Рабочая паездка ў Гродна

  • 31
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Гродна.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў да месца будаўніцтва новай гарадской бальніцы на праспекце Янкі Купалы ў Гродне, дзе заслухаў даклад Міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева.

"Трэба зрабіць медыцыну, як у нас раней гаварылі, народнай. Усім даступна, аднолькава", - паставіў Прэзідэнт галоўную задачу перад Міністрам.

Кіраўнік дзяржавы цікавіўся тым, як Міністр уступае на пасаду, ці ёсць праблемы, як вырашаюцца кадравыя пытанні.

Аляксандр Хаджаеў далажыў, што даручэнні Кіраўніка дзяржавы выконваюцца, у тым ліку па цэнаўтварэнні і кадрах.

"Уладзімір Сцяпанавіч (губернатар Гродзенскай вобласці і экс-міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. - Заўвага) дапамагае ці ён убаку?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"Дапамагае, мы з ім на пастаяннай аснове аналізуем тыя пытанні, якія ўзнікаюць. На сённяшні дзень у нас рабочыя адносіны выбудаваны такім чынам, што я магу звярнуцца за парадай", - запэўніў Аляксандр Хаджаеў.

Кіраўнік дзяржавы спытаў, ці рабочы ў Міністэрстве аховы здароўя калектыў, ці трэба вырашаць кадравыя пытанні.

Міністр далажыў, што ў гэтым напрамку ў самы бліжэйшы час будуць прапанаваны кандыдатуры.

"Калі ты не паплывеш па цячэнні, а, як Каранік, будзеш цвёрда курс трымаць, - работа будзе ў ахове здароўя. Я гаварыў, што там у нас рэперных кропак шмат, кланаў хапае, любяць "паплаваць" так, як зручна, начальнікаў абслужыць. Парадак трэба наводзіць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і кадравае пытанне ў галіне ў цэлым: "Кажуць, таго не хапае, гэтага не хапае. Урачоў, медсясцёр... Слухай, у нас усяго хапае. Толькі ў нас некаторыя катэгорыі, у тым ліку ўрачы, хочуць працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе, і атрымліваць вялікія грошы. Дык яны суткамі працуюць (на Захадзе. - Заўвага), асабліва моладзь. Гэта я ведаю дакладна. Суткамі працуюць. Але яны і зарабляюць".

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і ў Беларусі ўрачы ў лепшых клініках зарабляюць вельмі добрыя грошы.

Больш таго, дзяржава раней ужо аказала істотную падтрымку медыкам у матэрыяльным плане. "Тое, што я абяцаў. У пандэмію плацілі дадаткова. Я ім сказаў: я вам гэта пакідаю. Пакінуў. Урачы не верылі, што гэта будзе. Мы пакінулі. Але далей крыху і самім трэба варушыцца. Выдатная прафесія, цудоўная спецыяльнасць. Лепшай, напэўна, у свеце няма. Вядома, і адказнасць, і паварушыцца трэба. Пераразмяркуйцеся і працуйце як след", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Каранік звярнуў увагу, што ў свой час Прэзідэнт прыняў рашэнне аб матэрыяльнай падтрымцы ўрачоў у яшчэ большым памеры, чым прасіла Міністэрства аховы здароўя.

"Цяпер мала хто ўспамінае, але я добра памятаю, што нашы прапановы па матэрыяльным стымуляванні ў пандэмію вашай рукой былі павялічаны ў некалькі разоў. Мы нават столькі не прапаноўвалі", - сказаў ён.

Трэба памятаць і аб тым, што ў многіх краінах Захаду больш высокія падаткі для грамадзян, а адукацыя і медыцына - платныя. "Вы хочаце гэтага? Калі ласка, не пытанне. Мы з Каранікам, калі вы хочаце, у Гродзенскай вобласці да канца года перавядзём вас на польскую сістэму, еўрапейскую, - прапанаваў Прэзідэнт. - Тады ўсе за сябе. І вы пагледзіце, колькі бамжоў будзе ў вас, колькі паміраць будзе. Грошы ёсць - лечым, няма грошай - да пабачэння".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такія прынцыпы і такая палітыка для Беларусі цяпер непрымальныя. "У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава, - канстатаваў ён. - Мы паступова ідзём у гэтым напрамку: зарабіў - добра, не зарабіў - чаму ты павінен жыць за кошт іншых? Але гэта не адразу. Стагоддзе пройдзе, пакуль укараніцца гэты прынцып".

Завяршаючы тэму заработкаў, Прэзідэнт зноў успомніў пандэмію, калі было прынята рашэнне захаваць даплаты медыкам. "Але прайшоў час, усё гэта забыта. Многія гавораць: урачоў не хапае, медсясцёр не хапае і зарплата неяк малаватая", - заўважыў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў рашэнне, якое падыходзіць не толькі для ўстаноў аховы здароўя, але і для іншых бюджэтных арганізацый, напрыклад, рай-, гарвыканкамаў. У іх распараджэнні будуць пакідаць зарплатны фонд зыходзячы з цяперашняй штатнай колькасці. А ў выпадку, калі работнікаў менш, - астатнія фінансавыя сродкі можна пераразмеркаваць на тых, хто працуе, напрыклад, з двайной нагрузкай.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці. Губернатар Уладзімір Каранік падкрэсліў, што ў рэгіёне выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы, рост намінальнай заработнай платы за 2023 год склаў 18%, за студзень-люты гэтага года перасягнуў 19%, а рост валавога рэгіянальнага прадукту амаль дасягнуў 8%. "Далейшае развіццё рэгіёна немагчыма без інвестыцый, таму ў Гродзенскай вобласці рэалізуецца 114 праектаў", - сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Паводле яго слоў, у рамках даручэння Прэзідэнта "Адзін раён - адзін праект" зацверджаны 21 праект, яны знаходзяцца ў розных стадыях рэалізацыі. Прадаўжаецца будаўніцтва і мадэрнізацыя многіх сацыяльных аб'ектаў, у ліку якіх школы, анкадыспансер.

На пляцоўцы, дзе пачата будаўніцтва новага аб'екта аховы здароўя, Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўзвядзення бальніцы і планах па будаўніцтве. У прыватнасці, размова зайшла пра будучы лёс будынка цяперашняй бальніцы № 2, які ўстарэў і не адпавядае сучасным патрабаванням і які вызваліцца пасля завяршэння будаўніцтва і здачы ў эксплуатацыю новага будынка гарадской бальніцы па праспекце Янкі Купалы. Раней у старым корпусе бальніцы размяшчаўся манастыр, будынак уяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць над тым, як ён будзе выкарыстоўвацца ў далейшым. Адзін з магчымых варыянтаў - арганізацыя тут гасцініцы або іншага турыстычнага аб'екта.

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся тэрмінамі завяршэння будаўніцтва новай гарадской бальніцы. Планавалася, што на гэта павінна спатрэбіцца каля 50 месяцаў. "Гэта доўга", - адрэагаваў Кіраўнік дзяржавы. Калі праект спланавалі даволі складаны, то трэба яго спрасціць, прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Як растлумачыў Уладзімір Каранік, новая бальніца спраектавана без усялякіх празмернасцей, але з улікам вопыту работы ў пандэмію, таму па размяшчэнні прадугледжаны чатыры крылы, што дае магчымасць іх без праблем заніраваць пры неабходнасці. "Выдатна. Значыць, за два гады мы павінны яе пабудаваць", - сказаў Прэзідэнт.

У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсулы на месцы будаўніцтва новай гарадской бальніцы ў Гродне.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што своеасаблівым пасланнем нашчадкам з'яўляецца не толькі тэкст, змешчаны ў капсулу, але і ўсе тыя шматлікія аб'екты, якія створаны, пабудаваны і мадэрнізаваны за гады незалежнасці. "Гэта пасланне ў будучыню", - сказаў ён.

"Мы хочам, каб беларусы жылі, заводзілі сем'і, вучыліся, працавалі, адпачывалі ў прыгожых, утульных і камфортных гарадах і сёлах. Робім усё, каб у кожнага была магчымасць атрымаць перш за ўсё дастойную адукацыю", - адзначыў Прэзідэнт.

Пры гэтым ствараць беларусам часам даводзіцца не дзякуючы, а насуперак жыццёвым акалічнасцям.

"Клопат пра дзяцей, унукаў, усіх, хто прадоўжыць наш род, усіх, хто прыйдзе пасля нас, - вось сутнасць сённяшняга моманту і сутнасць ідэі сённяшняга мерапрыемства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што праз 50-100 гадоў, улічваючы развіццё інфармацыйных тэхналогій, наступныя пакаленні будуць ведаць пра цяперашнія ўсё і нават больш. "Але ці будуць гэтыя веды ісцінай? Ці ўбачаць беларусы будучыні ў масіве інфармацыі нашы сапраўдныя намеры? Таму мы і пакідаем тут пасланне. У ім нашы шчырыя надзеі, і ўсе яны прадыктаваны імкненнем да міру і стварэння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, гэта ўрачыстая цырымонія - яшчэ і пасланне суседнім з Беларуссю краінам. "Мы ж цяпер таксама капаем зямлю, як і яны, зусім побач з граніцай. Толькі мэты ў нас зусім розныя. Там капаюць акопы, траншэі супраць танкаў і іншага, павялічваюць расходы на ўдарныя ўзбраенні. А мы тут дзве трэці бюджэту рэгіёна накіроўваем на сацыяльную сферу. Мы хочам пабудаваць сваю мірную будучыню. Мы настроены толькі на стварэнне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Нікому не верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта гавару адкрыта. "Хочаш міру - рыхтуйся да вайны" - не я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у краіне вядзецца неабходная падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў, у войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі. "Калі адтуль (з недружалюбных краін. - Заўвага) нехта падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім правільна. Калі там нас пачнуць хваліць - бяда", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь нікому нічым не пагражае: "Нам не трэба камусьці пагражаць. Мы не хочам чужой зямлі. Нам гэту дай бог апрацаваць".

Звяртаючыся да жыхароў Гродна, размешчанага ў заходняй частцы краіны, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы нашы. Мы вас нікому не аддадзім". "Калі нехта думае, што Гродна - чужы нечы горад або не зусім беларускі, забудзьце. Гродна - гэта наша краіна, наша зямля, наш горад. Ні міліметра, мы нікому тут нічога не аддадзім. Але калі камусьці дрэнна, складана тут, дык мы нікога не трымаем. Шкада, вядома, што некаторыя выязджаюць. Але мы нікога не трымаем", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўспомніў аб размове з былым мэрам Гродна некалькі гадоў таму: "Я гавару: "Вось, людзі ў цябе выязджаюць, чагосьці тут не так". Ён гаворыць: "Аляксандр Рыгоравіч, выязджаць яны выязджаюць, а вось (даслоўна) зубок вылечыць яны да нас едуць. Там дарагавата".

"Я павінен вам сказаць, што мы ўрэгулюем цяпер гэта пытанне. Нягледзячы на прэзідэнцкія выбары, электаральную кампанію, мы ўрэгулюем, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Таму што вы павінны разумець: яны зубок прыязджаюць сюды танна лячыць і іншыя хваробы - за ваш кошт. Падаткі вы плаціце як фізічная асоба, і прадпрыемства ваша таксама плаціць падаткі. Яны прыязджаюць танна падлячыцца".

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як шмат гадоў таму яго, тады яшчэ маладога палітыка, жыхары Гродна прасілі вырашыць пытанне з перасячэннем граніцы, каб з прыгранічча можна было ездзіць у суседнія краіны да сваякоў. І гэта было зроблена з беларускага боку. Праўда, на гэты час доступ ускладнілі для беларусаў суседнія краіны.

"Цяпер яны ад нас адгарадзіліся агароджай. Вы бачыце, што гэта не мая віна, гэта іх палітыка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, тыя, хто прымае такія рашэнні за мяжой, кіруюцца не інтарэсамі сваіх грамадзян, а маюць свае карыслівыя мэты, нажываючыся на будаўніцтве загарод на граніцы. Беларусь на гэтым фоне, наадварот, адкрытая для наведванняў, увяла бязвізавы рэжым, на што заходнія суседзі сталі палохаць сваіх грамадзян верагоднасцю вярбоўкі ў Беларусі. "Гасподзь з вамі, не трэба мне гэта вярбоўка. Хто ж так вярбуе? Каго трэба, мы ўжо даўно завербавалі", - заўважыў Прэзідэнт.

"Мы гэта перажывём. Мы хочам мірнага жыцця, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я паўтараю пастаянна: нам чужога не трэба. Чужы кавалак ірве рот. Так у народзе гаварылі, я гэта засвоіў са свайго вясковага жыцця. Я не хачу нічога чужога. І заўсёды гавару: не чапай чужое, бокам вылезе. І вам хачу завяшчаць: чужога не чапайце. Рана ці позна гэта ператворыцца ў катастрофу".

"Я хачу, каб вы, вашы дзеці і ўнукі жылі ў спакойнай, мірнай краіне. Пакуль я Прэзідэнт, пакуль мае памочнікі працуюць тут і па ўсёй краіне, мы будзем праводзіць гэту палітыку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі вялікія планы, і яны будуць рэалізаваны, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Мы яшчэ з вамі нямала зробім, але галоўнае - мы павінны зрабіць так, каб нашы дзеці, абапіраючыся на тое, што зрабілі мы, зрабілі больш. Мы павінны нашым дзецям зрабіць невялікі задзел", - сказаў Прэзідэнт.

Той аб'ект аховы здароўя, які цяпер пачынаюць будаваць у Гродне, Аляксандр Лукашэнка назваў аб'ектам стратэгічнага значэння з гібкім функцыяналам. Гэта значыць, прадугледжваецца, што там будуць чатыры крылы, кожны з якіх у выпадку неабходнасці можна ізаляваць. Такім чынам улічаны вопыт работы медыцынскіх устаноў у пандэмію каранавіруса.

"Усё прадумана: сучасныя ўмовы, зручны доступ для жыхароў суседніх рэгіёнаў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі дзяржавай створаны магчымасці для развіцця людзей і для таго, каб зарабляць. Вобразна кажучы, прадастаўлена вудачка, але людзям трэба самім "ісці вудзіць рыбу", варушыцца, працаваць, каб мець дастойны ўзровень жыцця.

"Не будзем шмат працаваць - загінем, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - магчымасці. Дзяржава павінна прадаставіць магчымасці".

Асабліва актуальныя гэтыя словы ў адносінах да прадстаўнікоў маладога пакалення. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне, напрыклад, створаны ўсе магчымасці, умовы для таго, каб школьнікі з самых розных сем'яў і рэгіёнаў Беларусі маглі паступіць у ВНУ і атрымаць вышэйшую адукацыю. Выпрацавана сістэма прадастаўлення ведаў і іх аб'ектыўнай ацэнкі для таго, каб адабраць у ВНУ здольных навучэнцаў. "Мы робім усё для таго, каб у вас была магчымасць. А калі ёсць магчымасць, далей ужо трэба варушыцца самім", - сказаў ён.

Яшчэ адзін прыклад - падтрымка шматдзетных сем'яў, якім прадастаўляецца магчымасць пабудаваць дом і выдзяляецца ўчастак зямлі, у тым ліку і для таго, каб весці асабістую падсобную гаспадарку, прывучаць дзяцей да працы. Аднак нярэдкія выпадкі, калі, на жаль, зямля не апрацоўваецца і ўчасткі вакол дамоў застаюцца недагледжанымі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Кіраўнік дзяржавы паставіў подпіс пад пасланнем будучым пакаленням, якое было пакладзена ў капсулу. Яе Прэзідэнт заклаў у памятны камень, устаноўлены на пляцоўцы будаўніцтва бальніцы.

У пасланні нашчадкам цяперашні час у гісторыі суверэннай Беларусі характарызуецца як цікавы і няпросты: "Мы жывём мірным і шчаслівым жыццём - будуем усе разам нашу любімую, незалежную Беларусь. Але наша сэрца баліць. І мы пішам вам, таму што свет навокал мяняецца. Мы жывём у эпоху небывалага ў параўнанні з мінулымі стагоддзямі навукова-тэхнічнага прагрэсу, але мільярды трацяцца на ўзбраенне і рэгіянальныя канфлікты".

"Планета палае. Цэлыя народы страчваюць свой дом і спрабуюць знайсці прытулак за тысячы кіламетраў ад Радзімы. Мы дапамагаем усім, хто просіць аб дапамозе, і робім усё, каб захаваць няўстойлівы мір на гэтай Богам падоранай зямлі. І верым, што захаваем. Таму будуем дзіцячыя сады, школы, паліклінікі, бальніцы, новыя вытворчасці, культурныя, спартыўныя і гандлёва-забаўляльныя цэнтры", - гаворыцца ў пасланні.

У тэксце згадваецца важная дата, якая адзначаецца ў 2024 годзе, - 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"За нашымі плячамі тысячагадовая гісторыя беларускага народа, і мы верым, што яна прадаўжаецца вашымі вялікімі справамі! Верым, што рана ці позна ўся энергія чалавецтва, розум і інтэлект будуць накіраваны выключна на стварэнне, што вы зробіце крок далей і выйдзеце за межы Сонечнай сістэмы!" - адзначана ў пасланні.

Аляксандр Лукашэнка ў размове з удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі закладкі капсулы падкрэсліў: "У мяне двайнога дна няма ў палітыцы. Сказалі: вось так будзе. Значыць, будзе так. Будзе так, як будзе выгадна нашым людзям ад Гродна да Оршы, дзе я нарадзіўся".

Прэзідэнт заклікаў людзей перш за ўсё цаніць сваю зямлю і рабіць усё для таго, каб жыццё людзей на ёй станавілася лепшым: "Трымайцеся разам. Не сварыцеся толькі. Усяго ў нас хопіць. У нас зямлі дастаткова. Калі ёсць свая зямлі, тады і жыць будзем нармальна. Страціце апору і карані свае тут - бяда".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя ў апошнія гады паехалі за мяжу, але многія з іх цяпер хацелі б вярнуцца, у тым ліку звяртаюцца ў адпаведную камісію пад старшынствам Генпракурора Андрэя Шведа. "Трэба цаніць сваю зямлю. Сваё трэба цаніць, каб потым не прасіцца назад. Вядома, людзей шкада. Яны тады ў сацыяльных сетках усё паказвалі сябе. А сёння мы бяром гэтыя сеткі і глядзім, хто чым займаўся. Хто там у першых радах ішоў і гатовы быў забіваць з нажамі, сякерамі. А нехта ачумеў проста ад пандэміі і іншае. Людзі павінны мець права на памылку. Таму і створана гэта камісія, і прадоўжылі яе паўнамоцтвы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што ў Беларусі не дзеляць сваіх грамадзян па нацыянальнай прыкмеце: "Мне часта гавораць: "Вось, палякі, прыгнёт…" Я ім адразу гавару: супакойцеся, тут мае палякі. Я за іх адказваю. А там, па той бок граніцы, вашы палякі, вы з імі працуйце. Простыя палякі, літоўцы да нас добра ставяцца, разумеюць нас. І мы павінны па-беларуску вось так. Мы павінны быць такімі гібкімі, акуратнымі".

У час размовы з удзельнікамі цырымоніі Прэзідэнт яшчэ раз вярнуўся да тэмы прыбірання камянёў з палёў. Аб гэтай праблеме Аляксандр Лукашэнка гаварыў тыдзень таму ў час рабочай паездкі ў Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці. І з яе ж пачаў сваю рабочую паездку ў Гродна. "Ну, сабраў камяні?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы ў памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева адразу пасля прылёту ў рэгіён.

"Вельмі шмат. Працэнтаў 60 сабралі", - далажыў ён.

"А 40%?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што работы вядуцца. Мабілізаваны неабходныя сілы, у тым ліку з навучальных устаноў, прамысловых прадпрыемстваў.

Пазней, у час размовы з удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму так важна ўдзяляць такую вялікую ўвагу гэтаму пытанню. "Пасеялі азімыя, яны ўжо ўзышлі, а яшчэ камяні не сабралі. Наступная ўборка - гэтыя камяні будуць у камбайне. Жняярка паламалася, праскочыў камень у нахіленую камеру, у барабан - усё змяла, камбайн выйшаў са строю. Два тыдні працы, уборкі ён прастаяў. Вось у чым сэнс, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны быць беражлівыя як ніколі".

Гэта беражлівасць, як падкрэсліў Прэзідэнт, у свой час выратавала краіну і застаецца актуальнай і на дадзеным этапе. "Калі б мы былі такімі багатымі, як у Эміратах або ў Расіі, мы паспрабавалі б некалькі варыянтаў развіцця. Мы так не эканомілі б, мы не сацыяльную прапаведавалі б, а рыначную эканоміку: рынак усё адрэгулюе", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. Краіны, якія маюць багатыя запасы карысных выкапняў, могуць дазволіць сабе эксперыментаваць з развіццём, ведаючы, што заўсёды маюць рэсурсы на тое, каб зрабіць разварот. Напрыклад, так робіць цяпер Расія, паступова адыходзячы ад рыначнай "шалёнай" эканомікі.

"Мне колькі турбот каштавала зламаць тую палітыку, якую праводзілі да мяне, і выбудоўваць гэту палітыку - людскую, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Таму што я разумеў, што няма столькі шалёных грошай ад нафты, газу, з зямлі, каб гэту палітыку, калі яна няправільная, вярнуць назад і выбудоўваць па-новаму".

У рамках рабочай паездкі ў Гродна Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў вытворчую пляцоўку "Аульс" ААТ "Гродзенскі шклозавод".

Прэзідэнту далажылі аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Стварэнне вытворчасці шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных, энергаэфектыўных і рэсурсазберагальных тэхналогій".

Арганізавана вытворчасць шклатары на трох лініях шклаварнай печы прадукцыйнасцю 220 т у суткі, створана 104 новыя рабочыя месцы, на якіх забяспечана занятасць 279 чалавек.

Рэалізацыя праекта забяспечвае павелічэнне маштабаў вытворчасці ААТ "Гродзенскі шклозавод" - гадавы выпуск шклатары вырасце на 181,4 млн штук, або на 54,9%. Пашыраецца і асартымент выпускаемай шклатары.

На прадпрыемстве ўвасоблена ўсё, што было задумана з пункту гледжання тэхналогій і вытворчага працэсу. Размова ідзе аб магчымасці рэалізаваць любы патрэбны дызайн шкляной тары.

Далейшая перспектыва развіцця таксама звязана з павышэннем тэхналагічнасці вытворчасці - існуе машына, якую шкляры называюць "цуд". На гродзенскім прадпрыемстве такой пакуль няма, але гэта ў тым ліку тэма для вывучэння ў ходзе маючага адбыцца наведвання выстаўкі ў Шанхаі.

"У нашых людзей ёсць усё. Не хапае "цуду". Я гатовы ў гэтым удзельнічаць. Галоўнае, каб вы ідэю прывезлі добрую. Будзе абгрунтаваная ідэя - мы будзем рабіць. Толькі хаваць, хлусіць, красці не трэба. І ўсё будзе нармальна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на прадпрыемстве таксама звярнуў увагу на тэму збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны: "Вельмі шмат цяпер і ў сацыяльных сетках пішуць, што раздзельны збор - прыязджае адна машына, усё ў кучу загрузілі і павезлі. Гэта злачынства. Таму трэба паглядзець, як урад арганізаваў гэты раздзельны збор і пастаўкі. Гэта для нас выратаванне. Колькі выпілі бутэлек, столькі і вярнулі. І не трэба сода (імпартуемая ў Беларусь кальцыніраваная сода, якая патрэбна для вытворчасці шкла. - Заўвага) будзе, груба кажучы".

"Мы сядзім на грашах. Гэта ж золата. Так усюды - кардон, папера і іншае", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.