Алімпіяды для вучняў у Беларусі

Адным з самых яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляецца алімпіядны рух у Рэспубліцы Беларусь. Алімпіяда - гэта інтэлектуальнае спаборніцтва навучэнцаў, прызначанае выяўляць і развіваць іх творчыя здольнасці.

Рэспубліканская алімпіяда праводзіцца па 18 вучэбных прадметах. У 2015/2016 навучальным годзе ў гэты спіс увайшла алімпіяда па кітайскай мове, у 2018/2019 - па фізічнай культуры і здароўі.

Штогод у алімпіядным руху прымаюць удзел амаль 600 тыс. навучэнцаў.

Усе пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, якія атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені, прадстаўляюцца для заахвочвання ў савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы  адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Навучэнцы, якія паказалі лепшыя вынікі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, накіроўваюцца на міжнародныя алімпіяды.

Мэтай удзелу навучэнцаў у міжнародных адукацыйных мерапрыемствах з'яўляецца прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнародным узроўні, умацаванне іміджу Рэспублікі Беларусь як краіны, якая ўдзяляе вялікую ўвагу адукацыйнаму ўзроўню навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Якаснае правядзенне рэспубліканскіх мерапрыемстваў, уважлівы адбор прэтэндэнтаў на ўдзел у міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах даюць магчымасць навучэнцам Рэспублікі Беларусь дасягнуць высокіх вынікаў на міжнародным узроўні.