Наведванне Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта

  • 8

Беларусь поўнасцю забяспечыла сваю харчовую бяспеку, стварыўшы магчымасці для інтэнсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 красавіка, наведваючы Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (БДАТУ).

Прэзідэнту далажылі аб стане і перспектывах развіцця БДАТУ, азнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Кіраўнік дзяржавы наведаў павільён у ВНУ, дзе праводзіліся практычныя заняткі са студэнтамі аграмеханічнага факультэта, азнаёміўся з абсталяваннем лабараторыі "Механіка глебы".

Цяпер у БДАТУ ажыццяўляецца падрыхтоўка для аграпрамысловага комплексу спецыялістаў па 12 спецыяльнасцях. У 2010 годзе ўкаранёна і сертыфікавана сістэма менеджменту якасці. За час сваёй дзейнасці ВНУ падрыхтавала больш як 42 тыс. спецыялістаў аграінжынернага профілю. БДАТУ працуе па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі. Цяпер амаль 30 працэнтаў студэнтаў дзённай формы навучання - выпускнікі аграрных каледжаў. У ВНУ навучаюцца 162 замежныя грамадзяніны з 12 краін, ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў АПК з Расіі і Казахстана.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ, адказаў на ўсе пытанні, якія іх цікавілі. Кіраўнік дзяржавы зайшоў у аўдыторыю ў час лекцыі на тэму выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў сельскай гаспадарцы і прыняў актыўны ўдзел у дыскусіі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўсім свеце ідзе барацьба за доступ да энергарэсурсаў і, у першую чаргу, да вуглевадароднай сыравіны. Менавіта таму пытанне атрымання энергіі з нетрадыцыйных крыніц і максімальнае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў становяцца ўсё больш актуальнымі. "Да канца гэтай пяцігодкі мы павінны выйсці на 30 працэнтаў электраэнергіі, якая выпрацоўваецца з уласных крыніц. І атамная электрастанцыя - гэта мінус 5 млрд.куб.м прыроднага газу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожная дзяржава, якая імкнецца да ўстойлівага развіцця, самастойнасці і дабрабыту ўдзяляе аграпрамысловаму комплексу асаблівую ўвагу: "Сельская гаспадарка - гэта і прадукты харчавання, якія ўсім патрэбны кожны дзень, і сыравіна для перапрацоўчай прамысловасці, і сфера дзейнасці значнай часткі насельніцтва. Ад стану спраў у гэтым сектары эканомікі залежыць дабрабыт народа і стабільнасць дзяржавы".

Як адзначыў Прэзідэнт, з усіх відаў бяспекі краіны харчовая мае асаблівае значэнне, а галодныя бунты - гэта вялікая небяспека для любой дзяржавы і трагедыя для грамадства. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра нялёгкія 90-я гады, калі часам нават у Мінску запасаў мукі для выпечкі хлеба заставалася ўсяго на 2-3 дні, а харчовыя тавары ў магазінах размяркоўваліся па талонах. "Таму перад аграрыямі была пастаўлена задача - адрадзіць сельскагаспадарчую вытворчасць, значна перасягнуць аб'ёмы і тэмпы часоў СССР і тым самым забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны. Спатрэбіліся вялікія намаганні і мабілізацыя ўсіх унутраных рэсурсаў, каб пераадолець гэтыя цяжкасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Менавіта тады мы пераканаліся ў абсурднасці рэкамендацый тых замежных і мясцовых "экспертаў", якія сцвярджалі, што не трэба развіваць сваю сельскую гаспадарку, маўляў, "закапаем грошы ў зямлю", а лепш закупляць замежную прадукцыю. Але харчовая залежнасць - гэта кабала і беспрасветны тупік. Таму мы зрабілі стаўку на развіццё і падтрымку айчыннага аграрнага сектара", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер Беларусь поўнасцю задавольвае свае патрэбнасці ў прадуктах харчавання і амаль палавіну пастаўляе на экспарт. Па выніках 2012 года яго аб'ём склаў больш як $5 млрд., а да канца 2015 года павінна быць $7 млрд. "Можна ганарыцца тым, што ў разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. Па вытворчасці мяса мы зраўняліся з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы перавышаем асноўныя развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб рэалізацыі ў 2005-2010 гадах маштабнай дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі. Калі тады асноўны ўпор рабіўся на развіццё сацыяльнай сферы, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей у вёсцы, то сёння, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна сканцэнтравацца на развіцці вытворчай сферы. Цэнтрам сельскага жыцця ў перспектыве павінны стаць сучасныя аграгарадкі, а сельская гаспадарка ў цэлым павінна быць больш эфектыўнай. "Нам ні ў якім выпадку нельга рэзаць буйныя гаспадаркі на кавалкі. Мы не супраць фермераў, але за буйнатаварнай гаспадаркай будучае", - упэўнены Прэзідэнт.

Усяго ў Беларусі створана амаль паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе забяспечаны сацыяльныя стандарты для пражывання.

Акрамя таго, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню неабходнай базы для паспяховага развіцця аграпрамысловага комплексу. "Вы ведаеце, што аснова канкурэнтаздольнасці аграрнай вытворчасці - гэта сучасныя высокаэфектыўныя тэхналогіі як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі. Таму мы надаём першарадную значнасць пастаяннай тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Толькі за два апошнія гады на абнаўленне машынна-трактарнага парку затрачана Br7,5 трлн. Праводзіцца рэканструкцыя і будаўніцтва новых малочнатаварных і жывёлагадоўчых комплексаў, птушкафабрык", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі не менш важна і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Тут Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў у першую чаргу рабіць упор на практычную падрыхтоўку студэнтаў у час навучання ў ВНУ.

Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў некаторае адставанне аграрнай адукацыі ад патрабаванняў сучаснай вытворчасці, што ў многім абумоўлена ўстарэлай навучальнай базай. У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны: "Хутка змяняюцца тэхналогіі і іх тэхнічнае забеспячэнне. Мы, ды і не толькі мы, ніколі не паспеем пад іх аснасціць навучальны працэс. Вось чаму пастаўлена пытанне аб пераглядзе праграм навучання такім чынам, каб будучы малады спецыяліст на апошніх курсах атрымаў максімум вытворчых навыкаў і ведаў, праходзячы навучанне большую частку часу не ў аўдыторыях ВНУ, а непасрэдна на вытворчасці, у канкрэтных гаспадарках", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава вельмі зацікаўлена ў якаснай сістэме падрыхтоўкі сельскагаспадарчых кадраў, яе пастаянным развіцці і ўдасканаленні. "Толькі аснасціць вёску новай тэхнікай яшчэ недастаткова. Без падрыхтаваных кадраў яна ніколі не дасць належнага выніку, і ўсё гэта ператворыцца ў закопванне грошай", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што студэнтам ВНУ, будучым інжынерам, трэба будзе наладзіць эксплуатацыю тэхнікі такім чынам, каб дарагія машыны і абсталяванне акупляліся за максімальна кароткія тэрміны. "Сумесна з вамі павінны працаваць высокакваліфікаваныя аграномы, заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, эканамісты і іншыя спецыялісты, каб забяспечыць асваенне самых эфектыўных тэхналогій вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Тады ўся наша сельская гаспадарка выйдзе на ўзровень самаакупнасці і самафінансавання", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Студэнты задалі Кіраўніку дзяржавы шэраг пытанняў, звязаных з іх непасрэднай спецыялізацыяй - сельскай гаспадаркай. У прыватнасці, цікавіліся магчымасцю павышэння закупачных цэн на сельгаспрадукцыю насельніцтва. Прэзідэнт паабяцаў, што закупачныя цэны значна зменяцца ў бок павелічэння.

Спыталі Кіраўніка дзяржавы і аб перспектывах далейшага развіцця ў краіне льнаводчай галіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у бліжэйшыя гады поўнасцю мадэрнізуе вытворчасць ільняных вырабаў.

Паводле яго слоў, пытаннямі мадэрнізацыі вытворчасці і перапрацоўкі лёну ў Беларусі займаюцца непасрэдна "ад поля да льнокамбіната". "Паглядзіце на герб - там канюшына і лён. Таму нават палітычна мы не можам адысці ад гэтай культуры", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў яго ёсць шмат вырабаў з лёну, у тым ліку касцюмы, сталовыя рэчы, і вырабы з гэтага матэрыялу яму вельмі падабаюцца. Разам з тым ён прызнаў, што пакуль яшчэ неабходна працаваць над паляпшэннем якасці выпускаемай у Беларусі льняной прадукцыі.

"Праз пару гадоў мы завершым поўную мадэрнізацыю Аршанскага льнокамбіната. І сёння ўжо на мадэрнізаваных плошчах мы атрымліваем тканіны, якія на рынку карыстаюцца вялікім попытам", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэта галіна мае добрыя перспектывы, у тым ліку для нарошчвання экспарту.

Адказваючы на пытанне, якое датычылася перспектыў аб'яднання беларускага "Гомсельмаша" і расійскага "Растсельмаша", Прэзідэнт адзначыў, што гэта было б вельмі выгаднай здзелкай. У той жа час Кіраўнік дзяржавы канстатаваў адсутнасць прагрэсу ў перагаворным працэсе.

"Для нас гэта было б вельмі выгадна, калі б яны згадзіліся на тыя ўмовы, якія ім прапанаваны, таму што "Растсельмаш" сёння вельмі слаба працуе. Але гэта адзін з самых магутных у свеце вытворцаў сельгастэхнікі. Гэта вялікі рынак, і калі мы ўзялі б пад кантроль гэта прадпрыемства, мы кантралявалі б увесь расійскі рынак", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што перыядычна ўзнікаюць размовы аб продажы таго ці іншага беларускага прадпрыемства: "Нас, як у народзе кажуць, "плюшчаць" - аддай тое прадпрыемства, прадай гэта. Я як магу супраціўляюся, дзе трэба, а дзе мы гатовы былі б з імі аб'яднацца, там яны не хочуць нам плаціць нармальныя грошы. Таму я ім сказаў адкрыта, што гэтага не будзе".

Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, свае інтарэсы ёсць і ў беларускага боку, у прыватнасці, было прапанавана набыць "Растсельмаш" і, аб'яднаўшыся, давесці яго да ўзроўню "Гомсельмаша", пастаўляць сумесную прадукцыю на рынкі. "Думаюць. Мне здаецца, гэтыя думы скончацца нічым. Пойдуць яны на гэта - добра, але, мне здаецца, не вельмі яны да гэтага гатовы і не вельмі спяшаюцца", - заявіў Прэзідэнт.

Студэнты пацікавіліся перспектывамі будаўніцтва арэнднага жылля ў Мінску, а таксама іпатэчнага крэдытавання.

"Арэнднае жыллё з часам будзе абсалютным прыярытэтам у будаўніцтве жылля", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як расказаў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, у бягучым годзе ў сталіцы плануецца ўвесці пяць арэндных дамоў, у наступным - 10.

Акрамя таго, у арэнднае жыллё пераведзена ўжо 200 кватэр, якія размеркаваны маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзянам.

Прэзідэнт лічыць, што вырашэннем жыллёвага пытання павінны займацца кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, будуючы сваім работнікам арэнднае жыллё. "Кіраўнік павінен узяць тыпавы праект, прывязаць яго да вашых умоў і будаваць. Крыніцы фінансавання могуць быць розныя, падумайце. Чымсьці і мы можам дапамагчы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Мы гэта апрабавалі ўжо, а цяпер не чакайце, што толькі дзяржава пабудуе за кошт бюджэту, давайце і на месцах", - дадаў Прэзідэнт.

Што датычыцца іпатэчнага крэдытавання, то, на думку Кіраўніка дзяржавы, яно атрымае развіццё ў Беларусі са зніжэннем працэнтных ставак.

"Іпатэчнае крэдытаванне будзе развівацца. Уся праблема - вельмі высокія працэнты па крэдытах. Таму людзям узяць пад заклад маёмасці або будучага дома гэты крэдыт - вялікая нагрузка", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што цяпер ідзе зніжэнне ставак па крэдытах. "Калі крэдыт будзе каштаваць 5 працэнтаў, максімум 10 працэнтаў - і іпатэка ў нас пойдзе", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Заканадаўча ў краіне ўсе пытанні для іпатэчнага крэдытавання вырашаны. "Проста фінансавы крызіс крыху прытармазіў гэты працэс", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы па просьбе студэнтаў расказаў, ці вырашыць энергетычную праблему ў краіне будаўніцтва АЭС.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь будуе АЭС, у першую чаргу, для забеспячэння насельніцтва нармальнымі тарыфамі на электраэнергію.

"Перш чым экспартаваць электраэнергію, нам трэба па нармальных цэнах забяспечыць свой унутраны рынак. Усё, што застанецца, мы будзем экспартаваць, калі ў гэтым будзе сэнс, гэта значыць, калі там нам заплацяць больш, чым кошт атрыманай электраэнергіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль у Беларусі не хапае сваёй электраэнергіі. У асноўным яна закупляецца ў Расійскай Федэрацыі. "Больш таго, у Расіі мы можам купіць электраэнергію танней, чым вырабіць сваю. Таму што не мадэрнізавалі доўга свае энергетычныя прадпрыемствы", - адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, каля $9 млрд. у краіне ўжо ўкладзена ў мадэрнізацыю такіх прадпрыемстваў, у бягучай пяцігодцы плануецца поўнасцю завяршыць гэты працэс.

"Так, нешта, напэўна, будзе для экспарту. Я лічу, што ў Еўрасаюзе заўсёды будзе дарагая энергія, і мы зможам нешта прадаць. Але мы будуем АЭС не для таго, каб экспартаваць. Трэба па нармальных тарыфах, нармальных цэнах забяспечыць насельніцтва і сваю вытворчасць электраэнергіяй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што калі б была магчымасць, ён пачаў бы будаваць у Беларусі другую АЭС. "Калі б у мяне была магчымасць пачаць будаваць цяпер другую атамную станцыю, я абавязкова пачаў бы яе будаваць. Але пакуль няма ні падрадчыка, ні грошай, ні той краіны, якая выдзеліла б крэдыт для будаўніцтва. А пляцоўка ж у нас увогуле ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы нікога не слухайце, што, вось, Чарнобыль, нам гэта станцыя не патрэбна і гэтак далей. Гэта ўсё праплачана. Наша станцыя і расійская ў Калінінградзе - гэта костка ў горле Еўрасаюзу і дзяржавам Балтыі. Яны ўжо спазніліся, у іх не атрымліваецца пабудаваць сваю станцыю, яны будуць нам ужо не канкурэнты і ім давядзецца купляць нашу і расійскую электраэнергію", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ідзе канкурэнтная барацьба. "І яны нашу пятую калону мабілізавалі на тое, каб змагацца супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў яго на гэта просты адказ: Беларусь з усіх бакоў акружана атамнымі электрастанцыямі. "Мы акружаны ланцугом атамных электрастанцый. Калі зыходзіць з пытанняў бяспекі, то Чарнобыльская АЭС не на нашай жа была тэрыторыі, а хто зведаў гора больш за ўсіх? Мы. Мы ўжо жывём у гэтай небяспечнай зоне. Дык што будзе лепш: калі вакол нас будуць будаваць станцыі, а мы будзем глядзець на чужыя або мы сваю пабудуем?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы. Таму, паводле слоў Прэзідэнта, тыя, хто выступае супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС, - "праплачаныя Захадам людзі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Еўропе не адмовіліся ад будаўніцтва атамных электрастанцый. "Але яны не хочуць, каб мы пабудавалі сучасную АЭС і былі іх канкурэнтамі. Больш таго, яны ж страчваюць рынкі збыту сваёй прадукцыі. А калі таннейшая энергія, то ў нас будуць і таннейшыя тавары. Ідзе канкурэнтная барацьба", - сказаў Прэзідэнт.

"АЭС - гэта самыя высокія тэхналогіі. Чаму ж наш народ не павінен мець гэта як здабытак?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ужо сёння пераважная частка насельніцтва падтрымлівае рашэнне будаўніцтва АЭС. "Хутка вы пераканаецеся, што мной было прынята правільнае рашэнне", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Студэнты задалі Прэзідэнту і шэраг асабістых пытанняў, пацікавіўшыся, як ён праводзіць вольны час, рэцэптам захавання добрай фізічнай формы. Спыталі і аб яго прагнозах адносна пераможцы ў конкурсе "Еўрабачанне" ў бягучым годзе.

Аляксандр Лукашэнка лічыць песенны конкурс "Еўрабачанне" абсалютна не аб'ектыўным. "Я, можа, больш, чым вы, перажываю за гэты конкурс, хоць добра разумею і ўсведамляю ўсё, што там адбываецца, для многіх з вас гэта скрыта. Я ведаю, што гэта абсалютна не аб'ектыўны конкурс, - заявіў Прэзідэнт. - Любая дзяржава, калі трэба, можа табе даць любы бал, і ўсё, што вы бачыце з экрана, гэтыя балы і гэтак далей - усё гэта фікцыя, шоу".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, улічваючы, што краіны на "Еўрабачанні" галасуюць у асноўным за сваіх суседзяў, каб перамагчы, трэба паказаць нешта вельмі асаблівае. "Гэты конкурс не зусім аб'ектыўны, і для нас, беларусаў, перамагчы - гэта верх усяго. Не ведаю, што павінна адбыцца", - лічыць Прэзідэнт.

Што датычыцца магчымасці ўдачнага выступлення на маючым адбыцца конкурсе прадстаўніцы Беларусі Алены Ланской, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў яе ёсць усё, каб добра выступіць, і песня адна з лепшых.

На заканчэнне Прэзідэнт параіў студэнтам у поўнай ступені выкарыстаць такую магчымасць для набыцця ведаў. "Ад вашай працавітасці і прафесіяналізму будзе залежаць матэрыяльны дабрабыт, рост па службовай лесвіцы, маральнае задавальненне ад выбранай справы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.