Рабочая паездка ў Гомель

  • 28
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада наведаў з рабочай паездкай Гомель.

Адразу пасля прылёту ў Гомель Кіраўнік дзяржавы пачаў з даручэнняў па сельскай гаспадарцы губернатару і іншым адказным.

Ішла размова аб завяршэнні ўборкі кукурузы. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што па цяперашнім надвор'і не варта "лезці ў палі" на тэхніцы, паколькі высокая рызыка яе проста сапсаваць. "Як толькі падсохне, трэба па-разумнаму скончыць уборку кукурузы", - сказаў ён.

Яшчэ адна задача па ўзворванні зямель. Не ўсюды гэтыя работы завершаны.

Больш глабальная і доўгатэрміновая - прадаўжэнне работ па меліярацыі, што вельмі актуальна для Гомельскай вобласці.

"Твая задача: за зіму павінен падумаць, што трэба зрабіць пачынаючы з вясны. Не пераараў вялізныя плошчы. Як і ў Магілёўскай вобласці. Думаю, і ў Віцебскай. Я спецыяльна па ўсходзе ўчора-сёння праляцеў. У параўнанні з захадам - Гродзенскай вобласцю, Брэсцкай і нават Мінскай у асобных месцах - работы непачаты край", - адзначыў беларускі лідар.

"Трэба прыводзіць у парадак землі, аднаўляць жывёлагадоўлю - і наперад", - даручыў Прэзідэнт кіраўніку рэгіёна Івану Крупко.

Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг канкрэтных нараканняў, зыходзячы з убачанага з борта верталёта. Напрыклад, недалёка ад Чачэрска Прэзідэнт звярнуў увагу на неналежныя ўмовы захоўвання кармоў. "Заліло вадой усё. І ён цяпер будзе карміць жывёлу гэтым?" - абазначыў праблемнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць забеспячэння захаванасці сучаснай дарагой сельгастэхнікі. І тут справа ў тым ліку ў наяўнасці кваліфікаваных кадраў. "На гэту тэхніку патрэбны падрыхтаваныя кадры. Гэта "самалёт", - заўважыў ён.

У Гомелі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай 1868-й артылерыйскай базы ўзбраення.

На тэрыторыі ваеннага аб'екта захоўваюцца і рамантуюцца розныя віды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб прызначэнні артылерыйскай базы і яе структуры.

Начальнік базы Яўген Маслюкоў расказаў, што база ўзбраення сфарміравана ў 1941 годзе і прайшла па дарогах Другой сусветнай вайны. З 1945 года дыслацыруецца ў Гомелі. На яе тэрыторыі ёсць зона захоўвання стралковай зброі, цэхі па рамонце ўзбраення і тэхнікі, пляцоўкі адкрытага захоўвання ўзбраення. "База прызначана для рамонту і тэхабслугоўвання ракетна-артылерыйскага ўзбраення, утрымання яго запасаў, забеспячэння Узброеных Сіл і тэрытарыяльных войскаў", - далажыў ён.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ўсё стралковае ўзбраенне адрамантавана, захоўваецца належным чынам і гатова да бою.

"Так точна", - адказаў Яўген Маслюкоў.

Як далажыў Прэзідэнту Міністр абароны Віктар Хрэнін, ва Узброеных Сілах уся стралковая зброя, якая захоўваецца на складах, інвентарызавана належным чынам і знаходзіцца ў поўным парадку.

Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з умовамі захоўвання. "Гэта вялікая справа. Малайцы! Так павінна быць, - ацаніў ён убачанае. - Калі вы гэта зрабілі, проста малайцы, што перабралі па-гаспадарску".

Напрыклад, Аляксандру Лукашэнку ў ліку іншай зброі прадэманстравалі аўтамат. Ён пацікавіўся, новы ён ці ўжо выкарыстоўваўся і адноўлены. Начальнік базы адказаў, што ў дадзеным выпадку складана меркаваць выключна па знешнім выглядзе, паколькі на базе выкарыстаныя аўтаматы прыводзяць у стан новых, і візуальна адрозніць іх немагчыма.

Потым Кіраўнік дзяржавы агледзеў цэх па рамонце артылерыйскага ўзбраення. Тут, напрыклад, прыводзяць у парадак самаходныя гаўбіцы "Гваздзік", "Акацыя", гармату "Гіяцынт" або аўтаматычны мінамёт "Васілёк".

"Трэба займацца жалезабетонна імпартазамяшчэннем. Вельмі дарагая штука - гэта закупляць. Напружвайце прамысловасць!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Далей на прэзідэнцкім маршруце былі цэхі, дзе займаюцца рамонтам ваеннай оптыкі і стралковай зброі.

Па выніках наведвання артылерыйскай базы Аляксандр Лукашэнка пахваліў ваенных за захаванасць узбраення і ваеннай тэхнікі.

"Добры ў іх аб'ект. Талковы. Гэта ўжо не будучае, а цяперашняе. Гэта шлях, па якім мы ішлі, удасканальваючы, мадэрнізуючы і захоўваючы нашу зброю. Сёння пераканаўся, што ваенныя ў нас малайцы. Мы вельмі шмат увагі ўдзяляем таму, каб нашы ваенныя былі накормлены, апрануты, адпачывалі і абучаліся ў добрых казармах. Скажу як ваенны чалавек - гэта нішто, калі няма зброі і боепрыпасаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што раней была пастаўлена задача прарэвізаваць узбраенне, якое знаходзіцца на захоўванні, перабраць і прывесці ў парадак усё, што засталося яшчэ з савецкіх часоў. "Ваенныя малайцы. Яны ў асноўным за 5 гадоў прывялі ўсё ў парадак", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку на завяршэнне наведвання артылерыйскай базы ўзбраення ў Гомелі падарылі гранатамёт.

Наступны пункт у маршруце рабочай паездкі - Гомельскае вытворчае аб'яднанне "Крышталь" - кіруючая кампанія холдынга "КРЫШТАЛЬ-ХОЛДЫНГ".

Генеральны дырэктар прадпрыемства Руслан Саракавой далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выніках мадэрнізацыі алмазаапрацоўчай вытворчасці і мерах, што прымаюцца па павышэнні эфектыўнасці работы завода.

Гомельскі "Крышталь" быў створаны ў 1972 годзе як адзін з 7 аднайменных заводаў у Савецкім Саюзе. Сёння сваю дзейнасць прадаўжаюць толькі два прадпрыемствы - у Гомелі і Смаленску.

"У 1993 годзе пасля развалу Савецкага Саюза паўстала пытанне аб загрузцы вытворчасці. Тое, што сёння алмазаапрацоўка яшчэ кропкава ёсць недзе за межамі Індыі (сёння больш як 90% усёй алмазаапрацоўкі - гэта Індыя), у тым ліку ў Беларусі, - гэта выключна дзякуючы таму, што на вашым узроўні прымаліся рашэнні. Захаваўшы алмазаапрацоўку, мы ўпершыню ў рэспубліцы за кошт уласных сродкаў стварылі ювелірную вытворчасць, якая дае магчымасць вырабляць больш маржынальную прадукцыю. Сёння алмазаапрацоўка ў нас займае 20%, а ювелірка - 80%", - сказаў Руслан Саракавой".

Усе мэтавыя паказчыкі і па прадпрыемстве, і па холдынгу выконваюцца, заявіў гендырэктар.

Паводле яго слоў, сыравіну завод закупляе ў асноўным у Расіі, але цяпер пачынае супрацоўнічаць і з Зімбабвэ.

"У гэтым плане мы вам будзем дапамагаць і падштурхоўваць. Яны ідуць нам насустрач. У адзін кошык яйкі класці не трэба", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Новы напрамак для "Крышталя" - вытворчасць мерных зліткаў з золата для Міністэрства фінансаў. У далейшым ведамства прадае іх суб'ектам гаспадарання, банкам і іншым крэдытна-фінансавым арганізацыям Беларусі. Гэта сур'ёзны ўклад у імпартазамяшчэнне, таму што раней зліткі пастаўляліся ў Беларусь з краін Заходняй Еўропы.

Прэзідэнт запатрабаваў узяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль, каб канчаткова замясціць імпарт гэтых вырабаў. "Мы ўсё можам для Нацбанка зрабіць? Значыць, з наступнага года, ды і ў гэтым годзе, каб мы нічога са Швейцарыі не ўвозілі", - падкрэсліў ён.

На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з этапамі ювелірнай вытворчасці і апрацоўкай алмазаў.

У час наведвання ювелірнага завода "Крышталь" Прэзідэнт таксама паразмаўляў з работнікамі прадпрыемства.

"Даўно планаваў да вас прыехаць. Не таму, што вы робіце такую прыгажосць, - у свеце прыгажэйшага нічога, напэўна, не робяць штучнага. Самае прыгожае, я лічу, у свеце - гэта жанчына. А ўпрыгожваюць жанчыну (я не лічу так, але самі жанчыны так лічаць) брыльянты, золата і іншае. Я спакойна стаўлюся да гэтых рэчаў. Ніколі не меў іх. Для мяне гэта як сыравіна і гатовы выраб. Але заўсёды рады, калі нашы жанчыны будуць прыгажэй выглядаць з гэтымі вырабамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з працоўным калектывам.

Паводле слоў Прэзідэнта, некалі да яго вельмі шмат разоў прыходзілі з прапановай прыватызаваць прадпрыемства. Але было вырашана, што яно застанецца дзяржаўным.

"Я катэгарычна сказаў не. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, такім яно застанецца. Прынамсі, пакуль я Прэзідэнт. Нашы людзі навучыліся рабіць прыгажосць - гэта не прадаецца. Для мяне страціць - не брыльянты і золата, а школу, людзей, якія ўмеюць гэта рабіць, - катастрофа. Гэта найвышэйшага ўзроўню кампетэнцыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў Савецкім Саюзе працавала сем ювелірных заводаў "Крышталь". Цяпер засталося толькі два - у Смаленску і Гомелі.

"Усё знішчана, усё развалілася. Ваша прадпрыемства мы не проста захавалі і аднавілі. Мы яго будзем развіваць. Мы будзем у вас інвесціраваць, укладваць грошы. Мы будзем купляць самае сучаснае абсталяванне. І такая шалёная думка мне закралася ў галаву: мы выйдзем не проста на сусветны ўзровень вытворчасці вашай прадукцыі - мы павінны перасягнуць гэты ўзровень. Мы гэта можам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем укладваць сродкі і інвесціраваць у вас. Але, зразумела, будзем і патрабаваць, каб вы выраблялі прадукцыю вышэйшую за сусветны ўзровень".

У холдынг "Крышталя" таксама ўваходзяць магазіны Белювеліргандлю, па краіне іх больш за 70. Прэзідэнт лічыць, што сетку неабходна пашыраць.

"Цяпер вы валодаеце значнай доляй унутранага рынку, вырабляеце на знешнія рынкі. Задача на бліжэйшую перспектыву для міністра і кіраўніка - рабіць усё для сябе самім. Але рабіць так, каб не забараняць пастаўкі канкурэнтаў, а каб яны не маглі з вамі канкурыраваць. Дзеля гэтага мы будзем рабіць усё. Гэта не таму, што не хапае ювелірных вырабаў. Хапае. Толькі калі вы знікнеце, то ў Беларусі гэтыя ювелірныя вырабы і іншае будуць каштаваць у тры разы даражэй. Не хацелася б, - заўважыў Прэзідэнт. - Але і страціць людзей, высокакваліфікаваных, таленавітых, школу нельга".

"Гэта наша прадпрыемства. Яно заўсёды будзе нашым. Не рызыкне ніводны Прэзідэнт пазбавіцца ад такога прадпрыемства", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Размаўляючы з працоўным калектывам, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь выстаяла ва ўмовах санкцыйнага націску.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі ёсць прадавец і пакупнік, то ніякія санкцыі не перашкодзяць. "Санкцыі санкцыямі, а бізнес - бізнесам", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што забараніў ва Урадзе нават гаварыць аб санкцыях. "Гэта расслабляе людзей, і потым на санкцыі можна зваліць усё. Гэта расслабіла б краіну, - сказаў ён. - Так, няпроста, цяжка. Але мы выстаялі. У нас ёсць куды прадаць нашу прадукцыю. Гэта самае галоўнае".

Прэзідэнт таксама нагадаў аб задачы па імпартазамяшчэнні - рабіць сваё, і гэтаму ў Год якасці (2024) нададуць павышаную ўвагу.

"Мы даціснем. У будучы год - Год якасці - мы прымусім усіх якасна працаваць. Хто хоча, і хто не хоча. Ну а хто злодзей, жулік, прайдоха - будзе як з малочнікамі. Ніхто цырымоніцца ні з кім не будзе. І будзем публічна называць прозвішчы і што яны ўчынілі. Я маю на ўвазе карупцыянераў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Хоць мне часта гавораць: "Аляксандр Рыгоравіч, ну дай бог, каб у кожнай краіне так было (як у Беларусі. - Заўвага)". А я не хачу, каб наогул было. Красці, за хабар чужое прадаваць і сабе ў кішэнь класці недапушчальна. Ад гандлю да вось гэтых жулікаў".

Асобную ўвагу ў Беларусі ўдзяляюць асваенню новых рынкаў. Напрыклад, супрацоўніцтву з краінамі Афрыканскага кантынента. Добрыя адносіны ўстаноўлены з Зімбабвэ, чакаецца візіт у адказ Кіраўніка дзяржавы ў Экватарыяльную Гвінею.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў вялікія перспектывы развіцця супрацоўніцтва з гэтымі краінамі і рэгіёнам у цэлым. Гэта важна ў тым ліку і для работы такіх прадпрыемстваў, як ВА "Крышталь". На Афрыканскім кантыненце ёсць буйныя радовішчы каштоўных металаў, алмазаў. Але ідзе ўзаемадзеянне, напрыклад, і ў сельскай гаспадарцы. Дзякуючы беларускай тэхніцы ў Зімбабвэ атрыманы добры ўраджай. "Яны сёння атрымалі рэкордны ўраджай хлябоў, і ўпершыню ў гісторыі дзякуючы нашай тэхніцы і дапамозе накармілі хлебам свой народ. Найбагацейшая краіна. Зразумела, на выгадных умовах мы з імі працуем. Ім падабаецца, што мы не прыйшлі да іх як каланізатары", - адзначыў Прэзідэнт.

У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, як можна выправіць сітуацыю ў вёсцы: у глыбінцы і часта ў аграгарадках асартымент прадукцыі значна ўступае сталічнаму і нават раённаму, а спажыўкааперацыя паступова здае свае пазіцыі прыватнікам, якія думаюць толькі пра сваю выгаду.

"Я як чалавек вясковы (усе мы з вёскі, хто ў другім, хто ў трэцім пакаленні) хварэю за вёску, таму мы яе і захавалі. Але ўявіце: 10-20 чалавек, і туды трэба везці тавар. А гэта расходы і расходы, гэта не танна. І зарплаты людзям, і паліва, і машыны трэба купіць. Мы дапамагалі ўсім (спажыўкааперацыі. - Заўвага): я выдзяляў крэдыты для закупкі тэхнікі і іншае, іншае. Але бачу, што там трэба ўвесці жорсткую ваенную дысцыпліну, як гэта зрабілі ў Брэсце і ў Гродне. У пачатку наступнага года мы збяром Белкаапсаюз (там новы кіраўнік будзе, старога звольнілі) - будуць пастаўлены самыя жорсткія задачы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, прынамсі да аграгарадкоў і буйных вёсак спажыўкааперацыя дойдзе дакладна.

Дзейнасць прыватнага гандлю ў вёсцы таксама будзе пад кантролем улады. Прадпрымальнікам не забараняецца адкрываць свае магазіны ў вёсках і аграгарадках, але ёсць адна ўмова, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы: на людзях яны нажывацца не будуць.

"З-за вялікай сеткі, разумных падыходаў, яны цэны высокія не трымаюць. Наадварот, Белкаапсаюз прайграе ім і вымушаны свае расходы, часам шалёныя, пакрываць цэнамі. Таму ў бліжэйшы час за Белкаапсаюз мы возьмемся, і возьмемся вельмі сур'ёзна. Могуць працаваць, няхай працуюць. Не - ліквідуем і вызначымся з кожным магазінам, дзе хто будзе працаваць, і як яны будуць прадаваць. Але мы не дазволім нажывацца за кошт тых, хто жыве ў вёсках, якія дажываюць. Гэта вельмі сур'ёзнае пытанне, да якога ў студзені мы вернемся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падтрымаў ідэю заснаваць у Беларусі адзіны дзяржаўны знак якасці. Такую прапанову вылучыў адзін з работнікаў ВА "Крышталь". 

"Будучы год мы аб'явім Годам якасці. Я аб гэтым ужо гаварыў. Вырабляем шмат. І якаснай, нядрэннай прадукцыі. Але трэба лепш. Для таго, каб канкурыраваць. Таму што ў нас адкрытая эканоміка. Нам трэба якасць узнімаць вышэй, каб канкурыраваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што не толькі, напрыклад, Германія ў сусветных лідарах па якасці, але і Кітай ідзе сямімільнымі крокамі ў гэтым напрамку. Беларусь, напрыклад, цяпер працуе з Кітаем па пытанні арганізацыі ў краіне ўласнай вытворчасці аўтамабіляў, і Аляксандр Лукашэнка мае намер прадоўжыць абмеркаванне гэтай тэмы пры чарговай сустрэчы са Старшынёй КНР. "Яны нам далі ўзоры гэтых аўтамабіляў. Электрамабіль і звычайны аўтамабіль на бензіне. "Космас" - вадзіцелі дакладваюць. Інакш кажучы, усе імкнуцца да высокай якасці", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў узяць за аснову сучаснага беларускага савецкі знак якасці, які знешне яму падабаецца. Ён даў адпаведнае даручэнне Ураду.

Прэзідэнт упэўнены, што калі кожны на сваім месцы будзе хоць крыху прыбаўляць, то краіна ў цэлым і людзі ў Беларусі будуць жыць добра.

"Што датычыцца будучыні, вы ведаеце, у мяне няма іншага клопату - толькі каб вам было добра. І калі вы будзеце кожны хоць крыху, на міліметр дабаўляць - мы будзем жыць нармальна. Калі на два міліметры - будзем багатымі. Усё залежыць толькі ад нашых людзей. У нас ёсць усё", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім закліку, што лепш працаваць у полі, чым ваяваць на фронце. "Я мірны чалавек, і я буду рабіць усё, каб вайны не было. Гэта для вас вельмі актуальна. Вы ведаеце - тут за агароджай ідзе гэта вайна. І мне нямала намаганняў трэба для таго, каб цераз граніцу яна не перайшла сюды", - сказаў Прэзідэнт.

У гэтым плане Кіраўнік дзяржавы выказаў нараканні, што па ўсходзе краіны з борта верталёта бачыў на палях шмат недапрацовак і запушчаных месцаў. "Столькі работы яшчэ на зямлі, непарадку і халатнасці! У нас яшчэ вялікі аб'ём работы", - заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад, што ў мінулым годзе краіна зарабіла на прадуктах харчавання $8 млрд. "Гэта вялікія грошы. На нафце столькі не зарабляюць такія краіны. Але мы можам быць багацейшымі, калі будзем адказнымі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Поўдзень краіны і Гомельскую вобласць у свой час не без дапамогі Прэзідэнта адвялі ад Чарнобыля, уратавалі гэтыя рэгіёны.

"Вы малайцы. Я не магу сказаць, што вы дрэнна працуеце, хоць ёсць куды імкнуцца. Але ў нас яшчэ вельмі шмат праблем, дзе трэба наводзіць парадак. Гэта ж нядобра, што Гомельская вобласць у мінулым годзе была лідарам па падзяжы жывёлы", - адзначыў беларускі лідар.

"Ніколі ваяваць не будзем, калі ў нас будзе эканоміка нармальная. Ва Украіне пачалося з таго, што пачалі расцягваць багацейшую краіну - прыватызавалі, парэзалі на кавалкі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба быць сумленным, трэба працаваць. Іншай краіны ні ў вас, ні ў нашых дзяцей не будзе. Вунь яны збеглі некаторыя з Гомельскай вобласці за мяжу - просяцца дадому. Калі ласка - вунь камісія, ідзіце даказвайце: не забілі, не ўкралі, на вуліцу не хадзілі, не ламалі, не крышылі - возьмем. Розныя былі. Але выбачайце, калі вы нашых людзей запалохвалі і да гэтага часу так робіце - сядзіце лепш там, сюды не хадзіце".

Аляксандру Лукашэнку пасля наведвання вытворчага аб'яднання "Крышталь" зрабілі памятны падарунак - карту Беларусі, выкананую з выкарыстаннем пазалочанага серабра і сапраўдных брыльянтаў.

Брыльянтамі рознай велічыні на карце абазначаны Мінск, абласныя і раённыя цэнтры.

Яшчэ адзін падарунак Прэзідэнту - ручка, зробленая з моранага дубу, якому прыблізна 4050 гадоў. Дуб быў вылаўлены ў рацэ Сож каля вёскі Карпаўка Лоеўскага раёна.

На заканчэнне візіту старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко перадаў Кіраўніку дзяржавы каравай ад Гомельскай вобласці. Але Аляксандр Лукашэнка адразу перадарыў яго калектыву ВА "Крышталь", параіўшы ўжыць за гарбатай.