Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў унясенне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта аб прыпыненні дзеяння ДЗУСЕ

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праекта Закона "Аб прыпыненні дзеяння Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе".

    Гэты дагавор быў ратыфікаваны Беларуссю і ўступіў у сілу ў 1992 годзе. Ён прадугледжвае абмежаванне сумарных узроўняў звычайных узбраенняў і тэхнікі па пяці асноўных катэгорыях (танкі, баявыя браніраваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама механізмы праверкі выканання абавязацельстваў (абмен інфармацыяй і правядзенне інспекцый).

    Праект Закона прадугледжвае прыпыненне дзеяння ДЗУСЕ, але не азначае выхад Беларусі з яго і спыненне ажыццяўлення ва Узброеных Сілах унутраных працэдур, звязаных з яго выкананнем.

    Беларусь у поўным аб'ёме выконвае абавязацельствы па дагаворы, у тым ліку няўхільна прытрымліваецца ўстаноўленых гранічных узроўняў наяўнасці ўзбраенняў, ваеннай тэхнікі і асабовага складу Узброеных Сіл.

    Тым не менш у жніўні 2022 года Чэхія, а ў сакавіку 2023 года Польшча прынялі рашэнне аб невыкананні дагавора ў адносінах да Беларусі.

    У лістападзе 2023 года Паўночнаатлантычны савет НАТА зрабіў заяву аб намеры дзяржаў - членаў альянсу, што ўдзельнічаюць у дагаворы, прыпыніць яго дзеянне. З ДЗУСЕ таксама выйшла і Расійская Федэрацыя.

    Прыпыненне дзеяння дагавора дзяржавамі - членамі НАТА і іх саюзнікамі фактычна азначае спыненне яго функцыянавання.