Даклад Намесніка Старшыні УНС Аляксандра Косінца і начальніка Сакратарыята Валерыя Міцкевіча

    Прэзідэнт Беларусі, Старшыня Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка па селектарнай сувязі заслухаў даклад Намесніка Старшыні УНС Аляксандра Косінца і начальніка Сакратарыята Валерыя Міцкевіча.

    У развіццё праведзенага 24-25 красавіка першага пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу беларускі лідар паставіў шэраг задач, абазначыўшы галоўныя пытанні, над якімі неабходна працаваць у рамках новага канстытуцыйнага органа.

    Па-першае, Аляксандр Лукашэнка даручыў выбудаваць сістэму работы з дэлегатамі УНС па вертыкалі "Старшыня - Намеснік - Сакратарыят - дэлегаты УНС". У склад сходу ўваходзяць каля 1,2 тыс. дэлегатаў. Гэта людзі самых розных сацыяльных груп, уключаючы дэпутатаў мясцовых Саветаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. "Сістэма работы з імі павінна быць выбудавана, - так Прэзідэнт абазначыў адну з галоўных задач. - Не ад сходу да сходу, а на пастаяннай аснове, уключаючы інфармаванне дэлегатаў, зваротную сувязь, графік сустрэч і гэтак далей".

    Задача нумар два - выбудоўванне структуры для арганізацыі работы УНС. Яна павінна быць мінімальнай, але, безумоўна, эфектыўнай. У сувязі з тым, што асноўны орган, які займаецца арганізацыйнай работай УНС, - яго Сакратарыят - будзе малалікім, пастаўлена задача арганізаваць сістэму ўзаемадзеяння з дзяржорганамі, губернатарамі, мясцовымі органамі ўлады, суб'ектамі грамадзянскай супольнасці.