Віншаванне Прэзідэнту Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірылу Рамафосу

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыла Рамафосу з нацыянальным святам - Днём Свабоды.

    "Трыццаць гадоў таму ваш слаўны народ перамог ганебную з'яву апартэіду, канчаткова дабіўся справядлівых адносін да грамадзян, права для ўсіх выбіраць лёс сваёй краіны. З таго моманту ваша дзяржава ўвасабляе ў сабе ідэалы суверэннай роўнасці, шматпалярнасці, устойлівага развіцця, рэгіянальнай інтэграцыі і аднолькавых магчымасцей для ўдзельнікаў міжнародных адносін", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу гэтага часу Беларусь і Паўднёвая Афрыка, маючы падобныя ідэалы і мэты, падтрымлівалі адзін аднаго на шматбаковых пляцоўках, развівалі гандаль, прамысловую і навуковую кааперацыю, пашыралі кантакты паміж бізнесменамі.

    "З улікам вялікага патэнцыялу далейшай інтэнсіфікацыі сувязей Мінска і Прэторыі ў самых розных галінах пацвярджаю гатоўнасць прыняць Вас з візітам на нашай гасціннай зямлі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні супрацоўніцтва і ўзгадніць сумесныя планы на будучыню", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Сірылу Рамафосу выдатнага здароўя, даўгалецця і новых поспехаў, а дружалюбнаму народу Паўднёвай Афрыкі - міру і дабрабыту.