бандыцкая прыватызацыя, жорсткая ломка ўсіх сацыяльных асноў, што катком праехаў па лёсе мільёнаў людзей.

Мне могуць запярэчыць: а як жа вопыт тых еўрапейскіх краін, якія пасля некалькіх гадоў "шокавай тэрапіі" паказалі "ўражальныя", нават у двукоссі я ўзяў, тэмпы эканамічнага росту?

Так, сапраўды, у некаторых атрымалася, але яны, па-першае, аб'ектыўна былі падрыхтаваны да рынку лепш. Вазьміце Польшчу, нашу суседку, не трэба далёка хадзіць. Нават пры камуністах у іх былі фермерства, дробны бізнес, прыватны гандаль, то нядзіўна, што і пераходзіць на рыначныя рэйкі ёй было значна прасцей.

Але пры гэтым не забывайце, што ў нашай суседкі, нашых сяброў, сёння, напэўна, больш як 200 мільярдаў знешняга доўгу. Больш як 200 млрд долараў! І не забывайце, чые інтарэсы прадстаўляе Рэспубліка Польшча, былая Польская Народная Рэспубліка, у Еўропе. І хто іх падтрымлівае. І хто дае грошы. Вы таксама аб гэтым не забывайце.

І гэта пры тым, што, нават нягледзячы на наступны эканамічны рост, і ва Усходняй Еўропе многія мільёны людзей аказаліся незадаволенымі вынікам рэформ.

Што ўжо гаварыць аб нашай краіне, якая была, калі можна так сказаць, "наскрозь савецкай". У нас не было ні вопыту рыначных адносін, як у той жа Польшчы, ні прыродных рэсурсаў, як у Расіі.

І ў той жа час вы помніце, што Расія і Беларусь - гэта дзве рэспублікі ў Саюзе, якія былі недатацыйнымі. Мы жылі за свой кошт. Мы аддавалі ўсё. Прывяду адзін толькі прыклад. Мы выпампоўвалі ўсё. Дзеля зорачкі на лацкане, дзеля чагосьці. Ну хто нас тады ў шыю гнаў пампаваць з нетраў нашай краіны па дзевяць з нечым мільёнаў тон нафты штогод?! Навошта? Хапала нафты! Мы будавалі цэлыя гарады ў Расійскай Федэрацыі, цэлыя гарады, вы іх ведаеце. Я там быў. Таму і кажу: бачыў гэтыя гарады. Усё было нармальна, не - выпампавалі... І што? Сёння, куляючыся, крыху больш як паўтара мільёна тон толькі можам. А калі б у нас сёння былі тыя нашы 9 млн тон? Мы камусьці кланяліся б, пры нашай унутранай патрэбнасці менш як 7 мільёнаў? Мы жылі б, нікому не кланяючыся, і жылі б цудоўна. Але такімі мы былі - савецкімі добрымі, прыстойнымі, жылі і думалі, што так будзе заўсёды. Хто тады думаў аб распадзе Савецкага Саюза, аб развале гэтай краіны?! Мы ж былі, яшчэ раз паўтараю, самымі-самымі савецкімі.

Таму выбар нашай мадэлі ў 90-я гады не быў памылкай. Я сказаў бы - і не дасягненнем. Гэта быў адзіна магчымы выхад у тых умовах - выхад, прадыктаваны жыццём і разумным сэнсам.

Заслуга ўлады і мудрасць народа заключаліся ў тым, што мы не дазволілі зачараваць сябе тэорыямі - правільнымі прымяняльна да Захаду, але тупіковымі прымяняльна да нашай нацыянальнай эканомікі.

З таго часу мінула больш як 20 гадоў. Змяніўся свет, мы самі сталі іншымі. Мы многаму навучыліся і добра засвоілі, якая жорсткая глабальная эканоміка. Яна не даруе тым, хто своечасова не заўважае змяненняў і следам за імі не змяняецца сам.

Таму сёння настаў час удасканальваць эканамічную палітыку краіны спакойна, эвалюцыйна, але цвёрда, без зацяжак і залішніх ваганняў.

Гэта не азначае, што мы адмаўляемся ад базавых дзяржаўных прыярытэтаў: экспарту, жылля, прадуктаў харчавання, іншых. Будзем прадаўжаць тое, што пачалі. Мадэрнізаваць прамысловасць, развіваць сельскую гаспадарку, медыцыну, усяляк падтрымліваць інавацыі. Але цяпер настаў час зрабіць новыя акцэнты.

У нашых умовах неабходна засяродзіць увагу на трох наступных базавых напрамках, а магчыма, і больш, але пакуль на трох:

па-першае, развіццё ўнутранага рынку. Як бы камусьці гэта ні здалося дзіўным, але развіццё ўнутранага рынку;

па-другое, удасканаленне сістэмы кіравання эканомікай;

па-трэцяе, усялякае развіццё і падтрымка канкурэнцыі.

Аб развіцці ўнутранага рынку

Развіццё яго - гэта, калі хочаце, асноўная ідэя нашага эканамічнага курсу на наступныя гады.

Мы часам не без гонару гаворым аб сабе: у нас адна з самых адкрытых эканомік у свеце. Знешнегандлёвы абарот больш як у паўтара раза перасягае валавы ўнутраны прадукт. Але, шчыра кажучы, незразумела, чаму тут радавацца? Гэта ж вялікая залежнасць ад стану знешніх рынкаў.

Мы пачалі рабіць стаўку на экспарт. І гэта абсалютна зразумела. У пачатку дзевяностых нашы грамадзяне мала што маглі сабе дазволіць - проста кажучы, не было грошай. Унутраны рынак быў вельмі малы, бедны і слабы. І асноўныя грошы можна было зарабіць толькі на знешніх рынках.

З таго часу стан спраў вельмі змяніўся.

Па-першае, узровень даходаў нашых людзей вырас, і вырас мнагакратна. На ўнутраным рынку сёння можна зарабіць, прычым нядрэнна.

Па-другое, разам з даходамі выраслі і патрэбнасці нашых людзей, і іх патрабаванні да якасці жыцця. Адначасова і ўвесь свет зрабіў вялікі рывок у развіцці - з'явіліся дзясяткі і сотні новых прадуктаў і паслуг.

Па-трэцяе, рэзка ўзмацнілася канкурэнцыя на сусветных рынках. Прычын тут нямала: і фінансавы крызіс, і ўсё большая адкрытасць рынкаў, уступленне ў канкурэнтную барацьбу новых ігракоў, перш за ўсё з Азіі.

Усе гэтыя абставіны дакладна паказваюць нам: пара павярнуцца тварам да ўнутранага рынку. Складанасці на рынках знешніх мы можам кампенсаваць, пашыраючы рынак унутраны. Нельга аддаваць унутраны рынак іншаземцам.

Вось у чым сэнс гэтых разважанняў.

Больш таго, за яго ўжо трэба змагацца, таму што і тут нас могуць выцесніць канкурэнты.

Прычым стаўку трэба рабіць не толькі на вытворчасць тавараў, але і на аказанне паслуг.

Тут няма ніякай фантастыкі і завоблачных тэорый. Гэта магістральны шлях, па якім рухаюцца ўсе развітыя краіны. Найбольш перадавыя з іх, перш за ўсё Штаты, перайшлі ўжо ад індустрыяльнай эканомікі да "эканомікі ведаў і паслуг".

У валавым унутраным прадукце ЗША паслугі складаюць больш як 80 працэнтаў. І гэта пры тым, што Амерыка па-ранейшаму застаецца індустрыяльным, сыравінным гігантам, выходзячы на лідзіруючыя пазіцыі па здабычы нафты і газу, і буйнейшым у свеце вытворцам многіх відаў сельгаспрадукцыі. Тым не менш усё традыцыйныя сектары эканомікі Злучаных Штатаў, разам узятыя, складаюць менш як 20 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту Амерыкі.

Кітай доўгія гады быў сапраўднай фабрыкай свету. Але сёння кітайская кампартыя ў сваіх праграмных дакументах паставіла стратэгічную задачу: будаўніцтва "эканомікі ведаў і паслуг", паскораны пераход ад экспарту да развіцця ўнутранага рынку.

Калісьці менавіта экспарт стварыў кітайскі эканамічны цуд. Але сусветны крызіс навучыў Кітай - нельга вельмі залежаць ад капрызных і непрадказальных знешніх рынкаў. Неабходна развіваць свой унутраны рынак, робячы стаўку на рост паслуг і ўнутранага спажывання.

Многія цяпер вельмі проста адрэагуюць на сказанае і скажуць: ну слухайце, 10 мільёнаў у Беларусі, а паўтара мільярда ў Кітаі (унутраны рынак). Вось і ўсё. Дык у іх шмат народа - ім шмат і патрэбна. А ў нас усяго толькі 10 мільёнаў. У параўнанні не толькі з Кітаем, але і з іншымі краінамі - амаль нічога. Так нам менш патрэбна для таго, каб забяспечыць нармальнае жыццё нашых людзей. Гэта галоўная наша задача.

Таму ўнутраны рынак і 10 мільёнаў - гэта нямала. Давайце забяспечым! Давайце перастанем, я часта аб гэтым кажу, завозіць сюды зубачысткі і іншае.
Такія ж вывады і ўрокі неабходна зрабіць і нам. Татальная залежнасць ад знешніх рынкаў - гэта пагроза і эканоміцы, і, калі хочаце, суверэнітэту краіны.

Таму развіццё ўнутранага рынку, будаўніцтва "эканомікі паслуг" павінна стаць стрыжнем новай эканамічнай палітыкі на бліжэйшыя гады.

І паслугі, у тым ліку для тых, хто прыязджае, для знешніх гасцей, якія прыбываюць звонку, для нас архіважныя.

Нядаўна мы са старшынёй нашых прафсаюзаў абмяркоўвалі: сёння няма ніводнага санаторыя, базы адпачынку, прафілакторыя ў прафсаюзаў, як, напэўна, і на дзяржпрадпрыемствах, якія нармальна не існавалі б. Чаму? Таму што варушыцца пачалі, па-першае. Па-другое, своечасова ўсё зрабілі. Расіяне, вялікая багатая краіна, амаль 150 мільёнаў чалавек, куды ехаць адпачываць сярэдняму расіяніну? Нават калі і ў Крым сёння, але ўсё роўна мала месца. Яны ўбачылі нармальны камфорт у Беларусі, зусім побач, плюс яшчэ падлечаць. Больш таго, кажуць: у вас атмасфера зусім іншая. Я з многімі асабіста сустракаўся і размаўляў.

Своечасова прывялі ў парадак санаторыі - сёння маем пэўны вынік.

Сёння іншы момант настаў - дрэнна - добра, праблемы ва Украіне, у іншых месцах. З аднаго боку гіганцкая Расія, з іншага боку Захад. Яны ацанілі сёння гэту, амаль тысячу кіламетраў, Беларусь, з поўначы на поўдзень, і ўдзячны ўжо за гэты спакой, у тым ліку і "дыктатару". Дык скарыстайцеся, грамадзяне Беларусі, гэтым зручным момантам і прапануйце паслугі ўсім тым, хто ўжо сёння прыехаў. З Украіны... Паглядзіце на нумары на аўтамабілях. Сёння вялікая колькасць украінцаў паехала ў Беларусь. Ну што вы думаеце, гэта бедныя людзі паехалі? Ды не. Дык прапануйце ім паслугі. Яны ж усе маюць патрэбу ў гэтых паслугах. Зарабіце капейку. Паварушыцеся крыху!

Развіццё ўнутранага рынку, будаўніцтва "эканомікі паслуг" павінна стаць стрыжнем нашай новай эканамічнай палітыкі на бліжэйшыя гады.

Пры гэтым экспарт, зразумела, быў і застаецца прыярытэтам. Мы ж не закрываем ні БелАЗ, які наогул на ўнутраныя патрэбы не працуе практычна, мы не закрываем ні МТЗ, ні Мінскі аўтазавод, усе яны будуць існаваць, а яны ж арыентаваны на экспарт. І гэта таксама добра, было б зусім дрэнна, калі б мы нічога не маглі прадаваць на экспарт. Вядома, варушыцца трэба. Вядома, канкурэнцыя. Вядома. Але часам, ведаеце, самі сябе палохаем. Я нядаўна сустракаўся з кіраўніком банка з Афрыкі. Вельмі разумны чалавек. Гаворыць: я прафінансую пастаўкі, але вы ўвайдзіце хоць невялікай доляй у гэты банк. Увайшлі, купілі там некалькі акцый. Калі ласка, ідзіце, ёсць схемы разлікаў, гандлюйце.

Але пасля гэтай сустрэчы я неяк не бачу такога шквалу, валу, каб мы туды пайшлі.

Вось і ўся, Міхаіл Уладзіміравіч (М.У.Мясніковіч - Прэм'ер-міністр. - Заўвага рэд.), ініцыятыва нашага дырэктарата і міністраў.

Калі шчыра кажучы, то мы нават некалькі запазніліся ў развіцці гэтага напрамку. Вінавата ў гэтым псіхалогія нашых кіраўнікоў. Мы часта недаацэньвалі ўнутраны рынак, маючы на ўвазе, што, маўляў, краіна невялікая, людзі ў нас небагатыя і таму наш рынак бедны і бесперспектыўны. Але ў той жа час добра лічылі: а вось колькі беларусы вывезлі валюты?.. Неарганізавана каля 3 мільярдаў! А калі б мы гэтыя паслугі для нашага народа і гэтыя тавары прапанавалі б гэтаму ж народу?

У нас жа і тавары нядрэнныя. Калі мы выстаўкі арганізоўваем і прапаноўваем тавары, дапусцім, у Маскве, у багатай Маскве, пераборлівай, - гадзіна-паўтары і нічога няма. Ёсць жа добрыя, нядрэнныя тавары. Дык вось калі б нашы чыноўнікі перш за ўсё, сілавікі, магчыма, іх жонкі і палюбоўніцы менш ездзілі ў Літву за пакупкамі, то, напэўна, паўтара мільярда мы б туды не вывезлі і 2 мільярды ў Польшчу.

Дык ці трэба нам змагацца за ўнутраны рынак?

Мы ж не лічым яшчэ нашу Украіну і нашу Расію, а гэта 4 з лішнім мільярды, а то і 5, дакладна, штогод. Дык давайце пакінем гэтыя грошы ў сябе. Мы ж гэта ўмеем рабіць. Мы можам гэта рабіць.

Чаму сёння мы не можам зрабіць так, каб наш беларус не скупляў долары, а патраціў свае грошы тут, на нашы тавары і паслугі?

Справа ж тут не толькі ў нашых людзях. Банальна не хапае даступных кафэ, дзе добра і смачна кормяць, кінатэатраў і аквапаркаў сусветнага ўзроўню, адсутнічае сучасная індустрыя забаў. Лічу, што ў тым ліку і па гэтых прычынах нашы грамадзяне бягуць у абменнікі і трацяць валюту за мяжой.

Сфера паслуг на нашым спажывецкім рынку практычна не развітая. Гэта датычыцца ўнутранага турызму, страхавання, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Ва ўсім свеце дзясяткі, а то і сотні мільёнаў долараў прыносяць індустрыя прыгажосці і здароўя, заняткі спортам і турызмам, іншыя паслугі. Гэта становіцца ўжо модным ва ўсім свеце - быць спартыўным і прыгожым. Чым жа мы горшыя?

Чаму мы не бяжым туды, куды бягуць усе перадавыя краіны свету? Вазьміце той жа Кітай, вялікі Кітай, яблыку няма дзе ўпасці, а з раніцы да вечара, асабліва пенсіянеры, займаюцца ў парках. Усе хочуць жыць, усе людзі хочуць быць прыгожымі, усе хочуць быць запатрабаванымі. А мы? Выпіць як мінімум піўка, нага за нагу - на канапу.

Сёння ва ўсім свеце пашыраецца культ спажывання. І гэта дае свае вынікі. Купляючы тавар, атрымліваючы паслугу, ты плаціш жывыя грошы. І не важна, каму - прыватніку, дзяржаўнаму прадпрыемству. Потым яны ж да нас і вяртаюцца ў выглядзе высокіх зарплат, дастойных пенсій і дапамог.

У выніку, купляючы ўсё больш і больш айчыннага, а адпаведна і вырабляючы больш тавараў або прадастаўляючы больш паслуг, грамадства, а значыць, і мы з вамі становімся багацейшымі.

Трэба ствараць умовы, стымуляваць пакупную актыўнасць, і тады ўжо не беларусы паедуць за мяжу, а самі іншаземцы паедуць да нас. Так, як гэта адбываецца, я гаварыў, з турызмам, адпачынкам і ўжо з медыцынай. Нараджаць ужо едуць да таго ж Косінца (старшыня Віцебскага аблвыканкама. - Заўвага рэд.), нават да Косінца, я не кажу ўжо пра Ладуцьку. Пра цэнтральныя лепшыя клінікі. І расіяне едуць, і ўкраінцы, і не толькі яны.

Унутраны рынак - не толькі індустрыя гасціннасці. Па сутнасці, рынак паслуг амаль бязмежныя. У яго арганічна могуць быць упісаны навукаёмістыя вытворчасці, медыцынскія, адукацыйныя, транспартныя, лагістычныя, інфармацыйныя паслугі.

Апошнім часам мы вельмі сур'ёзна заняліся інфарматызацыяй краіны. Асабліву падкрэслю: гэты напрамак павінен стаць безумоўным прыярытэтам у дзейнасці як Урада ў цэлым, так і кожнага ведамства паасобку.

Мы разлічваем, што ў будучым інфарматызацыя не толькі павысіць эфектыўнасць кіравання і празрыстасць многіх працэдур, але і рэзка пашырыць унутраны рынак электронных паслуг. А гэта якраз той сектар эканомікі, які ў сучасным свеце развіваецца самымі фантастычнымі тэмпамі.

Маштабная інфарматызацыя натуральным чынам, без усялякага адміністрацыйнага прымусу прывядзе да таго, што і кампаніі, зарэгістраваныя ў нашым Парку высокіх тэхналогій, у большай ступені пачнуць працаваць не толькі на заходнія фірмы, але і на наш унутраны рынак.

Даручаю Ураду пры падрыхтоўцы праграмы на наступную пяцігодку вызначыць развіццё ўнутранага рынку тавараў і паслуг як прыярытэт і прадумаць канкрэтныя меры для вырашэння гэтай стратэгічнай задачы.

Мэта адна: нікому не аддаваць унутраны рынак, а ўсім неабходным, і таварамі, і паслугамі, самім забяспечыць наш народ уласнай вытворчасцю.

<...>